Знайсці
16.11.2009 / 12:375РусŁacБел

Аўтабаны і менестрэлі, або сеанс масавай музычнай медытацыі

Этна-трыа «Тройца» не збаялася грыпу, як і адданыя прыхільнікі творчасці гурту.

і
Этна-трыа «Тройца» не збаялася грыпу, як і адданыя прыхільнікі творчасці гурту. 15 лістапада ў нядзелю вялікая зала «Казы» была поўная людзей.

Апошні перад канцэртам тыдзень захоўваў трывожную інтрыгу: ці не адмовіцца ўслед за расійская папсовай зоркай Валерыяй наша «Тройца» ад выступлення. Кірчук і кампанія, аднак, вірусаў не спужаліся і канцэрт далі.

Перад пачаткам вечару на ўваходзе ў залю ішоў бойкі гандаль кнігай Івана Кірчука «Аўтабаны і менестрэлі». Гэты своеасаблівы дзённік музычных вандровак па Еўропах і радзіме, надрукаваны паўтысячным накладам, разыходзіўся, як гарачыя піражкі.

Юбілейны канцэрт, а «Тройцы» ўжо 10 гадоў, здымаў тэлеканал АНТ, таму першымі на сцэну выйшлі Руслана Гасанава і Іван Вабішчэвіч.

Яны павіталі публіку, расказалі пра русалак і чараўнікоў ды абвясцілі пра пачатак канцэрта. Трыа музыкаў не прымусіла сябе чакаць. Зрэшты, забягаючы наперад, можна адзначыць, што ўсе ўбачаныя мной канцэрты гурта адбываліся без затрымак, строга пільнуючыся праграмы (Іван Кірчук любіць часта нагадваць, што гэта ў рэстаране можна замовіць песню, а ў іх — праграма).


Магчыма, гэта вынік вандровак па аўтабанах, але падаецца, што праўда ўсё ж хаваецца ў іншым. Як сапраўдны шаман, чараўнік ад музыкі, цягам усяго выступу Кірчук трымае сваіх слухачоў у стане медытацыі.

Змяняючы кампазіцыю за кампазіцыяй, суправаджаючы іх нязменнымі нетаропкімі і нягучнымі каментарамі, лідэр «Тройцы» нібы заварожвае залу — не дае зусім занурыцца ў медытатыўнае сненне, але і ў скокі не пускае, своечасова робячы перапынак на чарговую показку. А дапамагае яму ў гэтым асвятленне: па сцэне, сценах, столі, зачараваных тварах гледачоў пераліваюцца колеры — зялёны, жоўты, сіні, памаранчавы, фіялкавы, чырвоны…

І вось што дзіўна: наколькі былая цэкоўская зала непрыстасаваная да рок-канцэртаў, настолькі яна, напоўненая даверху колерамі і гукамі, амаль ідэальна пасуе музычна-спірытычным сеансам «Тройцы».

У нядзелю прагучалі новыя творы калектыву, песні, што не выконваліся раней на жывых канцэртах, а таксама кампазіцыі з апошніх двух альбомаў.

Кірчук не адмовіў сабе падражніць прыхільнікаў «цяжкай» музыкі, заявіўшы, што песні з апошняй плыткі «Жар-жар» занадта цяжкія, а таму прагучаць у акустычным варыянце. Што ж, можа, калі і пачуем ад «Тройцы» на якім сярэднявечным фэсце колькі музычных эксперыментаў у стылі польскага «Open Folk».

Сямён Печанко, фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера