Знайсці
02.11.2022 / 18:25РусŁacБел

«Пекельні борошна». БТ у эфіры выдала фэйкавы флэшмоб за сапраўдны

Апошнія дні ў сацсетках распаўсюдзіўся флэшмоб з хэштэгам #LightOnZelenskyyOff. У рамках акцыі крамлёўскія боты, акаўнты якіх амаль пустыя і ў якіх амаль няма падпісчыкаў, заклікалі ўкраінцаў уключаць электрапрыборы «назло Зяленскаму». Пра фэйкавы флэшмоб абсалютна сур'ёзна расказала БТ.

«Безвыходнасць у дзеянні. Жыхары Украіны арганізавалі флэшмоб супраць заяў украінскіх уладаў аб неабходнасці максімальна скараціць спажыванне электраэнергіі. Лозунг: «Мой камфорт важнейшы за амбіцыі Зяленскага». Людзі заклікаюць уключыць усё асвятленне ў дамах у знак пратэсту. А пакуль улады заклікаюць рыхтавацца да жыцця ўкраінцам без цяпла, электрычнасці і вады», — гавораць лукашэнкаўскія прапагандысты.

Сам па сабе флэшмоб (калі б ён і насамрэч меў месца) абсалютна бязглузды. Праблемы з электраэнергіяй ва Украіне выкліканыя толькі тым, што Расія ў ходзе вайны метадычна, свядома і мэтанакіравана знішчае цывільную энергетычную структуру Украіны. Веерныя адключэнні электраэнергіі ва Украіне выкліканыя ваеннымі злачынствамі Расіі, яны ніяк не звязаныя з «амбіцыямі Зяленскага».

Але ж «флэшмоб» не мае месца — мае месца спецаперацыя расійскіх сіл псіхалагічных аперацый.

Першыя допісы (многія з якіх былі з граматычнымі памылкамі) пачалі з'яўляцца прыкладна 27 кастрычніка і разыходзіцца па амаль пустых акаўнтах. У той жа час расійскія СМІ пачалі масава публікаваць навіны пра гэтую псеўдаакцыю.

Рэагуючы на фэйкавы флэшмоб, украінскія карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі кпіць з ботаў. Яны пісалі гумарыстычныя пасты, у стылі «Пів країни вже без електро харчування, вже сечі немає терпіти ці пекельні борошна!» і «Немає сечі терпіти ці борошна без світла. Українці хочуть світу, а не війни». Гэта аўтаматычны пераклад з памылкамі фраз з рускай мовы: «Пол страны уже без электропитания, уже мочи нет терпеть эти адские муки!» ды «Нет мочи терпеть эти муки без света. Украинцы хотят мира, а не войны».

Гэтыя фразы ўжо сталі мемамі, бо ўкраінцы не раз «лавілі» расійскіх ботаў, якія пішуць па-ўкраінску, на такіх памылках.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
41
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930