Знайсці
17.01.2023 / 18:581РусŁacБел

Цяпер і архівамі будзе кіраваць генерал

Сярод сённяшніх кадравых прызначэнняў Лукашэнкі звяртае на сябе ўвагу тое, што кіраваць Дэпартаментам архіваў і справаводства Міністэрства юстыцыі прызначылі Алега Воінава. Дагэтуль ён кіраваў Нацыянальным гістарычным архівам.

Зрэшты, нягледзячы на папярэдняе месца працы, прафесійным архівістам Алега Воінава назваць складана. На кіраванне гістарычным архівам ён быў «кінуты» толькі ў маі 2022 года, а дагэтуль усю сваю кар'еру рабіў у войску. Апошняе ягонае месца працы на вайсковай службе — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва, а вайсковае званне — генерал-маёр.

Звольнілі Алега Воінава з вайсковай службы не за нейкія грахі, а па ўзросце. У сакавіку 2022-га яму споўнілася 55 гадоў — а гэта для вайскоўцаў з ягоным званнем гранічны тэрмін. Паводле закону тэрмін службы, праўда, можа падаўжацца Лукашэнкам, але ў выпадку Воінава ён гэта рабіць чамусьці не палічыў патрэбным.

Аднак і ў апалу адстаўны генерал не патрапіў, проста яму знайшлі прымяненне ў іншай галіне — як вядома, былыя вайскоўцы цяпер у цане для таго, каб «наводзіць парадак» у разуменні рэжыму і ў цывільных сферах. Міністр юстыцыі, непасрэдны цяперашні начальнік Воінава, дарэчы, таксама генерал-маёр, былы высокапастаўлены функцыянер з Унутраных войскаў. 

Пра тое, што Воінаў на пасадзе дырэктара асобнага архіва доўга не затрымаецца, а яму збіраюцца даручыць усю архіўную галіну, гаварылі, дарэчы, адразу пасля ягонага афіцыйнага прызначэння. Папярэдняму дырэктару Дэпартамента архіваў і справаводства Віктару Курашу, таксама ў фрондзе адносна рэжыму не заўважанаму, проста вырашылі перад выхадам на пенсію даць адзначыць на пасадзе 100-годдзе архіўнай службы Беларусі. 

Цікавы штрых з біяграфіі Алега Воінава — ён нарадзіўся ва украінскім Днепрапятроўску (цяпер Дняпро). Ягоныя сваякі і цяпер жывуць там, а пасля нападу Расіі на Украіну запісалі відэазварот да свайго сваяка, заклікаючы яго не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаванне. Аднак гэты зварот ніякага ўплыву на яго не аказаў.

Наколькі нам вядома, сам украінец Воінаў у вайне Расіі супраць Украіны на расійскім баку, а захоп расійскімі войскамі тэрыторый на поўдні і ўсходзе Украіны ўспрымае як іх «вызваленне».

Разам з іншымі высокапастаўленымі беларускімі вайскоўцамі Алег Воінаў унесены ў адзін з санкцыйных спісаў Еўрасаюза.

 Чытайце таксама:

У Нацыянальны гістарычны архіў прызначаны дырэктар-сілавік

«Паўплывай на гэта, ты ж можаш». Сям'я з Дняпра звярнулася да свайго сваяка — памочніка міністра абароны Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
даведка/адказаць/
17.01.2023
Официально белорусское Министерство юстиции превращено в силовую структуру:

— министр юстиции Хоменко генерал внутренних войск МВД;
— заместитель министра юстиции Кот пришёл на усиление из Совбеза:
— директор департамента по архивам и делопроизводству армейский генерал  Воинов.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера