Знайсці
05.12.2022 / 20:508РусŁacБел

Пратакол Хрэніна-Шайгу: Расіі перададуць «Паланэзы»?

У суботу міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу сустрэўся ў Мінску з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным і Аляксандрам Лукашэнкам. Міністры падпісалі пратакол аб унясенні змен у Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы. Сэнс гэтых змен не паведамляўся. «Наша Ніва» пацікавілася ў аналітыкаў, пра што можа ісці гаворка ў сакрэтным пратаколе.

Фота: «Пул першага»

«Мяркую, што сустрэча выклікана пільнай патрэбай расійскіх войскаў у ракетных комплексах»

Эксперт па пытаннях бяспекі Аляксандр Алесін тлумачыць, што ў Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў вайсковай сферы ад 1997 года міністры абароны дзвюх краін маюць права дадаткова падпісваць пратаколы. 

«Звычайна пералічваецца войска, парадак кіравання імі, план прымянення групоўкі войскаў у дадатковых сакрэтных дакументах, якія складаюцца міністрамі абароны дзвюх краін і генеральнымі штабамі. Яны падаюцца Лукашэнку і Пуціну. Самі міністры нічога не вырашаюць, яны толькі прапрацоўваюць пытанні і адпраўляюць на зацвярджэнне кіраўнікам дзвюх краін», — кажа ён. 

Пра што мог быць пратакол, які падпісалі міністры абароны Расіі і Беларусі ў гэтую суботу?

Аляксандр Алесін заўважыў, што на сустрэчы прысутнічалі віцэ-прэм’ер па прамысловасці Пятро Пархомчык і старшыня дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус. 

Фота: «Ваяр»

Таму ён робіць выснову, што ў пратаколе гаворка ідзе аб забеспячэнні рэгіянальнай групоўкі, у прыватнасці, расійскай часці, беларускімі ўзбраеннямі, ваеннай тэхнікай і прадукцыяй двайнога прызначэння.

«Ёсць меркаванне, што ў пратаколе гаворка ішла аб ракетным комплексе «Паланэз», які з'яўляецца аналагам амерыканскага комплексу «Хаймарс», — кажа Аляксандр Алесін. — Гэта высокадакладная зброя, якая можа страляць на трыста кіламетраў.

Заходнія спецыялісты казалі, што Расія можа папрасіць іх у Беларусі для таго, каб супрацьстаяць амерыканскім ракетным комплексам. Гэтыя эксперты лічаць, што разам з іншым узбраеннем Беларусь можа перадаць «Паланэзы», а таксама аднавіць іх вытворчасць на дзяржынскім заводзе дакладнай электрамеханікі.

Калі Лукашэнка за дзень да візіту Шайгу размаўляў з Пуціным, думаю, што, апроч усяго іншага, гаворка ішла менавіта пра пастаўку гэтых ракетных комплексаў. Шайгу падпісаў пратакол разам з Хрэніным, а потым сустрэўся з Лукашэнкам, і яны гэтае пытанне канчаткова зацвердзілі».

Для Аляксандра Алесіна відавочна, што Сяргей Шайгу падчас сустрэчы з Лукашэнкам паведаміў яму аб ходзе ваенных дзеянняў, а таксама аб планах расійскіх войскаў на найбліжэйшы час.

«Інфармацыя настолькі сакрэтная, што па тэлефоне Пуцін і Лукашэнка пра гэта не гаварылі, Шайгу гэтую інфармацыю прынёс, — мяркуе Алесін. —

Мяркую, што сустрэча ў суботу выклікана тэрміновай неабходнасцю расійскіх войскаў у беларускіх ракетных комплексах. Таму Пуцін з Лукашэнкам узгаднілі, а Шайгу прыехаў падпісаў. Ці проста ў сувязі з вайной у Шайгу няма выхадных».

«Хутка будзе год, як расійскія войскі знаходзяцца ў Беларусі без юрыдычных падстаў»

Палітолаг Валерый Карбалевіч не бачыць спешкі з падпісаннем пратакола аб зменах у пагадненні аб рэгіянальнай бяспецы. «Тое, што падпісалі ў выхадны дзень, нічога не значыць, у палітыцы так бывае», — кажа палітолаг. 

Валерый Карбалевіч звярнуў увагу, што расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу прыехаў у Мінск пасля тэлефонных перамоваў Лукашэнкі з Пуціным.

«Думаю, што гэтыя падзеі звязаныя, — кажа палітолаг.

— Наконт дакумента, які быў падпісаны, можна толькі выказваць гіпотэзы.

Лічу, што, магчыма, гаворка ў ім ідзе пра легітымізацыю знаходжання ў Беларусі расійскіх войскаў. Хутка будзе год, як яны на пастаяннай аснове знаходзяцца на тэрыторыі краіны без усякіх юрыдычных падставаў.

Магчыма, што гаворка ідзе менавіта пра такі дакумент, у якім прапісаныя нейкія правы, абавязкі бакоў».

Яшчэ адзін варыянт — у падпісаным пратаколе можа быць агаворана фінансавая кампенсацыя з расійскага боку за знаходжанне войскаў на тэрыторыі Беларусі.

«Таксама вядома, што з Беларусі вывозяцца боепрыпасы для Расіі, гэта каштуе грошай. Таму думаю, што ў дакуменце можа быць агавораны фінансавы бок і тое, як Беларусь будзе дапамагаць Расіі: якія палігоны, аэрадромы вылучае, напрыклад. 

У словах Лукашэнкі падчас візіту Шайгу я нічога новага не ўбачыў. Дзяжурная рыторыка, якая не выклікае ніякіх дадатковых эмоцый, каментароў», — лічыць ён.

Чаму цяпер спатрэбілася такая магчымая легітымізацыя? 

«Знаходжанне войскаў адной краіны на тэрыторыі іншай — важная палітычная падзея. Натуральным чынам гэта патрабуе абавязкаў абодвух бакоў, зафіксаваных у дакуменце. Гэта лагічна», — тлумачыць палітолаг. 

«Юрыдычна аформіць тое, што і так ужо адбываецца»

Палітолаг Пётра Рудкоўскі лічыць, што падпісаны пратакол скіраваны на прававое ўрэгуляванне (альбо спробу ўрэгулявання) прыбыцця на тэрыторыю Беларусі расійскіх войскаў, а таксама вывазу амуніцыі, ракет у Расію.

«Мяркую, што пратакол быў закліканы юрыдычна аформіць тое, што і так ужо адбываецца, — кажа ён. —Нельга выключаць, што ў ім змешчаны былі таксама нейкія палажэнні на будучыню. 

Лукашэнка шмат чаго сказаў падчас сустрэчы. Калі нешта заслугоўвае ўвагі, то хіба што вось гэта: «Усё, што беларусы па адкрытай, рэальнай дамове павінны зрабіць, мы зробім. Вы ў гэтым не сумнявайцеся». Тут, хутчэй за ўсё, меўся на ўвазе не пратакол, а нешта іншае. Хутчэй за ўсё — Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, прынятая ў лістападзе мінулага года». 

Паводле дактрыны, дзяржавы-ўдзельніцы ў выпадку нападу на адну з іх абавязваюцца праводзіць «своечасовую рэалізацыю сумесных рашэнняў па вядзенні ваенных дзеянняў». 

«Праблема ў тым, што лічыць «нападам». Рэжым Лукашэнкі ўсцяж афіцыйна не прызнаў анексаваныя тэрыторыі. З фармальна-юрыдычнага пункту гледжання Расія не з'яўляецца аб'ектам нападу, паколькі далучаныя тэрыторыі нават па мерках беларускага рэжыму застаюцца «спрэчнымі». Магчыма, у гэтым і заключаўся асноўны пасыл Лукашэнкі: «Будзем трымацца адкрытага дагавора, а не сакрэтных пратаколаў», — падсумоўвае Пётра Рудкоўскі. 

Чытайце таксама: 

ISW распавёў, навошта Шайгу лятаў у Мінск

Лукашэнка — Шайгу: Усё, што беларусы па дамове павінны зрабіць, мы зробім. Вы ў гэтым не сумнявайцеся

Арастовіч выказаўся пра візіт Шайгу ў Мінск

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
65
0
Ахрем/адказаць/
06.12.2022
 Большой глобус на заднем плане фото с лукашенко навеял мне немой фильм с Чаплиным играющим гитлера, который в военной форме в мечтах вертел надувным глобусом
http://arthouse-cinema.de/?p=19119

0
Суповой пакетик/адказаць/
06.12.2022
Ахрем, да нет, это он просто подражает Ниро Вульфу... забывая о том, что от великого до смешного - один шаг. 
0
Баба Яга/адказаць/
06.12.2022
Суповой пакетик, чаму гэта абавязкова Ніра Вульфа пераймае, а можа барона Мюнхгаўзэна ? У офісе барона Мюнхгаўзэна таксама глёбус быў, я памятаю.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930