Новыя мабільныя падраздзяленні спецназа будуць створаныя ва ўсіх злучэннях унутраных войскаў
Заяву пра тое, што новыя мабільныя падраздзяленні спецназа будуць створаныя ва ўсіх злучэннях унутраных войскаў, зрабіў на калегіі МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, паведамляе БЕЛТА.
Мікалай Карпянкоў сказаў на калегіі, што «сістэма ўнутраных войскаў і ў далейшым будзе ўдасканальвацца».
Як піша Белта, размова ідзе ў тым ліку аб нарошчванні баявога патэнцыялу падраздзяленняў аператыўнага прызначэння.
Гэтая работа нібыта вядзецца «з улікам міжнароднага вопыту і сусветнай абстаноўкі».
Паводле Белта, асобны атрад спецыяльнага прызначэння быў сфармаваны ў вайсковай часці 3214. Новыя мабільныя падраздзяленні таксама будуць створаныя ва ўсіх злучэннях унутраных войскаў.
Іх галоўнай задачай стане «процідзеянне пагрозам і гатоўнасць працаваць на любой тэрыторыі, у любых умовах».
«Войскі аснашчаныя сучаснымі відамі беспілотных лятальных апаратаў, ва ўсіх воінскіх часцях сфармаваныя падраздзяленні па іх прымяненні», — сказаў Мікалай Карпянкоў.





