Знайсці
06.11.2022 / 17:17РусŁacБел

Экс-сукамернік Брэдзелева: У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі

У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева. Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі, але не былі вядомыя падрабязнасці. Сукамернік Мікалая з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (яго імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі) распавёў «Вясне», у якім стане Брэдзелеў трапіў у камеру.

Мікалай Брэдзелеў з сябрам Аляксеем быў затрыманы 10 снежня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Яго былы сукамернік распавядае, што Мікалая ў ЦІП прывезлі ўсяго збітага:

«У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі, збівалі моцна. Мяркуючы па яго стане — прымалі жорстка. Мы — 15-20 чалавек — спалі на падлозе, таму распраналіся да бялізны, бо ацяпленне было на максімуме. Таму ўсе бачылі сінякі Мікалая. Гэта былі прама чорна-фіялетавыя плямы па ўсіх сцёгнах, на целе таксама былі: спіна, бакі. Ніколі не забуду».

Экс-сукамернік Мікалая ўспамінае, што той не распавядаў падрабязнасцей пра сваё затрыманне. Паводле яго, ён нават выказаць здагадку не можа, чым і як трэба было збіваць чалавека, каб утварыліся такія гематомы:

«Калі дубінкай, то трэба вельмі шмат разоў ударыць, каб атрымаць такое суцэльнае пакрыццё».

Мікалая затрымлівалі з яго сябрам Аляксеем. Яго сукамернік распавядаў «Нашай Ніве», што той таксама быў моцна збіты:

«Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры зламалі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам».

Як адразу паведамлялася ў праўладных тэлеграм-каналах, дзе было апублікавана «пакаяльнае» відэа з Брэдзелевым, Мікалай нібыта з ліпеня 2020-га перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю (даныя кліентаў А1), але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў.

«Яго вазілі на допыт з ЦІПа і, як цяпер памятаю, ён прыехаў назад і сказаў, што следчыя прызнаюць, што на яго няма нічога, і, маўляў, «яго падставілі». Ён заўсёды сцвярджаў, што ў яго няма нават доступу да гэтай інфармацыі, у зліве якой яго падазравалі».

Былы сукамернік Мікалая ўзгадвае яго моцныя хваляванні:

«Ён вельмі перажываў, быў настроены песімістычна і дэпрэсіўна. Пазней акрыяў, пачаў займацца спортам, шмат чытаць… Ён да апошняга спадзяваўся, што яго апраўдаюць».

Спачатку Мікалая асудзілі на 15 сутак, а потым прад'явілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1. Пасля дзесяці месяцаў пад вартай над Брэдзелевым распачаўся суд, але судзілі яго не па артыкулах за «зліў дадзеных». У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка Мікалая асудзілі да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) і апраўдалі па ч. 2 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) па прычыне недаказанасці віны. Суд над Мікалаем праходзіў у закрытым рэжыме, таму яго падрабязнасці невядомыя.

«Вельмі прыемны, інтэлігентны і шчыры чалавек. Ён вясёлы і актыўны таварыш, майстар гульні ў «Кракадзіла» і «Мафію» — мы на працягу дня бавілі час за рознымі гульнямі», — успамінае час у ЦІП былы сукамернік Мікалая.

Падтрымайце Мікалая: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Мікалай Алегавіч Брэдзелеў.

Чытайце таксама:

Прэс-сакратара A1 асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», якога не існавала

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера