Знайсці
20.01.2023 / 11:07РусŁacБел

Сваякам завербаваных у ПВК «Вагнер» зняволеных адпраўляюць пустыя труны для пахавання

Сваякам зняволеных, завербаваных у ПВК Вагнера, пачалі выдаваць пустыя труны. Пра такі выпадак «Дажджу» распавяла жонка аднаго са зняволеных. Яшчэ як мінімум некалькі падобных гісторый «Дождж» знайшоў у пабліках і сацсетках. Пры гэтым знайсці сваіх блізкіх ці хаця б даведацца, ці жывыя яны, сваякі не могуць — у Расіі ім адказваюць, што інфармацыя канфідэнцыйная, а ва Украіне ў найлепшым выпадку атрымоўваецца даведацца, што яны ў палоне.

Муж Ангеліны (імя зменена) адбываў тэрмін у адной з расійскіх калоній за забойства. Увосень ён перастаў выходзіць на сувязь, і неўзабаве Ангеліна даведалася ад сваячкі іншага асуджанага, што муж завербаваны ў ПВК «Вагнер». У тое, што ён паехаў добраахвотна, яна не верыць, па яе словах, Украіна для яго не была «фашысцкай» краінай, ён часта ездзіў туды да сваякоў.

У канцы снежня Ангеліне патэлефанавалі прадстаўнікі ПВК «Вагнер» з паведамленнем, што яе муж загінуў. Сямʼі выдалі закрытую цынкавую труну, медалі ад ПВК, грамату за гераічную смерць у барацьбе за свабоду самаабвешчанай «ЛНР» і пасведчанне аб смерці, падпісанае ў Бахмуце.

На пытанне Ангеліны, ці сапраўды гэта яе муж, яе запэўнілі, што памылкі быць не можа. «Яны нам сказалі, што няма патрэбы адкрываць труну, таму што, перш чым адпраўляць [на вайну], яны бяруць нейкія ДНК, і, калі трупы знаходзяць, яны параўноўваюць. Яны нам сказалі: мы даём вам стоадсоткавую гарантыю, што гэта ён», — распавядае Ангеліна.

Праз некалькі тыдняў пасля пахавання Ангеліне напісаў невядомы мужчына, які паведаміў ёй, што яе муж цяпер у Дэбальцаве. Яшчэ праз некалькі дзён ёй патэлефанавалі з украінскага нумара, мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам СБУ, сказаў, што яе муж жывы, арыштаваны і знаходзіцца ва Украіне. Ён быў затрыманы ў канцы кастрычніка. Ён апісаў Ангеліне тое ж раненне, ад якога, як сцвярджаў прадстаўнік ПВК, яе муж загінуў — але сказаў, што жыццё яму ў выніку выратавалі.

Такія выпадкі апісваюць і іншыя сваякі зняволеных у чатах і сацсетках. Некаторыя, атрымаўшы труну, баяцца адкрываць яе, а прадстаўнікі ПВК «Вагнер» рэкамендуюць гэтага не рабіць. У адным з выпадкаў, выяўленых «Дажджом», труна была пустой.

У расійскай службе выканання пакаранняў Ангеліне ніякай інфармацыі не далі, бо «гэта канфідэнцыйна». У вайсковай камендатуры Украіны ёй адказалі, што муж быў узяты ў палон, але больш нічога не сказалі. У аддзяленні СБУ Харкаўскай вобласці журналістам не змаглі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю. Са слоў суразмоўцы, гэта будзе магчыма толькі пасля суда.

«Я вельмі перажываю, што калі я кудысьці пайду і скажу, што мне з гэтага нумара тэлефануюць, і ён сапраўды жывы, яны яго знойдуць, перш чым ён сам абʼявіцца. А раптам з чалавекам нешта здарыцца? Бо яго няма [па дакументах] у прынцыпе», — кажа Ангеліна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера