Знайсці
01.01.2023 / 19:554РусŁacБел

Ціхі геній Папы Бенедыкта XVI

31 снежня Ватыкан паведаміў аб смерці Ёзафа Ратцынгера, былога Папы Бенедыкта XVI. Яму было 95 гадоў і ён стаў першым за 600 гадоў Папам, які сышоў на пенсію, калі адчуў сябе слабым. Якім быў пры жыцці Ёзаф Ратцынгер?

Фота: Thomas Kienzle, AP

Яшчэ ў лютым 2013 года 86-гадовы Бенедыкт XVI абвясціў аб сваім сыходзе з Папскага Пасаду праз кепскі стан здароўя. Гэта стала першым добраахвотным адрачэннем Папы ад пасады за апошнія 600 гадоў (у 1415 годзе гэтак жа зрабіў Рыгор XII).

Фрэнсіс Маер, старшы навуковы супрацоўнік па праграме каталіцкіх даследаванняў Цэнтра этыкі і грамадскай палітыкі, вырашыў падзяліцца сваімі ўспамінамі аб тым, якім быў пры жыцці Бенедыкт XVI, піша «Уол-стрыт джорнал».

«У 1980-х у мяне былі дзве доўгія размовы з кардыналам Ёзафам Ратцынгерам, які ў 2005 годзе будзе абраны Папам і пасля гэтага стане вядомы свету як Бенедыкт XVI.

Нашы сустрэчы былі нефармальнымі і не падпадалі пад пратакол. Гэта дазваляла нам весці няспешныя і адкрытыя дыскусіі аб праблемах і асобах у Царкве.

На той момант прэса ўжо паспела празваць яго Panzerkardinal, гэта значыць, пазбаўлены пачуцця гумару нямецкі камендант дактрынальнай паліцыі Ватыкана. Я чытаў яго аптымістычныя працы і таму палічыў сфармаванае пра яго грамадскае меркаванне няправільным. Я ўсё яшчэ не быў гатовы да яго асабістай прастаты і пакорлівасці. У яго паводзінах не было ні намёку на нецярпенне, абыякавасць і самаздаволенасць. Так можна апісаць толькі нешматлікіх грамадскіх дзеячаў і царкоўных служак.

Прайшлі дзесяцігоддзі, разам з імі мінулі многія праблемы і людзі, якіх мы абмяркоўвалі. Але дагэтуль я памятаю нечаканае пачуццё, якое спарадзілі нашы з ім размовы — надзею. Як і раннехрысціянскі святы і навуковец Аўгусцін, Ёзаф Ратцынгер не быў аптымістам. Але таксама, як і Аўгусцін, ён быў чалавекам, які жыве з непахіснай верай і даверам да Ісуса Хрыста і Бога.

Папа Бенедыкт XVI быў адным з найвялікшых рэлігійных розумаў сучаснасці. Ён належаў да эпохі каталіцкага генію разам з такімі мыслярамі, як Анры дэ Любак, Іў Кангар, Ханс Урс фон Бальтазар і Папа Ян Павел II. Усе яны сфармаваліся ў выніку глыбокіх культурных расколаў Еўропы пасля Першай сусветнай вайны, усе яны перажылі барацьбу царквы з вялікімі атэістычнымі ідэалогіямі, крывавую бойню Другой сусветнай вайны і хвалі рэакцыі на гэта ўнутры самой Царквы. Яны прапусцілі праз сябе біблейскага маштабу пакуты.

У якасці peritus, або вучонага эксперта, на Другім Ватыканскім саборы (1962—1965-я гады) малады Ратцынгер быў абсалютна прагрэсіўным святаром. Аднак ён разглядаў сабор як аснову пераемнасці і вернасці традыцыям. Ён лічыў, што гэта быў у першую чаргу праект абнаўлення, заснаваны на вяртанні да вытокаў хрысціянскага жыцця, а не рэвалюцыя. Яго акцэнт на вернасці традыцыям аддзяляў яго ад такіх больш радыкальных калегаў, як Ханс Кюнг, які стаў упартым крытыкам Ратцынгера.

Нягледзячы на крытыку, сам Ёзаф быў спакойным чалавекам, не схільным да канфліктаў.

Ён быў навукоўцам з вытанчаным густам у музыцы і мастацтве. Больш за ўсё яму трэба было досыць сну і цішыні, каб думаць і пісаць.

Большая частка яго вялізнай працы была напісана алоўкам ад рукі.

Ён ніколі не імкнуўся стаць біскупам, кардыналам або Папам, але паспеў пабываць на ўсіх трох гэтых пачэсных пасадах. Будучы прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння (адна з кангрэгацый ці «міністэрстваў», якая адказвае за чысціню веры пры Рымскай курыі, цэнтральнага органа кіравання Ватыканам), ён неаднаразова спрабаваў сысці ў адстаўку і вярнуцца дадому ў Германію. Адказ Яна Паўла II, Папы, якому ён быў сябрам і ідэальным паплечнікам, быў просты: «Перастань прасіць пра гэта, таму што, пакуль я тут, ты павінен заставацца».

Калі Ратцынгер у 76 гадоў стаў Папам, ён нават заўважыў, што для гэтая пасада вісіць над ім як лязо гільяціны.

Гэта было толькі прадчуваннем. Яго служэнне ў якасці пантыфіка было адзначана бліскучым выкладаннем і дзіўнай энергіяй у яго падарожжах.

Але пры гэтым Ратцынгер аказваў неапраўданы давер некаторым блізкім яму людзям.

Яго даўні калега і ў бытнасць дзяржсакратаром Ватыкана кардынал Тарчызіа Бертонэ быў раскрытыкаваны за некампетэнтнасць і карупцыю пасля таго, як яго дварэцкі апублічыў сакрэтныя дакументы. У іншым выпадку, даверыўшыся парадам сваіх давераных асоб, Папа ў якасці жэста міласэрнасці не стаў адлучаць ад царквы біскупа-раскольніка: Ратцынгер не ведаў, што гэты біскуп яшчэ і адмаўляў Халакост.

На ўсё гэта накладаў свой адбітак асаблівы склад характару пантыфіка. У адрозненне ад Яна Паўла II з яго «прыроднай сілай» і харызмай, Бенедыкт XVI быў інтравертам і чалавекам больш ранімым.

Яго адстаўка з пасады Папы ў 2013 годзе, першая за многія стагоддзі, выклікала столькі ж раздражнення і здзіўлення, колькі пахвалы і павагі. Яго гістарычна ўнікальны статус «ганаровага Папы» нярэдка выклікаў блытаніну.

Папа Бенедыкт XVI, тым не менш, выдатна выкарыстоўваў свой унікальны інтэлект. Яго лекцыю ў Рэгенсбургскім універсітэце 2006 года масава і ненавукова раскрытыкавалі як антыісламскую. Між тым у ёй галоўным была бліскучая абарона ўзаемападтрымкі веры і розуму і прыроды свабоды сумлення.

Яго выступ у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 2008 годзе, якую ён назваў «інструментам служэння ўсяму чалавецтву», быў трыумфальным.

Яго збор твораў аб адказнасці чалавека за навакольнае асяроддзе з'явіўся задоўга да цяперашняга пантыфікату.

У сваім выступе ў Фрайбургу ў 2011 годзе ён даў суровую і цвярозую ацэнку праблемам, якія стаяць перад хрысціянствам. Гэта таксама быў пераканаўчы заклік да ўверавання і надзеі.

Першая і найлепшая энцыкліка цяперашняга Папы Францішка — «Святло веры» — была ў значнай ступені напісана Бенедыктам XVI.

Бліжэй да канца свайго жыцця ён назваў сябе «Папам эпохі міжчасся» і сказаў: «Толькі азірнуўшыся ў мінулае, можна даведацца, як дзейнічаюць сілы гісторыі».

Што б ні чакала нас у будучыні, каталіцкі свет страціў адзін са сваіх самых бліскучых розумаў і красамоўных галасоў. Памяць аб ім будзе жыць вечна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
01.01.2023
Ушел сам папа Бенедикт, осознав свою неспособность в борьбе с дьяволом. Как показали дальше события дьявол только укрепился.
7
о боже/адказаць/
02.01.2023
"Памяць аб ім будзе жыць вечна."
госпадзе... хто ж такое пафаснае напісаў? няўжо мой Мад.?
0
Ганс/адказаць/
02.01.2023
ён напісаў больш за 20 кніг. І кніг выдатных… еслі вы, нічога не чіталі, не ведаеце - майце сумленне маўчаць!!!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера