Знайсці
14.01.2023 / 18:341РусŁacБел

Высокія столі, балкон з калонамі і бамбасховішча ў падвале. Якія кватэры прадаюць у цэнтры Мінска

«Сталінкі» славяцца высокімі столямі, таўшчэзнымі сценамі і даволі вялікай плошчай. Паглядзелі, за колькі такія кватэры прадаюцца і што ўнутры.

Фота тут і далей: realt.by

«За дзве хвіліны — набярэжная Свіслачы»

За 187 000 даляраў выстаўлена на продаж трохпакаёўка па адрасе Кісялёва, 11. Агульная плошча кватэры 70 «квадратаў». Дом пабудаваны ў 1956 годзе.

Самы вялікі пакой мае плошчу амаль 22 м², ён прахадны і вядзе ў маленькую (5,5 м²) кухню. Плошча двух астатніх жылых пакояў складае 12—13 метраў. Адзін з іх мае выхад на адкрыты балкон з калонамі. 

Жыллё прадаецца разам з мэбляй і тэхнікай. У кватэры маецца кандыцыянер. Вышыня столяў — 2,9 метра.

«У крокавай даступнасці мноства крам і кафэ, школы, дзіцячыя сады, медцэнтры, банкі. За дзве хвіліны хады ад дома — парк імя М. Горкага, веладарожка, набярэжная ракі Свіслач з прыгожым фантанам на вадзе», — гаворыцца ў апісанні аб'екта.

«Пачуццё свята і выдатны душэўны настрой»

За 259 000$ прадаецца трохпакаёўка над універсамам «Цэнтральны». Агульная плошча кватэры 92,6 м². 

«Дызайн не пакіне нікога абыякавым. У кватэры спалучаюцца сучасны стыль і хатняя ўтульнасць. Карціны на сценах, якія зачароўваюць, і багаты інтэр'ер ствараюць пачуццё свята і выдатны душэўны настрой», — гаворыцца ў апісанні.

Апроч вялікай гасцёўні, якая не аддзелена сценамі ад кухні, у кватэры два спальныя пакоі, у адным з якіх ёсць дадатковая плошча для міні-кабінета. 

Сам дом пабудаваны ў 1955 годзе, вышыня столяў каля трох метраў. 

Два ўзроўні і бамбасховішча ў падвале

На Кірава, 33 прадаецца двухузроўневая кватэра з агульнай плошчай 122 м². За трохпакаёўку з двума санвузламі і прасторнай (18,8 м²) кухняй просяць 330 тысяч даляраў. Вышыня столяў у доме 1936 года пабудовы складае 3,2 метра.

У памяшканні выкананы дызайнерскі рамонт у класічным стылі. Пакоі на другім паверсе з мансардным дахам.

Кватэра абсталявана ўласнай сістэмай ацяплення і прытокава-выцяжнай вентыляцыяй з падагрэвам паветра (фільтраванне 7-й ступені ачысткі). У кожным пакоі кандыцыянер.

«Мэбля выраблялася ў Італіі па індывідуальнай замове. Падлогі з падагрэвам, вырабленыя з масіву чырвонага афрыканскага дрэва мербау. Італьянская мармуровая плітка», — гаворыцца ў апісанні. 

Сярод іншых пераваг прадаўцы называюць наяўнасць бамбасховішча ў падвале дома.

Паркет і блізкасць да кавярняў

У Верхнім горадзе за 400 тысяч даляраў прадаюць чытырохпакаёўку. Дакладны адрас — Камсамольская, 26. Агульная плошча кватэры 95 м², жылая — 69. Кватэра месціцца на трэцім паверсе чатырохпавярховага дома 1937 года пабудовы. 

Вышыня столяў 3,17 метра. З чатырох пакояў толькі адзін прахадны. Найменшы пакой мае плошчу 13,5 м². Астатнія тры — па 18—19 «квадратаў». У кватэры два балконы. Плошча кухні — 13,2 м², ванны пакой памерам 6 квадратаў і мае акно.

Сярод пераваг — шырокія цагляныя сцены, якія гарантуюць высокі ўзровень гукаізаляцыі, і вялікая колькасць кавярняў у крокавай даступнасці. Таксама прадавец адзначае магчымасць зрабіць перапланіроўку, так як многія сцены ў кватэры не з'яўляюцца апорнымі.

Прынамсі, у адным з пакояў захавалася старое драўлянае акно. 

Па ўсёй кватэры, апроч калідора, ваннага пакоя і кухні, — паркет. 

«Для пражывання паспяховых сучасных людзей»

Амаль у паўмільёна даляраў ацэнена чатырохпакаёўка на Багдановіча, 37. Агульная плошча 126,8 м². Гаспадары апісваюць жыллё так: унікальная кватэра прэміум-класа ў самым цэнтры сталіцы для пражывання паспяховых сучасных людзей.

У кватэры ёсць гардэробная, топачнае памяшканне і два санвузлы. Самы прасторны пакой — гэта кухня-гасцёўня плошчай 33 м². Рамонт у кватэры выкананы ў стылі лофт.

«Дом пабудаваны з цэглы ручнога вырабу, якая адрэстаўравана і захавана ў інтэр'еры. Вялізныя вокны, кватэра светлая, прасторная. Столі большыя за 3 метры, у кватэры праводзілася поўная рэканструкцыя памяшканняў, перакрыццяў з шумаізаляцыяй і заменай камунікацый на сучасныя. Індывідуальнае газавае ацяпленне і падагрэў вады», — апісваюць аб'ект гаспадары.

«Унікальная прапанова для сапраўдных знаўцаў»

На Карла Маркса, 21 прадаюць чатырохпакаёўку. За кватэру агульнай плошчай 120 м² просяць 825 тысяч даляраў. 

Дом пабудаваны ў 1948 годзе.

Рамонт у кватэры выкананы ў класічным стылі. Вышыня столяў 3 метры. Вокны выходзяць на два бакі дома. 

«Выкананы сур'ёзны рамонт з заменай усіх камунікацый і выкарыстаннем матэрыялаў прэміум-класа. Кватэра прадаецца з мэбляй і тэхнікай. Гатовая да пражывання», — гаворыцца ў апісанні. 

Мяркуючы па налепках на бытавой тэхніцы, пасля рамонту тут яшчэ ніхто не жыў. У кватэры два санвузлы, адзін з іх з акном. Самы малы пакой мае плошчу 17 м². Самы вялікі — амаль 32. 

Сярод пераваг кватэры адзначаюць лакацыю, чысты пад'езд, закрытую тэрыторыю, зялёны двор і інтэлігентных суседзяў з высокім сацыяльным статусам.

Амаль у 10 разоў танней і таксама ў самым цэнтры

Для таго, каб набыць кватэру ў гістарычным цэнтры сталіцы не абавязкова мець бюджэт у некалькі соцен тысяч даляраў. Так, напрыклад, за 86 800$ прадаюць двухпакаёўку ў доме 1929 года пабудовы па адрасе Кірава, 19.

Праўда, агульная плошча кватэры ўсяго 33 «квадраты» і кухня аб'яднаная з прыхожай, затое месца выдатнае і дом пасля капрамонту ў 2020 годзе. 

Чытайце таксама: 

Мікеланджэла быў бы ў шоку. Паглядзіце, якую яркую кватэру прадаюць у Мінску 

Кракадзілавыя крэслы і працы вядомага скульптара. Цікавосткі інтэр'ераў банкіра Мацюшэўскага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
неРыэлтар/адказаць/
15.01.2023
Якія ж яны, аднак, аднастайныя, тыя рамонты... Толькі што лічбы метраў і коштаў розныя.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера