Рынак Ждановічы ў Мінску цалкам перабудуюць
Мінскі гарвыканкам прыняў рашэнне, якое зацвярджае горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання ў жылым раёне «Лебядзіны». Паводле яго, рынак Ждановічы і прылеглыя да яго тэрыторыі кардынальна абновяцца. Дакумент прыняты яшчэ ў верасні, але на Нацыянальным прававым партале ён апублікаваны толькі ў апошні дзень мінулага года, піша Blizko.by.
Згодна з рашэннем, плошча тэрыторыі, якая будзе рэканструяваная, складае 90,3 га.
Межы праектавання:
- на поўначы — вуліцы Ціміразева, Ратамская, Камайская;
- на ўсходзе — скрыжаванне вуліц Ціміразева і Нарачанскай;
- на поўдні — паласа адводу чыгункі;
- на захадзе — МКАД.
Першы этап рэканструкцыі разлічаны да 2026 года, а цалкам рэалізаваць праект хочуць да 2030-га. Узводзіць збіраюцца ў першую чаргу шматфункцыянальныя грамадскія аб'екты. А ў планах — стварэнне гарадской прасторы як цэнтра прыцягнення людзей.
Пабудуюць і некалькі спецыялізаваных аб'ектаў гандлю, адміністрацыйна-дзелавы цэнтр з паркінгам. Не абыдзецца без адкрытых добраўпарадкаваных прастор. А яшчэ там уладкуюць зручны транспартны вузел.
Прадугледжаная рэканструкцыя і мадэрнізацыя будынкаў гандлёвых цэнтраў «Будаўнічая выстава», «Град», «Паркінг з гандлёвымі памяшканнямі» і «Свет моды».
Вуліцы Нарачанская і Ратамская паводле гэтага праекта пашыраць, вуліцу Ціміразева рэканструююць. Да 2026 года ў першую чаргу будуць весціся работы на ўчастках № 1-8 (з боку цэнтра — да вуліцы Ратамскай). Яны паказаныя на гэтай схеме.