Знайсці
17.11.2022 / 08:49РусŁacБел

Чэмпіянат свету па футболе хутка пачнецца. Чаму яго лічаць самым скандальным за ўвесь час?

Катарскі чэмпіянат свету па футболе пачынаецца 20 лістапада. Гэты турнір ужо лічаць адным з самых скандальных ЧС за ўвесь час. Расказваем, што пра яго вядома.

Фота: АР

Дзе і калі пройдзе турнір

Чэмпіянат свету-2022 пачнецца 20 лістапада з гульні Катара супраць Эквадора, фінал турніру прызначаны на 18 снежня. Матчы пройдуць на васьмі пляцоўках, што знаходзяцца ў межах 40 кіламетраў ад сталіцы Катара Дохі. 

Гэты чэмпіянат свету стане другім, што адбудзецца ў Азіі, мінулы раз на гэтым кантыненце ЧС прымалі Японія і Паўднёвая Карэя ў 2002 годзе. Цяпер жа турнір ладзяць у Катары — маленькай краіне на беразе Персідскага заліва і на ўсходзе Аравійскага паўвострава.

Гэтым разам у ЧС удзельнічаюць 32 каманды ў 8 групах:

  • Група А: Катар, Эквадор, Сенегал, Нідэрланды.
  • Група B: Англія, Іран, ЗША, Уэльс.
  • Група С: Аргенціна, Саўдаўская Аравія, Мексіка, Польшча.
  • Група D: Францыя, Аўстралія, Данія, Туніс.
  • Група Е: Іспанія, Коста-Рыка, Германія, Японія.
  • Група F: Бельгія, Канада, Марока, Харватыя.
  • Група G: Бразілія, Сербія, Швейцарыя, Камерун.
  • Група Н: Партугалія, Гана, Уругвай, Паўднёвая Карэя.

Нацыянальны стадыён у Лусаіле, дзе пройдзе фінал ЧС-2022. Фота: АР

Групавая стадыя расцягнецца на 12 дзён, падчас якіх ў кожны дзень пройдзе ў сярэднім 4 гульні. Пасля гэтага распачнецца стадыя плэй-оф.

Чаму чэмпіянат праходзіць зімой

ЧС па футболе звычайна праводзілі падчас лета ў Паўночным паўшар'і, у перыяд прыкладна з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны ліпеня. Але ж у гэты час тэмпература ў Катары можа дасягаць 50 градусаў, то-бок летам у гэтай краіне не да футбола. Таму зладзіць там ЧС можна толькі ў больш халодныя месяцы. У лістападзе і снежні слупок тэрмометра ў Катары наўрад ці падымецца значна вышэй за 30 градусаў, кандыцыянеры на стадыёнах таксама дапамогуць лепш трываць спёку.

Калі ЧС праводзілі летам, ён добра змяшчаўся паміж сезонамі ў еўрапейскіх футбольных лігах, але як умясціць у расклад зімовы турнір? На час турніру запланаваныя перапынкі ў нацыянальных лігах, і кіраўніцтва ліг вымушана кампенсаваць гэта вялікай колькасцю гульняў за малы адрэзак часу. Напрыклад, некаторыя англійскія клубы за кастрычнік правялі ажно па дзевяць матчаў, што недзе ў два разы больш, чым пры звычайным раскладзе.

У 2014 годзе Зэп Блатэр, тагачасны прэзідэнт ФІФА, назваў выбар Катара для правядзення ЧС памылкай. Прычына — неабходнасць пераносу турніру на халодны сезон.

Што яшчэ не так

Турнір у Катары — адзін з самых скандальных чэмпіянатаў свету за апошнія гады. 

Трэніроўка ў футбольным клубе Independiente del Valle у Кіта, сталіцы Эквадора. Гэты клуб — галоўная крыніца гульцоў для нацыянальнай зборнай па футболе. Фота: АР

На думку члена брытанскага парламента Лейлы Моран, «такія краіны, як Катар, выкарыстоўваюць спорт, каб абяліць сябе пасля жудасных парушэнняў правоў чалавека». За гэтымі словамі стаіць не толькі доўгая гісторыя парушэння правоў чалавека ў Катары, але і лёсы соцень тысяч працоўных-мігрантаў, якія ўдзельнічалі ў будаванні аб’ектаў ЧС-2022.

Мелі месца шматлікія выпадкі нявыплачаных заробкаў, незаконных збораў за працаўладкаванне памерам у 1300 даляраў (іх былі вымушаныя заплаціць сотні тысяч працоўных), траўмы і нават смерці. Ажно да 2020 года працоўныя былі абмежаваныя ў магчымасці звольніцца ці пакінуць краіну. Праваабаронцы з арганізацыі Amnesty International пісалі летам 2021 года: «Дакументальна пацвярджаецца, што Катар рэгулярна выдае пасведчанні аб смерці працоўных-мігрантаў без правядзення належнага расследавання, пры гэтым тлумачыць смерць натуральнымі прычынамі ці сардэчнай недастатковасцю».

І справа не толькі ў будаванні інфраструктуры да ЧС. У Катары, напрыклад, дазволеныя законам лупцаванне і пабіванне камянямі (хаця гэтая мера там ніколі не прымянялася), там і да эпапеі з чэмпіянатам былі моцна распаўсюджаныя прымусовая праца і іншыя парушэнні правоў працоўных.

Акрамя таго, у Катары крымінальна пераследуюць ЛГБТ.

Катарскі ўрад не адчайваецца і спрабуе выкарыстаць ЧС як шанс прадставіць краіну ў свеце. Для гэтага мясцовыя чыноўнікі прыдумалі небывалую акцыю: прыкладна 1600 фанатаў з розных краін могуць прыехаць на турнір цалкам бясплатна, але ж для гэтага ім трэба будзе падпісаць кодэкс паводзінаў. Адпаведна з ім, аматары мусяць дзяліцца пастамі Вярхоўнага камітэта, паведамляць пра «абразлівыя» каментары ад іншых фанатаў, насіць майкі сваёй зборнай, каб прыцягнуць увагу, і — галоўнае — не казаць нічога дрэннага пра Катар.

Нядаўна стала вядома, што за перыяд з кастрычніка 2021-га па кастрычнік 2022-га катарскі ўрад патраціў на падарункі для брытанскіх парламентарыяў 251 208 фунтаў (больш за 281,5 тысячы даляраў). Размова ідзе, у тым ліку, пра аплату пражывання ў люксавых гатэлях, палётаў бізнэс-класам і білетаў на скачкі. За пяць мінулых гадоў кошт падарункаў ад Катара склаў каля 100 тысяч фунтаў у суме, але ж у год, што папярэднічаў футбольнаму ЧС, кошт падарункаў заўважна ўзляцеў.

Фанаты нямецкай «Герты» трымаюць пратэсны банер пра катарскі ЧС падчас гульні з «Баварыяй». На банеры напісана: «Стадыёны з кандыцыянерам замест аховы клімату, пераследаванне некаторых арыентацый, грэбаванне правамі чалавека, адсутнасць свабоды слова, забарона алкаголю». Фота: АР

Відаць, нездарма: некаторыя члены парламента, што атрымоўвалі катарскія падарункі, пазней прыхільна выказваліся на дэбатах пра будучы турнір і спрабавалі адцягнуць увагу ад праблем, што існуюць у дзяржаве, якая будзе гэты турнір праводзіць.

А за тры тыдні да чэмпіяната катарскія чыноўнікі выселілі тысячы працоўных-мігрантаў са шматкватэрных дамоў у цэнтры Дохі. Меркавана, у дамах, дзе тыя жылі, плануюць размясціць аматараў, што прыедуць на спаборніцтва. Высяленне было жорсткім: жыхарам аднаго з дамоў, дзе жылі 1200 чалавек, далі дзве гадзіны на зборы, некаторыя з іх нават не паспелі забраць свае рэчы. Шмат хто з мігрантаў потым начаваў на вуліцы.

Чаго чакаць фанатам

Катарскія ўлады зробяць усё, каб турысты, што прыедуць у Катар на турнір, адчувалі сябе там спакойна. Ёсць сведчанні, што падчас ЧС мясцовая паліцыя мусіць весці сябе стрымана ў дачыненні да паводзінаў, якія супярэчаць катарскім культурным нормам, але з'яўляюцца звычайнымі ў Еўропе. ФІФА і катарскія чыноўнікі заключылі аб гэтым сакрэтныя дамоўленасці.

Напрыклад, фанатам, хутчэй за ўсё, дазволяць забірацца на сталы, нацягваць сцягі на статуі і гучна спяваць песні на публіцы, і паліцыя іх пры гэтым не будзе турбаваць. Прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці дазволяць трымацца за рукі на вуліцы і дэманстраваць вясёлкавыя сцягі ў грамадскіх месцах, нягледзячы на тое, што ў Катары гомасэксуалізм лічыцца злачынствам.

Згодна з дамоўленасцямі, на час турніру будуць абароненыя правы жанчын і ЛГБТ-фанатаў. Так, жанчын не будуць ні ў чым абвінавачваць, калі падчас ЧС ім спатрэбіцца медыцынская дапамога ў сувязі з цяжарнасцю ці рэпрадуктыўным здароўем, або калі яны абвесцяць аб згвалтаванні, сэксуальных дамаганнях ці гвалце. 

Таксама падчас ЧС турыстам будзе дазволена жыць у адным гатэльным нумары незалежна ад іх сямейнага становішча ці полу. Абяцаюць таксама дазволіць цалавацца і трымацца за рукі ў грамадскіх месцах ці на стадыёнах.

Казлы, рэп і наркаман: як зоркі беларускага футбола гуляюць у аматарскай камандзе ў Расіі

«Рост попыту на беларускасць». У «Трыбуны» з'явілася беларускамоўная версія

Украіна патрабуе выключэння Расіі з ФІФА і УЕФА

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера