Знайсці
20.01.2023 / 20:192РусŁacБел

Спіс птушак Беларусі павялічыўся на пяць відаў

Беларуская арнітафаўністычная камісія афіцыйна зацвердзіла і ўключыла ў спіс нашых птушак новыя віды, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Фота: T. R. Shankar Raman / commons.wikimedia.org

Арлан-даўгахвост. Дзіўную птушку ўбачыла група птушкароў на рыбгасе Волма 22 жніўня 2021 года, а дома вызначыў па фота Андрэй Барадзін. Каб апынуцца ў Беларусі, гэты малады арлан-даўгахвост павінен быў зрабіць вандроўку даўжынёй прынамсі 5 тысяч км!

Фота: Jason Thompson / commons.wikimedia.org

Сiняхвостку адлавіў і акальцаваў арнітолаг Дзяніс Кіцель 14 верасня 2021 года на станцыі кальцавання «Сасновы Бор» у Расонскім раёне. Гэтая птушка любіць хваёвыя лясы — калі бываеш там, назірай уважліва за птушкамі, магчыма, і табе пашчасціць убачыць гэты скрытны прыгожы від.

Фота: Максім Косцін / birdwatch.by

Таўстадзюбую пячураўку таксама адлавіў і акальцаваў Дзяніс Кіцель на станцыі «Сасновы Бор» — усяго праз пару тыдняў пасля сіняхвосткі. Гнездавы арэал гэтай птушкі ад нас далёка: найбліжэйшыя гняздуюць пад Новасібірскам. У Еўропу памылкова ляцяць некаторыя асобіны, таму еўрапейцы радуюцца кожнай такой сустрэчы.

Фота Іны Субоцінай

Дэлавэрская чайка ўпершыню адзначаная 26 сакавіка 2022 года ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку. А ўжо 31 сакавіка яе знайшлі птушкары ў Гомелі на Валатоўскім возеры. Птушка гняздуе ў Паўночнай Амерыцы, у апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна залятае ў Еўропу, а асобныя птушкі нават застаюцца тут на зімоўку.

Фота: Дзмітрый Якубовіч / birdwatch.by

Арол-шуляк адзначаны 29 і 30 сакавіка ў Смаргонскім раёне дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку. Гэта маладая самка, якая нарадзілася на поўдні Францыі ў 2019 годзе. Від гняздуе ад Маўрытаніі да паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Кітая.

Такім чынам, цяпер у спісе птушак Беларусі 342 віды.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Павел /адказаць/
21.01.2023
Какие у них выразительные глаза.
21.01.2023
Арлy-шулякy -  zalik ! :))
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера