Знайсці
10.01.2023 / 19:078РусŁacБел

«Мне гэта патрэбна, каб я не забіў на Беларусь»

Гэты тэкст — мае думкі наконт нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай ідэі. Гэта тэма не выходзіць у мяне з галавы недзе ўжо з год дзякуючы «Ідэі Х» Змітра Лукашука і іншым праграмам і пастам. Таму вырашыў паспрабаваць «афіцыйна» аформіць свае думкі, каб гадоў праз дзесяць мне пра гэты пост нагадаў ФБ і каб параўнаць, наколькі я змяніўся, піша ў фэйсбуку айцішнік з Каліфорніі Мікіта Белаглазаў.

 

Разважанні ў мяне эмігранцкія: жыву ў ЗША ўжо амаль 10 год. Рэгулярна прыязджаў у Беларусь (хутчэй у Менск), але ў асноўным я эмігрант.

Апошнія 2 гады мяне турбуе пытанне, навошта мне, чалавеку, які жыве ў Каліфорніі, працуе ў мясцовай кампаніі, нармальна асіміляваўся ў лакальнае жыццё, навошта мне гэтая ўся беларушчына, беларуская мова, кнігі, музыка? Тым больш мне блізкія людзі казалі, што гэта крок назад. 

Адказы накшталт «па-іншаму не магу» ці «гэта Радзіма, і тут нічога не зробіш» мне не падабаюцца нейкім фаталізмам.

Сёння мой адказ самому сабе — мне гэта патрэбна, каб я не забіў на Беларусь.

Я веру, што людзі, калі ёсць магчымасць, мусяць дапамагаць адно аднаму. Але дапамагаць складана. І не толькі таму, што не дазваляюць рэсурсы, а проста таму, што складана хацець дапамагаць незнаёмым людзям. Родным ці сябрам — дапамагаць проста, знаёмым — трошкі складаней, сям'і з іншага горада, у якім ніколі не быў — яшчэ складаней. Пра дапамогу сям'і, якая жыве ва ўмоўным Конга, я ўвогуле маўчу, да гэтага мы яшчэ не дараслі.

Тут мне і дапамагае нацыянальная свядомасць, дапамагае адчуваць сувязь з незнаёмымі, часта вельмі непадобнымі да мяне людзьмі, якіх я ніколі не бачыў і не ўбачу. Дапамагае пераадолець прыроднае «якой халеры я буду нешта для кагосьці рабіць».

Пры гэтым я разумею, што сама ідэя нацыі — гэта штучнае, даволі новае ўтварэнне апошніх некалькіх стагоддзяў, яе няма ні ў якіх генах. Хутчэй гэта спосаб абысці чалавечыя інстынкты. Мне такі спосаб дапамагае.

Нам усім, асабліва тым, хто з’ехаў, прыналежнасць да нацыі патрэбна, каб не забіць. У 20-м годзе галоўным імпульсам пратэстаў была не нацыянальная ідэя, а адстойванне правоў, дэмакратыі, роўнасці, асабістай годнасці.

Шмат хто лічыць, што якраз гэта і патрэбна ў наш час, а нацыянальная свядомасць — гэта перажытак мінулага: за акном ХХІ стагоддзе як-ніяк. Але калі працягваць гэтую думку, то дзеля дасягнення мэты (правы, дэмакратыя) Беларусь не патрэбна.

Вядома, зручней, каб правы і дэмакратыя былі ў краіне, у якой вырас, жывеш і працуеш. Але калі стала відавочна, што хутка не атрымаецца, і давялося з’ехаць, то прасцей і рацыянальней асімілявацца ў новай краіне, таму што там ужо ёсць тыя рэчы, за якія змагаліся дома. А на Беларусь забыцца, і хай там будзе, што будзе.

Менавіта таму я не бачу магчымасці актыўна дапамагаць Беларусі падчас нашага марафону без нацыянальнага кампанента як галоўнай крыніцы нашай энергіі.

Падсумоўваючы маю думку,

для спрынту хапала агульначалавечых гуманістычных імкненняў да праў, свабод, роўнасці і дэмакратыі. А падчас марафону неабходны нацыянальны кампанент, інакш не дойдзем да фінішу, а разыдземся па розных кафэ на сярэдзіне дыстанцыі.

А я пакуль буду працягваць рабіць, чакаць і спадзявацца, што праз дзесяць год ФБ нагадае мне пра гэты пост. І я буду чытаць яго, седзячы ў Менску ў цёплым кафэ і ганарыцца, што дайшоў да фінішу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Няма сэнсу спрачацца/адказаць/
11.01.2023
Mike, камусьці банальнасці, але большасць гэтага так і не разумее. 
0
Усё так/адказаць/
11.01.2023
> Шмат хто лічыць, што якраз гэта і патрэбна ў наш час, а нацыянальная свядомасць — гэта перажытак мінулага: за акном ХХІ стагоддзе як-ніяк.
https://nashaniva.com/307277#startcomments
 
А якая розніца, колькі год непаспяховы вучань сядзіць у тым жа самым класе? Тыя нацыі, якія свой экзамен сдалі ў 19-20-х стагоддзях, сёння могуць рабіць што заўгодна. Але для зрусіфікаваных тутэйшых нацыянальная рэвалюцыя — гэта нявывучаны ўрок. Адсюль і ўсе іхнія пакуты. 

Малойца Мікіта, правільныя разважанні. 
0
Да и нет /адказаць/
13.01.2023
Людям нужен какой-то смысл, выходящий за рамки повседневной жизни. Что-то, что заставляет их чувствовать, что они на своем месте и поступают правильно. Национальная идентичность — это (только) одна из тех вещей, которые «больше, чем жизнь». Логически рассуждая, она не имеет смысла для индивидуума — зачем тратить драгоценное время на воспроизведение детских воспоминаний? Однако мы не компьютеры.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера