Знайсці
03.01.2023 / 22:472РусŁacБел

Vogue склаў спіс найлепшых мясцін для падарожжаў у 2023 годзе. Геаграфія ахоплівае ўвесь свет

Для ўсіх, хто хоча даведацца, якія мясціны найлепшыя для наведвання ў 2023 годзе, часопіс Vogue склаў спіс, заснаваны на меркаваннях экспертаў у турыстычнай сферы. Гэтыя куткі свету ідэальна падыдуць аматарам як актыўнага, так і спакойнага адпачынку.

Прыводзім спіс з каментарамі экспертаў:

Гватэмала

Антыгуа, Гватэмала. Фота: vecteezy.com

«Гватэмала доўгі час была ў цені больш наведвальных лацінаамерыканскіх краін, але пры гэтым яна ўяўляе сабой адну з самых культурна багатых мясцін Лацінскай Амерыкі, якая дае магчымасць правесці максімальна спакойны адпачынак удалечыні ад вялікіх натоўпаў. Наведайце Гватэмалу, каб атрымаць асалоду ад цудоўнай прыроднай прыгажосці наваколля, а таксама бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі. Багатая і ўтульная, нядаўна адкрытая віла Bokeh істотна мяняе правілы гульні на Антыгуа і ёсць адным з самых элітных гатэляў класа люкс на сённяшні дзень».

— Том Марчант, сузаснавальнік турыстычнай кампаніі Black Tomato.

Ю́кан, Канада

Юкан, Канада. Фота: vecteezy.com

«Калі нашы падарожнікі хочуць паспрабаваць незвычайны лад жыцця разам з новымі дзіўнымі эмоцыямі, мы прапануем даследаваць паўночна-заходнія тэрыторыі Канады, і ў асаблівасці Ю́кан — нічым не абмежаваную і ў асноўным нязведаную частку краіны. Паўночна-заходнія тэрыторыі багатыя дзікай прыродай, мясцінамі пражывання карэнных народаў, але самае характэрнае — гэта іх выключнае размяшчэнне, якое дазволіць вам у залежнасці ад сезона стаць сведкам велічнага паўночнага ззяння; Ю́кан жа вядомы гістарычнымі славутасцямі, багатай культурай і цудоўнымі краявідамі. Што робіць яго надзвычай асаблівым, дык гэта мясцовыя жыхары, якіх вы сустрэнеце на шляху».

— Том Марчант.

Арктыка

Грэнландыя. Фота: vecteezy.com

«У той час як Антарктыда стала ў 2022 годзе цэнтрам прыгодніцкіх падарожжаў, наступнай «абавязковай для наведвання» мясцінай стане Арктыка. Ісландыя, а цяпер і Грэнландыя, прапануюць «сыход у сябе» — магчымасць пазбегнуць натоўпу і разабрацца ў сабе. Менавіта туды людзі будуць адпраўляцца за некранутай прыгажосцю, а таксама магчымасцю пабачыць паўночнае ззянне».

— Місці Бэлес, генеральная дырэктарка сеткі турагенцтваў Virtuoso.

 

Ма́лага, Іспанія

Малага, Іспанія. Фота: vecteezy.com

«Госці Airbnb шукалі Ма́лагу для падарожжа ў 2023 годзе часцей, чым любы іншы горад у свеце. За апошняе дзесяцігоддзе Ма́лага перажыла свой Рэнесанс і ператварылася ў ажыўлены культурны цэнтр на цудоўным узбярэжжы Коста-дэль-Соль. Тут адкрыліся некалькі новых музеяў, у тым ліку Цэнтр Пампіду — скарб сучаснага мастацтва, які знаходзіцца ў рознакаляровым шкляным кубе. Сцэна вулічнага мастацтва гэткая ж неверагодная: маляўнічыя фрэскі пакрываюць цэлыя гарадскія кварталы».

— Кэтрын Паўэл, галоўны кіраўнік аддзела па хостынгу сэрвісу Airbnb.

 

Востраў Бенгуэра, Мазамбік

Бенгуэра, Мазамбік. Фота: сайт гатэля &Beyond

«Мазамбікскі архіпелаг Базарута складаецца з пяці выспаў, вядомых сваімі беласнежнымі пляжамі і разнастайнай марской фаўнай. Другая па велічыні з іх, Бенгуэра, непрыкметна ператварылася ў самабытнае і схаванае ад людскіх вачэй, выдатнае месца для адпачынку. Спыніцеся ў нядаўна адкрытым запаведніку Кісава альбо, напрыклад, у гатэлі &Beyond на востраве Бенгуэра — у кожным выпадку вы атрымаеце асалоду ад сапраўднага і мірнага трапічнага адпачынку, дзе берагавая лінія распасціраецца на многія мілі без людзей або будынкаў. Пакатайцеся на доу — традыцыйнай афрыканскай рыбацкай лодцы, або паназірайце за дзюгонем — рэдкай марской каровай».

— Эліза Тэйлар, старшы аглядальнік Vogue.

 

Базіліката, Італія

Базіліката, Італія. Фота: vecteezy.com

«Ужо паспелі выключыць Апулію і Сіцылію са спіса сваіх жаданняў? Як сапраўдны фанат Паўднёвай Італіі, я раблю стаўку на Базілікату, вельмі шматабяцальны рэгіён, якім сапраўды трэба зацікавіцца (а ў ідэале і наведаць) у 2023 годзе. Прыцягваюць увагу барочныя цэрквы Матэры — горада, які ў тым ліку быў месцам дзеяння аўтамабільнай пагоні з высокім узроўнем адрэналіну ў апошнім фільме пра Джэймса Бонда «Не час паміраць». Але, акрамя гэтага, аўтэнтычная Базіліката таксама можа пахваліцца самабытнымі пляжамі, займальнай гісторыяй і свежымі смачнымі морапрадуктамі. Шукаеце ідэальнае месца для адпачынку? Тады адпраўляйцеся ў Маратэю, так званую тырэнскую жамчужыну, дзе заснавальнікі знакамітага гатэля Borgo Egnazia адкрылі яшчэ адзін чароўны пяцізоркавы гатэль Santavenere».

— Ліам Хес, рэдактар Vogue.

 

Японія

Осака, Японія. Фота: vecteezy.com

«Японія ў кожнага на слыху, і попыт на яе неверагодны, нягледзячы на ​​ўмяшанне каранавіруса ў планы шматлікіх турыстаў. Да пандэміі гэта быў «той самы» кірунак для ўсіх і кожнага, таму ў дадзеным выпадку гэтая сітуацыя толькі падаграе чаканне мільёнаў людзей і іх цікавасць да атрымання свежага культурнага досведу, які прапануе Японія».

— Місці Бэлес.

 

Эдынбург, Шатландыя

Эдынбург, Шатландыя. Фота: vecteezy.com

Эдынбург, верагодна, быў заснаваны ў 1200-х гадах, але нават праз 800 год ён усё яшчэ здольны вас здзівіць. У нядаўна адкрытым гатэлі Gleneagles Townhouse лёгка спалучаюцца традыцыйная і сучасная атмасфера: творы абстрактнага мастацтва месцяцца пад дэкаратыўным купалам XIX стагоддзя, а ў кавярні падаюць як навамодныя кактэйлі, так і класічную нядзельную смажаніну. Пазней у гэтым годзе з’явіцца раскошны буцік-гатэль 100 Princes Street, інтэр'ер якога быў натхнёны вядомым брытанскім мадэльерам Аляксандрам Маккуінам, а таксама гатэль Virgin бізнэсмена Рычарда Брэнсана.

 — Эліза Тэйлар.

 

Даліна Дору, Партугалія

Рака Дору, Партугалія. Фота: vecteezy.com

Калі вы шукаеце адныя з самых ўражвальных краявідаў (і смачнае віно) ва ўсёй Еўропе, адпраўляйцеся сёлета на жывапісныя схілы даліны Дору, што на поўначы Партугаліі. Сэрца гэтага рэгіёна знаходзіцца ўсяго за гадзіну-дзве язды на ўсход ад горада Порту, а паездка на аўтамабілі сама па сабе будзе вартая ўвагі: праязджаючы па вузкіх, звілістых дарогах, якія спускаюцца з гор, вы нібы трапляеце ў зусім іншы свет, які праносіць вас праз вінаграднікі і чароўныя вёскі на схілах пагоркаў. Тут таксама ёсць шмат цікавага для аматараў гісторыі — чаго варты толькі старажытны паломніцкі горад Ламегу з яго велічнымі цэрквамі. Але самае галоўнае — гэта менавіта тое месца, дзе можна цалкам расслабіцца і атрымліваць асалоду ад добрага жыцця ў партугальскім стылі.

— Ліам Хес.

 

Сінгапур

Сінгапур. Фота: vecteezy.com

Улічваючы кавідныя абмежаванні ў апошнія два гады, гэта першае месца ў маім спісе, куды б я хацеў вярнуцца. Ежа, людзі, спалучэнне прыроды і горада — гэта проста ідэальная камбінацыя для кожнага, хто хоча выдатна правесці час. Адным з самых захапляльных момантаў для вас будзе, калі вы трапіце ў горад падчас гран-пры па заездах Формулы-1, які праходзіць ноччу пры поўным штучным асвятленні.

— Віктар Санц, крэатыўны дырэктар кампаніі Tumi.

 

Нацыянальны парк Патагонія, Чылі

Нацыянальны парк Патагонія, Чылі. Фота: vecteezy.com

У 2018 годзе Чылі выдзеліла 11 мільёнаў акраў зямлі для ўзвядзення нацыянальных паркаў, што стала вынікам найбуйнейшай у гісторыі краіны перадачы зямлі дзяржаве ў дар ад прыватнай асобы. Намаганні «Фонду аховы прыроды імя Томпкінса» (названага ў гонар філантропа і прадпрымальніка Дуга Томпкінса) дапамаглі Чылі пракласці шлях да пашырэння аховы некранутай дзікай прыроды Патагоніі. Сёння Нацыянальны парк Патагонія займае больш за 750 000 акраў зямлі і з'яўляецца часткай новай сеткі нацыянальных паркаў. Што вылучае гэты раён, дык гэта ўласцівыя яму біяразнастайнасць і аддаленасць — ён цяжкадаступны і знаходзіцца за шмат кіламетраў ад найбольш наведвальных раёнаў аргенцінскай Патагоніі. Нядаўна адкрыты гатэль Explora Lodge — гэта месца, з якога можна пачаць сваю чылійскую прыгоду. Калі ж вы апынецеся ў Санцьяга, спыніцеся ў нядаўна адкрытым і стрымана элегантным гатэлі Magnolia. У выпадку наведвання горада Атакама — гэта гатэль Tierra Atacama.

— Том Марчант.

 

Рым, Італія

Рым, Італія. Фота: vecteezy.com

Сёлета ў Рыме чакаецца сапраўдны бум адкрыцця лакшэры-гатэляў: ад Edition і Bulgari да Six Senses. Вечны горад — класічнае месца для турызму, але менавіта з'яўленне вышэйзгаданых ажыятажных гатэляў, многія з якіх аформленыя ў сучасным стылі, толькі падагрэе цікавасць да наведвання Рыма.

— Эліза Тэйлар.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
4
04.01.2023
А для чаго гэта невыяздным беларусам?
0
канал "Вольная Беларусь" /адказаць/
07.01.2023
Тут няма самага галоўнага - Браслаўскіх вазер

Каб любіць Беларусь сваю родную, трэба ў шмат краінах пабываць

канал "Вольная Беларусь" youtube

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930