Знайсці
22.01.2023 / 13:3624РусŁacБел

1863—2023. А ці быў сэнс у тым паўстанні? І ці правільна зрабіў Каліноўскі, што адмовіўся ад эміграцыі?

22 студзеня 1863 года ў Беларусі, Польшчы і Літве выбухнула паўстанне супраць царызму. Сёння спаўняецца 160 гадоў з гэтага дня. Кіраўніком паўстанцаў у Беларусі быў Кастусь Каліноўскі — унікальная постаць у гісторыі. Чалавек рэдкай харызмы, выключнага таленту і, да таго ж, неаспрэчны герой. Але ці апраўданыя былі ахвяры? 

Капліца, дзе пахаваныя Кастусь Каліноўскі і паўстанцы. Вільня

Давайце ўявім, што паўстанняў не было. Што ў 1794-м жыхары Беларусі не падтрымалі Касцюшку, у 1812-м не ўвайшлі з Напалеонам у Маскву, не паўставалі ў лістападзе 1830-га, не ішлі за Каліноўскім у 1863-м. А між 1812-м і 1830-м — не заснавалі філаматаў і філарэтаў, між 1830-м і 1863-м — гурткі 1840-х. 

Не было пяці вялікіх выступленняў за семдзесят гадоў. Не было сямі «зачыстак» цягам жыцця трох пакаленняў. Не было гэтай невядомай вайны. 

Ціха і гладка прайшло б ХІХ стагоддзе, і што б мы мелі ў выніку? 

Пасля кожнага паўстання была рэакцыя. На ўзроўні прыватнага чалавечага жыцця гэта былі зняволенні, высылкі, канфіскацыя маёмасці, эміграцыя.

У маштабах краю пачынаўся новы віток русіфікацыі ды атамізацыі. 

У 1839-м Беларусь страціла ўніяцкую царкву, якая магла аб’яднаць увесь народ; у 1840 — свой звычай і закон: было спынена дзеянне Статута ВКЛ; у 1863 — нават назву: замест «Літвы» або «Беларусі» пачаў татальна ўжывацца «Паўночна-Заходні край». 

Засталася адна беларуская мова, дый на ёй забаронена было выдаваць кнігі. 

Лаяльнасць да ўлады зберагла б жыццё тысячам патрыётаў, сярод якіх знайшліся б і асветнікі, і навукоўцы, і паэты. Але ж уся Еўропа бушавала ў ХІХ стагоддзі, ламаючы старыя феадальныя парадкі. І — калі б не тыя паўстанні — ці мелі б мы Беларусь у сённяшнім выглядзе? 

Беларусы паўставалі разам з палякамі. Ці дазволіў бы расійскі царызм ад 1869 друкаваць этнаграфічныя зборнікі «на белорусском наречіі», каб не было патрэбы аслабіць польскі рух на гэтых тэрыторыях? Ці глядзеў бы ён скрозь пальцы на навуковую дзейнасць Кіркора, Карскага, «краёўцаў»? 

Канечне, гаварыць пра штучнае стварэнне беларусаў міласцю цара-бацюхны не выпадае. Расійская адміністрацыя, умоўна кажучы, высякала высокія дрэвы і не звярнула ўвагі на падлесак, які хаваўся ў іх цяні. Думала, ссохне сам і поле можна будзе засеяць чым захочаш. Але не ўлічыла сілы падземных каранёў. 

Усе паўстанні ХІХ стагоддзя выглядаюць інерцыяй Рэчы Паспалітай. Як у пачатку 1990-х сумавалі па СССР, так і беларуская шляхта спрабавала адрадзіць «залатую вольнасць», час якой беззваротна сышоў. Не было выключэннем і апошняе паўстанне — яно таксама рыхтавалася і кіравалася перадусім шляхтай. Шляхта стала яго асноўнай сацыяльнай базай, і ўдзельнікі яшчэ збольшага мроілі пра вяртанне Рэчы Паспалітай.

Да канца не разумеючы, што імкнуцца сесці ў той цягнік, які даўно сышоў і вяртацца не збіраецца. 

Што да сялянства, самай шматлікай часткі тагачаснага насельніцтва, то яно ў масе сваёй і гэтага паўстання не падтрымала. Прапанаваная ўладамі сініца ў руцэ яўна пераважыла ў іх вачах паўстанцкага жураўля ў небе.

Але важна тое, што гэтым разам сярод кіраўніцтва паўстання былі ўплывовыя дзеячы, якія лічылі патрэбным звяртацца перадусім да сялянства, патэнцыйна бачачы ў ім ужо не дапаможную, а асноўную сілу. Кастусь Каліноўскі быў найбольш яскравай асобай, якая трымалася такіх поглядаў. 

Таму паўстанне ў разуменні Каліноўскага было скіравана на развіццё, у будучыню. Сам Каліноўскі, сын паспяховага прадпрымальніка, выглядаў далёкім ад апетай Міцкевічам феадальна-засцянковай куртуазнасці. Згадайце ягонае «ў нас няма паноў, у нас усе роўныя».

Кастусь Каліноўскі. Рэстаўрацыя партрэта з дапамогай нейрасетак

Ён імкнуўся праз «Мужыцкую праўду» загітаваць сялян як роўных сабе, а не павесці ў загадным парадку, як чатырыста гадоў вадзіў шляхціц сваіх халопаў у набег на суседа. І, што важна, яго пры гэтым не спынялі пярэчанні некаторых паплечнікаў, што сялянства на землях былога ВКЛ моўна і культурна няпольскае, што, адмаўляючыся ад апоры на шляхту, ён тым самым адштурхоўвае ад сябе адзіны сацыяльны элемент, які тут увасабляе польскасць. 

За што Каліноўскага, гэтага Уільяма Уолеса нашай нацыянальнай міфалогіі, і сёння ненавідзяць тыя, хто не прымае факта існавання беларускай дзяржаўнасці?

Адметна, што ні Касцюшка, ні Тамаш Зан, ні правадыры 1830-га не выклікаюць у іх ніякіх эмоцый.

Бо Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе» на простых прыкладах паказаў, што насельнікі гэтай зямлі — не рускія і не палякі. Асобны народ. Праўда, паказаць ён гэта паказаў, а вось наўпрост, адназначна і адкрытым тэкстам сказаць гэта на ўвесь свет не паспеў. Не здолеў выразна сфармуляваць нацыянальнай ідэі, пакінуць пасля сябе нейкую тэарэтычную спадчыну, ад якой маглі б наўпрост адштурхоўвацца паслядоўнікі, у працэсе дапаўняючы і развіваючы ідэі «бацькі нацыі». Хоць яўна да гэтага ішоў. Калі б яго не забілі, ён, мусіць, тое сфармуляваў бы. 

Гатоўнасць Кастуся Каліноўскага абапірацца не на шляхту, а на сялянства, штурхала яго на шлях выпрацоўкі беларускай нацыянальнай ідэі натуральна і абсалютна непазбежна. Бо сялянства на тэрыторыі Беларусі было спрэс беларускамоўнае, а таму праца сярод яго была магчымая толькі па-беларуску. Гэта ж, у сваю чаргу, выклікала б неабходнасць рупіцца пра развіццё літаратурнага стандарту мовы, клапаціцца пра стварэнне адпаведнай адукацыі — карацей, пра ўсё тое, на грунце чаго ўзрастае нацыянальнае ўсведамленне, якое пасля не спыніць, не стрымаць… 

Галоўнае, што Каліноўскі быў такі не адзін. Калі б гэтых людзей тады не перавешалі адных і не рассеялі другіх па свеце, рэакцыя, магчыма, беларуская ідэя крышталізавалася б раней на пакаленне — у адзін час з літоўскай ці славацкай. І тады б мы мелі ўжо зусім іншую гісторыю Беларусі і беларусаў.

Больш за тое, нават іншую гісторыю ўсяго рэгіёна, паколькі наяўнасць тут вялікай масы нацыянальна неўсвядомленага насельніцтва прадвызначыла многія наступныя падзеі, што ў ім адбываліся. Бо надта вялікая была спакуса выкарыстаць гэта «нічыё» насельніцтва ў якасці этнічнага матэрыялу прыхільнікамі адразу некалькіх узаемна канкурэнтных нацыянальных праектаў. 

Але ў выніку сталася інакш.

Адмова Каліноўскага пасля паразы з’ехаць на эміграцыю і лісты з-пад шыбеніцы па-беларуску выглядаюць часткай асэнсаванай стратэгіі. Толькі ці была гэтая стратэгія правільнай? Так, пасля яго пакутніцкай смерці мужыцкі народ хоць і праз дзясяткі гадоў, але ўсё ж сфармуляваў уласны запыт на самастойнае быццё. Але калі б жывы Каліноўскі зрабіў гэта на тыя ж дзясяткі гадоў раней, ці не быў бы гістарычны лёс беларускага народа куды шчаслівейшы?

Гэты артыкул быў упершыню апублікаваны ў часопісе «Наша гісторыя» ў 2018 годзе

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Ліцвінка/адказаць/
23.01.2023
Кастусь, як нам зараз цябе не хапае!  
1
Жыве/адказаць/
23.01.2023
Кастюшко тоже был революционером ,про него тоже помнить.
1
Таки так/адказаць/
30.01.2023
Согласен, смысла было мало. Ставка на крестьянство была ошибочной. ПОтерявши голову по волосам не плачат. Кто виноват, что мы в прошлом профукали свое государство? Я имею в виду ВКЛ и ВКЛ в составе Речи Посполитой? Прежде всего шляхта виновата. Мелкопоместное дворянство? А кто сподвигнул в занебыт мову? Та же шляхта. Еще в конце 17в. они перевели делопроизводство с белорусского на польский. То есть ополячились. Ну, а мы по их вине в итоге обрусели. Так что белорусский проект наших националистов- Беларусь с белорусами на белорусском языке- повисает в воздухе. Что делать? Не знаю. Но и с цветами на ОМОН ходить это дебилизм.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера