Знайсці
05.12.2022 / 16:11РусŁacБел

«Чытай уважліва. У кожнай кніжцы ты прысутнічаеш». Жонка Алеся Разанава расказала пра вялікага паэта

Радкі Алеся Разанава з «Паэмы раўнавагі» могуць быць ключом да скарбонкі, у якой ён зберагаў сваё разуменне шчасця. Ён не з тых паэтаў, хто выказваецца непасрэдна ці проста — усё самае дарагое пакідаў сабе, а калі казаў, то так, што свае маглі зразумець, а чужыя захапляліся дзівоснымі словамі. Спробы адчуць энергію яго слоў застануцца і пасля сыходу паэта, як і жаданне зразумець Алеся Разанава як чалавека. Надзвычай загадкавая асоба прыйшла ў свет 75 гадоў таму 5 снежня ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Магчыма, энергія чалавека памнажаецца энергіяй мясцін, якія яго сілкуюць, бо ў лёсе Разанава не было выпадковых пунктаў ці нязначных эпізодаў — усе ён здолеў падпарадкаваць на карысць сваёй справе — паэзіі. Калі даследаваць яго біяграфію, то ўсяго год (1970/71) пасля інстытута Разанаў працаваў настаўнікам у Камянецкім раёне. Але мала хто ведае, што менавіта гэты год вызначыў яго чалавечы лёс: там, у вёсцы Бабічы, вырасла яго будучая жонка. З Галінай Мікалаеўнай «Звязда» паразмаўляла пра чалавека, з якім яна падзяліла больш за 40 гадоў жыцця. І працягвае падзяляць — калі яна гаворыць, ёсць адчуванне, што ён стаіць побач…

— Алесь Сцяпанавіч вельмі беражліва ставіўся да слоў, кожнае ўзважваў і прамаўляў з асаблівым значэннем. Якімі былі першыя словы, што вы ад яго пачулі?

— Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў прыйшоў да нас у школу настаўнікам па беларускай мове і літаратуры. Нестандартныя ўрокі, абсалютная цішыня ў класе — калі ён гаварыў, не слухаць было немагчыма. Трымаючы дыстанцыю, умеў размаўляць з вучнямі на роўных. Калі мы добра працавалі на ўроку — нас чакаў бонус: некалькі хвілін Аляксандр Сцяпанавіч чытаў вершы на памяць, а мы з захапленнем слухалі яго. Думаю, у той час вучні былі першымі слухачамі ягоных вершаў, бо ён не гаварыў, хто аўтар…

Пасля, адслужыўшы ў войску, Аляксандр Сцяпанавіч некалькі разоў наведваўся ў школу, прыходзіў да нас на ўрок беларускай літаратуры. Ужо працуючы ў Мінску, у часопісе «Родная прырода», пісаў нам лісты. Адказваць аднакласнікі даручылі мне. Я пісала настаўніку пра ягоных вучняў — хто і дзе апынуўся пасля школы. Паведаміла, куды пайшла працаваць, каб на наступны год ізноў паступаць у інстытут.

І вось аднойчы ён завітаў на нашу фабрыку разам з Міколам Пракаповічам, які працаваў на Брэсцкім тэлебачанні, — нібыта збіралі матэрыял для перадачы. Выклікалі мяне — выйшла ў хусцінцы, у рабочым халаціку, вельмі збянтэжаная…

Кожны раз, як ён прыязджаў у Брэст, імкнуўся сустрэцца са мной. Аднойчы запрасіў у рэстаран. Кажу, што прыйду з сяброўкай-аднакласніцай: ёй жа таксама будзе цікава пабачыць настаўніка. Да нашай кампаніі далучыліся Мікола Пракаповіч і Іван Арабейка. Гутарылі пра творчасць, Алесь чытаў на памяць «На куццю». Гэта было падобна на цэлы спектакль, у якім важныя і голас, і рухі, і кожнае слова. А мы слухалі і не разумелі, чаму тут апынуліся…

Аднойчы прыехаў у Брэст у камандзіроўку, завітаў на кватэру, дзе мы здымалі пакой. Мне было няёмка перад гаспадарамі, але яны, відаць, усё разумелі больш, чым я на той момант. Разам з Алесем тады быў Уладзімір Дамашэвіч, які пасля сказаў: «Дурань будзеш, калі не ажэнішся…» З 1978 года мы разам…

— Калі вы пазнаёміліся з яго сям'ёй, ці не ўзнікла пытання: а чаму ён выбраў беларускую мову? Бо тата ў яго быў рускі, а там, дзе ён нарадзіўся, ужывалі палескую гаворку…

— Ніколі не чула, каб ён гаварыў на дыялекце, нават калі мы прыязджалі ў Сялец. Бацькі ў яго па-руску гаварылі. А ён зрабіў свой выбар, таму што жыў не сённяшнім днём — думаў пра нешта большае. Напэўна, ён прадбачыў Беларусь і разумеў, якой яна павінна быць і якім ён будзе ёй найбольш патрэбны.

Алесь Сцяпанавіч ніколі не сказаў мне: «Гавары са мной па-беларуску». Я скончыла рускую школу, але праз месяц сумеснага жыцця неяк незаўважна для сябе ў нашых зносінах перайшла на беларускую мову. Настолькі натуральна беларуская мова ўвайшла ў жыццё нашай сям'і, што нават людзі, якія прыходзілі да нас у госці, спрабавалі гаварыць па-беларуску. Алесь ніколі не папраўляў ні мяне, ні дзяцей, ні каго іншага. Мог хіба перапытаць, ужыўшы правільна тое ці іншае беларускае слова. Настолькі далікатна і карэктна гэта рабіў — сапраўды меў талент.

Шмат што ішло ад сям'і. Яго бацька ўмеў сказаць у рыфму, хоць сам па сабе быў нешматслоўны. А маці была выдатная апавядальніца — калі распавядала пра свае сны альбо паведамляла сялецкія навіны, Алесь гатовы быў яе слухаць падоўгу. Праўда, ліставанне са свякроўкай вельмі хутка стала весці я — мы выдатна паразумеліся ў агульных клопатах.

— У творах ён паэт-філосаф, самотнік, і здаецца, што адмяжоўваў асабістае жыццё ад творчасці…

— …Я неяк нават спытала: «А чаму ты пра мяне нічога не пішаш?» Ён усміхнуўся: «Чытай уважліва. У кожнай кніжцы ты прысутнічаеш».

Цяпер я перачытваю яго творы і ўспамінаю гэтыя словы. Напрыклад, «Паэма пагашаных люстэркаў», паводле крытыкаў, нібыта звязаная з Чарнобылем. Але год напісання — 1981-шы (у 1991-м ён толькі дапоўніў яе). Болем адгукаюцца ў мяне словы пра горкі хлеб і ваду — яны ў нас былі палітыя слязамі. Мы з Алесем перажылі трагедыю — не стала нашага сыночка Андрэйкі. Гэта быў надзвычай складаны час у нашых адносінах. Абое былі як аголеныя правады. Кожны перажываў па-свойму, я ў слязах, Алесь замкнёны ў сабе. Супакоіць, падтрымаць адно аднаго не атрымлівалася. Алег Бембель на «пабедзе» свайго бацькі гадзінамі вазіў нас па горадзе, каб не заставаліся сам-насам. Сябры заходзілі…

Калі крыху супакоіліся, сталі вельмі беражліва і ласкава адносіцца адно да аднаго. Алесь неяк сказаў: «Прыслухайся, як мы гаворым — малачко, вулічка, куртачка…» Да мяне ён звяртаўся тады толькі так — «Галечка». Пазней — «наша матуля», што мне таксама падабалася, бо адчувалася ў гэтых словах і любоў, і клопат, і цеплыня, і ўтульнасць. Калі казаў «Галіна Мікалаеўна», мне хацелася запытаць: «Гэта ты каго маеш на ўвазе?» Нашу сям'ю ён называў «мае людзі» — гэта толькі родныя, самыя блізкія.

— Ці ствараліся асаблівыя ўмовы для яго творчасці дома?

— У нас было два пакоі, калі нарадзілася дачка, і я з ёй знаходзілася ў адным пакоі, а ён працаваў у другім. Алесь тады пайшоў з «Мастацкай літаратуры»: «Не хачу больш чытаць чужыя рукапісы. Хачу працаваць над сваімі». На што жыць, невядома. «Не турбуйся. Пражывём…» Дачка вучылася поўзаць, ёй было мала месца, але тату мы стараліся не турбаваць. Маленькі сын мог адчыняць дзверы ў яго пакой у любы час, і тады тата адкладаў у бок кнігу або нататнік і пачынаў весці з ім размовы, як з дарослым.

Амаль заўсёды расклад у Алеся быў больш-менш вольны, але была даволі строгая самаарганізацыя, ленавацца сабе ён не дазваляў. Змена дзейнасці адбывалася ў межах кватэры: нататнік — камп'ютар — кніга — другая кніга — другі пакой з іншымі кнігамі. Але ў крытычныя моманты, якая б ні была важная ці тэрміновая праца, Алесь быў побач і дапамагаў: гуляў з дзецьмі, вадзіў іх у школу, дзіцячы садок, лячыў, з задавальненнем мыў дзіцячую бялізну…

— Яго цяжка ўявіць у побытавых справах…

— Хатнія клопаты ў большасці выпадкаў ляжалі на маіх плячах. Але муж любіў, каб усё было дасканала — і спрыяў гэтаму так, што для мяне было радасцю нешта рабіць, арганізаваць. Памятаю, як у нас на кухні паклалі плітку. Тады яшчэ разеткі абыходзілі нейкімі кавалачкамі, і гэта было навідавоку. Ён прыйшоў: не надта прыгожа. Сядзеў усю ноч, не маючы прылад, нейкім чынам вырабіў акуратненькую рамачку з пліткі, а ўнутры паставіў разетку. Цяпер гляджу: гэта ніколі ніякім іншым рамонтам немагчыма перакрыць!

Калі ён за нешта браўся, то ўсё павінна было быць ідэальна. А каб узяўся, трэба было мне прыкласці пэўныя намаганні.

— Ці шмат было такіх людзей, якія былі сябрамі вашай сям'і?

— Не магу сказаць, што Алесь Сцяпанавіч быў надта адкрыты для сяброўства, хутчэй выбіральны. Затое вельмі шчыры ў адносінах. З Алесем Зайкам ён быў знаёмы яшчэ са студэнцтва ў Брэсцкім педінстытуце, і на працягу многіх гадоў у іх былі сяброўскія адносіны. З ім ён дзяліўся сваімі творчымі набыткамі і планамі. Тэма краязнаўства вельмі цікавіла абодвух. Для некаторых Разанаў быў больш чым сябра — сярод іх Ніна Мацяш, Зміцер Санько, Тодар Копша, Віктар Маркавец. Вера Палтаран называла яго Алеськам і адносілася як да сына. Калі бываў у Брэсце, абавязкова наведваў шаноўных Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, а потым і яго жонку Зосю Міхайлаўну. Падараваны імі нам на вяселле чэшскі сервіз стаў нашай сямейнай каштоўнасцю.

З усімі шматлікімі сваякамі Алесь быў у добрых адносінах — яго вельмі любілі. Наша кватэра ў Мінску была месцам, куды маглі завітаць і блізкія, і знаёмыя. Пры гэтым вялікіх «тусоўвак» ці застолляў Алесь пазбягаў. Святы мы звычайна адзначалі ў вузкім сямейным асяроддзі, якое з часам станавілася ўсё большым, што моцна радавала і радуе.

— А як жа адзначалі яго Дзяржаўную прэмію па літаратуры?

— Вельмі сціпла. Тэлефанавалі, віншавалі. Але асаблівай радасці ў яго не памятаю, толькі паведаміў: «Вось, прагаласавалі за мяне…» Куды больш важнымі для яго былі водгукі на кнігі, публікацыі. Бо кепска, калі маўчаць, значыць, не выклікала эмоцый, на якія разлічана. Згадваў часта, як адзін крытык ухваляў паэму «Упоцемках, з ліхтаром», другі — наадварот, моцна крытыкаваў. Чытаў уважліва сваіх крытыкаў і даследчыкаў: «Вось яму ўдалося нешта намацаць…» Пры гэтым ніколі не чула, каб зняважліва выказаўся пра некага, нават калі не падабалася. Ведаў, што зразумеюць яго, магчыма, не адразу, і спакойна да гэтага ставіўся.

Некалі я купіла яму куртку з лэйбачкай «Klassіk». Пасмяяўся: «О, ты мяне ў класікі запісала? А як іншыя зрэагуюць на гэта?» Яго фота ў гэтай куртачцы змешчана ў кнізе «Вастрыё стралы» — дык гэты надпіс там зарэтушыравалі… Ён сам сабе нічога не купляў: «Давяраю твайму густу». А я атрымлівала задавальненне і асалоду ад таго, што ён мне давярае. «А чаго ты так турбуешся, каб я добра выглядаў?» — «Хачу, каб ты падабаўся не толькі мне, але і іншым…»

— Як жа ён мог паехаць у Германію без вас?

— З'явілася такая магчымасць. З канца 80-х гадоў узніклі сувязі, яго пачалі перакладаць. Запрасілі на праект. Здаецца, першы зборнік паэзіі беларускага аўтара ў Германіі за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў выдалі Разанава. Для яго гэта была падзея. Мы жылі ў прадчуванні, што гэта часова — наездамі ён бываў дома. А яму было важна ведаць, што яго любяць і чакаюць.

Іван нарадзіўся якраз тады, калі Алесь Сцяпанавіч быў у Германіі. Яму трэба было паехаць на прэзентацыю сваёй кнігі на нямецкай мове, якая выйшла ў Германіі. Ну і супала. Хацеў адмовіцца. Але я кажу: «Ці ж ты мне ў гэтым дапаможаш?» Суседка забірала мяне з сынам з радзільні, а праз тры дні і ён прыехаў.

Але Алесь Сцяпанавіч мог і мяне надоўга адпусціць у камандзіроўку, а сам заставаўся з дзецьмі, яны выдатна ладзілі. У яго быў поўны давер да дзяцей, пры гэтым прывучаў іх да адказнасці. Івана тата адвёў на каратэ — хлопцу гэта падабалася, таксама навучыў яго гуляць у шахматы. А з дачкой па дарозе ў гімназію яны вучылі вершы. Любімым Таніным паэтам ужо ў пачатковых класах быў Багдановіч. Дарэчы, разам з дачкой мы ездзілі ў Аўстрыю, калі Алесю Сцяпанавічу ўручалі прэмію Гердэра. Для нас гэта было вялікай радасцю і гонарам. А яму было прыемна, што мы сустрэліся, падзялілі з ім урачысты момант. Потым дзеці ездзілі да таты ў Берлін на канікулы.

— Але далёка ад дома з ім здарылася бяда…

— Быў 2004 год, мне патэлефанавалі з Бона і сказалі, што Алесь у шпіталі, стан цяжкі. Дакументы мне вырабілі імгненна. З дзецьмі засталася Алесева сястра. Тры тыдні ў рэанімацыі — мяне туды штодня на некалькі гадзін прапускалі, потым кардыялагічнае аддзяленне ўніверсітэцкай клінікі, удзень я была заўсёды побач. Аднойчы пры мне яго стан пагоршыўся — урачы замітусіліся, папрасілі пачакаць у калідоры. Панікі, адчаю, слёз не было. Калі небяспека мінула і Алеся выпісалі, тады я ўжо стрымацца не змагла…

— Ён пасля стаў больш уважлівы да свайго здароўя?

— Ён наогул вёў здаровы лад жыцця. Любіў цішыню, лес — мы з задавальненнем на электрычках ездзілі ў грыбы. Шмат гуляў і дыхаў паветрам, нават у Германіі штодня ездзіў на ровары. Захапляўся філасофскімі вучэннямі і адмовіўся ўжываць мяса. Тыя ж галубцы я гатавала ў двух варыянтах — для сына і для мужа. Ён быў заўсёды падцягнуты. Не давяраў медыцыне, прытым што яго мама, сястра і наша дачка з ёй звязаныя, не хадзіў да ўрачоў. Глыбока верыў у тое, што нічога не канчаецца, а чалавек пераходзіць у іншы стан. Сястры Любе казаў пра гэта незадоўга да свайго сыходу — унутрана быў гатовы. Але паспеў паняньчыць унучку і блаславіў сына на шлюб…

Мы паставілі яму сціплы помнік на Паўночных могілках у Мінску — яго там можна наведаць. Ужо падрыхтаванае грунтоўнае выданне выбраных твораў, дзе прапанаваныя ўсе жанры, якія стварыў Алесь Разанаў, яго інтэрв'ю і публікацыі крытыкаў. А мне важна, каб была жывая памяць, як жывая яго душа. Таму я сабрала ўспаміны людзей, якія яго ведалі, і хацела б выдаць іх кнігай. Гэта мая даніна глыбокай павагі чалавеку, дзякуючы якому я пражыла 43 шчаслівыя гады.

У нас было вельмі насычанае жыццё. Шчырае, удзячнае. Вялікая павага і любоў да гэтага часу ўва мне, куды б я ні ішла і што б ні рабіла, ён са мной.

Чытайце таксама:

Справа Разанава: як 50 гадоў таму трое мінскіх студэнтаў кінулі выклік сістэме

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера