Знайсці
22.11.2022 / 19:2310РусŁacБел

«Тата называў мяне жучком, бо я пастаянна ўздрыгвала». Дзяўчына расказала пра жыццё з сіндромам Турэта і як мастацтва дапамагае адольваць прыступы саманянавісці

Настасся Рыдлеўская — таленавітая мастачка, якая стварае карціны і арт-аб’екты на тэму ментальнага здароўя. «Раблю гэта праз сваю прызму: у мяне самой ёсць захворванне нервовай сістэмы». У Настассі сіндром Турэта. Дзяўчына расказала «Нашай Ніве», як гэта — жыць з некантраляванымі цікамі, выліваць трывогу ў карцінах і змагацца з прыступамі саманянавісці.

Фота: Аліна Мазавец

Сіндром Турэта — генетычнае захворванне нервовай сістэмы. Ён характарызуецца наяўнасцю рухальных і псіхаэмацыйных парушэнняў, што выяўляецца ў ціках — міжвольных хуткіх, нерэгулярных рухах або вакалізацыях.

Пры такім сіндроме чалавек часта пападае ў дэпрэсіўныя і трывожныя станы.

Першыя праявы цікаў у 27-гадовай Настассі з’явіліся яшчэ ў дзяцінстве. Тады бацькі не разумелі, што гэта хвароба, і нічога з гэтым не рабілі.

Сама Настасся даведалася, што ў яе такі сіндром, калі ёй было 21. Яна выпадкова наткнулася на сваю дзіцячую медыцынскую карту.

«Я памятаю, што ў дзяцінстве ў нейкі момант у мяне моцна пачалі міргаць вочы, было цяжка пісаць, канцэнтравацца. Бацькі мяне маленькую здымалі на відэа. Там відаць, як я моцна торгалася.

Трыгерам для запуску такога сіндрому можа стаць моцны спалох. Калі я была маленькая, мы жылі ў ЗША, там я спалохалася тарнада і сірэны. Магчыма, гэта таксама паўплывала.

Вярнуліся ў Беларусь мы, калі мне было восем гадоў. Тады пачаліся пастаянныя паходы да дактароў, прыём лекаў», — расказвае Анастасія. 

У дзяцінстве тата называў яе «жучком», бо яна часта ўздрыгвала. Насамрэч гэта былі першыя праявы сіндрому. 

«Ёсць відэа, дзе я іграю маленькая на фартэпіяна. Тата вельмі захапляўся, а мне было цяжка гэта рабіць, бо ігра патрабуе моцнай канцэнтрацыі. Пры ёй у мяне ўзмацняюцца цікі», — кажа яна.

Настасся прызнаецца, што сіндром Турэта моцна паўплываў на яе жыццё. Напрыклад, ёй было складана вучыцца: калі быў нейкі тэст, велізарная колькасць часу ішла на тое, каб справіцца з цікам. Ён паглынаў яе энергію. 

«Памятаю, як аднойчы ў школе, на ўроку, запішчала. Настаўніца рэзка і строга спыталася, хто пішчыць. Я тады спалохалася, не ведала, як рэагаваць. І зноў запішчала. Настаўніца падумала на іншую дзяўчынку, а я не прызналася, што гэта я. Мне перад той дзяўчынкай дагэтуль вельмі сорамна. Ёй тады зрабілі заўвагу.

Фота: асабісты архіў

Досыць доўга я не магла нармальна чытаць, да 15 гадоў. Як толькі канцэнтравалася, у мяне пачынаўся цік на вачах. На лоб клала халодны ручнік, каб супакоіць цік і крыху пачытаць. 

Быў цік на ўздыхі. Адзін раз ён пачаўся ў мяне ў чарзе. Хтосьці лічыў грошы, і я стала ўздыхаць, чалавек падумаў, што гэта я на яго так. Жыць не замінае, проста стварае такія сітуацыі», — дзеліцца яна. 

Увогуле дзяўчына ўспрымае свае цікі як частку сябе. Але цяжка становіцца, калі сіндром узмацняецца. «Знаходзішся ў стане гародніны, не можаш нармальна думаць. Тады звяртаюся ў бальніцу», — кажа яна. 

Пры ціках Анастасія прымае нейралептыкі. А з 2020-га — моцныя антыдэпрэсанты, якія здымаюць трывогу. На дзяўчыну моцна паўплывалі падзеі ў краіне тады.

«Пасля 2020-га я зразумела, што не вытрымліваю, — кажа яна. — Пачаўся сэлфхарм, стала рэзаць сабе рукі. Гэта мяне спалохала. Звярнулася да доктара і высветлілася, што гэта дэпрэсіўныя эпізоды.

Мой мозг быў у шоку ад таго, што адбываецца ў краіне, у жыцці. Ён не мог справіцца з гэтым болем. І для таго, каб хоць неяк узяць гэтую справу пад кантроль, вырашыў зладзіць кантраляваны боль. Баліць рука — гэта мозгу знаёма».

Фота: асабісты архіў

«Стварыла цэлы мастацкі ўніверсум на тэму дэпрэсіі»

З Беларусі Настасся разам з мужам з’ехала летась. У яе было дастаткова шмат пратэсных прац, і яна не адчувала сябе ў бяспецы. 

Цяпер Анастасія жыве ў Гданьску. 

Малюе дзяўчына карціны ўсё жыццё. Яна нават збіралася паступаць у Акадэмію мастацтваў, але ўсё ж пайшла на філфак БДУ, нягледзячы на тое, што калісьці ёй было складана чытаць.

«Каля дзесяці гадоў займалася з мастакамі акадэмічным малюнкам і жывапісам. На момант паступлення ў бацькоў з'явіліся праблемы з працай, аплаціць навучанне не маглі. Я чамусьці была ўпэўненая, што не змагу паступіць на бюджэт у Акадэмію мастацтваў, таму пайшла на філфак на рамана-германскую філалогію і французскую мову. Потым яшчэ скончыла магістратуру, выкладала замежную літаратуру на філфаку», — расказвае яна. 

Пасля пераезду ў Польшчу дзяўчына працягнула пісаць карціны, стварала арт-аб’екты і маскі. 

24 лістапада ў Варшаве адкрыецца яе персанальная выстава «Сонца зноў дзіўна свеціць». 

«Усе карціны да выставы былі створаныя за гэта лета, іх каля 30, — расказвае яна. — Цэлы мастацкі ўніверсум на тэму дэпрэсіі, людзей з псіхалагічнымі асаблівасцямі. Таксама будуць некаторыя тэксты з майго дзённіка, які я вяла падчас прыступаў.

Я малюю акрылам, алейнай пастэллю. На выставе таксама будуць працы на палотнах, дзе акрыл і вышыўка бісерам.

Фота: асабісты архіў

Сама назва выставы адсылае да адчування, да прыступу, які здарыўся яшчэ ў 12 гадоў. Гэтая фраза — запіс з майго дзённіка. 

Падчас прыступаў прастора мяняе фарбы, сонца нібы свеціць інакш. Гэта момант адчування страху, трывогі і жаху.

З дзяцінства ў мяне з'яўляліся моманты, калі сонца для мяне свяціла не так, як трэба: яно рабілася як лямпачка напальвання — вельмі белым. Гэтыя ўспаміны таго прыступу я вывела ў эксплікацыю самой выставы».

«Калі ты ламаеш руку — ідзеш да доктара. Чаму людзі ставяцца варожа да таго, у каго нешта ламаецца ў псіхіцы?»

Мастацтва для Настассі — гэта тое, дзякуючы чаму яна можа адрэфлексаваць рэальнасць, у якой яна знаходзіцца, расказаць пра сваё стаўленне да яе праз карціны. 

«А таксама выбудаваць дыялог са светам, які мяне проста сваім існаваннем увесь час моцна пужае.

Фота: асабісты архіў

У працах я нібыта размаўляю на іншай мове, знаходжу ў іх апору. Усе прыступы, якія намаляваныя там, не для таго, каб паказаць іх, а для таго, каб у іх разабрацца і паспрабаваць выбрацца», — кажа яна. 

Настасся ўпэўненая, што яе карціны на выставе знойдуць водгук сярод людзей. 

«Многія мае сябры, знаёмыя не разумеюць, што ім варта звярнуцца да псіхатэрапеўта, што ў іх ёсць дэпрэсія. І такая сітуацыя — вынік падзей 2020-га, вайны.

Чалавеку ў дэпрэсіі трэба дапамагаць, не варта змагацца з ёй у адзіночку. 

Думаю, што многія людзі на гэтай выставе змогуць адрэфлексаваць траўматычны досвед, які адбіваецца на іх псіхіцы. Спадзяюся, што гэта ім дапаможа зняць стыгму пра людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця.

Калі ты ламаеш руку — ідзеш да доктара. Чаму людзі ставяцца больш варожа да таго, у каго нешта ламаецца ў псіхіцы? Гэта абсалютна такая ж частка чалавека», — тлумачыць Настасся.

«Вобраз чырвонага пакоя — адкрытая заява аб дэпрэсіі» 

На карцінах Настассі часта прысутнічае чорны чалавек. Што гэта за вобраз?

Карціна Настассі Рыдлеўскай «Ok, Now What?»

«Так малюю прыступ саманянавісці. Калі я адна, мозг пачынае мяне атакаваць знішчальнымі выявамі, словамі. Чорны чалавек спрабуе разбурыць усё, што ты любіш, твой вобраз у вачах іншых. Так я малюю свой ценявы бок, які ў афектыўным стане спрабуе браць кантроль над мной.

Падчас прыступу саманянавісці ў мяне з'яўляюцца думкі, што я жудасны чалавек. Гэта абсалютна нерацыянальныя абразы, якія накіроўвае мозг на чалавека. Потым ты падаеш у нейкую варонку, як быццам на вачах з'яўляецца фільтр, — і бачыш свет і сябе вельмі скажона», — дзеліцца яна.

Карціна Настасcі Рыдлеўскай «I’m Only Dancing»

Праз чырвоны колер Настасся перадае адчуванне таго, як змяняецца прастора, калі чалавек знаходзіцца ў афектыўным стане.

«Усё пад скурай кіпіць, як быццам расчэсваеш яе да крыві. Чырвоны максімальна шчыльны, цяжкі, навісае над чалавекам. Адчуванне дыскамфорту. 

Вобраз чырвонага пакоя — адкрытая заява аб дэпрэсіі, трывозе, пра якія не прынята казаць уголас», — расказвае яна. 

На ўсіх карцінах чалавек у Анастасіі паказаны аголеным. Дадаваць адзенне дзяўчына не хоча: голы — значыць натуральны.

«Любое адзенне — прывязка да культуры ці часу, а я ствараю пазачасавыя вобразы (тэма пра ментальнае здароўе), якія знаходзяцца проста ў прасторы. Праз галізну я паказваю, што стан дэпрэсіі, трывогі натуральныя, гэта частка нашага жыцця. І нічога ганебнага ў гэтым няма», — лічыць яна.

Карціна Анастасіі Рыдлеўскай «Your Doing This to Yourself»

«У нашым цяперашнім свеце сонца свеціць не так: яно падае на цябе, хаця павінна саграваць»

Сярод прац Настассі ёсць карціна, якая вельмі вылучаецца сярод астатніх. На ёй намаляваная чорная змеепадобная птушка, якая спрабуе залезці ў чалавека праз яго палавыя органы. 

«Малявала адчуванне страху згвалтавання, — тлумачыць яна. — У Польшчы ў мяне з’явіўся такі страх, тут вялікія праблемы з абортамі.

Атрымліваецца, што жаночае цела не абароненае. Так, як я малюю тое, як я адчуваю рэальнасць, мой страх адбіўся ў гэтым вобразе».

На пытанне, якая карціна ў дзяўчыны любімая, Настасся адказвае, што кожная з іх была самай-самай у пэўны перыяд. 

Цяпер яна вылучае працу, на якой дзяўчына стаіць на каленях і спрабуе ўтрымаць сонца. Ёй перашкаджаюць гэта рабіць змеі, якія выгінаюцца, кіпяць у целе. 

Карціна Настассі Рыдлеўскай «The Sun Is Shining Strange Again Today»

«Гэта мая апошняя праца для гэтай выставы. Цяпер яна мне самая блізкая.

Спрабавала перадаць адчуванне таго, як чалавек цяпер жыве ў гэтым свеце: змеі — гэта страх і хваляванне, яны поўзаюць па табе, адчуванне трывогі — пад скурай яны варушацца.

У той жа час ты вымушаны знаходзіцца ў рэальнасці, якая на карціне паказаная вялізным сонцам. Яно свеціць не так, як павінна: падае на цябе, хаця павінна саграваць, прыносіць радасць.

Утрымаць сонца немагчыма, бо гэта вялізная нябесная зорка, якую ты, маленькі чалавек, не можаш узяць у рукі», — расказвае Анастасія. 

Фота: асабісты архіў

Мастачка кажа, што натхняе на стварэнне карцін, дае энергію ёй яе муж. «Яго неабсяжнае каханне сілкуе мяне,

— дзеліцца яна. — Хоць карціны заснаваныя на цяжкіх тэмах, але яны ў мяне настолькі адрэфлексаваныя, што выпраменьваюць не боль, а каханне.

У мужа ёсць сталая праца, таму я маю магчымасць толькі маляваць. Мне вельмі страшна, што некалі я не змагу гэта рабіць, таму што трэба будзе ісці працаваць. Але пакуль што мае карціны прадаюцца, яны цікавыя калекцыянерам. На жыццё фінансаў хапае. 

Спадзяюся, што далей змагу маляваць, таму што гэта сэнс майго жыцця. Немагчыма не піць ваду, для мяне немагчыма не маляваць».

Адкрыццё персанальнай выставы Анастасіі Рыдлеўскай адбудзецца ў Музеі Вольнай Беларусі 24 лістапада а 18-й гадзіне. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

У ЗША на аўкцыёне прадалі скрадзеную нацыстамі карціну Шагала за 7,4 мільёна даляраў

«Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін». Віталь Алексяёнак распавёў, як стаў дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне

У Палац мастацтва спусцілі спіс нядобранадзейных мастакоў. Патрабуюць прыбраць з выставы траціну прац

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Зелёный лес/адказаць/
23.11.2022
Langus, Вы уже приговорили и художницу и потребителя ее искусства? Вам позволяют увидеть мир глазами другого человека. Может это действительно не так приятно. Но это просто значит что Вы видите все иначе.
1
Адка/адказаць/
23.11.2022
Мая улюблёная сучасная мастачка
1
Максим Дизайнер/адказаць/
25.11.2022
Из каждой дыры, то есть картины, сквозит нящаснай любовью. Еще одна обиженка. Лучшше бы ногти накрасила, художница, мля
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера