Знайсці
05.11.2022 / 15:32РусŁacБел

«Шкадаваць алкаголіка не трэба». Тры беларусы, якія пакутавалі ад алказалежнасці, расказалі, як яе перамаглі 

Трое мужчын, якія мелі праблемы з алкаголем, расказалі «Нашай Ніве», з чаго пачыналася іх прыхільнасць да спіртнога, колькі доўжыліся запоі і як яны перамаглі залежнасць.

Фота: brd24.com

«Флакончык баярышніка каштаваў як жэтон на метро»

Аляксею 50 гадоў. Упершыню мужчына пакаштаваў алкаголь у 12 — гэта быў самагон. У вёсцы, у якую Аляксей прыехаў да бабулі, дзеці час ад часу цягалі гэты напой.

У 1992 годзе мужчына паехаў з Мінска вучыцца ў Санкт-Пецярбург. Абраў ён тэатральны інстытут. Падчас студэнцтва хвароба мужчыны пачала прагрэсаваць. 

«Мог з-за п’янкі не прачнуцца на заняткі. Ужо не я кіраваў гарэлкай, а яна мной», — кажа ён. 

У 1996-м Аляксей ажаніўся са сваёй аднакурсніцай. У пары нарадзіўся сын.

«Ва ўніверсітэце я яшчэ неяк пратрымаўся, скончыў яго, але праблема, канечне, была, — дзеліцца ён. —

Калі разумееш, што гэта хвароба, становіцца лягчэй, бо калі ўспрымаеш гэта як сацыяльную праблему, вельмі цяжка жыць. Не разумееш, як ты, падаецца, добры чалавек, чамусьці грошы з дому выносіш, пазычаеш, а потым не аддаеш».

Самы доўгі запой у Аляксея доўжыўся 9 месяцаў. Ён піў кожны дзень. 

«Выходзіў з яго пасля таго, як мяне пабілі недзе на вуліцы, апынуўся ў бальніцы. Але часцей піў па паўгода. Спыніцца атрымлівалася толькі тады, калі не мог хадзіць ці калі гарэлка заканчвалася», — кажа ён. 

У канцы дзевяностых Аляксей праз гарэлку страціў сям’ю, «стаў жыць у Санкт-Пецярбурзе адзін і бамжаваць». 

Яшчэ калі Аляксей жыў з сям’ёй, ён працаваў асвятляльнікам на мясцовай кінастудыі. Але пасля перастаў, утрымліваць сям’ю мужчына ўжо не мог. 

На пытанне, дзе ён браў грошы, каб піць, Аляксей адказвае, што для гэтага фінансы не патрэбны. 

«Раніцай ідзеш да метро, а там некалькі дзясяткаў мужыкоў п’юць піва ў шапіках. Ты падыходзіш да іх са сваёй шклянкай, у вочы ім глядзіш — і яны наліваюць табе. І ты ўжо гатовы. 

Потым пайшоў, назбіраў бутэлек, здаў іх, атрымаў нешта, купіў гарэлкі. Быў яшчэ такі «рынак прасрочкі». Там піва каштавала капейкі, бярэш некалькі бутэлек і п’еш. Потым іх жа здаць можна. Так і прапіваеш цэлы дзень. 

Яшчэ ёсць такая рэч, як «баярышнік» (глог — НН). Флакончык каштаваў, як жэтон на метро. Вось і дылема: на працу ісці альбо глогу выпіць», — расказвае ён.

Фота: velemenyek.club

«Царква не дапамагла, пілі разам з бацюшкам»

У Аляксея было шмат спробаў кінуць піць, але яму нічога не дапамагала. 

«Тарпеды», напрыклад, розныя заганяў, гэта яшчэ ў 1999-м было. Калі жонка была цяжарная, я неяк год трымаўся, не піў, а пасля зноў пачаў. 

Пра «тарпеду» мне сказалі, што яна год трывае. Я напіўся праз паўгода. Падумаў, што чорт з ім, з жыццём, памру дык памру», — шчыра кажа ён. 

У пачатку нулявых Аляксей вярнуўся з Санкт-Пецярбурга жыць у Мінск, бо там у яго заставалася маці.

У яго з’явілася праца ў Смаргоні: пайшоў будаваць царкву.

«Жыў у бацюшкі, спяваў на клірасе. Царква не дапамагла, разам з бацюшкам пілі «Кагор». 

Звяртаўся да псіхолагаў — нуль выніку. Дапамаглі мне толькі групы ананімных алкаголікаў, гэта бясплатна. Пайшоў я туды, калі не было выйсця. Было гэта ў 2003 годзе», — расказвае ён. 

Асэнсаванне, што гэта хвароба, да мужчыны прыйшло толькі ў групе ананімных алкаголікаў.

«Адчуванне віны не дае жыць, — тлумачыць ён. — А калі сам сабе гаворыш, што гэта не ты, а хвароба, становіцца лягчэй. Пачынаеш нешта рабіць. 

Калі я спрабаваў перастаць піць, ставіў «тарпеды», то я знайшоў сабе замену — пачаў хадзіць у казіно. Там прайграў шмат грошай, быў вінен людзям, у якіх займаў. У Мінску цяжка працаваў потым, каб аддаць. 

Усе заробкі перадаваў сваёй маці, каб не прапіць. І яна нават са мной ездзіла аддаваць даўгі, не давярала, бо я мог зноў прайграць гэтыя грошы альбо прапіць. 

Калі кінуў піць, мне была патрэбная нейкая замена. Памятаю, што стаў іграць у більярд. Мог кожны дзень там прападаць». 

«Для алкаголіка чым горш, тым лепш»

У 31 год, з дапамогай груп ананімных алкаголікаў, Аляксей змог кінуць піць.

Не ўжывае алкаголю мужчына ўжо 19 гадоў. Цяпер у яго з’явілася намнога больш прыемная «залежнасць».

«Не паверыце, але я танцую, пачаў займацца сальсай. Пайшоў увогуле туды, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі, бо развучыўся з імі мець зносіны. Пайшоў па дзяўчат, а захапілі танцы», — расказвае ён. 

Са сваім сынам Аляксей пабачыўся праз два гады пасля таго, як стаў цвярозым.

«Яму тады было 4 гады. З тых часоў жонка стала мне яго давяраць, пачаў ім дапамагаць. 

Трэба знайсці матывацыю, каб кінуць піць. Ніхто не дапаможа, калі няма ў самога алказалежнага чалавека жадання.

Я лічу, што для алкаголіка, чым горш, тым лепш. Як ні парадаксальна, але часам сям’я замінае алкаголіку кінуць піць. Жонка яго чакае, гатуе есці. А так, калі ты сам за сябе павінен адказваць, мазгі становяцца на месца. Шкадаваць алкаголіка не трэба. 

Мая матывацыя яшчэ была ў тым, што людзям вакол было толькі дрэнна ад мяне. З гэтым цяжка жыць. 

Таксама сын малы быў, я хацеў удзельнічаць у яго жыцці, але ўсё ніяк не мог выкараскацца. З ім я быў заўсёды шчыры. Ні разу яму не схлусіў, казаў, як яно ёсць. Расказваў яму, чаму некалькі гадоў не піў, а ў Піцер не ехаў. Я баяўся тады, што застануся там адзін і сарвуся зноў», — расказвае Аляксей. 

«Піў у даследчых мэтах»

Аляксандру (імя зменена) 24 гады. Нядаўна ён скончыў універсітэт і пайшоў працаваць у бізнэс, які заснавалі яго бацькі. 

Пяць гадоў свайго жыцця хлопец піў. Першае яго знаёмства з алкаголем адбылося, калі Аляксандр быў яшчэ студэнтам. Тады, у 18 гадоў, ён пачаў хадзіць з кампаніяй аднакурснікаў у бары. 

Фота: gq.ru

Пасля сябры забаўляцца такім чынам перасталі, а ў Аляксандра звычка хадзіць піць засталася.

«З-за таго, што было шмат вучобы, а пасля працы піць у буднія дні не атрымлівалася, рабіў гэта па выходных на Зыбіцкай», — кажа ён. 

Сям’я Аляксандра заможная, хлопец жыў асобна ад бацькоў і атрымліваў ад іх кішэнныя грошы, большую частку якіх спускаў у барах. 

Бацькі не ведалі, што ў іх сына ёсць алказалежнасць, бо яны рэдка бачыліся. 

«Часам грошай мне не хапала, прасаджваў шмат на алкаголь — каля 400 даляраў у месяц. У бацькоў было пытанне, як у мяне атрымліваецца так хутка траціць. Я хлусіў, прыдумляў нейкія расходы», — дзеліцца ён. 

Першыя некалькі гадоў Аляксандр мог выпіць з сябрамі літр віна за раз. Калі стаў хадзіць адзін — да паўтара літра моцнага алкаголю.

«Мне было проста цікава знаёміцца з людзьмі, барменамі, — тлумачыць ён. — Каштаваў усё, што мне прапаноўвалі. Можна сказаць, што ўсё было ў даследчых мэтах, мяне зацікавіла атмасфера бараў, стаў яе вывучаць. Скончылася ўсё тым, што я напіваўся да такога стану, што не мог стаяць на нагах. 

Зразумела, што алкаголь разнявольвае. Магчыма, ён дапамагаў мне падняць сваю самаацэнку за кошт таго, што я станавіўся больш смелы, дзёрзкі, быў гатовы на нейкія ўчынкі. Мог, напрыклад, пасля п’янкі пабіцца з кім-небудзь, з дзяўчатамі завесці цікавыя адносіны». 

Хлопец кажа, што ў яго сям’і шмат алкаголю ўжываў дзядуля. Таксама і яго бацька не быў супраць выпіць.

«Я памятаю, што ў дзяцінстве мне казалі, што алкаголь — гэта зло, але я быў непаслухмяным сынам. Заўсёды спрабаваў рабіць усё напапярок. 

Я доўга трымаўся, да 18 гадоў нічога з алкаголю не ўжываў. Але потым з’явілася кампанія і пачаў», — кажа ён. 

Зразумеў Аляксандр, што ён не можа без алкаголю ў момант, калі на працы адчуў моцнае жаданне выпіць.

«Хацеў кінуць і паехаць піць, — кажа ён. —

Я вырашыў, што раз мяне ламае, трэба зрабіць паўзу. Напрыклад, пачаць хадзіць у бар праз тыдзень. Але не змог, сарваўся. Купіў нейкі алкаголь, выпіў яго дома і мне гэта спадабалася. Аказалася, што ўтульна».

Калі чарговы раз Аляксандр піў адзін дома, да яго нечакана прыехаў бацька. Хлопец быў у амаль што непрытомным стане.

«Ён падышоў, выліў рэштку ва ўмывальнік, і сказаў, каб я ішоў спаць. Ноччу я прачнуўся ад таго, што першы раз у жыцці мяне ванітавала. Пасля раніцай мы з бацькам паразмаўлялі, ён сказаў, што гэта няправільна, я паабяцаў, што перастану. Год ужо не ўжываю. 

Напэўна, не столькі размова з бацькам паўплывала, колькі эстэтычная частка працэсу ванітавання і сам факт таго, што гэта адбылося. Я заўсёды лічыў, што я непрабівальны і мне алкаголь не шкодзіць, але «пераабуўся» за адну ноч», — расказвае ён.

Бацька хлопца нікому не расказаў, што ў яго сына ёсць алказалежнасць — для яго самога гэта было балюча. 

Аляксандр зразумеў, што прынёс гора сваім блізкім. 

«Я стаў больш нервовым, у мяне таксама пагоршала памяць, выпадалі валасы. У цэлым мая вынослівасць стала меншая. Калі ўжываў алкаголь, фізічнай актыўнасці не было, а пасля вярнуўся да яе і зразумеў, што мне ў два-тры разы цяжэй займацца», — кажа ён. 

Фота: primpress.ru

Алказалежным людзям Аляксандр раіць зразумець, што вакол іх неймаверны сусвет, а жыць у ім не дае нейкая бутэлька.

«Я думаю, што трэба паглядзець на сябе, зразумець, што вы адчуваеце пасля п’янкі. Не бойцеся змяніць жыццё, бо яно дакладна стане лепшым, больш яркім», — кажа ён. 

«Мая матывацыя кінуць піць — жаданне жыць»

Уладзіславу (імя зменена) 38 гадоў. Мужчына працуе ў сферы будаўніцтва, займае высокую пасаду. 

Пакутаваў ад алказалежнасці Уладзіслаў 23 гады. Пачаў ужываць алкаголь у 15. 

«Пачыналася мая залежнасць, напэўна, стандартна — са школьнай дыскатэкі.

У цэлым у маёй сям’і мой бацька і два дзядулі былі алкаголікамі. Ужо пасля 30 гэта стала часткай мяне. Калі ўжываеш нейкі алкаголь, становіцца лягчэй, праблемы адыходзяць на другі план. 

Увечары прыходзіў дадому, выпіваў, назаўтра зноў. На выходных, калі нікуды ехаць не трэба, таксама піў. Арганізм патрабаваў усё большую і большую дозу алкаголю. Чым яна большая, тым складаней перапрацаваць», — расказвае мужчына. 

Па словах Уладзіслава, яго родныя ведалі, што ён алказалежны, але зрабіць з гэтым нічога не маглі. 

«У жонкі былі перыядычныя істэрыкі, прэтэнзіі, — кажа ён. —Увогуле

мужчына ад алкагалізму не пакутуе, ён атрымлівае асалоду, пакутуюць навакольныя».

Гэтым летам Уладзіслаў змог спыніцца. 

«Не ведаю, якім цудам гэта атрымалася. Тыдзень мяне трэсла.

Усвядоміў і прызнаў, што я алкаголік, а потым пачаў шукаць шляхі рашэння. Зусім выпадкова натрапіў на кнігу Лаўрэнція Губіна «Асабісты шлях да свабоды. Алкагалізм». Даволі даступна і матывавана для таго, хто рэальна хоча вырвацца з гэтага палону.

Цалкам пакуль вызваліцца, праўда, не ўдалося. Раз у месяц магу прапусціць піва ці стакан віскі, але таго пакутлівага жадання і наступнай бязвольнасці ўжо няма», — дзеліцца Уладзіслаў. 

На пытанне, якая матывацыя была ў мужчыны, каб завязаць з алкаголем, ён адказвае, што яму вельмі хацелася жыць. 

«Не быць непаўнацэнным нейкім. Ад сталага ўжывання алкаголю стала балець сэрца, астатнія органы. У пэўны момант зразумеў, што магу проста памерці», — тлумачыць ён.

Уладзіслаў раіць алказалежным у першую чаргу прызнаць, што яны такімі з’яўляюцца. 

«Далей чалавек сам вырашыць, якім чынам ён хоча з гэтым змагацца, — расказвае ён. —

Яшчэ раю фізічную актыўнасць. Я пачаў бегаць. Калі прымаеш алкаголь — атруту — арганізм выдзяляе эндарфін, гармон шчасця. Дык вось, калі займаешся фізічнай актыўнасцю, то ён таксама выдзяляецца».

Чытайце таксама: 

Нарколаг — пра бяспечныя дозы выпіўкі, самы шкодны від алкаголю і тое, калі варта звярнуцца па дапамогу

Сілавікі і Качанава хочуць адпраўляць алкаголікаў у ЛПП без рашэння суда, і каб яны самі за гэта плацілі

«Доктар сказаў, што я нарадзілася ў кашулі». Беларуска перамагла алкагалізм, рак і адкрыла бізнэс у ЗША

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера