Знайсці
02.02.2023 / 12:404РусŁacБел

Кацярына Ваданосава выпусціла кліп «Вальс 1863», прысвечаны Паўстанню Каліноўскага ВІДЭА

2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны, якая тады ўваходзіла ў Гродзенскі павет, а сёння — у Падляскім ваяводстве Польшчы, нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Ён быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, нацыянальны герой Беларусі і адзін з самых вядомых у свеце беларусаў. У дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага музыка і журналістка Кацярына Ваданосава, якая жыве ў Беластоку, прэзентавала кампазіцыю «1863» — вальс, прысвечаны паўстанню. Аўтарка і ўдзельнікі запісу расказалі MOST гісторыю вальса і кліпа.

 Ілюстрацыя: здымачная група

Кацярына Ваданосава, аўтарка і выканаўца вальса, рэжысёрка кліпа:

— Вальс «1863» быў напісаны некалькі гадоў таму і да нядаўняга часу заставаўся творам, напісаным на паперы: ён нідзе не выконваўся, чакаючы свайго моманту.

І момант прыспеў нарэшце: калі стала зразумела, што не варта адкладваць нічога на «потым», не варта чакаць ідэальных умоў, ідэальнага аркестра, гукарэжысёра, падрыхтоўкі ці здымачнай групы, а варта дзейнічаць, калі адчуваеш унутраную патрэбу і маеш добрую нагоду.

А нагода сапраўды добрая: датай прэм’еры вальса спецыяльна было абранае 2 лютага — дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага. Я адчуваю глыбокую еднасць з героямі тых часоў і думаю, што пачуцці беларусаў цяпер вельмі сугучныя з пачуццямі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Цыклы гісторыі паўтараюцца, але разуменне таго, што ў кожнай эпосе жывуць людзі, якімі варта ганарыцца, памяць пра якіх надае нам моц і натхненне — гэта вельмі цешыць і дорыць надзею на будучыню.

«Каталізатарам» для запісу ды здымкаў паслужыў, як ні дзіўна, мой дыягназ: маючы рак, перажыўшы дзве аперацыі ды цыкл хіміятэрапіі, знаходзячыся ў працэсе радыётэрапіі, я зразумела, што вельмі хачу зафіксаваць як мага большую колькасць таго, што маю толькі ў выглядзе напісаных на паперы нот, слоў, вобразаў у галаве… Каб гэта можна было граць, спяваць, чытаць нават тады, калі мяне не будзе. І вырашыла не чакаць, пакуль збярэцца ансамбль музыкаў, пакуль знойдуцца грошы на запіс, пакуль прадумаецца сцэнарый, пакуль адрастуць мае валасы… Я захацела «адпусціць» гэты вальс, даць яму жыццё — і зрабіць гэта менавіта ў дзень, калі нарадзіўся чалавек, які натхніў мяне на гэтую музыку.

Кадр з відэа

Вальс вельмі просты: фартэпіянную партыю сыграе любы вучань музычнай школы, а скрыпічную партыю выконвае мая 12-гадовая дачка Стэфанія. Мы запісаліся ледзьве не з першага дубля: на пачатку я думала, што мы проста запішам відэа жыўцом на тэлефон і я выкладу твор на сваіх старонках у сацсетках. Але мае сябры — Ігар Палынскі ды Васіль Шэры — прапанавалі зрабіць штосьці больш цікавае. У Васіля ёсць гістарычны строй, які ён шыў сваімі рукамі, у мяне — таксама, у Ігара — добры тэлефон ды абсталяванне для запісу гуку…

І вось літаральна за некалькі дзён мы зрабілі калі не паўнавартасны кліп, то хаця б відэашэраг, які адлюстроўвае настрой, закладзены мною ў музыку. А сам працэс здымак заняў усяго некалькі гадзін, і ладзіліся яны на Падляшшы, недалёка ад Мастаўлян — вёскі, дзе нарадзіўся Каліноўскі. Важным героем гісторыі стаў і дуб Дунін, велізарнае 400-гадовае дрэва, якое ў 2022 годзе прызналі дрэвам Еўропы, якое, напэўна, памятае паўстанцаў.

Больш за паўтары сотні гадоў таму людзі сыходзілі на бой, на змаганне, часам на смерць. Сёстры, жонкі, нявесты, маці паўстанцаў насілі жалобу як знак супраціву, як выказванне нязгоды з палітыкай імперыі, і гэта таксама было формай змагання, за якое можна было пазбавіцца маёмасці, свабоды, будучыні. Мара пра волю была самай высокай, узнёслай, светлай і адначасова цяжкай з усіх мар, але менавіта яна рабіла са звычайных людзей герояў.

Тое ж адбываецца і зцяпер. І я адчуваю глыбокую еднасць са сваімі продкамі, з тымі, хто біўся за свабоду. Я веру, што пра наша паўстанне, пра наш супраціў таксама калі-небудзь будуць складаць музыку, вершы ды песні.

Васіль Шэры, выканаўца ролі паўстанца:

— Гэта была цудоўная прыгода, да таго ж тэма асабіста для мяне вельмі важная. На мой погляд, кожны беларус павінен яе для сябе даследаваць і вызначыць асноўныя маркеры нашага змагання. Чаму, як, для чаго гэта ўсё адбывалася і тады, і цяпер: трэба перажыць, асэнсаваць, зрабіць высновы і стварыць новую будучыню.

Фактычна, на ўзроўні падзей, 2020 год — гэта таксама паўстанне, калі глядзець з гістарычнага пункту гледжання. Але ментальна адбылася рэвалюцыя, таму што шмат людзей, якія не ўсведамлялі сябе зняволенымі, зняважанымі, пакрыўджанымі, зразумелі, што далей так жыць нельга.

Я вельмі цікаўлюся перыядам паўстання 1863-1864 гадоў як вельмі адметнай кропкай у нашай гісторыі. Гэта своеасаблівы пункт адліку, пасля якога беларусы паўсталі як нацыя. Я сам шыў свой строй, але ў значна большай ступені, чым матэрыяльная культура, мяне натхняюць падзеі, і я спрабую вывучаць гістарычную праўду, параўноўваючы розныя гістарычныя крыніцы, вывучаючы іх і складваючы ў галаве адпаведную карціну мінулага.

Скрын відэа

Ігар Палынскі, аператар і рэжысёр кліпа:

— Хоць я не падтрымліваю падзел на тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся, адзначу: многія беларусы ў эміграцыі імкнуцца рабіць як мага больш, каб захоўваць у сабе і распаўсюджваць Беларусь і беларускае. Гэта натхняе.

Вось яскравы прыклад: Каця Ваданосава. Бясконца захапляюся яе імпэтам. Не зважаючы ні на што, яна — такі рухавік, генератар ідэй і — у найлепшым сэнсе! — вар’ятка, гатовая да спантанных эксперыментаў і выклікаў.

Днямі Каця спытала, ці магу дапамагчы запісаць для вальса партыю скрыпкі — і тут жа нарадзілася ідэя не проста зрабіць запіс, а паспрабаваць з улікам магчымасцей, якія маем, зняць музычнае відэа. Для мяне гэта быў фактычна першы падобны экспірыенс, але атрымалася, лічу, годна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Valadzimir/адказаць/
02.02.2023
Прыгожая музыка. А вось па настрою - знаёмы "шляхетна-беларускі" рамантычны сум у спалучэньні з "брэндавай" беларускай "агульнай млявасьцю" пад навукавай назвай "дэпрэсія"... Гэтым безнадзейным настроем прасякнуты ўвесь кліп, і таму, на маё адчуваньне, у якасьці другой назвы для гэтай кампазіцыі падыйшло бы "Беларускі тупік".
Мяркую, юнаму пакаленьню тутэйшай моладзі гэта НЕ трэба! 
Спадарыня Кацярына, паспрабуйце напісаць для іх... "Марш 1410".
0
Пятроўна/адказаць/
03.02.2023
Valadzimir, абышто пішаце, як заўседы
0
Valadzimir/адказаць/
03.02.2023
Пятроўна, удакладніце, калі ласка, што "абышто"? Вельмі цікава. Бо, на маю думку, гэтая тэма вельмі важная - зь якім настроем, самаадчуваньнем, пасьля паразы паўстаньня 1863-64 гадоў (на маё адчуваньне, гэты настрой быў у асноўным дэпрэсіўным), "беларусы паўсталі як нацыя". Ці не было ўсё тое, што зараз адбываецца з "нацыяй" беларусаў, "запраграмавана" тады? І ці не надыйшоў час усё гэта (што адбылося тады і адбываецца зараз) пераасэнсаваць і пераацаніць?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера