Знайсці
07.12.2022 / 12:412РусŁacБел

Украіна ўдарыла дронамі па аэрадромах у глыбіні Расіі. У Масквы больш няма манаполіі на знішчэнне чужой інфраструктуры

Узброеныя сілы Украіны (УСУ) 5 і 6 снежня наносілі ўдары беспілотнікамі па цэлях у глыбіні Расіі. Непасрэдны ўрон не занадта вялікі. Аднак 6 снежня ўкраінскі беспілотнік зноў атакаваў цэлі на аэрадроме на тэрыторыі РФ — склад паліва ў Курску. Акрамя таго, паведамляецца, што ў той жа дзень быў збіты дрон, які цэліўся ў аэрадром Бельбек у Крыме. Усе гэтыя ўдары могуць стаць пераломным момантам для цяперашняга этапу вайны: Кіеў пачаў выкарыстоўваць уласны варыянт крылатых ракет і, верагодна, хутка пазбавіць Маскву манаполіі на знішчэнне чужой інфраструктуры, піша «Медуза».

Якія беспілотнікі выкарыстоўвалі УСУ?

Крыніца The New York Times ва ўкраінскім ваенным кіраўніцтве заявіла, што беспілотнікі былі запушчаныя з тэрыторыі Украіны. Адлегласць да самай далёкай цэлі — аэрадрома ў горадзе Энгельсе Саратаўскай вобласці — ад кантралюемай Кіевам тэрыторыі (усход Харкаўскай вобласці) складае каля 630 кіламетраў.

Мінабароны РФ паведаміла, што для ўдараў выкарыстоўваліся «рэактыўныя беспілотнікі савецкай вытворчасці». Гэта добра стасуецца з відэазапісам удару, знятым камерай назірання ў Энгельсе: незадоўга да выбуху на аэрадроме выразна чуваць гук рэактыўнага рухавіка.

Адзіны «рэактыўны беспілотнік савецкай вытворчасці», які можа пераадолець больш за 600 кіламетраў, — Ту-141 «Стрыж».

Гэты БПЛА для аператыўнай разведкі ў тыле суперніка распрацавалі ў канцы 1970-х. Ён быў здольны праляцець тысячу кіламетраў з хуткасцю, блізкай да хуткасці гуку, па загадзя ўведзеным у памяць камп’ютара маршруце. Машына была па сучасных мерках вялізнай: яе даўжыня складала амаль 15 метраў, вага — больш за пяць тон.

Да 1990-х «Стрыж» маральна састарэў і стаў бы адносна лёгкай цэллю для СПА. З тых часоў ён выкарыстоўваўся ва УС РФ і Украіны якраз у якасці мішэні для навучання разлікаў зенітна-ракетных комплексаў. Аднак УСУ пасля 2014 года зноў паставілі «Стрыжы» на ўзбраенне сваёй разведкі і выкарыстоўвалі іх на Данбасе.

У кастрычніку 2022-га Украіна паведаміла, што распрацавала і рыхтуе да вытворчасці ўласны цяжкі дрон-камікадзэ далёкасцю ў тысячу кіламетраў і баявой часткай вагой 75 кілаграмаў. А 4 снежня, напярэдадні ўдараў па аэрадромах у Расіі, заявіла, што дроны праходзяць «апошнія выпрабаванні». Цалкам верагодна, што пад гэтым маецца на ўвазе глыбокая мадэрнізацыя Ту-141. Для гэтага ў краіны ёсць вытворчая і інжынерная база: «Стрыжы» ў СССР выпускаліся на Харкаўскім авіяцыйным заводзе.

Па адкрытых даных, «Стрыж» можа пераадольваць частку маршруту на вышыні 50 метраў. Гэта значна ўскладняе задачу СПА: чым меншая вышыня, тым меншая далёкасць, на якой лятальны апарат можа быць знойдзены і абстраляны СПА, і ніжэйшая верагоднасць яго збіцця.

«Стрыж» у базавым варыянце не меў ударных магчымасцяў. Аднак Украіна спрабавала гэтыя магчымасці дадаць: у самым пачатку поўнамаштабнай вайны ў харвацкай сталіцы Заграб упаў (верагодна, страціўшы кіраванне) Ту-141 УСУ, выпушчаны з раёна Вінніцы. У ім харвацкія следчыя знайшлі 120-кілаграмовы зарад выбухоўкі.

Удары азначаюць, што УСУ зараз змогуць рэгулярна бамбаваць цэлі ў глыбіні Расіі?

Тэарэтычна такія рэактыўныя дроны-камікадзэ — аналаг крылатых ракет (чым «Стрыж», абсталяваны баявой часткай, па сутнасці, і з'яўляецца).

Аднак невядома, якую менавіта мадэрнізацыю прайшлі «Стрыжы» ва УСУ ў апошнія месяцы (і наогул, ці сапраўды «цяжкія дроны» — менавіта мадэрнізаваныя «Стрыжы»). 

Калі за аснову сапраўды ўзяты Ту-141, трэба памятаць, што ў 1980-я Харкаўскі авіязавод вырабіў усяго каля 150 дронаў. Так што ва Украіне (асабліва ва ўмовах вайны) могуць узнікнуць праблемы з маштабаваннем вытворчасці БПЛА. 

Тым часам эфектыўная тактыка выкарыстання такіх беспілотнікаў ставіць на мэце ўдары дзясяткамі апаратаў (для таго каб «перанасыціць» сістэмы СПА, якія здольныя абстрэльваць толькі абмежаваную колькасць цэляў). Менавіта так робяць УС РФ, калі наносяць масіраваныя ўдары па цэлях ва Украіне.

Акрамя таго, не ўсе камплектуючыя БПЛА вырабляліся ва Украіне. Аднак найважнейшыя кампаненты (напрыклад, рухавік вытворчасці запарожскага канцэрна «Матор Січ») краіне напэўна даступныя. Усё астатняе можна купіць: Украіна, у адрозненне ад Расіі, не знаходзіцца пад санкцыямі супраць абароннага сектара.

Але досвед першага выкарыстання новых мадэляў пакінуў пытанні. Пакуль не зразумела, ці дастатковая дакладнасць украінскіх БПЛА ў спалучэнні з адносна малой вагой боегалоўкі. Так, 5 снежня дронам не ўдалося цалкам разбурыць ні адзін бамбавік і нават сарваць атаку гэтых бамбавікоў па цэлях ва Украіне (Мінабароны РФ сцвярджае, што дроны былі збітыя СПА аэрадромаў, а на цэлі ўпалі толькі іх абломкі, але ніякіх пацвярджэнняў гэтаму няма).

У любым выпадку такія БПЛА не могуць стаць заменай дальнабойным балістычным ракетам ATACMS для рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS, паставак якіх з Захаду дабівалася Украіна. Ракеты не былі пастаўленыя, паколькі ўлады ЗША, па ўласным прызнанні, асцерагаліся, што ўдары па цэлях у глыбіні РФ выклічуць некантралюемую эскалацыю канфлікту. ATACMS мае вельмі высокую дакладнасць і баявую частку вагой 560 кілаграмаў.

Пры гэтым не даводзіцца сумнявацца, што Украіна зробіць усё, каб атрымаць у сваё распараджэнне ўдарныя сродкі для паражэння цэляў у расійскім тыле. 

Так, варта чакаць з'яўлення на ўзбраенні УСУ аналагаў іранскіх дронаў Shahed-136 — для гэтага ў краіны ёсць усе тэхнічныя магчымасці. Такія беспілотнікі значна таннейшыя, чым цяжкія рэактыўныя БПЛА, і добра дапаўняюць іх падчас масіраваных удараў.

Але нават калі ўкраінскія ўдары і не нанясуць Расіі сур'ёзнага ваеннага ўрону, яны прымусяць УС РФ марнаваць рэсурсы на іх адбіццё: расійскай арміі давядзецца прыкрываць з дапамогай СПА не толькі лінію фронту і мяжы з Украінай, але і глыбокі тыл. 

Аналагічнай мэты сваімі стратэгічнымі бамбардзіроўкамі спрабуе дабіцца ва Украіне і расійскае камандаванне. Цяпер УСУ паказалі, што могуць адказаць сіметрычна (хай і ў меншых маштабах).

Чытайце таксама:

«Аплявуха Расіі, супастаўная з выбухам на Крымскім мосце». Аналітык пракаментаваў атакі на расійскія вайсковыя аэрадромы

The Washington Post: Расійскія аэрадромы атакаваныя ўкраінскімі беспілотнікамі — вельмі эфектыўнымі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
07.12.2022
Калі можна ім, то чаму нельга ІХ?))))
0
Грышка/адказаць/
08.12.2022
«Як што яны сеялі вецер, дык і пажнуць буру» (Асіі 8:7). Расея сеяла вецер, дык і пажне буру. Калі Расея ня хоча, каб яе бамбілі, яна не павінна спачатку бамбіць іншыя краіны.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера