Знайсці
20.11.2022 / 14:4618РусŁacБел

«Сярод маіх знаёмых няма нават тых, хто казаў бы «не ўсё так адназначна». Як змянілася жыццё ў Санкт-Пецярбургу з пачаткам вайны

Яна і яе муж — беларусы, якія пераехалі ў Расію больш за 10 гадоў таму. Цяпер у мужа і жонкі грамадзянства дзвюх краін. Апошнія гады яны жывуць у Санкт-Пецярбургу. У сваім піцерскім асяроддзі, кажа Яна, з нядаўняга часу яны з мужам засталіся ў меншасці. Дзяўчына распавяла «Салідарнасці», чаму так здарылася і якія ўвогуле відавочныя змены адбываюцца ў паўночнай сталіцы Расіі з пачатку вайны ва Украіне.

Закрыліся кінатэатры, апусцелі фітнес-залы

— У Санкт-Пецярбургу ў многіх фінскія візы, атрымаць якія было вельмі проста, — кажа Яна. — Калі сталі знікаць сусветныя брэнды, з'явіўся новы від бізнесу — з серыі «прывязу, што замовіце, з Фінляндыі».

З прадуктаў у асноўным прапаноўвалі шакалад, сыры, каву. Прымалі замовы і на тавары Zara, Ikea і іншыя. Аддавалі ўсё з камісіяй 3-5 тысяч расійскіх рублёў. Масквічы, дарэчы, рабілі тое ж самае, толькі прывозілі тавары з Еўропы праз Беларусь.

Суразмоўніца «Салiдарнасцi» расказвае, што некалькі месяцаў таму з магазінаў у горадзе сталі знікаць звыклыя прадукты, кардынальныя змены зведала сфера паслуг і рэстаранны бізнес, у якім яна працуе.

— Ёсць быццам бы рэчы малапрыкметныя, напрыклад, знікла прадукцыя Nesquik, напаўняльнік для туалета майго ката. Пераабуцца на зімовыя колы, самыя папулярныя — фінскія, аказалася вялікай праблемай, таму што ўсюды былі толькі рэшткі. Зніклі яшчэ нейкія асобныя тавары, для кагосьці, можа, і не такія важныя. Але ёсць і тое, што немагчыма не заўважыць — вельмі моцна выраслі цэны.

Для нагляднасці прывяду прыклад з апошняй буйной пакупкай: красоўкі New Balance да 24 лютага каштавалі каля 6 тысяч руб. ($100), а ўлетку іх жа прадавалі па 20 тысяч ($330). Прычым новыя цэннікі налепленыя зверху на старыя.

Долар і еўра сапраўды танныя, але купіць можна толькі тыя, якія нехта здасць. Такіх ахвотных няшмат, таму хадзіць па абменніках можна вельмі доўга. Я паспрабавала неяк, а потым стала купляць валюту праз біржу.

Рэстараны і кафэ перайшлі ў разрад дастаткова дарагіх задавальненняў. Раней сярэдні чэк за вячэру на дваіх каштаваў 1,5 тыс. руб. ($ 25), цяпер — ад 2,5 тыс. руб. (прыкладна $42). 

Калі прыняць да ўвагі тое, што з'ехалі з-за вайны і мабілізацыі, у асноўным, жыхары буйных гарадоў, якія маюць грошы, то ў рэстаранах цяпер значна зменшылася колькасць наведвальнікаў.

Усё грамадскае харчаванне сутыкнулася з кававай праблемай. Пайшоў «шэры» імпарт праз Казахстан, Турцыю, адпаведна, вырас цэннік. І нават пры тым, што кава вельмі маржынальная, зарабляць на ёй сталі менш.

Цяпер самая танная кава ў шкляначцы — ад 100 рублёў, а ва ўстанове, дзе раней яна каштавала каля 180, — ужо 300-350 руб.

Зачынілася шмат кінатэатраў. Не дапамаглі нават хітрыкі з пірацкімі копіямі. Цяпер на сваіх сайтах кінатэатры ў дадатку з пералікам неліцэнзійных фільмаў пішуць, што «зала выкуплена пад індывідуальны паказ, і вы можаце скласці кампанію». Гэта значыць, казаць адкрыта, што мы крадзём фільмы, усё ж баяцца.

Гэтае кіно адрозніваецца танным перакладам, не такім гугнявым, як у 90-я, але досыць непрыемным.

Апусцелі фітнес-залы. У многіх няма ні трэнераў, ні наведвальнікаў, большасць з якіх былі мужчынамі, што трапілі пад мабілізацыю.

Мінулай восенню і зімой у вячэрні час у залу нельга было патрапіць. Цяпер можна ісці ў любы час, толькі ўвечары з 20 чалавек засталося 5, а ў абед зараз я займаюся адна.

У аўтасалонах можна купіць новую толькі кітайскую машыну, астатнія перапрадаюць тыя, што былі ў карыстанні. Самі расіяне сталі ганяць машыны праз Казахстан і Беларусь.

Яна таксама расказвае і пра некаторыя іншыя новыя аспекты жыцця горада на Няве.

— Санкт-Пецярбург заўсёды быў турыстычнай Меккай. Цяпер замежных турыстаў няма ўвогуле.

Увесь горад абчэплены банерамі «Слава героям!», і я смяюся: «Калі будзем дапісваць «Героям слава!»?» У дзяржустановах, у тым ліку банках, паліклініках, паштовых аддзяленнях, вісяць аб'явы «Запрашаем на ваенную службу».

Літары Z на будынках няма, яны засталіся на смеццевых баках, на машынах паліцыі і транспарце МНС.

Пасля аб'яўлення мабілізацыі з'явілася шмат аб'яў «здам дачу». У самім горадзе рэзка паменшылася колькасць людзей, нават у самых папулярных месцах у выхадныя дні, дзе звычайна ідзеш у натоўпе, наведвальнікаў можна пералічыць.

Адно з самых балючых назіранняў: многія з'ехалі, кінуўшы жывёлін. Пры гэтым улады пералічвалі прытулкі, куды можна было нібыта здаць сваіх жывёлаў тым, хто ідзе ваяваць. Аднак амаль усюды адмаўляюць з-за адсутнасці месцаў.

«Усе сайты запоўненыя аб'явамі «Калі ласка, забярыце ката ці сабаку», — дзеліцца суразмоўца.

«Ніхто нават не вагаецца, таму што «рускі вайсковец так паступіць не можа»

І ўсё ж галоўныя змены, на яе думку, за гэты кароткі перыяд адбыліся з людзьмі.

— Як ваша асяроддзе адрэагавала на вайну?

— У рэстаранным бізнэсе, дзе я працую, кола зносін у мяне вельмі рознае — ад дырэктараў да пасудамыйшчыкаў. Гэта і бармены, і афіцыянты, і кіраўнік склада, і кухары, сярод якіх, напрыклад, шмат былых эмігрантаў з Узбекістана і Таджыкістана.

Гэтыя людзі марылі пра расійскае грамадзянства, каб плаціць меншы падатак і быць роўнымі ў правах з расіянамі. 

Пры гэтым сваіх блізкіх сяброў я заўсёды лічыла дастаткова інтэлігентнымі і адукаванымі, здольнымі адрозніць хлусню ад праўды. І ў першыя дні практычна ўсе яны былі настроеныя аднолькава: гэта вайна, яна нам не патрэбная, патрэбныя нейкія акцыі пратэсту.

Усе называлі вайну вайной, шчыра не разумелі, што Расія робіць ва Украіне, і былі па-сапраўднаму ў шоку. Але літаральна праз тыдзень усё стала мяняцца. Пайшла масіраваная прапаганда пра СВА, пра тое, што Расію прымусілі, «калі б не мы, то на нас» і іншае ў стылі Салаўёва.

І самае страшнае, што ў гэтую лухту сталі верыць многія, у тым ліку і тыя мае знаёмыя, якія яшчэ пару дзён таму думалі інакш. Мяне, у якой у Львове жывуць сваякі і брат служыць ва УСУ, спрабавалі пераконваць. Увогуле, кола аднадумцаў рэзка звузілася.

Яна прыводзіць канкрэтныя прыклады, якія, паводле яе, з'яўляюцца цалкам тыповымі і адлюстроўваюць настроі большасці.

— Адна знаёмая пераехала ў Санкт-Пецярбург з рэгіёна больш за 10 гадоў таму. У яе ёсць муж, дзіця, праца — усё нармальна. Яшчэ ў пачатку вайны мы з ёй абмяркоўвалі, які жах тое, што адбываецца. І раптам яна мне кажа: «У адрозненне ад цябе, у мяне няма другой радзімы».

Гэты папрок пасля мне даводзілася чуць не раз, маўляў, я не магу зразумець сапраўдны расійскі патрыятызм, бо не расіянка. А ў гэтай маладой жанчыны настолькі перавярнулася свядомасць, што зараз яна ўпэўнена: «Расіяне абараняюць сваю радзіму». 

Прыводзіць аргументы такім вельмі складана. Ім па кожнай падзеі накідваюць цэлую кучу самых недарэчных версій — выбірай зручную. Мне казалі і працягваюць і пра «8 гадоў», і пра біялабараторыі, і пра нацыстаў.

Але я ўсё роўна кожны раз не магу паверыць у тое, што ўсё гэта прамаўляюць людзі, якіх я добра ведаю, у якіх ёсць вышэйшая адукацыя і шырокі кругагляд.

Як правіла, ніхто з іх не быў ва Украіне ні разу, пры гэтым яны выдатна ведаюць, што я там бывала кожны год. Але ніякія разумныя думкі пра тое, што ва Украіне нацызму не больш, чым у самой Расіі, не ўспрымаюцца.

Яшчэ ў адной знаёмай, да якой я прыйшла пагутарыць, ішоў уключаны тэлевізар з Салаўёвым. На маё здзіўленне яна адказала, маўляў, ды так, ідзе фонам. Раней я нічога падобнага, ніякага такога фону не заўважала.

Гэта значыць аўдыторыя ў прапаганды аказалася зусім не такой, як я сабе раней уяўляла. Гэта не толькі бабулі ў вёсцы з адным каналам ТБ. Гэта самыя розныя людзі.

На ўсе расповеды пра Бучу яны кажуць «гэта няпраўда, такога не было». Ніхто нават не вагаецца, таму што «рускі вайсковец так паступіць не можа». Калі паказваеш відэа пра тое, што адбываецца з мабілізаванымі, кажуць, што гэта разыгралі пераапранутыя ўкраінцы.

Цяпер сярод маіх знаёмых няма нават тых, хто казаў бы «не ўсё так адназначна». Цяпер для іх усё адназначна, яны ва ўсім упэўнены.

Яшчэ адна знаёмая сарака гадоў, з якой у першыя дні ў нас было аднолькавае меркаванне наконт таго, што адбываецца, зараз адчайна збірае гуманітарную дапамогу мабілізаваным. Відавочна, працэс яе захапіў настолькі, што нядаўна яна ўвогуле заявіла: «Калі б я была мужчынам, то даўно б ужо бегала з аўтаматам».

Яшчэ на пачатку вайны нам тэлефанавалі ўкраінцы, якія знаходзілі недзе тэлефонныя базы. Яны звярталіся па імені і пыталіся, ці ведаем мы пра тое, што адбываецца ва Украіне. Цяпер яны тэлефанаваць перасталі, мусіць, зразумелі, што гэта бессэнсоўна.

 

На працы ўсе размовы сышлі на нішто. Калі ты лічыш вайну вайной, ты не можаш пра гэта сказаць і проста маўчыш. Спакойна выказваюцца толькі тыя, хто лічыць, што Расія мае рацыю.

Усё ж такі ў Беларусі ў 2020-м усе былі аднадушныя, раз'яднанне пачалося значна пазней. А тут усе баяцца адно аднаго з самага пачатку, няма ніякай згуртаванасці. Расіяне — гэта зусім не беларусы.

Але ў тым, што тычыцца пратэсту, мы зараз у аднолькавых сітуацыях. Калі ты выходзіш з намерам выказаць нешта публічна, павінен быць гатовы да таго, што цябе забяруць цягам паўгадзіны. Нядаўна чалавек у метро проста падняў над галавой карту аплатнай сістэмы «Мір» — і яго забралі за адзіночны пікет.

«Усе мабілізаваныя перад адпраўкай на фронт пішуць завяшчанні»

— Ці змянілася нешта пасля аб'яўлення мабілізацыі?

— Шчыра кажучы, я сама спадзявалася на гэта. Але не! Адразу пачала абтэлефаноўваць знаёмых, у каго мужчыны могуць падлягаць мабілізацыі. Муж адной спакойна сказаў, што калі атрымае позву, значыць, пойдзе. Але менавіта яму позва да гэтага часу не прыйшла.

Бацьку іншай маёй сяброўкі позва прыйшла. Яму каля 50 гадоў, ён цалкам паспяховы, ёсць сям'я, кватэра, невялікі бізнэс і няма ніякіх матэрыяльных праблем. Гэта значыць «дзеля 195 тысяч» — гэта не пра яго.

Да таго ж ён інтэлігентны і адукаваны, больш за тое, хадзіў на апазіцыйныя мітынгі ў розныя гады. І ён добраахвотна на наступны дзень пайшоў у ваенкамат!

Яго дачка дагэтуль у шоку. Спачатку яна спрабавала яму казаць — нікуды не трэба ісці, але ён адказаў, што прыняў рашэнне. Чым яно выклікана, не растлумачыў, і гэта самая вялікая загадка для нас абедзвюх.

Мы ездзілі ў часць, дзе ён быў на вучэннях. Адвезлі, як ён прасіў, кавы, яшчэ нейкай ежы. Адзенне або абмундзіраванне не прасіў, сказаў, што ім абяцалі выдаць перад адпраўленнем. На сустрэчы быў проста ў звычайнай вайсковай форме.

Затое папрасіў гітару, сказаў, што кожны дзень у іх ёсць дзве-тры гадзіны вольнага часу, калі яны з хлопцамі едуць у блізкі лес, паляць вогнішчы і спяваюць песні. Проста гульня «Зарніца», праўда, усе ўдзельнікі ўвесь час п'юць, а камандаванне, па словах бацькі сяброўкі, заплюшчвае на гэта вочы.

Пры гэтым сам ён не п'е, не паліць. Трымацца з намі стараўся пазітыўна, адзіныя сумневы, якія ўзнікалі ў яго на той момант, былі пра тое, што «ўва мне цячэ і ўкраінская кроў, ці змагу я страляць ва ўкраінцаў».

Гэта гучала настолькі страшна і абсурдна, што, калі б я не чула гэта сама асабіста, не паверыла б. На ўсе астатнія пытанні ён адказваў лаканічна: «Гэта мой абавязак».

Яго дачка, якой ён аплачваў навучанне за мяжой, да гэтага часу не можа зразумець, калі і пад уплывам чаго яе зусім адэкватны бацька так змяніўся.

Пасля двух тыдняў вучобы іх адправілі ў Белгарад, адкуль ён патэлефанаваў і расказаў, што ў двух мабілізаваных здарыўся інсульт, астатнія працягваюць піць.

Ужо больш за тыдзень ён не выходзіць на сувязь. Сяброўка шукае хоць нейкую інфармацыю ў шматлікіх чатах жонак мабілізаваных. Тамака яна даведалася, што іх брыгаду ўжо адправілі на фронт. «Піянерлагер» скончыўся, ці зразумеў ён гэта?

Ёсць яшчэ адзін непрыемны момант: усе мабілізаваныя перад адпраўкай на фронт пішуць завяшчанні. Мая сяброўка таксама атрымала.

Што да грошай, то яе бацьку, як і ўсім мабілізаваным, выдалі тыя самыя карты «Мір». Іх выдаюць парай: адну — самаму мабілізаванаму, другую — чалавеку, якога ён назаве.

Прыкладна праз месяц на гэтую карту залічылі суму, далёка не роўную 195 тысячам рублёў — каля 100 тысяч.

Яшчэ адзін знаёмы хлопец, якому крыху за 30 гадоў, пайшоў з позвай параіцца да бацькоў, і тыя… яго падтрымалі. Затым ён размясціў у сацсетках некалькі лозунгаў тыпу «Расія наперад!», «Мы за справядлівую справу», потым ваенкамат, два тыдні навучання — і зараз з ім таксама знікла сувязь.

Апошні раз ён мне пісаў, што з'яжджае з Белгарада.

Але ёсць і іншыя прыклады. Дванаццаць мужчын і хлопцаў з майго атачэння з'ехалі з краіны, хто ў Казахстан, хто ў Турцыю. Адзін паспрабаваў атрымаць броню ад прадпрыемства, не змог і з'ехаў у Беларусь. Казаў, што аўтобус правяралі памежнікі, але выпусцілі ўсіх.

Ён не змог паляцець з Мінска ў Турцыю, таму што білеты былі вельмі дарагімі, так і жыў у сваякоў у рэгіёне. Нядаўна вярнуўся і зноў збіраецца з'язджаць, бо мы мяркуем, што да Новага года пачнецца яшчэ адна хваля мабілізацыі.

— Вы збіраецеся далей жыць у Расіі?

— Уласна, настроі ад'езду з'явіліся нават у тых, хто не падлягае мабілізацыі. Калі падумаць, то справа не ў шакаладзе, які знік з нашых крам. І нават тое, што нас пазбавілі віз, страшна, але не смяротна. Галоўнае — бяспека.

З жахам думаеш: калі што здарыцца, куды бегчы? Бо сітуацыі, якая прымусіла б мяне звярнуцца па дапамогу, да тых, каго называюць праваахоўнікамі, я не ўяўляю.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Янец/адказаць/
22.11.2022
У нашей героини есть доказательства, что в Украине нет лабораторий? Она может туда хоть 5 раз в году ездить, всё равно их ей не покажут.
2
Максим Дизайнер/адказаць/
25.11.2022
Чудны дела....

Да-да, не выкидывают. Пятерочки и Дикси все на переработку отравляют, как в колхозном Виталюрчике. Куда там Европке до Питера, где в пиццериях в конце рабочего дня пиццы на заднем дворе раздают. А в Питере все на свалку отправляют. Но наш колхоз точно не переплюнуть. А то куда все это "багатства" с прилавков деется. По слухам от 60% мясного отдела - на свалку каждый день, и на любимые котлетки протухшие полковникам в кулинарию. Все равно не отличат от  недельной давности от борщеварок.
2
Максим Дизайнер/адказаць/
25.11.2022
В Питере зарплаты в 3 раза выше, чем в Минске. Причем тут война, идиотины?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера