Знайсці
30.11.2022 / 11:331РусŁacБел

Маркус Рэшфард, герой матча Англія—Уэльс і чалавек з цяжкім дзяцінствам

Матч паміж Англіяй і Уэльсам, што прайшоў увечары 29 лістапада, загадзя называлі брытанскай бітвай. Насамрэч жа валійцы не здолелі навязаць Англіі барацьбу, не забілі супернікам ні аднаго гола і прапусцілі тры мячы ў свае вароты. Два з іх забіў Маркус Рэшфард — незвычайны англійскі футбаліст.

Фота: АР

Рэшфарду 25 гадоў, ён форвард «Манчэстэр Юнайтэд» — аднаго з двух галоўных клубаў важнага для Маркуса Манчэстэра. З ранніх гадоў Маркус быў фанатам МЮ, і ў сем гадоў хлопчык вырашыў яшчэ і трэніравацца ў акадэміі «чырвоных д’яблаў». З таго часу Рэшфард верны гэтаму клубу, браў з ім Кубак і Суперкубак Англіі, перамагаў у Лізе Еўропы. Ужо шэсць гадоў Рэшфард выступае за англійскую зборную, і ў 2016 годзе ён стаў самым маладым гульцом, што за яе забіваў.

У той жа час Рэшфард — уладальнік ганаровай ступені доктара ва ўніверсітэце Манчэстэра. Атрымаў ён гэтую ўзнагароду, калі яму было 23, і гэта самы малады доктар за ўсю гісторыю ўстановы. Як футбалісту МЮ тое ўдалося?

Тут трэба зірнуць на дзяцінства Рэшфарда.

Хлопец вырас у шматдзетнай сям’і — ён мае трох братоў і сястру, і ўсіх іх маці выхоўвала адна. У інтэрв’ю футбаліст расказваў, што часта заўважаў, як маці адмаўлялася ад сямейнай вячэры і дзяліла яе паміж пяццю дзецьмі, сцвярджаючы, што добра паела на працы. Часам у іх дома не было нават лусты хлеба, хаця мама хлопца працавала на трох работах, і маленькі Маркус добра ведаў, што такое бясплатныя сталовыя і банкі харчавання.

Той час яму давялося ўспомніць летам 2020 года, калі брытанскі ўрад сабраўся адмяніць бясплатнае харчаванне для школьнікаў. Рэч у тым, што ў Брытаніі больш за мільён дзяцей з малазабяспечаных сем’яў мае права на бясплатнае харчаванне ў школах, і калі вясной 2020 года школы закрылі праз пандэмію, дзецям пачалі выдаваць ваўчары на набыццё прадуктаў у магазіне. Калі падышлі летнія канікулы, урад вырашыў адмяніць схему.

Рэшфарда ўсхвалявала гэтая гісторыя, і ён напісаў адкрыты ліст у брытанскі ўрад з просьбай перагледзець рашэнне, але атрымаў адмову. І хлопец з Манчэстэра не здаўся. Ён папрасіў рэтвітнуць яго пост усіх, хто падтрымлівае бясплатнае харчаванне для дзяцей, і за дзень такіх набралася больш за 60 тысяч. Футбаліст расказваў пра бясплатнае харчаванне ў эфіры BBC Breakfast, а потым напісаў яшчэ адзін адкрыты ліст, на гэты раз у газету The Times. Вось фрагмент з яго:

«Я ведаю, як гэта — быць галодным. Я добра ведаю, што часам мае сябры запрашалі мяне паесці ў іх дома толькі для таго, каб іх бацькі пераканаліся, што я паеў у гэты вечар. Гэта было маё асяроддзе. Асяроддзе, якое зрабіла Маркуса Рэшфарда, футбаліста зборнай Англіі, што стаіць перад вамі сёння. Калі ў дзяцінстве я праязджаў праз цэнтр Манчэстэра на аўтобусе і бачыў бяздомных на кожным рагу, я пакляўся, што калі змагу дапамагаць тым людзям, то я буду гэта рабіць».

Рэшфард з галоўным трэнерам зборнай Англіі Гарэтам Саўтгейтам. Фота: АР

За некалькі дзён Маркус стаў самым папулярным чалавекам у англійскай прэсе. Публічнасць прынесла свой плён: пасля публікацыі ў інстаграме ліста ўраду Рэшфард пагутарыў па тэлефоне з брытанскім прэм'ерам Борысам Джонсанам, і ў выніку ўрад арганізаваў спецыяльны летні фонд для харчавання дзяцей. У тыя летнія канікулы бясплатныя ваўчары на школьнае харчаванне атрымала каля 1,3 мільёна брытанскіх дзяцей.

За гэтую кампанію Рэшфард і атрымаў тую самую доктарскую ступень. І гэта не ўсё, бо за сваю актыўнасць Маркус атрымаў яшчэ і ордэн Брытанскай імперыі. Малады форвард — адзін з нешматлікіх футбалістаў, каго ўзнагародзілі ордэнам менавіта за дабрачынныя справы.

Пасля гэтага Рэшфард не спыніўся і дабіўся ад брытанскага ўрада выдзялення, у дадатак да першапачатковых 120 мільёнаў фунтаў, яшчэ 396 мільёнаў на барацьбу з беднасцю і голадам у краіне. Яго дзеянні высока ацаніў сэр Алекс Фергюсан, адзін з найважнейшых трэнераў у гісторыі «Манчэстэр Юнайтэд»:

«Не ўсе футбалісты трацяць грошы на дарагія машыны. Ёсць вялікі працэнт гульцоў з вялікім сэрцам. Футбалісты не лайдакі».

Гэта добры прыклад спартсмена, які не застаецца абыякавым да праблем у сваёй дзяржаве, і за гэта Рэшфарда вельмі любяць — настолькі, што ў Манчэстэры малююць муралы ў гонар гэтага хлопца (доказы тут і тут). Вялікі кантраст з некаторымі спартсменамі з іншых краін, у грамадствах якіх таксама хапае праблем, але яны маўчаць.

Чытайце таксама:

Заўзятар праехаў на ровары 6 тысяч кіламетраў да Катара. А яго не пускалі на стадыён

Топ-11 самых гарачых футбалістаў чэмпіянату свету (+ лаўка запасных і трэнер)

У Шатландыі футбалістам забароняць біць па мячы галавой напярэдадні і на наступны дзень пасля матча. І вось чаму

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2
0
Анатоль/адказаць/
30.11.2022
Як у іх усе проста...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930