Знайсці
22.01.2023 / 13:31 16

«Без беларускіх пашпартоў яны пачнуць звярэць і паднімуць Ціханоўскую на вілы». Дзеля чаго Лукашэнка пазбаўляе «беглых» грамадзянства

​​​​​​​У хуткім часе многія беларусы, якія паспелі ўцячы за мяжу ад палітычнага пераследу на радзіме, могуць застацца без пашпартоў: Лукашэнка ажыццявіў сваю даўнюю пагрозу і напачатку студзеня падпісаў адпаведны закон. Рэжым збіраецца пазбаўляць беларусаў адзінага грамадзянства, атрыманага пры нараджэнні. Зроблена гэта не толькі для таго, каб адпомсціць ворагам і ўскладніць жыццё «беглым», піша Віктар Багдзевіч на радыё «Свабода». Але ці ёсць шанцы, што гэтыя разлікі спраўдзяцца?

Фрыцьёф Нансэн, Аляксандр Лукашэнка, Мсціслаў Растраповіч, Галіна Вішнеўская. Калаж

Як атрымалася, што ў краіне, дзе, паводле Канстытуцыі, «ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства», гэта грамадзянства цяпер можа быць адабранае толькі за тое, што чалавек удзельнічаў у мірных пратэстах і спрабаваў абараніць сваё права на справядлівыя выбары?

У сістэме, выбудаванай Лукашэнкам у Беларусі, вырашальную ролю пры прыняцці падобных рашэнняў адыгрываюць ягоныя асабістыя жаданні і прыярытэты. Ведаючы нораў дыктатара і ягонае непрыхаванае і неўтаймоўнае жаданне помсціць за падзеі 2020 года, няцяжка здагадацца, якія спосабы помсты падказваюць паслужлівыя чыноўнікі, каб найбольш дагадзіць гаспадару. Пазбаўленне грамадзянства — адзін з такіх радыкальных спосабаў паквітацца з палітычнымі ворагамі. Але не толькі.

Не толькі помста

Да адной толькі помсты задума з пазбаўленнем «беглых» пашпартоў яўна не зводзіцца. Няхітрая схема, якая выпрацоўвалася ў сілавых ведамствах у 2022—2023 гадах, потым абмяркоўвалася на сакрэтных нарадах і нарэшце ўвасобілася ва ўхваленых Лукашэнкам зменах у Закон «Аб грамадзянстве», абапіралася на наступную аргументацыю (цытую нядаўнюю публікацыю ў прапагандысцкім рупары рэжыму «СБ. Беларусь сегодня», аўтар якой яўна ў курсе папярэдніх абмеркаванняў гэтай праблемы):

«Як толькі з'явяцца першыя людзі без пашпарта, яны адчуюць на сабе ўсе «выгоды» такога ганебнага статусу… Свет для такога суб’екта звужаецца да памераў той краіны, у якой ён захрас. Без пашпарта не купіць авіяквіток, не прайсці мытны і памежны кантроль… Няма пашпарта — няма медычнай страхоўкі, немагчыма заключаць грамадзянскія дамовы, у тым ліку найму жытла… Чалавек без пашпарта спачатку ўпадае ў адчай, а потым пачынае звярэць. І менавіта гэты момант больш за ўсё напружвае «катлетныя» штабы і медыйна раскручаных іхніх жыхароў. Ім самы час задумвацца аб узмацненні аховы сваіх няшчасных тушак».

Сапраўдная мэта, як бачым, не зводзіцца толькі да банальнага жадання ўскладніць жыццё і стварыць мноства побытавых праблемаў. Логіка тут такая: спачатку праз пазбаўленне пашпартоў выклікаць «паніку і істэрыку» ў шырокіх масах «беглых» («Чалавек без пашпарта спачатку ўпадае ў адчай, а потым пачынае звярэць»); а пазней гэтыя даведзеныя да адчаю людзі павінны ўзбаламуціць усё асяроддзе «беглых» і дэзарганізаваць «штабы» («справы аб пазбаўленні грамадзянства могуць стаць той апошняй кропляй, пасля якой у паствы «катлетных» штабоў узнікне стойкае жаданне падняць сваіх учарашніх куміраў на вілы… І вось гэтага канчатковага падзелу кухарка з Вільнюса, алкадыпламат з Варшавы ды іншы зброд баяцца як агню»).

Увогуле, такое ўражанне, што ставілася пэўная мэта: максімальна падвысіць градус канфрантацыі і супрацьстаяння, расціснуць «беглых», дэмаралізаваць іх, выклікаць унутраны разлад, сваркі, канфлікты, а ў канчатковым выніку — прымусіць каяцца, прыніжацца і ўрэшце дасягнуць жаданай, агучанай Лукашэнкам у 2022 годзе, мэты: «Дамоў, паўзком, на каленях — і каяцца».

Уяўныя перавагі дыктатуры

Разлік тут, як і ў многіх іншых рэпрэсіўных мерах супраць іншадумцаў, на тое, што дэмакратыя з яе непарушным вяршэнствам права і грувасткімі бюракратычнымі працэдурамі бяссільная перад поўнай расхлябанасцю і бескантрольнасцю дыктатуры. Рэжым кшталту лукашэнкаўскага за лічаныя дні можа ўвасобіць у законы і ўказы любыя людаедскія фантазіі дыктатара: і грамадзянства ў іншадумца адабраць, і кватэру канфіскаваць, і дзяцей у прытулак накіраваць. Дэкаратыўны «парламент» паслухмяна і без усялякага абмеркавання аднагалосна ўхваліць любое рашэнне тырана.

Лукашэнка доўга ішоў да гэтай ідэальнай для сябе формы дзяржаўнага ўладкавання. Памятаю, як у 2002 годзе, калі яшчэ толькі фармаваліся абрысы будучай дыктатуры, ён у адказ на рэпліку аднаго замежнага журналіста «Паводле Канстытуцыі, вы не можаце балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін….» перапыніў яго фразай: «Хто вам сказаў, што я чагосьці не магу?»

І ён такі ажыццявіў усё задуманае: Канстытуцыя неаднаразова перапісвалася пад усе ягоныя амбіцыі і пажаданні. Ні парламент, ні суд, ні СМІ ў пабудаванай ім сістэме не выконваюць ніякай істотнай самастойнай ролі.

Але разлік на тое, што беларуская дыктатура можа рабіць што заўгодна, а заходнія дэмакратыі нічога не здольныя супрацьпаставіць гэтаму, глыбока памылковы. Так, сур’ёзныя рашэнні на Захадзе рэдка прымаюцца хутка, прыняцце любога закона займае значны час, а бюракратычныя працэдуры патрабуюць нямала высілкаў і цярпення. Але гэта толькі на першы погляд выглядае заганай, на тле якой дыктатура з яе імгненнымі рашэннямі здаецца непераможнай.

Насамрэч непарушнасць закона, улік усіх меркаванняў, працяглыя дыскусіі і адпрацаваныя працэдуры вядуць урэшце да таго, што рашэнні, якія прымае ўлада ў дэмакратычнай краіне, справядлівыя і гуманныя. Незалежна ад таго, чаго гэтыя рашэнні датычаць. Тое, што Лукашэнка ў адно імгненне пазбавіць грамадзянства палітычных ворагаў і яны застануцца сам-насам са сваімі праблемамі, безабароннымі і кінутымі на волю лёсу, — глыбокая памылка дыктатара. А чым скончыцца для Лукашэнкі ўся гэта авантура, падказвае не такая ўжо далёкая гісторыя.

Фрыцьёф Нансэн адказвае расійскім бальшавікам

Масава пазбаўляць грамадзянства сваіх палітычных супернікаў першым дадумаўся не Лукашэнка, а ягоныя ідэйныя папярэднікі, расійскія бальшавікі. 15 снежня 1921 года бальшавіцкі ўрад прыняў адпаведны дэкрэт, падпісаны Леніным: аб пазбаўленні права на атрыманне савецкага грамадзянства асобаў, якія эмігравалі за мяжу. Прынцып быў просты. Выехаў з Расіі без дазволу савецкай улады пасля 7 лістапада 1917 года? Пражыў за мяжой больш за пяць гадоў і не звярнуўся за гэты час па савецкі пашпарт? Служыў на баку «белых» альбо быў у шэрагах «контррэвалюцыйных арганізацый»? Значыць, пазбаўляешся права мець «малаткасты, сярпасты» дакумент з чырвонай вокладкай. І такім чынам застаешся ўвогуле без пашпарта, паколькі той краіны, грамадзянамі якой дагэтуль лічыліся расійскія эмігранты — Расійскай Імперыі — больш не існавала.

Фрыцьёф Нансэн з жонкай Эвай

«Белая» эміграцыя на той момант складала ўжо амаль 2 мільёны чалавек. Амаль усе яны ў выніку рашэння бальшавікоў станавіліся асобамі без грамадзянства. Якімі былі мэты Леніна і ягоных аднадумцаў, якія дадумаліся да такога? Ды прыблізна такімі ж, як і ў Лукашэнкі: адпомсціць ненавісным ворагам, у тым ліку максімальна ўскладніць ім жыццё на Захадзе; ачысціць пралетарскае грамадства ад класава варожых элементаў; прысабечыць іхнюю ўласнасць (адрозна ад сённяшніх беларускіх палітуцекачоў, «белая эміграцыя» пачатку 1920-х была надзвычай заможнай, ёй было што губляць).

Без пашпартоў ворагі бальшавіцкага рэжыму заставаліся нядоўга. Яшчэ ў сярэдзіне 1921 года Ліга нацый стварыла інстытут Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў. Камісарам быў прызначаны вядомы нарвежскі навуковец, падарожнік і грамадскі дзеяч Фрыцьёф Нансэн (той самы, які ў маладосці кіраваў экспедыцыямі да Паўночнага полюса, потым змагаўся за незалежнасць сваёй роднай Нарвегіі, а ў сталыя гады стаў барацьбітом за правы ўцекачоў).

Пашпарт уцекача і партрэт Нансэна

Нансэн прапанаваў ідэю так званага «нансэнаўскага пашпарта» — дакумента, які б замяніў агульнаграмадзянскі пашпарт для тых асобаў, якія з розных прычын былі пазбаўленыя грамадзянства. Задуманае было хутка ажыццёўлена. Дакумент выконваў фактычна ўсе функцыі звычайнага пашпарта. Першымі яго атрымалі якраз тыя дзясяткі тысяч расійскіх эмігрантаў, якіх бальшавікі пазбавілі права на грамадзянства. А ўсяго «нансэнаўскіх пашпартоў» было выдадзена каля 450 000 штук. Пашпарт прызнавалі больш за 50 краін свету — фактычна ўсе ўдзельнікі Лігі нацый.

Сярод уладальнікаў «нансэнаўскага пашпарта» былі былыя падданыя Расійскай Імперыі — сусветна вядомыя асобы, імёны якіх маглі б стаць гонарам для любой нацыі: Марк Шагал, Ігар Стравінскі, Ганна Паўлава, Іван Бунін, Уладзімір Набокаў, Сяргей Рахманінаў, Ілья Рэпін, Зінаіда Серабракова, Уладзімір Жабацінскі…

Помнік Нансэну ў Саратаўскай вобласці, ён дапамагаў тут ахвярам голаду пасля бальшавіцкага перавароту 1917 года

Што сталася потым з уладальнікамі «нансэнаўскіх пашпартоў»? Праз год-другі яны сталі паўнапраўнымі грамадзянамі сваіх новых краін — пераважна Францыі, але таксама Турцыі, Югаславіі, Латвіі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Грэцыі, атрымалі грамадзянства і новыя пашпарты… Для гэтых краін сотні тысяч адукаваных, энергічных, творчых эмігрантаў сталі несумненным здабыткам: яны хутка і без усялякіх праблем асіміляваліся на новай радзіме і сталі працаваць дзеля яе дабрабыту.

Ураджэнец Віцебска Марк Шагал меў пашпарт Нансэна

Фрыцьёф Нансэн за сваю гуманістычную дзейнасць, накіраваную на дапамогу ўцекачам, быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру за 1922 год.

Да сённяшніх дзён «нансэнаўскі пашпарт» не дажыў, але ён стаў правобразам так званага «жэнеўскага пашпарта» (які яшчэ называюць за колер вокладкі «сінім» ці «блакітным») — Праязнога дакумента ўцекача, ратыфікаванага Канвенцыяй ААН 1951 года. Уладальнік гэтага пашпарта можа свабодна, без візаў падарожнічаць па ўсіх краінах, якія падпісалі канвенцыю, а гэта больш як 100 дзяржаў свету (Рэспубліцы Беларусь да гэтай лічбы далёка). Менавіта на такі пашпарт (і яшчэ на «пашпарт іншаземца») могуць разлічваць усе тыя беларусы, якіх рэжым Лукашэнкі пазбавіць грамадзянства.

«Зганьбілі высокае званне грамадзяніна СССР»

Колькі каштавала страта інтэлектуальнай эліты для маладой савецкай рэспублікі? У першыя дзесяцігоддзі бальшавіцкай дыктатуры пра гэта, выглядае, не надта задумваліся (асабліва на фоне наступных масавых палітычных рэпрэсій 30-х гадоў). А вось у познім брэжнеўскім СССР высновы з папярэдняга досведу зрабілі. І хоць норма пра магчымасць пазбаўлення савецкага грамадзянства ў законе 1978 года засталася, але што гэта была за норма? Ні пра якое масавае пазбаўленне грамадзянства размовы ўжо не было. Адабраць у чалавека савецкі пашпарт магчыма было толькі «ў выключным выпадку па рашэнні прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, калі асоба здзейсніла дзеянні, якія ганьбяць высокае званне грамадзяніна СССР і наносяць шкоду прэстыжу ці дзяржаўнай бяспецы СССР».

Амаль кожны такі выпадак разглядаўся на самым высокім узроўні, кіраўніцтвам КДБ, а часта і на Палітбюро ЦК КПСС з удзелам «асабіста таварыша Брэжнева».

Савецкае грамадзянства ў 70-я гады адабралі ў сусветна вядомых пісьменнікаў Аляксандра Салжаніцына (1974), Васіля Аксёнава (1980) і Уладзіміра Вайновіча (1981); філосафа і пісьменніка Аляксандра Зіноўева (1978), опернай спявачкі Галіны Вішнеўскай і яе мужа, віяланчэліста Мсціслава Растраповіча (1978), шахматыста Віктара Карчнога (1978), акцёра і рэжысёра Юрыя Любімава (1984)…

Газета «Известия» ў нумары за 16 сакавіка 1978 года, расказваючы аб прычынах пазбаўлення савецкага грамадзянства Растраповіча і Вішнеўскай, пісала:

«У замежных паездках М. Л. Растраповіч і Г. П. Вішнеўская вялі антыпатрыятычную дзейнасць, ганьбілі савецкі грамадскі лад, званне грамадзяніна СССР. Яны сістэматычна аказвалі дапамогу варожым СССР замежным арганізацыям. Так, у 1976—1977 гады яны далі некалькі канцэртаў, грашовыя зборы ад якіх пайшлі на карысць белаэмігранцкіх арганізацый».

…У канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў фактычна ўсім гэтым асобам не толькі вярнулі савецкае (пазней — расійскае) грамадзянства, але і папрасілі прабачэння, прызналі памылкі, узнагародзілі найвышэйшымі расійскімі ордэнамі і званнямі, вярнулі адабраную ўласнасць, уладкавалі на прэстыжныя пасады, многіх на самым высокім афіцыйным узроўні назвалі гонарам і сумленнем нацыі і паставілі помнікі… Што адметна: Вішнеўская і Растраповіч адмовіліся атрымліваць савецкія пашпарты, заявіўшы, што не прасілі ні адбіраць, ні вяртаць грамадзянства. Так да канца жыцця і пражылі са швейцарскімі пашпартамі. Неяк перабіліся… Адмовіўся ад вернутага грамадзянства і сусветна вядомы шахматыст Віктар Карчной, хаця і стаў рэгулярна наведвацца на радзіму.

Нават дзіўна, што Лукашэнка распачынае кампанію пазбаўлення грамадзянства сваіх палітычных супернікаў, ведаючы ўсе гэтыя гісторыі, якія адбываліся ў гады ягонай маладосці, фактычна ў яго на вачах. Зрэшты, кожны дыктатар разлічвае на тое, што ён хітрэйшы, мудрэйшы, вынаходлівейшы за папярэднікаў. Але фінал у такіх рэжымаў і такіх кампаній чамусьці заўсёды вельмі падобны.

Чытайце таксама:

Польскае МУС: Рашэнняў Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства Польшча прызнаваць не будзе, такія людзі атрымаюць дакументы

Як можна страціць грамадзянства і як пасля яго вярнуць

Што рабіць беларусам, якіх дзяржава можа пазбавіць грамадзянства? Парады адваката

Кавалеўскі: Мы будзем дабівацца адпаведнага прававога статусу для беларусаў, пазбаўленых рэжымам грамадзянства

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Мойша / адказаць
22.01.2023
Беня і Мойша з аднаго кабінету), шаноўны прыхільнік "мдрага пуціна", пажывем пабачым, патрыёты Беларусі за Зянона!
0
Крендель / адказаць
23.01.2023
В США беженцам спокойно выдают трэвел документ,который заменяет паспорт для поездок. В Латвии и Эстонии живут тысячи русскоязычных которые не выучили местный язык и являются негражданами. У них у всех есть паспорт негражданина. Проблема высосана из пальца. Есть существующие инструменты как её решить.
2
Мойша / адказаць
23.01.2023
Крендель , Беларусь краіна суагрэсар і па гэтай прычыне беларусам нічога ня свеціць.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2022 2023 2024
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31