Знайсці
03.11.2022 / 19:442РусŁacБел

У «Плана Далеса» з'явіўся канкурэнт. БТ выдае фэйкавыя цытаты пра Беларусь і «ланцуговых шалёных сабак»

У эфіры БТ выйшла чарговая серыя прапагандысцкай праграмы «Зразумелая палітыка», у якой аўтары паразважалі пра распад Югаславіі. Не абышлося без фэйкавых цытат.

«Гісторыя з бамбардзіроўкамі Югаславіі, арыштам і судом над прэзідэнтам краіны Слабаданам Мілошавічам стала яркай дэманстрацыяй палітыкі Захаду ў дачыненні да дзяржаў, якія не згодныя з каштоўнасцямі, што ім навязваюць», — гавораць аўтары фільма.

Прапагандысты сцвярджаюць, што ў 2006 годзе, незадоўга да смерці, палітык даў апошняе інтэрв'ю, у якім звярнуўся да ўсіх «рускамоўных народаў».

«Гэты зварот звышактуальны і сёння. А вось тады былога прэзідэнта разадранай краіны ніхто не паслухаў», — наракае прапагандыст.

«Рускія! Я цяпер звяртаюся да ўсіх рускіх (жыхароў Украіны і Беларусі на Балканах таксама лічаць рускімі). Паглядзіце на нас і запомніце — з вамі зробяць тое ж самае, калі вы раз'яднаецеся і дасце слабіну. Захад — ланцуговы шалёны сабака — учэпіцца вам у горла. Браты, памятайце пра лёс Югаславіі! Не дайце абысціся з вамі гэтак жа!» — нібыта сказаў Мілошавіч.

Скрыншот БТ.

Але ніхто і не мог тады «паслухаць» Мілошавіча, бо падобных слоў ён проста не гаварыў.

Слабадан Мілошавіч — першы прэзідэнт Сербіі і перадапошні прэзідэнт Югаславіі, абвінавачаны міжнародным трыбуналам па справах былой Югаславіі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў і генацыду падчас югаслаўскіх войнаў. У 2006 годзе палітык памёр у турме, не дажыўшы да заканчэння суда.

Нібыта папярэджанне Мілошавіча рускім вельмі папулярнае ў рускамоўным інтэрнэце — у сацсетках, блогах, сайтах. Звычайна гэтую цытату прыпісваюць апошняму інтэрв'ю Мілошавіча, але знайсці гэтае інтэрв'ю ў інтэрнэце немагчыма. Мяркуючы па ўсім, упершыню выказванне прыпісаў Мілошавічу ўкраінскі журналіст Аляксандр Варонін у сваім тэксце за 2012 год.

Хоць да сітуацыі ў Югаславіі ў канцы 1990-х гадоў і судовага працэсу супраць Мілошавіча была прыкаваная ўвага і замежных журналістаў, «зварот да рускіх» не прыводзіць ніводнае буйное медыя. Больш за тое, яно наогул не згадваецца ў пошукавай сістэме Google пры запыце па ключавых словах на англійскай мове. Цытата гугліцца толькі на рускай мове — на расійскіх прапагандысцкіх і чарнасоценскіх рэсурсах. Тых рэсурах, якія разважаюць пра неіснуючы «план Далеса» і «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў».

Такім чынам, выказванне, што прыпісваецца былому прэзідэнту Югаславіі, стала вядома толькі праз некалькі гадоў пасля яго смерці.

На аснове фэйкавых цытат прапагандысты робяць фэйкавыя і маніпулятыўныя высновы пра распад Югаславіі.

«Цяпер нават амерыканскія аналітыкі прызнаюць, што кожны крок у развале Югаславіі — дакладны сцэнар. За нітачкі тузалі проста з-за акіяна. А што зараз адбываецца з Украінай, вы бачыце самі…», — гавораць прапагандысты.

Насамрэч распад Югаславіі стаў вынікам выключна ўнутраных працэсаў у гэтай краіне: эканамічнага крызісу, міжэтнічных канфліктаў, росту нацыяналізму і нацыянальнай самасвядомасці, а таксама супраціву сербаў, якія выступалі супраць распаду краіны па адміністрацыйных межах (якія не супадалі з межамі этнічнымі і моўнымі). Умяшанне заходніх краін у крызіс і бамбардзіроўкі НАТА Югаславіі сталі наступствам гэтага крызісу, а не ягонай прычынай.

Заходнія краіны на гэта пайшлі, каб спыніць этнічныя чысткі і ваенныя злачынствы ў рэгіёне.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Беларус/адказаць/
03.11.2022
Псiхiчна хворыя хочуць зрабiць з Беларусi расейскi плацдарм для бамбардыровак Беларусi.
0
Жёстко и правдиво/адказаць/
03.11.2022
Господи, БТ - фейкомёт лукашенок, а если точнее, то - говномёт в прямом смысле, с запахом и цветом, максимально приближенным к человеческому говну, говну в самых широких смыслах и на самых высоких должностях в структурах лукашенко, как в погонах, так и без погон, которое льётся с экранов телевизора в Беларуси.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера