Знайсці
23.11.2022 / 08:04РусŁacБел

Мемы, здрада і прычоска: гэты француз двойчы забіў Аўстраліі, але праславіўся не толькі футболам

Гульнявы дзень 22 лістапада закрыла гульня паміж Францыяй і Аўстраліяй. Героем матча, які прадказальна выйгралі французы з лікам 4:1, стаў форвард еўрапейцаў Аліўе Жыру, які двойчы забіў у вароты суперніка. Акрамя Жыру, у гульні з аўстралійцамі адзначыліся Раб'ё і Мбапэ.

Фота: АР

Жыру немалады, яму ўжо 36 гадоў. У кар’еры француза былі клубы яго роднай краіны, брытанскія «Арсенал» і «Чэлсі» і італьянскі «Мілан», дзе цяпер і гуляе форвард. Увогуле, на кар’еру Жыру наракаць не прыходзіцца: ён можа пахваліцца чэмпіёнствамі ўсіх трох краін, дзе гуляў, перамогамі ў Лізе Еўропы і Лізе Чэмпіёнаў, а яго родная нацыяналка стала чэмпіёнам свету на расійскім ЧС-2018.

Жыру вядомы не толькі футбольнымі поспехамі, але і скандаламі. Адзін з іх моцна пашкодзіў кар’еры футбаліста.

У 2011 годзе гэты француз з італьянскімі каранямі ажаніўся са сваёй даўняй сяброўкай Джэніфер, а праз яшчэ два гады ў пары нарадзілася дачка Джэйд. Сям’я выглядала моцнай, але аказалася, што гэта толькі ілюзія. Стала вядома, што перад гульнёй з англійскім клубам «Крыстал Пэлас» у тры гадзіны ночы пакой француза ў гатэлі наведала дзяўчына — мадэль ніжняй бялізны Селія Кэй.

Спачатку Жыру адмаўляў здраду, але пазней брытанская газета The Sun паведаміла, што мае фотадоказы забароненай сувязі. І тады Аліўе выбачыўся, прычым не толькі перад жонкай, але і перад клубам, бо дапусціў парушэнне спартовага рэжыму і павінен быў у ноч перад гульнёй спаць. Пазней, аднак, француз настойваў, што здрады ўсё ж не было.

На некаторы час мужчына сеў на лаўку запасных і пачаў наведваць сямейнага псіхатэрапеўта, каб залячыць свой шлюб. Відаць, дапамагло: у 2016 годзе жонка нарадзіла яму сына Эвана, а пазней яшчэ аднаго сына Аарана і дачку Арыю.

Цяпер форвард выглядае ўзорным сем’янінам і не трапляе ў скандалы. На яго шчытках — фота сям’і, імёны жонкі і дзяцей і Кубак свету, на буцах — імёны дзяцей і сцяг Францыі. Аліўе любіць італьянскі дэсерт тырамісу, што нагадвае яму пра італьянскія карані, і з асаблівай цеплынёй згадвае тырамісу сваёй бабулі.

Дарэчы, пра кулінарыю: у рускамоўным сеціве Аліўе — герой шэрагу мемаў, звязаных з тым, што завуць яго гэтак жа, як гучыць назва папулярнай на постсавецкай прасторы навагодняй салаты.

Фота: Instagram / THILL.OLIVIER

Фота: Instagram / THILL.OLIVIER

Жыру — пратэстант-евангеліст, на правай руцэ ў яго тату ў выглядзе цытаты з 23 псалма на латыні «Dominus regit me et nihil mihi deerit» («Гасподзь — пастыр мой, я ніякай нястачы не мецьму»). Аліўе расказваў, што перад гульнямі прамаўляе кароткую малітву і што вера дапамагае яму кожны дзень.

Нарэшце, гэта проста вельмі прывабны мужчына, які ведае пра сваю прыгажосць. Жыру глядзіць сваю прычоску да шаленства: «Мае аднаклубнікі заўсёды жартуюць з мяне, таму што мае валасы заўсёды ў парадку падчас гульні. Нават пасля гульні яны ў норме, і хлопцы жадаюць ведаць, як гэта магчыма. Сакрэт просты — воск і лак на мокрую галаву. Праўда, калі мне даводзіцца шмат разоў гуляць галавой, прычоска псуецца, але гэта нармальна».

Сенсацыя: Саудаўская Аравія перамагла Аргенціну

Топ-11 самых гарачых футбалістаў чэмпіянату свету (+ лаўка запасных і трэнер)

Фаны «Эвертана» пайшлі шукаць піва ў Катары, а трапілі да львоў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера