Знайсці
27.01.2023 / 09:42РусŁacБел

Беларусь стала рэзка менш купляць абсталявання. Як вайна і санкцыі адбіліся на гандлі

Калі вы думалі, што яшчэ больш залежаць ад Расіі ўжо немагчыма, беларуская эканоміка паказвае: можна.

Экспарт якіх тавараў і паслуг значна скараціўся

Паводле даных за студзень-лістапад 2022 года, экспарт тавараў перавысіў імпарт, у выніку чаго склалася станоўчае сальда ў памеры 903,3 мільёна даляраў. Для параўнання, за аналагічны перыяд мінулага года гэты паказчык меў адмоўнае значэнне — мінус 125,3 мільёна даляраў. 

Кажучы простымі словамі, у мінулым годзе Беларусь прадала тавараў на 903,3 мільёна даляраў больш, чым купіла. Аднак, нягледзячы на пазітыўныя на першы погляд лічбы, вынікі года такімі назваць складана.

«Такія змены ў сальда па гандлі адбыліся не з прычыны нарошчвання аб'ёмаў экспарту, а за кошт таго, што значна скараціўся аб'ём імпарту. Аб'ёмы экспарту (па выніках 11 месяцаў 2022 года) у бягучых цэнах скараціліся на 4,2%, або на 1,5 мільярда даляраў.

У той жа час імпарт за аналагічны перыяд паменшаў на 8,5%, або на 3,2 мільярда даляраў», — тлумачыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Настасся Лузгіна.

Па некаторых ацэнках, экспарт калію — важнай для Беларусі пазіцыі — мог упасці на 50—60% у параўнанні з 2021 годам.

Калі казаць пра імпарт, то больш за ўсё скараціўся імпарт інвестыцыйных тавараў (да іх адносіцца, напрыклад, абсталяванне, тэхніка) — на 26,4%, або каля 969 мільёнаў даляраў. Адзіная група тавараў, імпарт якой пайшоў у плюс, гэта спажывецкія тавары. Там прырост склаў каля 3,3%.

«Але адбылося гэта хутчэй за ўсё дзякуючы інфляцыі ў краінах, адкуль пастаўляліся тавары», — адзначае Лузгіна.

Што тычыцца паслуг, то сітуацыя выглядае наступным чынам. Калі ў студзені—лістападзе 2021 года станоўчае сальда складала 4,13 мільярда даляраў, то за аналагічны перыяд 2022 года гэтая лічба скарацілася да 3,8 мільярда.

«У адрозненне ад тавараў, па паслугах у нас традыцыйна было станоўчае сальда. У першую чаргу за кошт IT-сектара, грузаперавозак і будаўніцтва. Аднак, як паказвае статыстыка, сітуацыя з экспартам паслуг пагаршаецца за кошт ІТ-сектара, які ў нашай краіне паступова сціскаецца. Акрамя ІТ, у мінулым годзе значнае скарачэнне было ў сферы грузаперавозак», — адзначае эксперт.

Па выніках 2022 года, унёсак ІТ-сектара ў ВУП склаў мінус 0,2%. Унёсак сектара «Транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць» — мінус 0,9%. Больш за ўсё негатыўны ўплыў на ВУП аказала праца сектара «Прамысловасць» — мінус 1,5%.

За 2021 год гэтыя сектары мелі лепшыя паказчыкі. ІТ тады дадалі ВУП плюс 0,7%, транспартная дзейнасць, складзіраванне, паштовая і кур'ерская дзейнасць — плюс 0,1% (развіццю транспарту перашкаджала пандэмія), прамысловасць — плюс 1,6%. 

Пераарыентацыя на Усход і краіны СНД

Пасля ўвядзення санкцый, страты ўкраінскага рынку і часткі еўрапейскага Беларусь пайшла па шляху пераарыентацыі экспарту і імпарту. Калі ў студзені—лістападзе 2021 года на долю краін СНД прыпадала 59,4% беларускага экспарту тавараў, то па выніках студзеня—лістапада 2022 года іх доля вырасла да 67,5%.

У той жа час доля імпарту з краін СНД амаль не змянілся — 62,5% за 11 месяцаў мінулага года супраць 62,2% годам раней. 

У 2019-2020 гадах на тавараабарот з краінамі СНД прыходзілася каля 59-60%. Доля Расіі ў тавараабароце ў 2020 годзе была 47,9%. Па выніках 10 месяцаў мінулага года яна вырасла да 60%.

Чаго чакаць ад 2023 года?

Стан беларускай эканомікі будзе залежаць ад таго, якой будзе эканамічная сітуацыя ў Расіі, паколькі ў 2022 годзе і без таго традыцыйна высокая доля тавараабароту з РФ стала яшчэ большай, адзначае эксперт.

«Таксама будзе ўплываць сітуацыя ў Кітаі, дзе здымаюць кавідныя абмежаванні. Яго эканоміка пасля выхаду з лакдаўну павінна пачаць расці. Калі гэта адбудзецца, то для беларускіх вытворцаў з'явяцца новыя магчымасці, хоць і абмежаваныя з-за геаграфічнай аддаленасці ад Кітая.

І ў цэлым, чым лепш будуць сябе адчуваць эканомікі іншых краін, тым больш спрыяльнымі будуць прагнозы па беларускім экспарце. Ва ўмовах высокага попыту беларускім вытворцам будзе прасцей знайсці пакупнікоў сваёй прадукцыі».

Наколькі рэальныя прагнозы ўрада?

Па заявах урада, Беларусь у 2023 годзе плануе нарасціць аб'ёмы экспарту і імпарту на 5%, прычым не ў грашовым, а ў рэальным выражэнні.

Настасся Лузгіна лічыць, што, прынамсі, у вартасным выражэнні аб'ёмы знешняга гандлю павялічацца, але толькі пры ўмове, што на працягу года не ўзнікне дадатковых шокаў для эканомікі.

«Верагодней за ўсё ў гэтым годзе мы ўбачым аднаўленчы рост, калі, вядома, не будзе ўведзена дадатковых сур'ёзных санкцый, якія змогуць паўплываць на знешні гандаль», — адзначае эканаміст.

Асноўная рызыка для беларускага знешняга гандлю ў бягучым годзе — адток IT-кампаній і рэлакацыя спецыялістаў. 

«Знешні гандаль у нас меў станоўчае сальда менавіта за кошт паслуг. Сектар «Інфармацыя і сувязь» дасягаў паказчыкаў больш за два мільярды на год. Сёлета, хутчэй за ўсё, скарачэнне IT прадоўжыцца».

Паралельны імпарт у дапамогу

Пры гэтым эксперт мяркуе, што сёлета будзе аднаўляцца імпарт: паўплывае рашэнне ўрада аб легалізацыі паралельнага імпарту.

Згодна з заявамі ўрада, рост ВУП плануюць таксама за кошт інвестыцый.

«Цалкам магчыма, што гэта прывядзе да росту імпарту інвестыцыйных тавараў, які ў мінулым годзе значна прасеў. У бягучым годзе з улікам захавання санкцый, паступовай адаптацыі эканомікі да новых рэалій і пераарыентацыі знешняга гандлю на Усход, цалкам магчыма, што станоўчае сальда захаваецца, але паказчыкі будуць больш сціплыя, чым летась», — лічыць эксперт.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Экспарт беларускай прадукцыі ў Расію вырас у 1,4 раза, у Кітай — амаль у 2 разы 

Нягледзячы на спыненне транзіту калію, рэкордны грузаабарот у Клайпедскім порце: гадавы рост — 57 працэнтаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера