Знайсці
29.01.2023 / 21:46РусŁacБел

Расказваем, як пакідаць добрае першае ўражанне

З дзяцінства мы ведаем, што па адзенні сустракаюць, і часам гэта справядліва як ніколі. «Наша Ніва» сабрала рэкамендацыі, як стаць чалавекам, які пакідае пасля сябе толькі добрае першае ўражанне.

Фота: pixabay.com

Перад сустрэчай

Вучоныя прыводзяць розныя даныя таго, колькі часу трэба іншым людзям, каб пра нас склалася першае ўражанне: ці то 7 секундаў, ці то ўвогуле 100 мілісекундаў. Як бы там ні было, гэтага часу наўрад ці хопіць, каб нешта пра сябе распавесці, але дакладна ёсць спосабы палепшыць першае ўражанне ад камунікацыі з сабой. У шматлікіх сітуацыях — напрыклад, калі вы знаёміцеся з кімсьці на вечарыне ці праходзіце сумоўе — першае ўражанне сур’ёзна ўплывае на далейшыя зносіны з вамі, папярэджвае healthshots.com.

Перш за ўсё вам трэба падрыхтавацца да сустрэчы. Пашукайце інфармацыю пра будучых суразмоўцаў, вывучыце абставіны, якія іх акружаюць. Напрыклад, калі вас чакае сумоўе, пачытайце інфармацыю пра кампанію, на месца ў якой вы прэтэндуеце, бо гэта пакажа, што вы сапраўды хочаце там працаваць і цікавіцеся гэтай арганізацыяй.

Таксама вельмі важна выбраць адпаведнае сітуацыі адзенне, бо вядома, што выбар адзення залежыць ад таго, што вас чакае, і размова не заўсёды пра афіцыйны стыль. Галоўнае, каб усе элементы вашага ўбору былі акуратныя, пасавалі вам і добра спалучаліся паміж сабой — так вы будзеце выглядаць ахайна.

Наступны крок — прыйсці ў назначаны час. Калі вы сустракаецеся з чалавекам упершыню, наўрад ці яго зацікавіць, што ў вас была сур'ёзная прычына для спазнення. Пастарайцеся прыехаць на некалькі хвілін раней, чым трэба, і ўлічыце, што можна трапіць у затор ці заблукаць. Калі размова пра сустрэчу анлайн, праверце загадзя тэхніку і сувязь, а таксама падбярыце месца з добрым фонам і абстаноўкай. І яшчэ: вы не паверыце, колькі людзей робіць відэазванкі ў хатніх штанах ці ўвогуле без штаноў! Хаця праз камеру і не мае значэння, якое адзенне на ніжняй частцы вашага цела, але офісныя штаны дапамогуць вам прыйсці ў правільны настрой і абароняць ад патэнцыяльных нечаканых сітуацый.

Усе мы часам нервуемся перад важнымі сустрэчамі. Гэта, на жаль, можа прывесці да непажаданых пабочных эфектаў, напрыклад, потных далоняў. Каб супакоіцца, можаце скарыстацца тэхнікамі рэлаксацыі накшталт глыбокага дыхання ці медытацыі.

Сакрэты камунікацыі

Калі вы сустракаецеся з новым чалавекам ці вас з ім знаёмяць, прытрымлівайцеся падчас камунікацыі зрокавага кантакту, а таксама паціскайце руку цвёрда, выбірайце адкрытую позу, якая б сведчыла пра вашу ўпэўненасць у сабе (напрыклад, трымайце спіну прама, не складвайце рукі на грудзях і ўвогуле не трымайце іх разам і г. д.). Калі ўсміхняцеся, то гэта паспрыяе стварэнню пазітыўнай атмасферы, і суразмоўца можа адказаць на вашу ўсмешку сваёй.

Цалкам зразумела, калі падчас сустрэчы з кімсьці важным і вядомым вы адчуваеце страх, але варта не дазваляць сваёй трывозе праяўляцца. Адзін са спосабаў здавацца больш упэўненым — простая мадуляцыя голасу. Калі вы будзеце гаварыць спакойна і павольна, то ўражанне будзе лепшым.

Будзьце добрым слухачом! Калі чалавек уважліва слухае іншага і паказвае сваю неабыякавасць да сказанага, гэта сведчыць пра павагу да суразмоўцы, які бачыць, што вам сапраўды цікава тое, што ён кажа. Не перабівайце субяседніка, не заканчвайце за яго сказы і не мяняйце тэму занадта часта — усё гэта раздражняе. Таксама памятайце, што размова — гэта ўзаемны працэс, і ў любой сітуацыі пакідайце суразмоўцу магчымасць вам адказаць.

Яшчэ адзін лайфхак для пабудовы добрых адносінаў — знайсці сувязь або нешта агульнае з новым знаёмым. Не абавязкова гэта павінна быць нешта сур'ёзнае: магчыма, вы вучыліся ў адным універсітэце, маеце дзяцей аднаго ўзросту або нядаўна чыталі адну і тую ж кнігу. Мэта — стварыць сувязь з чалавекам на эмацыйным узроўні.

Каб знайсці такую рысу, вам можа спатрэбіцца крыху пабыць дэтэктывам. Пачытайце, што чалавек піша ў сацсетках, пашукайце падказкі пра тое, якую спартыўную каманду ён любіць, якая ў яго любімая краіна ці гістарычная асоба. І не скідвайце з рахунку простую свецкую размову пра надвор'е і апошнія навіны, бо яна таксама ўплывае на ўражанне пра вас.

Калі камунікацыя ў разгары, спрабуйце актыўна ў ёй удзельнічаць. Задавайце пытанні і падтрымлівайце дыялог, а не проста кажыце суразмоўцу ўсё адразу, што планавалі яму сказаць. Не гаварыце ні вельмі павольна, ні вельмі хутка, пераканайцеся, што ваша маўленне дастаткова выразнае. Будзьце ветлівыя, не дазваляйце сабе непрыстойных выразаў, жаргону ці іншых слоў, якія ўплываюць на ўспрыняцце размовы. Ківок у знак згоды ці паўтарэнне ключавога моманту гутаркі — элементы, якія пакажуць суразмоўцу, што вы шчыра зацікаўленыя ў камунікацыі з ім.

Вядомы псіхолаг Дэйл Карнэгі раіў падчас размовы звяртацца да чалавека па імені. Рэч у тым, што калі чалавек чуе ўласнае імя, то актывуюцца асобыя ўчасткі яго мозга. Было б няблага выкарыстаць гэта: напрыклад, калі вас знаёмяць з новым чалавекам, не проста скажыце, што вам прыемна, а прамоўце нешта накшталт «Рады з вамі пазнаёміцца, Кацярына!».

Сустрэча скончылася? Гэта не прычына расслабляцца! Калі размова пра бізнэс-камунікацыю, варта напісаць чалавеку невялікі ліст. Вы можаце выразіць удзячнасць за сустрэчу і выдаткаваны на вас час, а можаце напісаць, чым сустрэча была для вас карыснай. Калі чалавек ёсць у сацсетках, знайдзіце яго і падпішыцеся на яго акаўнт.

P.S. Вядома, што сацыяльныя сувязі — гэта вельмі важна, але ўсяму свой час. Вы можаце лічыць, што камунікацыя з іншымі ўздыме ваш настрой, але ў рэальнасці так бывае не заўсёды. Калі вам сумна ці вы адчуваеце трывогу, іншыя ўбачаць гэта па вашай міміцы, словах і мове цела. Магчыма, ваш настрой нават пагоршыцца.

Амаль няма спосабу пакінуць добрае ўражанне, калі ў вас дрэнны настрой. Таму ў такім выпадку лепш застаньцеся дома. Калі ж сустрэчу адмяніць нельга, то знайдзіце спосаб палепшыць свой стан: патрэніруйцеся, патэлефануйце сябру, паглядзіце якое-небудзь натхняльнае ці смешнае відэа.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Я адправіў вам свой нумар, гэтага недастаткова?» Як махляры прыкідваліся Лявонам Вольскім

Поціск рукі можа шмат сказаць пра чалавека

Трэнды TikTok: чаму цяпер на платформе папулярна ўсё бэжавае і «эстэтычнае»?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера