Знайсці
08.12.2022 / 15:21РусŁacБел

Гэты фільм стаў самым папулярным на беларускім незалежным кінафестывалі

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» падвёў вынікі сёлетніх паказаў.

Фота: скрыншот кадра з фільма «У адзіночку»

Поўныя залы

Фестываль упершыню паказваў усю праграму online бясплатна. Для прагляду фільмаў трэба было толькі зарэгістравацца на сайце. У выніку 2 094 чалавекі зарэгістраваліся на платформе. 

8 703 прагляды фільмаў і івэнтаў «Ззяння» — столькі зафіксавалі сёлета. Аднак па досведзе правядзення кінафестывалю online ў мінулыя гады арганізатары адзначаюць, што назваць дакладную лічбу немагчыма, бо многія глядзяць фестывальныя фільмы дома з сябрамі ці з сям'ёй. Таму выніковую колькасць праглядаў можна павялічваць у некалькі разоў. 

Глядзелі кіно часцей з Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы, Грузіі, Германіі.

Сёлета «Паўночнае ззянне» вярнулася часткова offline пасля вымушанага перапынку праз пандэмію і рэпрэсіі. Паказы фільмаў беларускіх рэжысёраў («Калі кветкі не маўчаць», «Мара») і спецыяльная панэльная дыскусія «Як дома» прайшлі ў Таліне дзякуючы супрацы «Паўночнага ззяння» з Талінскім кінафестывалем «Цёмныя ночы». У Вільні адбыліся паказы фільмаў «Край свету», «Shirey Mara» і «Мара» пры падтрымцы кінацэнтра Skalvija. Дзякуючы гэтаму, фільмы пра Беларусь маглі ўбачыць не толькі беларусы, але і замежнікі. На паказах фестывальных стужак усе месцы былі занятыя. 

Пераможца Беларускага конкурсу «Паўночнага ззяння»

На працягу кінафестывалю фільмы беларускай праграмы аглядала міжнароднае журы, у складзе якога былі рэжысёр і сцэнарыст Сакарыс Стора (Фарэрскія астравы), прадзюсарка Наталля Лібэт (Украіна), акцёрка, пісьменніца і рэжысёрка Памела Тола (Фінляндыя). Пераможцам Беларускага конкурсу яны прызналі фільм «Мара» Сашы Кулак.

«Гэта ўнікальны і прыгожы фільм, у якім дакументальны аповед спалучаецца з фантазіяй, каб даследаваць вельмі актуальную і важную тэму. Гэта не толькі агучванне несправядлівасці, але і прастора для ўяўлення», — каментуе свой выбар міжнароднае журы.

Самы папулярны фільм

Па колькасці праглядаў на платформе кінафэсту самым папулярным фільмам стаў «У адзіночку». Яго глядзелі 376 разоў. Гэта стужка Беларускага Свабоднага тэатра (Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Эндру Сміт), у якой галоўным героем стаў Андрый Хлыўнюк, саліст хіп-хоп— і рок-гурта «Бумбокс». У фільме ён намацвае шлях, як выказваць сваю палітычную пазіцыю ўласнай аўдыторыі, паралельна наведвае спектаклі Беларускага Свабоднага тэатра ды разважае пра Беларусь і пра магчымасць пратэснай творчасці.

«Мы будзем працягваць заставацца фестывалем з нардычным і балтыйскім вайбам, але і з вельмі вялікім беларускім кампанентам», — адзначае заснавальніца і дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская.

Падтрымаць «Паўночнае ззянне» можна данатамі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера