Знайсці
11.11.2022 / 14:248РусŁacБел

Спіс Фрумана. Грамадзянін Ізраіля правёў сваё расследаванне і знайшоў тых, хто катаваў яго ў жніўні 2020 года

Грамадзянін Ізраіля Аляксандр Фруман у жніўні 2020 года напоўніцу зведаў, як працавала лукашэнкаўская сістэма пасля выбараў. Ён правеў 78 гадзін у беларускіх аўтазаках і ізалятарах. У Беларусі ён не дамогся ніякага пакарання для тых, хто незаконна яго арыштаваў і катаваў, таму правёў сваё прыватнае расследаванне. Аляксандр зрабіў адмысловы сайт, дзе назваў большасць з тых, хто здекаваўся з яго і іншых затрыманых. Але ён кажа, што расследаванне не скончанае.

Аляксандр Фруман. Фота: fruman.alex / Facebook

Вяртанне на радзіму

Аляксандр, які жыве ў Ізраілі, прыехаў з сям’ёй на сваю радзіму ў Беларусь незадоўга да выбараў. «Нам вельмі спадабалася падарожжа па Беларусі ў 2019 годзе, і таму ўзнікла ідэя вярнуцца праз год. Адпачыць у коле сям'і ад нашай блізкаўсходняй спёкі і паглядзець на прыгажосці роднай Беларусі», — піша ён.

Знялі кватэру ў Мінску на праспекце Незалежнасці.

Увечары 9 жніўня яны з сям’ёй выйшлі на Зыбіцкую паесці. Пасля 20:00 міліцыя стала перакрываць розныя праходы для людзей. Шукаючы бяспечны шлях дадому, яны бачылі пратэсты каля Стэлы, бачылі, як выкарыстоўваюць светлашумавыя гранаты, як у натоўп перыядычна прыязджаюць хуткія. «Так-сяк праз кардоны дабраліся дахаты».

А на наступны дзень Аляксандр сам апынуўся ў аўтазаку.

Ён паспрабаваў зрабіць здымак з гарою шчытоў з надпісам «Мiлiцыя» побач з прыпынкам грамадскага транспарту, і амаль адразу на яго накінуліся амапаўцы.

«Я сказаў ім, што я — грамадзянін Ізраіля, і каб яны патэлефанавалі ў пасольства. У адказ пачуў у свой адрас дзікія мацюкі і грубыя антысеміцкія жарты… Яны сказалі, што я не да канца прайшоў абразанне, і трэба мне яго «паўтарыць». Пагражалі забойствам. «Калі будзеш працягваць качаць правы і патрабаваць тэлефанаваць у пасольства — ты з гэтага аўтобуса не выйдзеш». Натуральна ўсё гэта было крыкамі, якія пераходзілі на роў.

Аўтобус стаяў на праспекце ў цэнтры Мінска, яны проста хапалі ўсіх, хто праходзіў міма, а я мог толькі сядзець і назіраць. Я бачыў, як хлопец выйшаў з прадуктовай крамы з авоськай — хоп! — і яго заграблі», — згадвае Аляксандр.

Так пачаліся 78 гадзін яго асабістага пекла, за якое, упэўнены Аляксандр, вінаватыя павінны панесці пакаранне.

Расследаванне мужчыны мела некалькі этапаў. Гэта апазнанне людзей па фота, вывучэнне злітых у сеціва асабістых даных сілавікоў, дапамога ў інфармацыі ад BYPOL і ананімнага супрацоўніка Савецкага РУУС, куды дастаўлялі Аляксандра, супраца з кіберпартызанамі. Прозвішчы некаторых супрацоўнікаў органаў ён запомніў, калі тыя перамаўляліся між сабой.

З дапамогай інфармацыі BYPOL Аляксандр высветліў, што затрымалі яго супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінска з шостага ўзвода другой аператыўнай роты пад кіраўніцтвам Слюнькова Андрэя Міхайлавіча. Акрамя Слюнькова, як пішацца ў расследаванні, былі апазнаныя Раман Торык і Аляксандр Ганчаронак. Таксама Аляксандр называе супрацоўнікаў АМАП, якія маглі мець дачыненне ў збіванні затрыманых па дарозе з аўтобуса ў аўтазак. 

Сам Аляксандр таксама быў збіты.

Савецкае РУУС

Аляксандра разам з затрыманымі прывезлі ў Савецкае РУУС. Там правялі зноў праз «калідор дубінак».

«62 чалавекі паставілі каля плота: галаву ўпіраеш у плот на ўзроўні жывата, рукі ці на галаве, ці над галавой далонямі вонкі, ногі на шырыні плячэй. Такое я бачыў толькі ў крымінальнай хроніцы, так затрымоўваюць сур'ёзных злачынцаў».

Правёўшы расследаванне, Аляксандр лічыць, што катаваннямі ў Савецкім РУУС маглі камандаваць палкоўнік міліцыі Каліннік Сяргей Леанідавіч і падпалкоўнік міліцыі Кесель Цімур Барысавіч.

На вуліцы ў дворыку РУУС Аляксандр правёў 16 гадзін. Ён распавядае тое ж, што распавядалі тысячы беларусаў — здзекі, катаванні, збіццё, парушэнне элементарных правоў.

«Перад світаннем тэмпература ўпала да 10 градусаў, але арыштаваныя працягвалі стаяць у двары.

Я быў у адной майцы і ў джынсавых шортах да калена. Тэмпература знізілася, мне было страшэнна холадна. Пасля яны дазволілі нам сесці на асфальт з рукамі за галавой. Але, калі ты садзішся на халодны асфальт пры тэмпературы 10 градусаў цяпла, табе становіцца яшчэ халадней.

Я — мужчына, прайшоў рознае ў жыцці, магу спраўляцца з падобнымі сітуацыямі. Але з намі стаяла 51-гадовая жанчына, Наталля, і выконвала ўсё тое самае, што і мы… Я не ведаю, як яна гэта вытрымала…

Мы чакалі досвітку, як прыходу Месіі. Нам усім было страшэнна холадна.

З намі ў двары знаходзіўся разумова адсталы інвалід другой групы, які паводзіў сябе, як шасцігадовае дзіця. 

Калі яму загадвалі падняць рукі, ён усміхаўся і казаў: «Я не буду, я стаміўся, не магу так больш стаяць». За гэта яго збівалі дубінкамі і каралі больш, чым нас. Усе вакол разумелі, што ён нездаровы, і з-за гэтага так сябе паводзіць. Чаму міліцыянеры гэтага не разумелі, для мяне загадка».

Знаходзячыся ў двары, ён чуў, як у будынку РУУС катавалі людзей, арыштаваных той жа ноччу каля ўніверсама «Рыга», дзе яны спрабавалі будаваць барыкады.

«Я чуў кашмарныя крыкі і ўдары, такія глухія, па целе дубінкай. На гэтых людзей АМАП перакінуў усю злосць — і, напэўна, гэта нас выратавала ад больш жорсткіх катаванняў».

Па выніках свайго расследавання Аляксандр лічыць, што адказнымі за катаванні, збіццё, пагрозы жыццю і здароўю, пазбаўленне сну, ежы і вады, незахаванне санітарных нормаў маглі быць начальнік Савецкага РУУС Сяргей Каліннік, яго намеснік Цімур Кесель, інспектар Савецкага РУУС Марына Сафонава і Святлана Нікіціна.

Аўтазак у Жодзіна

Людзі ў аўтазаку ляжалі адзін на адным. Адзін хлопец страціў прытомнасць. 

«Адбывалася гэта так: чалавек становіцца на калені, рукі за спінай, спіна сагнутая, галава ўткнутая ў падлогу. Я станаўлюся за ім, таксама на каленях, навальваюся на яго».

Этапаванне ў Жодзіна было самым цяжкім момантам за ўвесь час яго арышту. 

«Перада мною ляжаў хлопец, дужа моцны. Потым ён быў са мной у камеры, ён былы салдат з прэзідэнцкай роты, якія ладзяць паказы на святы і сустракаюць замежных гасцей ганаровай вартай. Відаць, яму не хапіла паветра і ён страціў прытомнасць. Яго перавярнулі, пабілі па шчоках, палілі вадой, і ён ачуняў. Але цяпер ён быў нада мною ў гэтай кучы целаў.

Адзін хлопец проста нарабіў у штаны. Па-мойму, ён быў проста перада мной. І вось, мы едзем у гэтай задусе, людзі ляжаць адзін на адным, калені баляць, машына скача на выбоінах… І тут дадаецца гэты пах. А яшчэ ў аўтазаку яны гулялі з намі ў «караоке». Яны «заказвалі» песню — а мы павінны былі яе спяваць. Яны «заказвалі» песню «Перамен» Цоя або песні Стаса Міхайлава. Я не спяваў, але маладзейшыя хлопцы спрабавалі нешта выканаць». 

Тых, хто скардзіўся, — збівалі. Калі «амапавец» не мог дастаць да чалавека, якога хацеў стукнуць дубінкай, ён станавіўся на спіны іншых зняволеных, каб дацягнуцца.

«Я зразумеў, што лепш не выдаваць ні гуку, яшчэ гадзінку пацярпець. Але мы слухалі іх — і запаміналі. Часам яны рабілі памылкі — называлі адзін аднаго па прозвішчах. Я з аўтазака ў Жодзіне запомніў адно прозвішча — Шабуня.

У выніку расследавання Аляксандр прыйшоў да высновы, што ў этапаванні затрыманых з Савецкага РУУС у жодзінскую турму магла ўдзельнічаць 4-я аператыўная рота АМАП ГУУС. Ён сцвярджае, што быў апазнаны сяржант АМАП Павел Шабуня, Арцём Дуброўскі, Павел Апячонак.

Таксама, лічыць Аляксандр, маёр міліцыі, камандзір дванаццатага ўзвода чацвёртай аператыўнай роты Гушча Дзяніс Міхайлавіч можа несці адказнасць за дзеянні сваіх падначаленых.

Турма ў Жодзіне

Аляксандр апісвае, што толькі па прыбыцці ў СІЗА Жодзіна арыштаваным удалося выдыхнуць. «Супрацоўнікі «зоны» для крымінальных злачынцаў паводзілі сябе значна больш карэктна, чым АМАП».

У камеры, разлічанай на 8 чалавек, сядзелі 18 мужчын. 

Умовы ў камеры — антысанітарыя, бруд. Анучку прынёс ахоўнік — яны падлогі памылі, каб на падлозе спаць.

13 жніўня зняволеных пачалі выводзіць на суды. Суддзі нікога не слухалі, а штампавалі прысуды. Арыштаваныя атрымлівалі стандартныя тэрміны адміністрацыйнага арышту — ад 5 да 15 сутак. Адзін з затрыманых атрымаў вымову ад суддзі за тое, што размаўляў з ёй па-беларуску…

Не асудзілі толькі Аляксандра і паляка. Між тым скончыліся 72 гадзіны, падчас якіх па законе можна трымаць чалавека пад вартай.

«Я аднаго турэмшчыка паклікаў, кажу: «Слухай, а што са мною? Яшчэ 2 гадзіны — і мяне трэба выпускаць па законе». Ён кажа: «З табой такая дзіўная гісторыя — страцілі твае дакументы». І тады я зразумеў, што хутка выйду…»

Аляксандр Фруман. Фота: fruman.alex / Facebook

Аляксандр піша, што расследаванне яшчэ не завершанае, і ён будзе рады любой дапамозе.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
115
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
15
Абуральна
27
0
Кола гiсторыi/адказаць/
11.11.2022
Gorliwy Litwin, Калгасная, есць рознiца, сапраудных сялян знiшчылi, калi у калгасы набралi беззямельных галадранцау
11.11.2022
Дарэчы, у жніўні 2022 16-20 чалавек было ў камерах на 2 месцы!


0
Змагар Адась/адказаць/
12.11.2022
Знайсці то добра, зараз трэба пакараць.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930