Знайсці
25.11.2022 / 20:491РусŁacБел

«Я думаю, у Беларусі будзе сцэнар як ва Узбекістане, а можа быць, і больш сурʼёзны»

У Беларусі і ў Казахстане адзін за адным выбухнулі пратэсты, за якімі сачылі сусветныя СМІ. Вынікі гэтых пратэстаў розныя — у Казахстане ідуць рэформы, а ў Беларусі — рэпрэсіі. На пытанні, чым адрозніваюцца кіраўнікі Беларусі і Казахстана, ці магчымы транзіт улады ў Беларусі і чаму аўтарытарны прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пайшоў на такі крок — добраахвотна аддаў уладу, ютуб-каналу «Наша Ніва. NEWS» распавяла палітолаг Роза Турарбекава.

Чаму Назарбаеў аддаў уладу, а Лукашэнка не аддасць

Турарбекава лічыць, што ніякага пераемніка Лукашэнка на сваё месца не пасадзіць.

«Для гэтага трэба валодаць такімі якасцямі, якімі валодаў Назарбаеў.

Назарбаеў быў чалавекам, з аднаго боку, разважлівым. З другога боку, ён на самай справе думаў пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, і ён думаў пра будучыню Казахстана.

Я думаю, ён не хацеў даводзіць да таго, каб пасля яго смерці была поўная зачыстка яго сямʼі, ён хацеў убачыць на свае вочы, пры жыцці, транзіт улады, хацеў пераканацца, што гэты транзіт пройдзе мірна, спакойна і пры захаванні актываў яго сямʼі».

Лукашэнка ж, лічыць Турарбекава, нікому не давярае, «і ён не валодае такой адвагай».

«Для таго, каб здзейсніць гэты акт [перадаць уладу], трэба быць смелым чалавекам. Назарбаеў, калі падпісваў указ аб сваёй адстаўцы (ён сам падпісваў указ аб сваёй адстаўцы), — ён рэальна ныраў у гэтую палонку з ледзяной вадой. Ён збольшага разумеў, што расшчапленне ўлады на дзве часткі само па сабе вельмі небяспечнае.

Я думаю, яму было страшна. Але ўчынак Назарбаева тлумачыцца тым, што ён убачыў, што здарылася з сямʼёй Іслама Карымава. І гэта яго падштурхнула да таго, каб зрабіць такі эксперымент з палітычным транзітам, калі ён мог бы забяспечыць трывалую будучыню сваім дзецям і ўнукам. Не зусім атрымалася, не да канца. Але можа быць, ён здолеў пазбегнуць таго радыкальнага сцэнара, які быў з сямʼёй [першага прэзідэнта Узбекістана] Іслама Карымава. Таму што з сямʼёй Іслама Карымава абышліся вельмі жорстка.

Я думаю, што ў Беларусі будзе сцэнар як ва Узбекістане, а можа, і больш сурʼёзны».

Турарбекава перакананая, што пераемнікаў у Лукашэнкі быць не можа.

«Ён гуляе словамі, гуляе ў гэты транзіт, яшчэ ў васямнаццатым годзе ён пачаў гаварыць пра тое, што вось, патрэбны транзіт. 

Я ні разу не верыла ў шчырасць гэтых слоў, таму што было відаць, наколькі ён прывязаны да ўлады, і гэтая прыхільнасць носіць характар літаральна залежнасці.

Усё астатняе — гэта проста словы, гульні нейкія — паглядзець, хто ў які бок пабяжыць, гэта ж яшчэ і праверка на лаяльнасць была, асабліва ў 2020 годзе.

Я думаю, ён сядзеў, назіраў за тым, хто куды і ў які бок глядзеў, наколькі быў настойлівы ў тым, каб Лукашэнка застаўся ва ўладзе, а хто сядзеў адмоўчваўся.

Я думаю, усё гэта ён выдатна памятае, і я думаю, што цяпер мы маем справу менавіта з расправамі над людзьмі, якія, у яго разуменні, праявілі нелаяльнасць. А для яго гэта галоўная рыса.

Я думаю, ён нават уласным дзецям не давярае.

Улада — гэта не тая матэрыя, якой дзеляцца нават з уласнымі дзецьмі. А тым больш такі чалавек, у якога ўвогуле і ўзровень адукаванасці, пісьменнасці і ўзровень самадысцыпліны невысокі», — кажа экспертка.

Чым Такаеў адрозніваецца ад Лукашэнкі

Турарбекава называе Такаева ўмераным кансерватарам.

«Я думаю, ён вельмі моцна адрозніваецца ад Лукашэнкі, пачынаючы з адукацыйнага бэкграўнду, што, дарэчы кажучы, само па сабе зʼяўляецца паказчыкам, заканчваючы прафесійнай карʼерай. Кім быў Такаеў, перш чым ён стаў прэзідэнтам, як ён наогул зʼявіўся ў свеце палітыкі?

Гэта не выпадковая фігура. Лукашэнка — гэта абсалютна выпадковая фігура, і гэта, дарэчы, урок тым, хто лічыць, што калі чалавек з народа, то адразу дэмакрат. А вось не.

Палітыка — справа прафесійная, і гэта такая досыць небяспечная сфера, дзе калі чалавек не ўмее кіраваць сабою, калі ён не можа з сабой справіцца, то давяраць яму кіраванне грамадствам ніяк нельга, наогул дапускаць нельга.

Калі казаць пра Такаева, то ён заўсёды быў вельмі сістэмным чалавекам. Ён паступіў у МГІМО, ён з інтэлігентнай алмацінскай казахскай сямʼі. Ён паступіў у МЗС пасля МГІМО, яго адправілі працаваць спачатку ў Сінгапур, а потым ён паехаў у Пекін. Ён быў сведкам падзей на плошчы Цяньаньмэнь. Ён для сябе зрабіў пэўныя высновы, я так думаю. Краіна яго спецыялізацыі — Кітай, ён вельмі добра ведае Кітай, ён ледзь не адзін з першых міністраў замежных спраў у свеце, які свабодна гаворыць на хань.

Любоў да гэтага рэгіёна, да рэформаў кітайскіх, рэформаў у Сінгапуры, у Назарбаева прышчапляў менавіта Такаеў.

Ён быў наогул ідэальным міністрам замежных спраў Казахстана.

Ён дамогся таго, што было вельмі складана зрабіць у Казахстане, улічваючы такія вельмі цесныя роднасныя адносіны ў кіруючых колах, — гэта пабудаваць прафесійную службу ў міністэрстве замежных спраў, там быў рэальны адбор і конкурс па прафесійных прыкметах.

Гэта яго любімая тэма, ён лічыць, што самае галоўнае — каб былі прафесіяналы. У гэтым дачыненні ён прадстаўнік такой, у добрым сэнсе кажучы, тэхнакратычнай эліты», — кажа экспертка.

Чым пратэсты адрозніваліся

Па словах Турарбекавай, пратэсты ў дзвюх краінах не маюць нічога супольнага.

Пратэсты ў Казахстане мелі эканамічныя карані. «Узровень беднасці, узровень беспрацоўя вельмі высокі, вельмі высокі ўзровень і роля крымінальных груп. Гэта быў справакаваны гвалт і арганізаваны пэўнымі коламі.

Беларускі пратэст — прамая супрацьлегласць гэтаму пратэсту. Па-першае, гэта быў усвядомлены выхад грамадзянскай супольнасці на вуліцу, акцыя грамадзянскага непадпарадкавання ў выніку маштабных, выяўленых і даказаных фальсіфікацый.

У Казахстане ўсё пачалося з павышэння цаны на газ у заходняй частцы Казахстана, і потым яно палыхнула па ўсёй тэрыторыі, таму што гэта была праблема сацыяльна-эканамічнага характару, якая вылілася ў палітычны лозунг «Стары, сыходзь».

У краіне ў гэты час было дваяўладдзе.

Такаеў павінен быў пасці ахвярай гэтых пратэстаў. Але яму ўдалося не проста ўтрымацца ва ўладзе, а перайграць Назарбаева і ўсю яго сямʼю. Казахскае грамадства разумее, што гэта была за гульня. Гэта была вельмі небяспечная гульня з ахвярамі чалавечымі, больш за 200 чалавек загінула на вуліцах у выніку агнястрэлаў», — распавядае экспертка.

Што цяпер у Казахстане

Турарбекава кажа, што дакладныя вынікі выбараў у Казахстане невядомыя, але, хутчэй за ўсё, Такаеў атрымаў падтрымку.

«Таму што, шчыра кажучы, казахі моцна спалохаліся таго, што адбылося ў студзені».

Цяпер застаецца толькі назіраць і чакаць, што будзе далей, бо прагназаваць немагчыма.

«Гэта не столькі пра выбары, колькі наогул пра ўвесь гэты палітычны працэс, які пачаўся са студзеня 2022 года, і цяпер мы бачым яго пэўны нейкі этап. Я спадзяюся, канчатковае завяршэнне мы ўбачым вясной, калі пройдуць выбары ў парламент. Зараз ідзе актыўная перабудова палітычнага ландшафту».

Глядзіце гутарку цалкам:

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Максим Дизайнер/адказаць/
28.11.2022
Какие же казашки красавицы!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера