Знайсці
31.12.2022 / 10:087РусŁacБел

Топ серыялаў ад журналістаў «Нашай Нівы». Некаторыя з іх дакладна стануць адкрыццём для вас

Мы апыталі журналістаў «Нашай Нівы», якія серыялы яны лічаць топавымі. Выйшаў вялікі спіс, у якім вы дакладна знойдзеце нешта на свой густ.

Фота: Facebook.com / Sherlock.BBCW

Гэта суб'ектыўная падборка рознага па жанры кіно. Тут ёсць як новыя праекты, так і серыяльная класіка.

Для зручнасці мы раздзялілі ўсе на пяць катэгорый:

  • драмы
  • сіткамы
  • фантастыка і фэнтэзі
  • крымінал і дэтэктывы
  • супергероі і міфічныя істоты.

Драмы

«Ва ўсе цяжкія» (Breaking Bad)

Круты серыял пра геніяльнага настаўніка хіміі, які праз сваю фінансавую непаспяховасць і рак кідаецца ва ўсе цяжкія і пачынае варыць мет разам з бяздарным студэнтам, які сядзіць на наркаце сам і спрабуе барыжыць. Калі шмат якія серыялы надакучваюць пасля першай пары сезонаў, то тут усё наадварот: чым далей, тым цікавей. А апошні сезон — сапраўдны разрыў, калі на коне стаіць усё, а абліччы герояў парадаксальным чынам мяняюцца і становіцца ясна, для каго што насамрэч было важна. 

«Фаўда» (іўр. פאודה, ад араб. فوو — «хаос» )

Ізраільскі серыял пра групу байцоў контртэрарыстычнага спецпадраздзялення Арміі абароны Ізраіля, якія працуюць пад прыкрыццём ды супрацьстаяць ХАМАС і іншым тэрарыстычным групоўкам. 

«Форс-мажоры» (The Suits)

Захапляльны серыял пра юрыстаў, прагляд якога выклікае сапраўднае інтэлектуальнае задавальненне. Разблытванне крымінальных справаў змешваецца з гісторыяй чалавечых адносін унутры буйной юрыдычнай кампаніі. З плюсоў — серыял не грузіць, наадварот, ён зацягвае, займае, чапляе і дазваляе трошку забыць пра ўласныя будні.

«Адчайныя хатнія гаспадыні» (Desperate Housewives)

Камедыйны дэтэктыў, які немагчыма не палюбіць за яго жыццёвасць. Тут вам адносіны з каханымі, з дзецьмі, з суседзямі, з бацькамі, кар'ерныя ўзлёты і падзенні, заможжа і галеча, сакрэты, інтрыгі, смерці і шмат-шмат добрага і злога гумару. 

Сіткамы

«Малады Шэлдан» (Young Sheldon) 

Гэта прыгожы, светлы, гумарны серыял пра незвычайнага, але геніяльнага хлопчыка, што рос у пачатку 90-х у Тэхасе, пра сталенне яго і яго брата і сястры. Шмат момантаў, у якіх вы знойдзеце нешта блізкае і асабістае, а можа, нават перагледзіце адносіны з роднымі.

«Як я сустрэў вашу маму» (How I Met Your Mother)

Камедыя пад какаву пра каханне, сяброўства і фэйлы з падкатамі. Што яшчэ сказаць? Леген… — пачакайце-пачакайце — …дарна!

Фантастыка і фэнтэзі

«Чалавек у высокім замку» (The Man in the High Castle)

Серыял пра альтэрнатыўную рэчаіснасць, дзе апісваецца, якім быў бы свет, калі б нацысты і Японія перамаглі ў Другой сусветнай вайне. Свет падзелены паміж Трэцім рэйхам і Японіяй, навокал рэпрэсіі, этнічныя чысткі, забарона рэлігіі і немагчымасць супраціву.

Галоўная гераіня Джуліяна жыве звычайным жыццём і не ўмешваецца ні ў што, пакуль на яе вачах паліцыя не забівае яе сястру. Перад смерцю тая перадае галоўнай гераіні відэастужку з кадрамі парада перамогі саюзнікаў па супрацьгітлераўскай кааліцыі і просіць перадаць гэта супраціўленню. Зрабіць гэта не так проста, бо за дзяўчынай распачынаюць паляванне і нацысты, і японцы. 

«Гульня ў кальмара» (Squid Game)

Вострасацыяльная драма ад паўднёвакарэйскага рэжысёра Хван Дон Хёка, дзе людзей уцягваюць у гульню на выжыванне і абяцаюць пераможцу гіганцкую суму грошай. У кожнай серыі самае цікавае — выбар, які робяць героі і які выкрывае ў адных іх людскасць, а ў іншых — нялюдскасць. А таксама тое, як інстынкт самазахавання і прага грошай могуць змяняць людзей да непазнавальнасці.

«Доктар Хто» (Doctor Who)

Легенда брытанскай фантастыкі, серыял, які пачаў выходзіць яшчэ ў 1962 годзе. Гісторыя такая: амаль несмяротны іншапланетнік падарожнічае ў часе і прасторы на сваім касмічным караблі, што звонку выглядае як паліцэйская будка, і паказвае ўсе цуды Сусвету сваім спадарожнікам з ліку зямлян. За фантастычным фасадам і брытанскім гумарам хаваецца навука дабрыні і таго, як важна не губляць здольнасць здзіўляцца і вырашаць праблемы словамі, а не зброяй.

«Раздзяленне» (Severance)

Сай-фай серыял з двайным дном і цудоўным акцёрскім складам. Мае шмат дробязяў, якія прыцягваюць, для яго характэрныя даволі добры тэмп і аздабленне.

«Гульня тронаў» (Game of Thrones)

Здаецца, кожны першы ўжо паглядзеў, але калі вы ўсё яшчэ сумняваецеся, то не сумнявайцеся: ён адназначна варты. Немагчыма адарвацца, назіраючы, куды заносіць лёс кожнага героя, як нечакана могуць мяняцца абставіны, як нечакана ў іх могуць мяняцца самі героі. Складанасць у тым, што ваш любімы персанаж можа ў любую хвіліну памерці, тут шмат жорсткасці і несправядлівасці. Змаганне за трон ідзе ўвесь час, а вакол яго паўстае праблема яшчэ большага маштабу — барацьба са светам цемры.

«Расповед служанкі» (The Handmaid's Tale)

Шыкоўная антыўтопія, заснаваная на падзеях, апісаных у аднайменным рамане канадскай пісьменніцы Маргарэт Этвуд, з неймавернай Элізабет Мос у галоўнай ролі. У серыяле распавядаецца пра таталітарную дзяржаву Галаад, дзе, каб вырашыць праблемы з нараджальнасцю, усіх жанчын, яшчэ здольных нарадзіць, робяць служанкамі ў сем'ях кіруючай вярхушкі. Задача служанкі — зачаць ад чужога мужа, вынасіць, нарадзіць і аддаць дзіця чужой сям'і. Тут ёсць усё: палітыка, драма жанчыны і сям'і, прага свабоды і адчайнае змаганне з таталітарызмам. 

«Любоў. Смерць. Робаты» (Love. Death. Robots)

Анімаваны серыял, які не мае адзінага сюжэта. Гэта — неймаверная сумесь не звязаных паміж сабой гісторый, кожная з якіх захапляе па-свойму. Кожная серыя — гэта вынік працы розных каманд, што можна заўважыць па стылях анімацыі. 

«Чорнае люстэрка» (Black Mirror)

Напэўна, адзіны ў сваім родзе серыял, што паказвае, якія выклікі могуць стаяць перад намі ў будучыні. Абсалютна не звязаныя між сабой гісторыі, кожная серыя — самастойны фільм. І амаль кожная — проста ваў, бо ставіць перад гледачом складаныя экзістэнцыйныя пытанні. 

«Дэманы да Вінчы» (Da Vinci's Demons)

Фантастычная імправізацыя на тэму, што было насамрэч у жыцці Леанарда. Выдатныя галоўныя акторы (асабліва галоўны антаганіст да Вінчы), цікавыя сюжэтныя лініі. Калі не маеш чаканняў і не праводзіш паралеляў з рэальнай гісторыяй, атрымаеш асалоду ад відовішча, як і ад алюзій, якімі нашпігаваная кожная серыя.

«Чужаземка» (Outlander)

Маладая медсястра Клэр правяла на фронце Другую сусветную і цяпер, пасля перамогі, едзе ў Шатландыю, каб развеяцца з мужам. Там яна нечакана адкрывае партал для падарожжаў у часе, пераносіцца ў мяцежную Шатландыю XVIII стагоддзя, дзе знаёміцца з сапраўднымі горцамі і робіцца жонкай аднаго з іх, і гэта — толькі пачатак яе падарожжа даўжынёй у жыццё. «Чужаземка» — серыял, у якім шмат прыгожых касцюмаў, зброі, звычаяў, абрадаў і сэксу.

«Скрозь снег» (Snowpiercer)

Уявіце, што жыццё на зямлі замерла. Кругом стаіць холад, у якім немагчыма існаваць. Жыццё працягваецца толькі на цягніку, які бясконца рухаецца вакол зямлі, і ўнутры цягніка ёсць розныя сацыяльныя класы для пасажыраў з розным даходам. Пасажыры першага класа, якія жывуць у шыкоўных прасторных вагонах, ніколі не перасякаюцца з пасажырамі апошняга, што не маюць ані цяпла, ані добрай ежы, ані асабістай прасторы. Але аднойчы пасажыры, якім не пашанцавала апынуцца ў хвасце, рашаюцца паўстаць супраць несправядлівасці. А галоўнае — у іх з'яўляецца лідар, які ачольвае пратэст. 

«Жыцці матрошкі» (Russian Doll)

Галоўная гераіня завісае ў часавай пятлі. Кожны раз, калі яна памірае, яе жыццё пачынаецца наноў з аднаго і таго ж месца. Яна абсалютна не разумее, як выбрацца з гэтай пасткі, таму штораз спрабуе пражыць свой невялічкі адрэзак часу па-іншаму. У пэўны момант яна выпадкова сутыкаецца з героем, які гэтаксама спрабуе выбрацца з пятлі. 

«Вельмі дзіўныя справы» (Stranger Things)

Фантастычная гісторыя, у якой дзеці змагаюцца з сіламі зла. Каларытныя персанажы, магія, драматычны сюжэт уперамежку з гумарам — комба, якое вымушае глядзець і глядзець серыял запоем. У кожным новым сезоне раскрываюцца вельмі нечаканыя падрабязнасці мінулага галоўнай гераіні — дзяўчынкі, якая валодае суперсілай. Толькі яна здольная выратаваць свет ад паглынання яго сіламі зла, а яе школьныя сябры ў гэтым дапамагаюць. І паверце, гэта зусім не дзіцячы серыял.

«Ключы Локаў» (Locke & Key)

Яшчэ адзін серыял пра дзяцей, якія ваююць са злом. Тут гісторыя завязаная на магічных ключах незвычайнага сямейнага дома, куды яны пераязджаюць жыць. Кожны ключ дае асаблівую сілу, але некаторыя з іх адчыняюць дзверы ў іншы свет, жыхары якога толькі і мараць пра магчымасць выбрацца вонкі. Супердынамічны сюжэт паглынае цалкам, гэтаксама як і ў Stranger Things.

«Тэрор» (Terror)

Прадукт канала AMC. Час і месца падзей — старая добрая віктарыянская Англія, паказаная з максімальным натуралізмам. «Тэрор» — бліскучая сага пра мужнасць і гонар. А флёр шаманскай містыкі надае якраз тую разынку, без якой уся гісторыя ўспрымалася б звышрэалістычнай.

Крымінал і дэтэктывы

«Твін Пікс» (Twin Peaks)

Культавы серыял ад Дэвіда Лінча, які ніколі не састарэе. Гэта сапраўдны кінематаграфічны джаз — магія эстэтыкі, містыка, тонкі гумар і атмасфера сыходзячых 80-х не пакінуць абыякавым ніводнага гледача. З цікавостак — адну з роляў іграе ікона класічнага рока Дэвід Боўі, часопіс «Rolling Stone» ў 2019-м прызнаў Twin Peaks самым страшным серыялам у гісторыі, а па версіі Time ён уваходзіць у лік «Найлепшых ТВ-шоу ўсіх часоў».

«Чаму жанчыны забіваюць» (Why Women Kill)

Вельмі стылёвы серыял, сумесь дэтэктыва і драмы пра адносіны. У першым сезоне, паверце, вы будзеце спачуваць галоўным гераіням (іх гісторыі разгортваюцца ў адным і тым жа доме, але ў розныя часы). А ў другім — проста шалець ад серыі да серыі ад паводзінаў хатняй гаспадыні Альмы Філкат і таго, як закруцілася яе жыццё.

«Тры сасны» (Three Pines)

Прыгожы, дабротны і душэўны серыял пра забойствы ў вёсцы Three Pines. Кожная гісторыя на дзве серыі, плюс праз увесь серыял ідзе магістральная гісторыя пра зніклую дзяўчыну. Сваімі выявамі канадскай глыбінкі і лясоў серыял можа нагадаць вам «Твін Пікс».

«Паўночныя воды» (The North Water)

Жудасная дэтэктыўная гісторыя сярод арктычнага лёду, а таксама — магчыма, найлепшае пераўвасабленне Коліна Фарэла як акцёра. Колеры, ракурсы, тэмп і персанажы, над якімі пралятаюць прывіды Дзікенса, Хэмінгуэя і Джэка Лондана, складваюцца ў суровы мужчынскі серыял, дзе няма месца сантыментам. 

«Папяровы дом» (La casa de papel)

Добры выбар, калі хочацца выпасці на пару дзён з рэальнасці. Група злачынцаў задумвае дзёрзкае абрабаванне. Сюжэт, канечне, фантастычны, але настолькі захоплівае, што цяжка адарвацца. Кожны раз, калі вы будзеце думаць, што гэта правал, у герояў будзе план Б (насамрэч там літар не хопіць на ўсе запасныя планы). Нелінейны аповед робіць сюжэт яшчэ больш цікавым. І асобнае задавальненне — каст акцёраў. 

«Страйк» (Strike)

Серыял па дэтэктывах Джоан Роўлінг, якія яна піша пад псеўданімам Роберт Гелбрэйт. Вельмі цікавае спалучэнне герояў накшталт «Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» — Кормаран Страйк і Робін Элакот.

«Мёртвая хватка» (Zachowaj spokój)

Сучасны польскі серыял на Netflix «Мёртвая хватка» — захапляльная гісторыя з шасці эпізодаў. Той выпадак, калі сцэнар і гульня акцёраў настолькі філігранна знітаваныя, што вымушаюць пасля кожнай сцэны нецярпліва чакаць наступную, бо ад дынамічных сюжэтных паваротаў на экране немагчыма адарвацца. Сюжэт пабудаваны так, што ўжо пасля першых 10-ці хвілін можна забыцца, што глядзіш менавіта польскі серыял. Такая гісторыя можа здарыцца як у Беларусі, так і ў Лондане, Варшаве ці Стакгольме, а менавіта ўніверсальнасць драматычнага дзеяння заўжды падкупляе. 

Пасля смерці сябра знікае юнак. Яго сям'я не спыняецца ні перад чым, каб яго знайсці. Пры гэтым агаляюцца пачварныя таямніцы на выгляд шчаслівага і паспяховага прыгарада Варшавы… 

Узровень польскага кіно ХХІ стагоддзя наогул уражвае. «Дзень псіха» і «Цела Хрыстова», «Плошча Збаўцы» і ўжо кананічная экранізацыя Сянкевіча ад Ежы Гофмана «Агнём і мячом» — толькі сняжынкі на вяршыні айсберга. 

«Шэрлак» (Sherlock)

Стварэнне Стывена Мофата і Марка Гэціса, якое пераносіць Шэрлака Холмса ў рэчаіснасць ХХІ стагоддзя. Першыя тры сезоны проста супер, бо ёсць і дэдукцыя, і інтрыга, і шыкоўныя персанажы (ад Бенедыкта Камбербэтча да Уны Стабс і Лары Пулвер). Візуал Лондана — гэта проста ўзор таго, як трэба здымаць горад як аздабленне.

«Сапраўдны дэтэктыў» (True Detective)

Стыльныя жуткаватыя дэтэктывы ад Ніка Піцалата маюць сваю ні з чым не параўнальную атмасферу, якая нязменна маркіруецца найвышэйшым знакам якасці. І не важна, ці гэта галавакружны пошук адэптаў паганскай секты поўдня Луізіяны, ці паляванне на серыйных маньякаў у розных кутах Амерыкі. Кожны новы сезон — заўжды новы склад акцёраў. Самым вядомым і папулярным лічыцца першы — з дуэтам Мэцью МакКонахі і Вудзі Харэльсана, які і надаў працы статус культавага серыяла. Крыху менш паспяховымі была другая частка з Колінам Фарэлам, а таксама трэцяя з Махершалам Алі. У 2023-м чакаецца чацвёрты сезон.

Супергероі і міфічныя істоты

«Пацаны» (The Boys) 

Амерыканскі серыял Эрыка Крыпке, які быў зняты па матывах аднайменнага комікса. Серыял для тых, каму надакучылі мэйнстрымавыя гісторыі пра супергерояў. Праз неардынарны сюжэт, каларытных персанажаў і выдатны візуал аўтары спрабуюць паказаць гледачам, як бы паводзілі сябе звышлюдзі, калі б існавалі ў рэальным жыцці, і адначасова крытыкуюць сучасную амерыканскую культуру і лад жыцця. 

«Прывіды» (Ghosts)

Якасны камедыйны серыял Бі-бі-сі пра сям'ю, якая атрымлівае ў спадчыну дом з прывідамі, а пасля вучыцца разам з імі жыць. Адзначым добра прапісаныя характары герояў, выдатную бытавуху і часам тонкі замаскіраваны гумар.

«Вырадкі» (Mongrels)

Строга 18+. Лялечны серыял ВВС з чарнушным гумарам — guilty pleasure для тых, хто стаміўся ад усялякай паліткарэктнасці ды «-ізмаў». Жывёлкі ў серыяле «паляць напалмам», калі ты хоць крыху разумееш кантэкст.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Што паглядзець. «Тэгеран» — папулярны шпіёнскі серыял, які вы маглі прапусціць

Што паглядзець. Адкрыйце для сябе Гадара

Што паглядзець. «Пясочны чалавек» — адна з найлепшых фэнтэзі-саг гэтага года

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Аляксандр/адказаць/
24.12.2022
Шкада, што не нагадалі вельмі шыкоўны "Індевор" (Endeavour), у расійкім перакладзе "Молодой Морс".
25.12.2022
смесь достойных вещей на треть и кала (все остальное)
31.12.2022
А як жа Lost? Самы лепшы серыял усіх часоў і народаў.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера