Знайсці
08.12.2022 / 18:019РусŁacБел

«СБ. Беларусь сегодня» патрабуе рэпрэсаваць Блішча, Караткевіч і не толькі

Чарговы ўстановачны артыкул апублікавала лукашэнкаўскае выданне «СБ. Беларусь сегодня». На гэты раз паляванне адкрытае на тых вядомых людзей, хто застаўся ў краіне. «Змагарскі прытон зноў ажывае», піша выданне і заклікае не чакаць паўтарэння, а «канчаткова разабрацца з непатрэбным змагарскім хламам».

Дзяніс Блішч. Фота: blisch / Facebook

Артыкул падпісаны Аленай Красоўскай — гэтая жанчына раней выдавала сябе за праваабаронцу, а таксама трымала кавярню, дзе збіраліся прапагандысты.

У артыкуле Красоўская пляжыць блогера, былога галоўнага рэдактара «Анлайнера» Дзяніса Блішча, экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч, Дзмітрыя Цімашкова, якога шмат хто ведае як «Лільчынага тату», мастацтвазнаўцу Аляксандра Радаева і яго жонку, прадзюсарку Іну Радаеву.

«Яны выдалілі кампраметуючыя публікацыі за 2020 год, прыбралі з фатаграфій бчб-сімволіку і вырашылі, што ўсе забыліся, як заўзята яны імкнуліся разбурыць, разарваць, знішчыць нашу Беларусь», — піша аўтарка і папярэджвае, што «яшчэ крыху, і [яны] зноў зробяцца нахабнымі».

Галоўная прэтэнзія аўтаркі да герояў артыкула, што яны недастаткова хваляць і недастаткова радуюцца беларускім рэаліям, «з усіх сіл працягваюць мазаць нашу рэчаіснасць чорнай фарбай».

Напрыклад, былая кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч «уразілася цішынёй і адсутнасцю вячэрняга жыцця ў Мінску».

«Адчуваеце, як страшна жыць у Беларусі? … людзі не сядзяць у кавярнях і рэстарацыях, бо ў 2020-м мы з вамі абралі не тое, што хацела Караткевіч», — заўважае аўтарка.

Красоўская піша, што Караткевіч, якая зараз займаецца праблемамі людзей з інваліднасцю, робіць гэта «ў кантакце з дзяржаўнымі органамі».

«Ні ў кога ніякіх пытанняў не ўзнікае? Мабыць, не», — намякае Красоўская.

Дзяніс Блішч, які цяпер займаецца блогерствам, і пры якім, дарэчы, «Анлайнер» быў цалкам далёкі ад палітыкі, паводле «СБ», недастаткова прыгожыя робіць рэпартажы з беларускай глыбінкі, без радасці. «Кантэнт, які Блішч «вырабляе», можа лёгка ўвагнаць у дэпрэсію не аднаго жыхара Беларусі. Калі коратка, то ўсё ў нас маркотна, сумна і дрэнна. Вёскі і мястэчкі аднатыпныя, у Мінску праблема на праблеме —

пачынаючы ад парковак у новых раёнах і заканчваючы будынкамі, якія былі знесены ці ледзь не ў пазамінулым стагоддзі і надавалі сталіцы такі мілы Блішчу еўрапейскі выгляд. Цяпер вось не надаюць, і гэта таксама нагода для засмучэння», — піша Красоўская.

Аўтарка абураецца, што «ў нас увесь час нешта будуецца, уводзіцца, адчыняецца, рэканструюецца, але ўсё не тое. Для Блішча, вядома».

Дзмітрыю Цімашкову, бацьку дачкі-вазочніцы, Красоўская ставіць на від няўдзячнасць.

«Відаць, назапасілася ў Цімашкова прэтэнзій да краіны, у якой жыве. Кватэра, атрыманая таму што ў сямʼі дзіця-інвалід, мусіць, не таго памеру? Або рэабілітацыйны цэнтр, дзе па буднях дзяржава займаецца яго дзіцем, дрэнны? Ці хтосьці не дае Цімашкову ўладкоўваць бясконцыя прабежкі з інваліднымі каляскамі і іншыя спартовыя актыўнасці? Не, наадварот, ва ўсім памагалі. І да гэтага часу ў спонсарах у Цімашкова дзяржаўныя прадпрыемствы», — дае намёк Красоўская спонсарам.

Сужэнцы Радаевы — яшчэ адна мішэнь аўтаркі.

«Радаеў наогул з заўзятых, не пацярпеў ніякіх ябацек нават сярод блізкіх сяброў. І за два гады ў яго светапоглядзе нічога не змянілася, проста з жонкай сацсеткі пачысцілі да поўнай стэрыльнасці.

Але гэта не моцна дапамагае, асабліва калі напаскудзілі ў гэтых сацсетках досыць. Хоць не, светапогляд у сямʼі Радаевых усё-ткі змяніўся: зʼявілася злосць на тое, што наступ змагарскага трыумфу зацягваецца і неабходна маскавацца», — піша Красоўская пра Аляксандра і Іну Радаевых.

Аўтарка папярэджвае, што гэта толькі некалькі прыкладаў таго, што «змагарскі прытон у нашай краіне зноў ажывае».

«І яны паступова нахабнічаюць, ужо і ў дзяржСМІ соваюцца без асаблівай асцярогі. А далей будзе толькі горш. Наколькі — мы памятаем па 2020 годзе. Дык будзем чакаць паўтарэння? Ці ўсё ж такі канчаткова разбяромся з непатрэбным змагарскім хламам? Якраз зараз яшчэ можам гэта зрабіць», — піша Красоўская.

Раней такія даносныя артыкулы ў «СБ» нярэдка папярэднічалі крымінальнаму пераследу герояў публікацый. 

Чытайце таксама: Газета Лукашэнкі назвала Алексіевіч «больной женщиной» і «старой дурой»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
не пей вина, Гертруда /адказаць/
08.12.2022
счётчик Гейгера, ну дык выходзіла 200 тысяч, а з'ехалі толькі 100 тысяч. Недарабатываюць. Гэтыя дурні думаюць, што калі яны выганяць нязгодных думаючых, то ім наступіць рай. Дарэмна, бо наступнымі выйдуць тыя, хто не будзе знімаць абутак, каб стаць на лаўку. Яны гэтыя лаўкі ламаць будуць аб галовы прыкарытнікаў.
0
Печкі-лавачкі/адказаць/
08.12.2022
не пей вина, Гертруда , больш таго - і тыя, хто здымаў раней, наступным разам апрануць сабатоны.
0
Святлана/адказаць/
09.12.2022
Які жах ! 1984 год у Беларусі. Хвілінка ненавісці, яка зацчгнулася надоўга.Змагары....Якая зневага да спраўжніх сыноў і дачок Беларусі. Балюе навалач, бацькі якое прысунуліся ў Беларусь некалі з засранскаў розных і засраней, а цяпер нішчаць нашу мову, нашу культуру ,нашых герояў.Сумна і горка чытаць пра гэта. Расіянцы, дзе б яны не жылі гэта ракавая пухліна на целе Зямлі. Яе не магчыма лячыць.Яе трэба проста знішчаць. Гэта адзіны сродак барацьбы з ёю, як паказвае нам вопыт Украіны.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера