Знайсці
09.12.2022 / 19:3321РусŁacБел

«Улада рыхтуецца да сітуацыі, калі ёй давядзецца ўступаць у вайну»

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у «Ток-шорт» патлумачыў, што стаіць за жаданнем уладаў увесці смяротнае пакаранне для вайскоўцаў і чыноўнікаў, навошта ў Крымінальным кодэксе Беларусі з’явяцца артыкулы за «дыскрэдытацыю Узброеных Сіл» і «прапаганду тэрарызму», а таксама адказаў, ці засталіся ў Лукашэнкі сілы супраціўляцца Пуціну, а ў беларускага народа — сказаць «не» ўдзелу беларускага войска ў чужой вайне.

Чаму ўлада менавіта цяпер вырашыла ўзмацніць адказнасць вайскоўцаў і чыноўнікаў за здраду дзяржаве аж да расстрэлу?

Арцём Шрайбман мяркуе, што такім чынам улада рыхтуецца да сітуацыі, калі ёй давядзецца ўступаць у вайну.

Ён кажа, што для яго асноўны маячок, што ўвядзенне расстрэлу за здраду прымаецца ў пакеце з папраўкай пра дыскрэдытацыю арміі, якая ёсць копіяй з расійскай нормы, прытым што ў беларускім Крымінальным кодэксе была забарона на дыскрэдытацыю дзяржавы, пры жаданні яго можна было б выкарыстоўваць і для крытыкаў Узброеных Сіл. «Але яны вырашаюць падкрэсліць, што менавіта цяпер крытыкаваць войска забаронена».

«Зразумела, што за гэтым стаіць менавіта ваенная логіка», — мяркуе ён.

Шрайбман кажа, што гэта не значыць, што рэжым ужо прыняў рашэнне ўступіць у вайну.

 «Я шмат разоў казаў, што для беларускага рэжыму ёсць мноства прычын устрымлівацца ад гэтай вайны, і сам Лукашэнка, мне здаецца, разумее гэта. Але не ўсё адбываецца па волі Мінска.

І я так разумею, што яны лічаць гэты зыход імаверным або магчымым проста па факце таго, што вайна ідзе, вайна эскаліруецца, яна можа перакінуцца на нашу тэрыторыю або Расія можа такім чынам справакаваць ваенныя дзеянні, што яны пяройдуць на беларускую тэрыторыю.

І таму Лукашэнка дзейнічае тут на апярэджанне. Яшчэ раз: не значыць, што ён рыхтуецца да вайны, але ён рыхтуецца да сітуацыі, калі іншага выйсця ў яго не будзе, і [Лукашэнка лічыць, што для яго] лепш, каб рэжым быў да гэтага прыстасаваны лепш, чым пуцінскі ў лютым-сакавіку 2022 года», — кажа аналітык.

Шрайбман лічыць, што галоўная мэта новых законаў — застрашванне, а з пункту гледжання ўладаў, застрашвання шмат не бывае.

«Я не ведаю, ці прымянілі б да Дзяніса Урада смяротнае пакаранне, калі б гэтая норма была тады ў заканадаўстве. Калі б была эпідэмія падобных выпадкаў, калі б трэба было нейкім чынам паток гэтых зліваў спыняць, то маглі б. Гэтак жа, як яны стралялі па нагах рэйкавым партызанам — дэманстратыўна, каб застрашыць. І пакараць смерцю яны маглі б, каб застрашыць», — спрабуе спрагназаваць аналітык, як часта ўлады могуць выкарыстоўваць крайнюю меру пакарання.

Ён кажа, што ўжо не бачыць бар'ераў або страховак, каб беларуская дзяржава не прыйшла ў той жа стан, у якім знаходзіцца егіпецкі рэжым, іранскі, сірыйскі, многія іншыя рэжымы, якія «паставілі пакаранне палітычных апанентаў на паток і зрабілі з гэтага норму і практыку ў сваіх рэпрэсіях».

«У мяне няма ілюзіі ў дачыненні да гуманнасці сілавікоў, якія сёння адказваюць за рэпрэсіі», — кажа ён.

Як улады будуць трактаваць здраду дзяржаве?

Шрайбман кажа, што дагэтуль трактавалі як нейкія зносіны з дзяржавамі, якія беларуская ўлада лічыць ворагамі — з Захадам, з Украінай; некаторых журналістаў абвінавачвалі менавіта ў здрадзе дзяржаве — Кацю Андрэеву, Дзяніса Івашына.

«Гэта значыць, на думку ўладаў, нельга абмяркоўваць нейкія далікатныя рэчы з замежнай дзяржавай, нават калі ты ніякіх сакрэтаў не зліў. Сам факт таго, што ты нешта абмяркоўваў, можа быць, нейкія парады даваў ці, наадварот, атрымліваў, ужо лічыцца дастатковым», — кажа Шрайбман.

То-бок у Беларусі ўжо была вельмі шырокая трактоўка «здрады дзяржаве», якую зручна было выкарыстоўваць для рэпрэсій.

«А як гэта будзе далей, асабліва ў выпадках, на якія, я так разумею, гэта і разлічана, — войны — я не ведаю, гэта непрадказальна. Беларуская ўлада ўмее пашыраць свае ж уласныя законы даволі беспамерна», — кажа аналітык.

Акрамя таго, цяпер пры падазрэнні ў шпіянажы і здрадзе дзяржаве чалавека змогуць трымаць да выстаўлення абвінавачвання да 20 сутак, а не 10, як было раней. Шрайбман кажа, што гэта зрабілі, каб палегчыць працу сілавікам.

«За 20 сутак можна выбіць з чалавека больш прызнанняў, прыдумаць нейкія новыя крымінальныя справы, калі не атрымліваецца нацягнуць на глобус здраду дзяржаве», — мяркуе ён.

Як будзе трактавацца дыскрэдытацыя Узброеных Сіл?

Шрайбман звяртае ўвагу, што ў Расіі гэта трактуецца максімальна шырока, дыскрэдытацыяй лічыцца не толькі любая крытыка арміі, але нават фраза «Не вайне».

«Беларуская ўлада, я так разумею, зыходзіць з таго, што не бывае шмат рэпрэсіўных законаў: чым больш, тым лепш. Чым больш людзі будуць баяцца рабіць нешта, што не падабаецца ўладзе, тым лепш, нават калі кожная канкрэтная новая норма нічога прынцыпова ў краіне не мяняе», — кажа ён.

Ён распавядае, што беларускія ўлады часам робяць больш жорсткімі нейкія нормы, а потым імі не асабліва карыстаюцца, таму што іншымі карыстацца больш зручна.

«Але калі будзе ўдзел беларускага войска ў вайне, то, напэўна, [закон аб дыскрэдытацыі] будуць выкарыстоўваць значна шырэй проста таму, што гэта спосаб падтрымання цэнзуры і спосаб падтрымання грамадскай цішыні на тэму правалу ў войску ў тым ліку», — мяркуе ён.

Ці будуць пратэсты, калі беларуская армія ўступіць у вайну?

Шрайбман кажа, што «гэта непрадказальная матэрыя».

«Мы не чакалі вялікіх пратэстаў і пасля пачатку вайны, не чакалі, што ёсць нешта, што можа цяпер беларускі народ вывесці на вуліцы. Але тысячы людзей пратэставалі 27 лютага, прынамсі, тысяча была затрыманая. Я не магу адназначна сказаць, калі наступіць тая рыса, пасля якой усё, энергіі не засталося, страх дамінуе.

Напэўна, гэта залежыць ад сілы раздражняльніка. Усё ж такі ўступленне свайго войска ў вайну — гэта вельмі моцны раздражняльнік, улічваючы, што мы ведаем настрой у беларускім грамадстве, што ніхто не падтрымлівае амаль гэтую вайну. Таму я б чакаў нейкіх пратэстаў (масавых, не масавых), але нейкія пратэсты, асабліва ў першыя дні пасля гэтага рашэння, можна ўявіць», — мяркуе аналітык.

Ці ёсць у Пуціна яшчэ рычагі, каб прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну?

Шрайбман кажа, што мы пакуль і не бачылі ніякага выкарыстання рычагоў і ніякага прымусу Лукашэнкі да вайны.

«Гэта папулярны наратыў, што Пуцін Лукашэнку прымушае, а Лукашэнка неяк выкручваецца. Мне здаецца, гэта выдумкі, ніякіх доказаў няма, што Пуцін хоць раз прасіў Лукашэнку ўступіць у вайну.

Гэта на ўзроўні таго, што ў Пуціна Паркінсан, а ў Лукашэнкі — рак».

Шрайбман гаворыць, што калі проста паглядзець на баланс у адносінах дзвюх краін, то ўсё даволі відавочна: Беларусь татальна залежная ад Расіі ва ўсіх сферах, а залежнасць у эканоміцы і ў вайсковай сферы за апошнія гады вырасла да рэкордных аб'ёмаў. Эканоміка цяпер завязаная на Расію амаль цалкам, нават не столькі як на рынак, колькі лагістычна. З вайсковага пункту гледжання таксама ўсё зразумела — расійскія войскі стаяць у Беларусі. Таму рычагоў у Пуціна мноства.

«Мы не ведаем, як Лукашэнка будзе на такі ціск рэагаваць і ці ёсць у яго здольнасць адбіцца ад такога ціску, і ці будзе наогул Пуцін калі-небудзь з гэтым ціснуць, мы гэтага таксама не ведаем, гэта ў тумане. Але я б усе свае грошы не паставіў на тое, што Лукашэнка зможа бясконца адбівацца, калі яго будуць сапраўды да гэтага прымушаць грубай расійскай сілай», — кажа аналітык.

Цалкам гутарку глядзіце тут:

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
59
Панылы сорам
21
Ха-ха
16
Ого
7
Сумна
21
Абуральна
31
1
Антон/адказаць/
11.12.2022
Польше и Европе пора принимать военнообязанных Белорусов  без виз. 
1
Люстэрка/адказаць/
12.12.2022
Антон, зачем они нам тут нужны? Оружие в руки и пусть в дрозды идут, а в европе они не нужны и не пустим мы их сюда!
14.12.2022
Антон

Они нам точно нужны. Много работы, высококвалифицированной и не очень. У нас слишком много пенсионеров, работать некому. А белорусскому режиму люди точно не нужны им рабы нужны, которые будут выполнять прихоти трехпроцентного гауляйтера.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930