Знайсці
27.01.2023 / 13:42РусŁacБел

Кот Макс з Бучы. Ён перажыў акупацыю, быў выкрадзены расійскімі вайскоўцамі — збег ад іх у Беларусі — і вярнуўся да гаспадыні

Макс, кот пароды мэйн-кун, нарадзіўся ў Адэсе ў 2016 годзе. Два гады таму ён з сям'ёй пераехаў у Бучу, прыгарад Кіева, які пасля стаў сімвалам жорсткасці расійскай арміі. Гісторыю Макса «Настоящему времени» расказала яго гаспадыня Алена Ганчарова.

Жыццё ў акупацыі

Раніцай 24 лютага 2022 года, калі расійская авіяцыя ўжо бамбіла ўкраінскія гарады, Макс выйшаў пагуляць на вуліцу. Сям'я жыла непадалёк ад Гастомельскага аэрапорта, які ваенныя РФ атакавалі ў першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварвання. Гукі выбухаў станавіліся ўсё гучнейшымі. Алена, абняўшыся з сынам, проста сядзела на ложку, але з'язджаць не спяшалася.

Муж Алены ўжо тады ведаў пра вайну не па чутках. Мікалай — з Данецка. Ён памятаў 2014 год, калі пачалася расійская агрэсія супраць Украіны і баявыя дзеянні на Данбасе.

«Раней [да поўнамаштабнага ўварвання] мы не размаўлялі на тэму вайны, бо немагчыма растлумачыць гэта чалавеку, які не бачыў, што такое вайна, — кажа жанчына. — Мы чыталі навіны і разумелі, што нешта адбываецца, але нават уявіць не маглі тое, што пачалося 24 лютага. Так у першыя гадзіны мы і не спяшаліся з выездам з Бучы».

З'ехаць з Бучы ўгаварыў Алену муж. Вырашылі, што яна з дзіцем паедзе ў Жытомір. Збіраліся ў мітусні і не змаглі знайсці Макса, які гуляў у двары. Мікалай планаваў праводзіць жонку, а потым вярнуцца за рэчамі і Максам. Аднак не паспеў. Расійскі дэсант ужо высадзіўся ў Гастомелі.

«Бучу акупавалі, а ў нашым доме пасяліліся расійскія жаўнеры, — успамінае Алёна. — Яны паставілі ў двары БТР. Суседзі не маглі знайсці і забраць да сябе Макса, бо дзесяць дзён самі прасядзелі ў падвале. Быў бесперапынны абстрэл. Пазней іх вывезлі калідорам. Нам распавядалі, што Макса бачылі ў пасёлку».

Выкраданне і ўцёкі

31 сакавіка расійская армія ў спешцы пакінула Бучу, пакінуўшы пасля сябе брацкія магілы і разрабаваныя дамы. Кот Макс знік.

«Я не магу каментаваць дзеянні людзей, якія ў прынцыпе не падлягаюць катэгорыі чалавека, — кажа Алёна. — Не ведаю, ці ёсць у іх штосьці ў галаве і суправаджае іх дзеянні нейкая логіка. Буча была ў акупацыі да канца сакавіка. Пасля вызвалення ў наш дом зайшлі сапёры. У дзіцячым пакоі яны знайшлі расцяжку з гранатай. Прыехалі бацькі. Па іх расказах, увесь дом быў разбіты і знявечаны».

Алена пачала шукаць Макса, размяшчаючы аб'явы ў сацсетках. А праз месяц ёй патэлефанавалі ў Viber з незнаёмага беларускага нумара. Жанчына прадставілася Аленай і паведаміла, што кот у яе. Спачатку Алёна не паверыла пачутаму, аднак жанчына даслала ёй фота мэйн-куна.

Як аказалася, расійскія вайскоўцы выкралі ката і на БТР павезлі ў Беларусь. У раёне Гомеля Макс змог збегчы, пасля чаго ён прыбіўся да мясцовай жыхаркі. У ката быў ашыйнік з кулонам. На адваротным баку медальёна — QR-код з кантактамі Алены. Дзякуючы гэтаму і ўдалося знайсці гаспадыню ката.

Уз'яднанне з сям'ёй

Беларускія валанцёры дапамаглі зрабіць Максу новы ветпашпарт і чып. Ката на мяжы перадалі польскім валанцёрам, а яны ў далейшым вярнулі яго Алене. На той момант жанчына знаходзілася ў Чэхіі.

Па словах Алены, стан ката пасля акупацыі і выкрадання ашаламляльна адрозніваўся ад звыклага. Ён моцна схуднеў і дрэнна еў. Макса аблілі чымсьці клейкім, і яго прыйшлося пастрыгчы. Але цяпер ён цалкам аднавіўся.

«Я ўдзячная ўсім, хто дапамог вярнуць Макса ў сям'ю, — кажа Алёна. — Мы да гэтага часу кантактуем з Аленай. Калі б не яна, то не ведаю, ці ўдалося б мне яго пабачыць. Праўда, палітыку мы не абмяркоўваем падчас размоў. Гэта прынцыповае пытанне».

Цяпер сям'я жыве ў іспанскай Валенсіі.

«У Валенсіі ў нас не ўзнікае ніякіх праблем. Тут вельмі ўтульна, ды і клімат прыдатны. Я сама з Адэсы і ў гэтым горадзе адчуваю сябе камфортней, чым у Чэхіі, — распавядае Алёна. — Макс цяпер у нармальным стане. Яму спатрэбілася два тыдні, каб адаптавацца да жыцця за мяжой. У яго выдатны апетыт. Ён гуляе, шкодзіць. У нас усё добра».

Алёна марыць пра больш хуткае вяртанне ва Украіну, але кажа, што пра вяртанне ў Бучу не можа быць і гаворкі: «Плануем вярнуцца ў Адэсу ці Кіеў, але не ў той дом. Мы яго арандавалі пад выкуп, але ўжо анулявалі здзелку».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера