Прэзідэнт Сербіі: Для нас Крым — гэта Украіна, і Данбас — гэта Украіна
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч у інтэрв'ю агенцтву Bloomberg адхіліў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Уладзіміра Пуціна да Украіны і прадказаў, што «горшае яшчэ наперадзе», бо абодва бакі акапаліся.
Нягледзячы на тое, што Сербія працягвае выступаць супраць увядзення санкцый супраць Расіі, па словах Вучыча, ён ужо даўно не размаўляў са сваім расійскім калегам. Хоць раней кантактаваў з ім часта.
«Мы з самага пачатку казалі, што не ў стане і не зможам падтрымліваць уварванне Расіі ва Украіну. Для нас Крым — гэта Украіна. Данбас — гэта Украіна. Так і застанецца», — выразна заявіў сербскі лідар.
Раней сербскі прэзідэнт спрабаваў увесь час лавіраваць, утрымліваючы добрыя адносіны і з Крамлём, і з Захадам. Пры гэтым ён неаднаразова публічна скардзіўся, што Еўрасаюз цісне на яго, каб ён заняў больш выразную пазіцыю.
Як і іншыя балканскія суседзі, Сербія з'яўляецца кандыдаткай на ўступленне ў Еўрасаюз, і магчымасць страты гэтага статуса — адзін з аргументаў Захаду ў размовах з сербскім кіраўніцтвам.