Знайсці
16.11.2022 / 19:321РусŁacБел

«Калі Шродэр быў канцлерам, Пуцін размаўляў з ім як з дзеншчыком»

Сяргей Пугачоў, банкір, некалі адзін з самых багатых людзей Расіі, дарадца Барыса Ельцына, адзін з кіраўнікоў яго перадвыбарчага штаба. У яго небездакорная рэпутацыя, але ён ведаў Пуціна блізка. У інтэрвʼю «Фейгін Live» Пугачоў распавёў пра Пуціна як пра чалавека, з якім ён цесна кантактаваў з 1996 па 2012 год. Дэталі, якія становяцца вядомымі цяпер, дазваляюць зрабіць партрэт расійскага лідара больш яркім. Выбралі цікавае.

Уладзімір Пуцін, 2000 год. Фота: АР

«Бязвольны чалавек, у якога няма ніякіх ідэй»

Фейгін спытаў у Пугачова, наколькі моцна, на яго думку, перажывае Пуцін з нагоды такога сур'ёзнага паражэння, як цяпер.

Пугачоў кажа, што цяжка параўноўваць сённяшнія падзеі наогул з чым-небудзь. У асабістым жа жыцці Пуціна, на думку Пугачова, гэта можна параўнаць хіба з пройгрышам Анатолем Сабчаком выбараў на пасаду губернатара Санкт-Пецярбурга ў 1996 годзе. Пуцін тады кіраваў выбарчым штабам Сабчака. У выніку Пуцін застаўся без працы. І гэта была не адзіная складанасць для яго.

«Супраць Пуціна былі пачатыя дзве крымінальныя справы, яго выгналі на вуліцу, у яго згарэла лецішча, Сабчак эміграваў у Францыю», — успамінае Пугачоў.

Ён распавядае, што, калі сустрэў Пуціна ў Маскве, той быў абсалютна спакойным. Але гэта не быў упэўнены спакой, гэта быў такі фаталістычны спакой: як будзе — так будзе.

«Вы ж ведаеце гэтую гісторыю, што ён у таксі хацеў уладкавацца. Гэта праўда. Я ж меў вельмі блізкія зносіны з яго сям'ёй. Гэта было жыццё людзей, якіх выкінула з жыцця. Але асабліва яны не перажывалі. Ён жа ў нейкім сэнсе нават [потым] пыжыўся: я з нізоў, мы ў камунальнай кватэры ўсё жыццё пражылі, а вы тут раскашуеце і гэтак далей. Разумееце, гэта асаблівы склад характару. Гэта такі слабы, бязвольны чалавек, у якога няма ніякіх ідэй», — кажа Пугачоў.

Пугачоў лічыць, што наўрад ці Пуцін цяпер у такой роспачы, што «проста гатовы застрэліцца».

Сяргей Пугачоў на праграме «Фейгін Live». Скрын відэа

«Гэта такі лузер, які лузер абсалютна. Ён апрыёры быў гатовы [да пройгрышаў]. Не да таго, што ён вайну прайграе, а да таго, што ў яго ўсё жыццё вось такія рэчы адбываюцца. Кадравая палітыка, эканоміка, падзенне ўзроўню жыцця, што ні крані — усюды такая сітуацыя. Таму ён ставіцца да гэтага нармальна», — мяркуе Пугачоў.

Банкір лічыць, што за 20 з нечым гадоў міфатворчасць вакол Пуціна сыграла злы жарт не толькі з самім прэзідэнтам Расіі і яго найбліжэйшым асяроддзем, але і з усімі 140 мільёнамі чалавек. І нават шмат хто, у тым ліку з заходніх лідараў, «трапіў у гэтую пастку».

«Ліслівасцю ад Пуціна можна атрымаць што хочаце»

Пугачоў называе слабасць Пуціна, пра якую мала хто ведае.«Пуцін любіць простыя рэчы: каб асабліва ніхто не чапаў, камфорт і жудасную ліслівасць. Зусім паталагічную, якую я не сустракаў у сваім жыцці.

Ліслівасцю ад Пуціна можна атрымаць што хочаце. Калі Шайгу прыйдзе і скажа, што Жукаў у параўнанні з Пуціным адпачывае, то пасля гэтага можа сабе яшчэ зорку Героя павесіць, проста ў момант, калі, умоўна кажучы, Херсон пакідаюць.

На маіх вачах гэта адбывалася сотні разоў. Людзі прыходзілі, казалі, што мы вось толькі хацелі б спытаць, што вы думаеце з нагоды, не ведаю, архітэктуры, мастацтва, караблебудавання і іншага, і ў той жа момант дастаць аркушык паперы і сказаць: «Уладзімір Уладзіміравіч, калі ласка, тут вось домік мы хочам прыватызаваць». Ён адказвае: «Ды не пытанне, калі ласка».

Як Сечын стаў генералам на дзень нараджэння

«Пуцін — злапомны чалавек, — лічыць Пугачоў. — Уся геапалітыка ў Пуціна — гэта пытанне асабістых адносін. Нават украінская гісторыя — гэта не прырастанне землямі і гэтак далей. Гэта яшчэ 2004 год, калі, памятаеце, тры тэлеграмы віншаванняў Януковічу было. Гэта ж характар, чалавек вось такі, і ён упарта працягвае помсціць за асабістую абразу».

Пугачоў распавядае адну дзіўную гісторыю, якая адбылася, калі Пуцін з Сечыным пераехалі ў Маскву.

«Ён папрасіў мяне даць Сечыну кватэру. Гэта было вельмі складана, таму што Сечын працаваў толькі малодшым эканамістам у Кіраўніцтве спраў прэзідэнта. Але я папрасіў [кіраўніка спраў прэзідэнта Паўла] Барадзіна. І потым ужо Сечын, будучы намеснікам кіраўніка адміністрацыі, мне кажа: «Сяргей Віктаравіч, а вы памятаеце тую кватэру?» Я думаю: ён хоча падзякаваць, а ён адказвае: «У мяне там катастрофа, я гэтую кватэру наогул зачыніў і туды не прыязджаю, жыву ў службовай».

Аказалася, Пуцін прыехаў, спытаў, колькі метраў кватэра. Вось столькі. «Гэта атрымліваецца больш, чым у мяне». І ён проста разварочваецца, садзіцца ў машыну, ні добры дзень, ні да пабачэння, і два месяцы ніводнага слова. А ў завяршэнне гэтага Пуцін запрашае Сечына і кажа: «Я вось тут паглядзеў, падумаў, я прапаную вам узяць адпачынак, і з адпачынку не вяртайцеся».

Пугачоў не распавядае, як вырашылася сітуацыя, але, відавочна, што добра. А крыху пазней з Сечыным і Пуціным здарылася іншая цікавая гісторыя, якую мы ведаем толькі са слоў Пугачова.

Сечын на свой дзень нараджэння папрасіў Пугачова: «Сяргей Віктаравіч, можаце папрасіць, каб мне генерала прысвоіў [Пуцін]?» Я кажу: «А ты хто па званні?» Ён кажа: «Я звольніўся старшым лейтэнантам. Але хацеў бы стаць генералам». Я кажу: «Ну не ведаю, неяк гэта крута».

А потым Пуцін пытаецца: «Як ты думаеш, што Ігару падарыць?» — «Я не ведаю, у яго жаданне стаць генералам, але гэта жарт, вядома». — «Ну чаму жарт? Чаму не?»

Указ падпісаў, і на дзень нараджэння ў 2000 годзе Сечын стаў генерал-маёрам. А цяпер ён генерал-палкоўнік запасу. Служыў два гады ў Анголе перакладчыкам» («Вікіпедыя» кажа, што вайсковае званне Сечына — лейтэнант, аднак «Ведамасці» ў 2012 годзе ўзгадвалі пра тое, што Сечын, верагодна, атрымаў генеральскае званне. — НН).

«Чаму людзі зʼязджаюць, і чаму яны там падаюць з вокнаў?»

Пугачоў мяркуе, што ў асяроддзі Пуціна разумеюць, што вайна прайграная, і кожны думае, што яго чакае.

«Гэты картачны домік бурыцца. Ён разбураецца ўнутры пуцінскай сістэмы. Усе разумеюць, што вайна прайграная. Сёння ўсе спрабуюць неяк выратавацца. Спрабуюць нейкім чынам ухіліцца, сысці, згубіцца і гэтак далей. Але пажадана з грашыма і пажадана з кампраматам. Чаму людзі зʼязджаюць, і чаму яны там падаюць з вокнаў, чаму гэта адбываецца?

Гэта людзі, у якіх флэшкі з усімі плацяжамі за 20 гадоў. Я не ведаю, можа, там на трыльён даляраў — Газпрам, ВТБ, Сбербанк».

Пугачоў кажа, што Пуцін абагачаўся асабіста першыя 10 гадоў. А калі яхтамі і палацамі наталіўся, вырашыў, што называецца, купіць усіх.

«Гэта ўнікальны на самай справе ў сучасным свеце рычаг у Пуціна — проста бясконцая колькасць наяўных грошай у любым выглядзе — хочаш у афшоры, хочаш у чамадане, хочаш самалётам прывязём куды заўгодна».

Пугачоў кажа, што вялікая ілюзія меркаваць, што дэмакратычныя краіны — «яны не такія».

«Расследаванні дзесяцітонныя напісаныя, як і каго там карумпавалі. І мы гэта бачым. І з улікам вайны ва Украіне мы гэта бачым яшчэ больш яскрава. Гэта надлом не толькі пуцінскага атачэння, гэта надлом сусветны. Проста трэба разумець, што 20 гадоў увесь свет сілкаваўся адтуль. Паглядзіце на Нямеччыну. Я памятаю Шродэра жыўцом, умоўна кажучы, на кухні Пуціна. Пуцін з ім размаўляў як з дзеншчыком. Калі той быў канцлерам.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і былы канцлер Германіі Герхард Шродэр на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу, 21 чэрвеня 2012 года. Фота: АР

Гэта тое, што я бачыў, а колькі мы не бачылі і не ведаем. І вось вайна ва Украіне — гэта лакмусавая паперка, якая ўсё нам пакажа, і мы ўбачым з часам, як гэта ўсё будзе разгортвацца».

Пугачоў кажа, што ў каманды Пуціна шмат кампрамату як адзін на аднаго, так і на заходніх лідараў.

«Усё, што хвалюе людзей з каманды Пуціна, — гэта асабістая будучыня. Кожны з іх мае гіганцкі кампрамат, проста не ведае, як яго прадаць. Гэта культура, якую прынёс Пуцін. Пры Ельцыне кампрамат ніхто адно на аднаго не збіраў.

Як павукі ў слоіку 20 гадоў, але, паверце, пра лёсы радзімы гэтыя хлопцы не думалі ніколі. Я проста іх ведаю. Яны хацелі проста зарабіць грошай і зваліць за мяжу, вось і ўсё», — кажа ён.

«Ён жа не пачынаў вайну. Ён проста далучаў яшчэ кавалак Крыма»

Пугачоў, які сам з сямʼі вайскоўцаў, распавядае, што яшчэ з васьмідзясятых гадоў у армейскім асяроддзі лічылі, што вайны не будзе ніколі, што дастаткова мець нейкі запас ядзернай зброі, і гэта і ёсць абарона ад вайны.

У Пуціна як у спецслужбіста, паводле Пугачова, была свая вайна з вайскоўцамі.

«Пуцін проста пастараўся разнесці ў прах Міністэрства абароны і рэшткі войска. У яго атачэнні няма ніводнага вайскоўца, нават чалавека, які б проста ў войску служыў, ну акрамя Сердзюкова (ён тэрміновую ў Малдавіі служыў)».

Даручэнне Пуціна Сердзюкову пры прызначэнні міністрам абароны было такім: «Усё, што можна, будынкі, збудаванні, усё, што нам не трэба ўжо, усё прадаць. Толькі больш двух працэнтаў не браць».

Сердзюкоў перапытваў у Пугачова: «Гэта ён мяне так правярае?» — «Не, не правярае, такі наказ галоўнакамандуючага».

«Пра Сяргея Іванова наогул асобная гісторыя. Калі ён прыйшоў, апошнія інваліды з войска проста звольніліся. Гэта асаблівы персанаж. Пасля Сердзюкова прыйшоў Шайгу, які быў тэрмінова прызваны ў армію пасля таго, як ён паспяхова ўладкаваўся губернатарам. Двое адмовіліся, карта так легла, што прыйшлося яго клікаць. Дырэктар будаўнічага цэха, у арміі не служыў, гэта такі піяр-менеджар. Міністр для парадаў. Я ўпэўнены, што ў яго не тое што там не было ідэі пра нейкую вайну ці пра абароназдольнасць, ён заўсёды марыў вярнуцца ў Тыву. І займаўся ён хаджэннем па Краснай плошчы», — распавядае Пугачоў.

Фота: АР

Чаму ж Пуцін, ведаючы пра стан арміі, адважыўся на вайну?

«У Пуціна карціна свету была вельмі простая: што будзе, як у Крыме; Медзвядчука, Януковіча і ўсіх астатніх — іх туды [ва Украіну] вярнуць, іх там жудасна любяць, таму што туды выдаткавалі дзясяткі мільярдаў даляраў. Ён падмануўся вось гэтым. Ён быў упэўнены, што праз тры дні прыйдуць на паклон з хлебам-соллю. Пра танкі — гэта апошняе, аб чым ён думаў», — мяркуе Пугачоў.

«Ён жа не пачынаў вайну. Ён проста далучаў яшчэ адзін кавалак Крыма, які называецца чамусьці Украінай. Вось і ўсё», — кажа Пугачоў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Ёсік/адказаць/
16.11.2022
Што Лукашэнка, што пуцін, нейкія небаракі. Адзін хацеў за сіліцца, другі ўладкавацца кіроўцам таксоўкі, у абодвух нічога не атрымалася, на жаль. Божухна, што ты за эксперыменты ставіш, калі такіх людзей так высока падкідваеш? Чаму не даў ім зрабіць тое, што яны задумалі. Не было б гэтых балваноў, і жылі б людзі інакш, а так - знішчэнне людзей.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера