Знайсці
03.12.2022 / 10:481РусŁacБел

ISW: Крэмль хоча прымусіць Захад угаворваць на перамовы, каб атрымаць прэвентыўныя саступкі

Расія хоча прымусіць заходніх палітыкаў адчуць неабходнасць ісці на папераджальныя саступкі Маскве, каб завабіць яе за стол перамоваў. Так лічаць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У пятніцу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з канцлерам ФРГ Олафам Шольцам, у якой лжыва сцвярджаў, што фінансавая і вайсковая дапамога Украіне стварае сітуацыю, пры якой Кіеў катэгарычна адхіляе перамовы. Шольц у сваю чаргу заявіў, што любое дыпламатычнае развязанне канфлікту павінна ўключаць вывад расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны.

Размова з Шольцам супала з дыпламатычнай ініцыятывай прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які ў чацвер заявіў, што гатовы гаварыць з Пуціным, калі той будзе шукаць спосаб пакласці канец вайне. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў пачуў у словах Байдэна прапанову аб вывадзе войскаў і адхіліў яе, заявіўшы, што «спецыяльная ваенная аперацыя» будзе працягнутая. А яшчэ раней кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў казаў, што Захад павінен праявіць гатоўнасць абмеркаваць дакументы, прапанаваныя Масквой у снежні 2021 года (аб «гарантыях бяспекі»).

ISW раней ацэньвала рыторыку Пуціна як указанне на тое, што ён не зацікаўлены ў сур'ёзных перамовах з Украінай і захоўвае максімалісцкія мэты вайны. Тое, што Пуцін, а таксама Пяскоў і Лаўроў вярнуліся да тэмы перамоваў, эксперты тлумачаць жаданнем стварыць у Захаду ўяўленне пра тое, што Расію трэба завабліваць да перамоваў.

«Крэмль, верагодна, мае намер стварыць сітуацыю, пры якой заходнія ўлады будуць прапаноўваць папераджальныя саступкі ў надзеі пераканаць уступіць у перамовы, не патрабуючы наўзамен значных папярэдніх саступак ад Расіі, — канстатуе ISW. — Заявы Пуціна, Лаўрова і Пяскова падкрэсліваюць, якімі могуць быць некаторыя з жаданых прэвентыўных саступак: скарачэнне фінансавай і вайсковай дапамогі Украіне, прызнанне анексіі Расіяй украінскай тэрыторыі і абмежаванні на ваенныя дзеянні NATO і Захаду ў Еўропе».

Маскве было б выгадна часовае мірнае пагадненне, каб атрымаць паўзу ў баявых дзеяннях, аднак Пуцін не праяўляе асаблівай цікавасці да такога спынення агню, мяркуюць эксперты. Крэмль працягвае выстаўляць патрабаванні, раўнасільныя поўнай капітуляцыі Захаду, намякаючы, што Пуцін па-ранейшаму засяроджаны на дасягненні ваеннай перамогі. А для атрымання прэвентыўных саступак Расія спрабуе выкарыстоўваць серыю удараў па ўкраінскай інфраструктуры і звязаную з ёй гуманітарную сітуацыю, вынікае з агляду ISW.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
хлу по щам/адказаць/
03.12.2022
мордор вместе с хлом должны быть уничтожены.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера