Знайсці
18.11.2022 / 17:56РусŁacБел

ВУП працягвае падаць. Як гэта адаб'ецца на жыцці простага беларуса?

ВУП Беларусі ў студзені-кастрычніку знізіўся на 4,7%. І гэта прытым што ў студзені-лютым яшчэ назіраўся рост. Ці значыць гэта, што бюджэтнікаў будуць скарачаць? Дзе ідзе адток работнікаў? І чаму прасяданне эканомікі не такое фатальнае, як прадракалі напачатку вайны? Спыталі ў эканаміста.

Прадпрыемствы і сфера паслуг спрацавалі менш эфектыўна

Зніжэнне аб'ёмаў ВУП кажа пра тое, што прамысловыя прадпрыемствы і сфера паслуг спрацавалі менш эфектыўна, чым у папярэднім перыядзе. Гэта значыць, што было выраблена менш тавараў і паслуг.

«Усё гэта вядзе да зніжэння выручкі, прыбытку і даходаў. У выніку чаго горшае фінансавы стан кампаній. Гэта прыводзіць да немагчымасці павышаць супрацоўнікам заработную плату ў рэальным выражэнні», — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Настасся Лузгіна.

Таксама ўзнікаюць рызыкі таго, што прадпрыемства будзе вымушана ісці па шляху аптымізацыі, што можа прывесці да скарачэнняў. Хоць, па назіраннях эканаміста, скарачэнне персаналу ў Беларусі не з'яўляецца папулярнай мерай, асабліва на дзяржаўных прадпрыемствах.

«У нас у такіх выпадках часцей звяртаюцца да ўразання працоўных гадзін, прадпрыемствы пераводзяць на чатырохдзёнку, скарачаюцца бонусы. Чалавек не губляе працу, але яго фінансавае становішча пагаршаецца», — адзначае Лузгіна.

Практыка ўразання працоўнага тыдня замест скарачэння колькасці супрацоўнікаў дазваляе ўтрымліваць рэальны ўзровень беспрацоўя ў межах 4 %. Але гэта не адзіная прычына.

У ІТ мінус 12 тысяч работнікаў

Колькасць звольненых працягвае перавышаць лік прынятых на працу. У прыватнасці, у ІТ-сферы за першыя 9 месяцаў года чысты адток людзей склаў каля 12 тысяч чалавек.

«ІТ-сектар раней быў адным з найважнейшых драйвераў у беларускай эканоміцы, які паказваў стабільны рост і дапамагаў развівацца іншым галінам. Дзякуючы развіццю ІТ, у Беларусі ўтварылася праслойка людзей, якія мелі даходы, значна вышэйшыя за сярэднія па краіне. Яны набывалі нерухомасць, аўтамабілі, іншыя дарагія тавары, карысталіся рознымі паслугамі.

Самі кампаніі мелі патрэбу ў вялікай колькасці офісаў. Колькасць гэтых людзей пастаянна расла, а цяпер, наадварот, скарачаецца. Усё больш офісных памяшканняў прастойвае. Усё гэта таксама ўплывае на падзенне ВУП».

Акрамя ІТ, сур'ёзнае скарачэнне назіраецца ў сферы грузаперавозак — мінус 25,3% у адносінах да студзеня-кастрычніка 2021 года. Гэта таксама сведчыць пра значнае скарачэнне ў сферы паслуг, дзе да таго ж працуе немалая колькасць людзей.

Абедзве вышэйапісаныя галіны актыўна рэлакуюць свой бізнэс у краіны Еўропы.

Пагаршэнне сітуацыі назіраецца і ў прамысловай сферы. У студзені-кастрычніку аб'ём вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці скараціўся на 6,8 працэнтных пункта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Калі ў студзені-верасні 2021 года прамысловасць з'яўлялася асноўным драйверам росту, то сёлета яе ўклад у ВУП склаў мінус 1,7%.

«Усе гэтыя тэндэнцыі тлумачаць, чаму ВУП падае. У бюджэт пачынае паступаць менш грошай у выглядзе падаткаў, паколькі даходы прадпрыемстваў зніжаюцца, а рэлакаваныя кампаніі пераходзяць у іншыя юрысдыкцыі, дзе і плацяць падаткі, якія раней паступалі ў наш бюджэт».

Гэта у сваю чаргу змяншае магчымасці дзяржавы падымаць пенсіі, дапамогі, зарплаты бюджэтнікам, рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты, такія, як рамонт дарог, будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага прызначэння і г.д.

Паралельна з тым, што скарачаецца колькасць людзей, занятых у эканоміцы, расце лічба тых, хто выязджае на заробкі ў іншыя краіны. За 9 месяцаў гэтага года колькасць тых, хто з'ехаў па працы менш, чым на год, павялічылася на 10 %.

Скарачэнне чалавечага капіталу абмяжоўвае магчымасці росту ў будучым

На занятасць таксама ўплываюць дэмаграфічныя трэнды і наступствы COVID-19. Колькасць занятых у эканоміцы за апошнія 10 гадоў скарацілася амаль на 400 тысяч чалавек. Калі ў 2012 годзе працуючых было 4,61 мільёна, то ў 2022-м іх засталося 4,22 мільёна.

«У сваю чаргу скарачэнне чалавечага капіталу, ад'езд студэнтаў, высакакласных спецыялістаў і іх сем'яў за мяжу зніжае магчымасці росту ВУП у будучыні», — адзначае Анастасія Лузгіна.

Сусветны банк і ЕАБР прагназуюць скарачэнне ВУП Беларусі па выніках года на 6,2%. І гэта няглядзячы на падтрымку Расіі, якая дае адтэрміноўкі па крэдытах і падтрымлівае розныя імпартазамяшчальныя праграмы. 

Чакаецца, што ў 2023 годзе эканоміка працягне падаць.

Чытайце таксама: 

З ПВТ сыходзіць адзін з найпаспяховейшых казахстанскіх стартапаў

З Беларусі масава рэлакуюцца не толькі IT-кампаніі, але і транспартныя

Нацбанк: Уклады ў рублях растуць, у валюце — памяншаюцца

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
5
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930