Знайсці
03.11.2022 / 21:35105РусŁacБел

Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

«Мільянерка», «асоба са спісу Forbes». Так прэзентавала сябе Таццяна Зарэцкая і так з яе слоў апісвалі яе СМІ. Але, калі «Наша Ніва» вывучыла мінулае «паспяховай прадпрымальніцы», якую запрасілі на пасаду «міністра фінансаў» у Аб'яднаным кабінеце, стала зразумела, што да бізнэсу Зарэцкай хапае пытанняў. Падобна, што пакінуць Кабінет Зарэцкай прыйшлося ў прадчуванні, што дэталі раскрыюцца. Але на публіку сыход падаецца як наступства булінгу і пагроз. Піша Арцём Гарбацэвіч. 

Таццяна Зарэцкая ў праграме «Жыццё-маліна». Скрыншот з відэа

Таццяна Зарэцкая зрабіла сабе імя на стварэнні стартапа па вытворчасці наватарскіх святлодыёдных лямпаў і праграмнага забеспячэння, якія нібыта дадуць скарачэнне выдаткаў электраэнергіі да 75% і пры гэтым палепшаць ураджайнасць раслін у цяпліцах на 20%.

Аднак няма ніякіх сведчанняў таго, што гэтыя лямпы і ПЗ сапраўды існуюць і прадаюцца.

А акрамя тых лямпаў і ПЗ — якіх, імаверна, няма ці пакуль няма, — як паказвае расследаванне «Нашай Нівы», і нічога іншага пакуль няма.

«Гэта фэйл Офіса Ціханоўскай, што яна туды трапіла, і фэйл СМІ, якія некрытычна давяралі наратыву Зарэцкай пра сябе, — кажа вядомы беларускі эканаміст з апазіцыйных колаў. — Яна нічога не разумее ў эканоміцы, што любому даросламу чалавеку робіцца зразумела праз паўгадзіны прыватнай камунікацыі».

Кірмаш фанабэрыі

Канец кастрычніка 2022-га. Амерыканскае выданне VanityFair робіць вялікае расследаванне пра псеўдаінвестарскую канферэнцыю ў Манака пад эгідай князя Альберта ІІ, якога там не было. 

Высвятляецца, што арганізатар, «рыцар Антоніа Рытоса» — у рэальнасці ўраджэнец Сіднэя са сфабрыкаванай біяграфіяй, які паслядоўна хлусіць і стварае ўражанне плацежаздольнасці, каб уваходзіць у давер да багатых і ўплывовых людзей гэтага свету, у наступным ладзячы ад іх імя платныя канферэнцыі нібыта для пошуку інвестыцый.

Церпіць ад гэтага добрае імя багатых інвестараў, якія насамрэч існуюць, але не ведаюць, што іх імёны красуюцца на афішах махляра, а таксама гаманцы тых, хто сапраўды шукае фінансаванне і плаціць за ўваход, не ведаючы, што яго падманваюць і што абяцанага набору фінансістаў і інвестараў там не будзе. 

Аснову спектакляў «рыцара» ў рэальнасці складаюць самазванцы, у якіх у саміх няма грошай, — Рэбекі Шарп нашага часу, нібы ў класічным рамане Уільяма Мэйкпіса Тэкерэя. 

«Я быў на мерапрыемстве і зразумеў, што тут ні ў кога няма грошай, усе іх толькі шукаюць», — прыводзяць амерыканцы словы аднаго з удзельнікаў. 

Публікацыя прыцягвае ўвагу не толькі да асобы «рыцара»-арганізатара, але і да «гаворачых галоваў» на канферэнцыях, якія арганізоўваў «рыцар».

Тэма падстаўных спікераў пачынае раскручвацца і іншымі выданнямі, і на ананімным сайце Just Diligence з'яўляецца разбор удзельнікаў канферэнцый псеўдарыцара. 

Сярод дасье на Мюнхгаўзенаў знаходзіцца і… прозвішча Таццяны Зарэцкай, «міністра фінансаў» у беларускім Аб'яднаным кабінеце прадстаўнікоў.

Ёй аўтары рэсурсу Just Diligence прысвячаюць вялікі тэкст, у якім аналізуюць асобу Зарэцкай, яе заявы і рэальныя дасягненні, прыходзячы да бязрадасных высноў. 

Скрыншот з сайта Zerkalo.io. Зарэцкая хваліцца ўдзелам у форуме, арганізаваным махляром. Ніякага князя Манака Альберта ІІ на форуме не было

Зарэцкай, сапраўды, добра дасталася ў расследаванні — ёй прысвяцілі значна больш тэксту, чым астатнім, таму некаторыя схільныя бачыць у гэтым тонкую гульню спецслужбаў па кампраметацыі члена Кабінета. 

Мы насамрэч не ведаем, хто пісаў гэты тэкст. Аўтары сайта заяўляюць, што «ананімна працуюць для гарантыі бяспекі інвестыцый ад махляроў і скамераў» і з'яўляюцца прадстаўнікамі журналістыкі, фінансаў і бізнэсу.

У любым разе, хто б ні напісаў гэты тэкст, важна іншае — там ёсць факты, якія нарабілі шуму ў вузкіх колах, але не пратачыліся ў паблік. 

Аўтары перадусім звярнулі ўвагу на тое, што ў расказах пра сябе ў «бізнэс-лэдзі» Зарэцкай здараюцца нестыкоўкі. 

Так, у адным інтэрв'ю яна расказвае, што ніколі не цікавілася бізнэсам і пайшла на стартап-акселератар, бо гэта «быў апошні шанец паўдзельнічаць у стварэнні бізнэсу».

У іншым інтэрв'ю (якое ўжо выдаленае з ютуба, але захавалася) Зарэцкая, на фоне крыкаў пеўняў, сцвярджае, што сваю першую кампанію яна прадала ў 20 гадоў. Яшчэ да ад'езду ў Эстонію. Але ніколі больш свой «першы бізнэс» Зарэцкая ў інтэрв’ю не згадвала. 

Апроч гэтага, у відэа гучыць, што яна лаўрэатка прэміі Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Інфармацыя аб лаўрэатах публікуецца ў адкрытым доступе, мы папрасілі Зарэцкую ўспомніць, у якім годзе яна атрымлівала прэмію, каб праверыць гэты факт, — Зарэцкая не адказала на наш запыт. У інтэрв'ю Мікіту Мелказёраву ў канале «Жыццё-маліна» яна казала, што «ніколі нічога не атрымлівала ад дзяржавы». 

Далей аўтары аналізуюць асноўны стартап Зарэцкай, фірму Laava Tech, на якой, паводле публічнай легенды, тая зарабіла мільёны.

Аўтары прыходзяць да высновы: «Амаль няма інфармацыі, як насамрэч працуе яе рашэнне», — і падмацоўваюць гэта выпіскамі з эстонскіх рэгістраў, з якіх вынікае, што Зарэцкая ў пэўныя гады дэзынфармавала аб памерах абаротаў кампаніі.

Справаздачнасць сапраўды можна паглядзець у адкрытых эстонскіх крыніцах. З самай свежай справаздачы, якая датуецца канцом 2020-га, актываў у стартапе было на 149 876 еўра, з якіх даўгоў — 56 тысяч, і 94 тысячы — гэта інвестыцыі акцыянераў невядомага паходжання. 

Зарэцкую таксама падлоўліваюць на дробных момантах кшталту неразумення прыроды фотасінтэзу, абвінавачваюць у існаванні «мёртвых душаў» і неадпаведнасці афіцыйнай колькасці персаналу той, якая прэзентуецца інвестарам, і гэтак далей. 

Самае сур'ёзнае абвінавачванне ў бок Зарэцкай палягае ў тым, што яна, атрымаўшы на развіццё свайго Laava Tech грант Еўрасаюза, нібыта паказала прыбытковасць асноўнай эстонскай фірмы такім чынам: адкрыўшы іншую фірму ў Польшчы і атрымаўшы грант на падтрымку дробнага бізнэсу ад урада Польшчы (у памеры 176,4 тысячы злотых — 37,5 тыс. еўра на сёння, і пад 45 тысяч на момант атрымання), яна нібыта перавяла яго плацяжом за паслугу на рахунак свайго эстонскага стартапа, чым увяла ў зман донараў, паказаўшы фіктыўную камерцыялізацыю прадукту, што стала прычынай для выдачы наступнага грантавага транша. 

Факт атрымання гранта пацвярджаецца лёгка, ён публічны. А вось пацвердзіць сам факт пераводу паміж афіляванымі кампаніямі праблематычна.

«Наша Ніва» запытала ў аўтараў расследавання Just Diligence, адкуль у іх апублікаваная імі інфармацыя. Яны адказалі: «Адказнасць перад крыніцай не дазваляе раскрыць яе. Мы можам, аднак, сказаць, што крыніца працавала з Таццянай Зарэцкай (мы правяралі гэта), і, адпаведна, мы маем падставы лічыць інфармацыю верагоднай».

Сама Зарэцкая гэтае абвінавачванне ніяк не пракаментавала. 

«У любым разе, навошта адкрываць дзве аднолькавыя кампаніі, якія нават не дачынныя ў дачыненні адна да адной?» — задаюцца пытаннем аўтары. 

Больш за тое, як выявіла «Наша Ніва», пасля атрымання 176 тысяч злотых заснаваная Зарэцкай у Польшчы «LAAVA TECH SPÓŁKA Z OGRANICZONĄ ODPOWIEDZIALNOŚCIĄ»… была ліквідавана польскім судом праз неажыццяўленне дзейнайсці.

Як стала вядома «Нашай Ніве», змест апублікаванага ў інтэрнэце расследавання быў даведзены да Ціханоўскай, якая абурылася, але нібыта Зарэцкай удалося пераканаць яе ў сваёй сумленнасці.

«Шмат пагроз» 

Зарэцкая пачала будаваць лінію абароны, адштурхоўваючыся ад тэзіса, што ёй пагражаюць. «Апошнім часам мне паступае шмат пагроз і паклёпу», — пісала яна, не ўдакладняючы, хто і чаму ёй пагражае, а таксама ў чым заключаецца паклёп. 

Паралельна з гэтым «Наша Ніва» вяла ўласнае расследаванне дзейнасці Зарэцкай, асобныя дэталі якога сталі вядомыя ёй праз агульных знаёмых.

Зарэцкая ведала пра тое, што з «Нашай Нівай» пагадзіліся пагаварыць як былыя, так і дзейныя супрацоўнікі Laava Tech. Магчыма, менавіта таму яна напісала заяву на адстаўку па ўласным жаданні, абставіўшы гэта так, што сыход зроблены «пад ціскам пагроз».

У нас ёсць усе падставы лічыць, што Зарэцкая сапраўды зрабіла гэта праз пагрозу, але адну і канкрэтную — пагрозу, што стануць вядомыя сапраўдныя вынікі дзейнасці яе стартапа. 

Таму расказваем яе гісторыю. 

Хто такая Зарэцкая і што такое яе стартап?

Зарэцкая нарадзілася ў 1994 годзе ў Мінску ў сям'і хімікаў. Яе бацька Алег Зарэцкі — навуковец. Да пераезду ў Эстонію ён працаваў у Акадэміі навук Беларусі. 

Таццяна Зарэцкая. Фота: Zerkalo.io

Паводле таго, што расказвае сама Зарэцкая, у студэнцтве, паступіўшы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт міжнародных адносін, яна зразумела, што гэта не тое: «міжнародныя адносіны нельга вывучаць на рускай мове», і таму знайшла праграму і паступіла ў Эстонію. 

Там ёй прыйшла ідэя аптымізаваць рост раслін, і на апошнім курсе яна выйграла са сваім канцэптам невялікі грант ва ўніверскім стартап-конкурсе.

Ну а потым пачала стартап развіваць. Ён называецца Laava Tech. Гісторыя цягнецца з 2017 года.

Альбо фундаментальны прарыў у навуцы, альбо лысенкаўшчына 

Вось як сама Зарэцкая тлумачыць сутнасць ідэі стартапа.

«З дапамогай спецыяльнага блока кіравання і праграмнага забеспячэння на базе машыннай адукацыі і штучнага інтэлекту Laava Tech рэгулюе работу святлодыёдных лямпаў, скарачаючы выдаткі электраэнергіі да 75% і пры гэтым паляпшаючы ўраджайнасць на 20%. На смартфон загружаецца спецыяльны інтэрфейс, які атрымлівае інфармацыю з блока кіравання, што кантралюе работу LED-лямпаў. Блок кіравання і асвятляльныя прыборы з'яўляюцца ўласнай распрацоўкай Laava Tech.

Усё разам дазваляе аддалена кантраляваць наладкі асвятлення ў цяпліцы, напрыклад, спектр і інтэнсіўнасць святлодыёдаў», — гаварылася ў адным з яе інтэрв'ю (у іншых інтэрв'ю яна называла працэнт эканоміі электраэнергіі 90% і таксама абяцала павялічыць ураджайнасць на 20%). 

Ішымі словамі. 

Гаворка ідзе пра вырошчванне раслін у памяшканнях. Для росту раслінам патрэбныя пажыўныя рэчывы і вада, а таксама сонечнае святло, якое спажываецца імі ў працэсе фотасінтэзу — працэсу пераўтварэння энергіі святла ў энергію хімічных сувязяў арганічных рэчываў.

Для гэтага працэсу пігменты ў тканках раслін паглынаюць энергію фатонаў патрэбных даўжынь хваль, а затым выкарыстоўваюць гэтую энергію для запуску ланцугоў хімічных рэакцый фотасінтэзу.

Сонечнае святло могуць замяняць фіталямпы з выкарыстаннем пэўных даўжынь хваль. 

Выдаткі на энергію пры гэтым складаюць вялікую долю ў эканоміцы вырошчвання раслін, таму людзі даўно дадумаліся як сэканоміць — зрабіць святло мігаючым. Гэта не штосьці новае. 

Святло гарыць не ўвесь час, а падаецца парцыйна, адпаведна, — зніжаецца выкарыстанне энергіі.

Зарэцкая абяцае, што можа скараціць спажыванне энергіі ці то да 75%, ці то да 90%, ці проста «ў дзесяць разоў», як у некаторых выступленнях. 

Гэта фактычна азначае, што святло лямпаў цягам вельмі кароткіх выбліскаў для чалавечага вока будзе амаль нябачнае, але расліны пры гэтым будуць не толькі атрымліваць патрэбныя прамяні, але і расці на 20% лепш. 

Больш за тое, Зарэцкая сцвярджае, што спецыяльная праграма будзе аналізаваць асобныя расліны ў рэжыме рэальнага часу і з дапамогай штучнага інтэлекту аналізаваць канкрэтную расліну і рэгуляваць святло ў адпаведнасці з яе дакладнымі патрэбамі (розныя расліны, паводле даследаванняў, «любяць» розныя спектры прамянёў у залежнасці ад перыяду развіцця, што ўплывае на іх рост).

Гучыць усё гэта выдатна.

«Тэхналагічныя гіганты б'юцца за няшчасныя працэнцікі скарачэння спажывання энергіі сваіх лямпаў для раслін. Здаецца, ніхто яшчэ не пайшоў далей за 20% эканоміі. А 75% пры павелічэнні ўраджайнасці на 20% — гэта альбо сур’ёзны фундаментальны прарыў у навуцы, альбо чарговая лысенкаўшчына», — сказаў «Нашай Ніве» біёлаг з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прачытаўшы па нашай просьбе апісанне праекта. 

Сваю ідэю Зарэцкая прэзентавала на рознага роду хакатонах і пітчынгах.

Напрыклад, у сваіх інтэрв'ю яна ганарыцца тым, што прэзентавала свой стартап у ледзяной вадзе, чым уразіла журы і атрымала грошы. Гэта адны з першых грошай, якія яна прыцягнула ў стартап, — 10 тысяч еўра.

На сваім персанальным сайце яна падкрэслівае, што з гэтага пачаліся вытокі гісторыі. 

Але яе выступленне, захаванае ў сетцы, — класічны прыклад увядзення ў зман. 

Паслухайце самі, пачынаючы з 2:52. 

«[…] We have two more people from Belarus with over 30 years of experience in software development with background in chemical and electrical engineering», — прэзентуе каманду свайго стартапа Зарэцкая. 

Яна мае на ўвазе яшчэ двух акцыянераў Laava Tech — свайго бацьку, хіміка Алега Зарэцкага, і яго сябра, хіміка Сяргея Радыёнава. Грамадзян Беларусі. 

Спіс бенефіцыяраў Laava Tech: як мінімум трое — блізкія сваякі 

Але ці сапраўды яны маюць «30-гадовы досвед у распрацоўцы праграмнага забеспячэння»? Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы ведаем, дзе працавалі гэтыя людзі. Яны разам працавалі ў кампаніях, якія займаліся не распрацоўкай праграмнага забеспячэння, а прадавалі фільтры для ачысткі паветра.

А таксама ў іншых арганізацыях, уключаючы падраздзяленні НАН РБ, якія ніякім чынам не перасякаюцца з праграмаваннем. Радыёнаў, акрамя таго, працаваў у мінскім Доме моладзі. 

Зарэцкая таксама далікатна абышла момант таго, што яшчэ адзін член каманды — яе муж (хаця ў гэтым і няма нічога кепскага), назваўшы яго проста «спецыялістам па маркетынгу з 15-гадовым досведам». Муж фін — таксама актывіст рознага кшталту стартап-праграм, суразмоўцы «Нашай Нівы» называюць яго генератарам ідэй для стартапа Зарэцкай. 

Прэзентаваўшы журы каманду, дзе ёсць «два чалавекі з 30-гадовым досведам у распрацоўцы праграмнага забеспячэння і бэкграўндам у галіне хімічнага і электрычнага інжынірынгу», Зарэцкая і атрымала тытул пераможцы пітчынгу (прэзентацыі) і 10 тысяч еўра на развіццё. 

На гэтым моманце чытачу трэба зразумець, што з сябе ўяўляе сам рынак стартапаў. 

«Гэта бізнэс-рызыкі»

«Людзі выдумляюць свой прадукт, бяруць на яго грошы, пераконваючы, што яны некалі адаб'юцца. А потым бывае, што прадукт выходзіць на рынак, а бывае, што не ўзлятае — не спрацоўвае ідэя. Ці можна тут абвінаваціць каманду распрацоўшчыкаў у махлярстве? Яны прасілі, яны верылі, яны зрабілі, але не пайшло — тут вельмі складана іх абвінаваціць. Гэта бізнэс-рызыкі. 

Большасць стартапаў так і працуе, за ўласныя грошы развіваецца мізер. І 99% стартапаў прагараюць. Усе ведаюць рэальнасць і правілы гульні. 

Пры гэтым у заходніх краінах, дзе вельмі танныя грошы і іх шмат, лічыцца, што трэба падтрымліваць крэатыўную моладзь — хай яны там сабе трэніруюцца рабіць і думаць. Засяваюць поле грантавымі грашыма адносна невялікімі, і можа быць, нешта ўзыдзе і хтосьці з нашых прыдумае новы Uber ці Instagram, прыкладна так думаюць у еўрапейскіх фондах і акселератарах. 

Для моладзі ладзяць магчымасці самапрэзентацый і выдаюць пераможцам невялікія гранты, у памерах пары дзясяткаў тысяч еўра», — тлумачыць чалавек, які сам займаецца венчурнымі інвестыцыямі ў стартапы. 

Пасля атрымання першага фінансавання Зарэцкая, не маючы яшчэ ніякіх рэальных дасягненняў, кіруючы кампаніяй, якая па вушы ў даўгах пры вельмі сціплых абаротах, занялася пабудовай іміджу паспяховай бізнэс-вуман. 

У беларускіх СМІ яна ўпершыню прагучала ў 2020-м, дзякуючы таму, што трапіла ў рэйтынг Forbes «30 under 30». 

Але рэальнасць у тым, што гэты рэйтынг — рэкламны, ён не адлюстроўвае памераў капіталу ці паспяховасці кампаній, а складаецца паводле рэкамендацый тых, хто сам у ім некалі быў згаданы. Прадстаўнікі рэальнага бізнэсу ахарактарызавалі нам яго як «смеццевы». 

Тры галоўныя дасягенні Зарэцкай паводле яе сайта: рэйтынг «Форбса», чат у сацсетках, удзел у псеўдаканферэнцыі. Апроч таго, Зарэцкая прадае на сваім сайце ўласныя кансультацыі, прайс пачынаецца са $100, што даволі мелка для нібыта даляравага мільянера.

Але гэта не замінала Зарэцкай не толькі не абвяргаць у інтэрв’ю сцверджання пра мільянерку, але і расказваць, што яна адчула, калі «зарабіла першы мільён». 

Сайт недасяжны

У прынцыпе, паспяховасць прадукту лёгка ацаніць кожнаму — прадукт лічыцца паспяховым, калі а) ім карыстаюцца/яго купляюць, б) ён прыносіць прыбытак. «Наша Ніва» вырашыла пацікавіцца, на чым Зарэцкая зарабляе мільёны. Але зрабіць гэта аказалася няпроста ад пачатку — сайт стартапа Зарэцкай проста не працуе. 

Не працуе як мінімум тыдзень — мы пачалі назіраць за ім тыдзень таму. Колькі ў рэальнасці ён недасяжны, невядома. 

У кэшаванай версіі сайта ёсць інфармацыя толькі пра бенефіцыяраў і агульнае апісанне тэхналогіі, але без магчымасці замовіць гатовую прадукцыю. Нават калі б сайт працаваў, у яго не было камерцыйнага функцыяналу.

Гэта не толькі дзіўна, але і, у тэорыі бізнэсу, наносіць прамую шкоду справе ў выглядзе недаатрыманых прыбыткаў праз недаатрыманыя замовы. 

Як жа тады паглядзець на наватарскія святлодыёдныя лямпы, якія нібыта з'яўляюцца крыніцай капіталу і, па словах Зарэцкай, ужо некалькі год як існуюць? Як іх купіць?

«Наша Ніва» не здолела адказаць на гэтыя пытанні і не атрымала адказаў на запыты, накіраваныя праз мэсэнджары супрацоўнікам Laava Tech.

Мы не знайшлі ніякіх сведчанняў, што нейкія лямпы, распрацаваныя і вырабленыя Laava Tech, у прынцыпе на гэты момант існуюць. Мы бачылі іх фота толькі ў выглядзе рэндараў.

Іншы супрацоўнік Laava Tech на ўмовах ананімнасці выказаў «Нашай Ніве» меркаванне, што ў кампаніі няма лямпаў уласнай вытворчасці, якія адпавядаюць заяўленым характарыстыкам. У тым, што называецца «лабараторыяй», ён бачыў купленыя ў іншых вытворцаў лямпы. З імі і праводзяцца вопыты, назавём гэта так. Нейкую лямпу спрабавалі змайстраваць бацька Зарэцкай і іншы сузаснавальнік Сяргей Радыёнаў. Але яны інжынеры-хімікі, а не біёлагі. На думку супрацоўніка, у іх нічога не выйшла, калі разглядаць гэта ў плане заяўленай эфектыўнасці.

«Гэта для іх як такое вечнае хобі — зборка ідэальнай лямпы, пошук філасофскага каменя», — лічыць супрацоўнік стартапа. 

Гэта было меркаванне супрацоўніка. А што нам кажа справаздачнасць кампаніі па еўрапейскім гранце? Як кампанія апісвае вынікі работы пасля атрымання фінансавання больш як на 2 мільёны еўра? 

«Цягам першых 12 месяцаў […] мы працавалі над тым, каб наш блок кіравання быў сумяшчальны з іншымі сістэмамі на рынку. Мы праводзім бесперарыўныя выпрабаванні для навучання нашага АІ і забяспечваем яго максімальна магчымым аб'ёмам даных разам з данымі з нашых пілотных праектаў», — такую справаздачу дае Laava Tech. 

Якое меркаванне на гэты конт выказваюць супрацоўнікі? А такое, што ім невядомыя факты, каб нейкае гатовае аналітычнае ці тэхнічнае рашэнне кампаніі Laava Tech было пастаўленае спажыўцам цяпер ці раней. 

«Няма даступных вынікаў», — апісанне бягучых вынікаў праекта на сайце арганізацыі, якая выдала кампаніі Зарэцкай вялікі еўрапейскі грант 

Роўна гэтак жа нічога не вядома пра нейкія навуковыя даследаванні ў абгрунтаванне таго, што сцвярджае Зарэцкая.

Лічба ў 75% скарачэння спажывання энергіі пры адначасовым 20% павелічэнні ўраджайнасці — рэч, якая існуе толькі на словах прадпрымальніцы, нікім ніколі не даказаная. 

Мы звярнуліся да Зарэцкай з пытаннем аб навуковых метадах вымярэння таго, што яна дэкларуе, а таксама крыніцах таго, дзе публікуецца методыка і вынікі навуковых даследаванняў. Адказу мы не атрымалі. 

Супрацоўнік Laava Tech у размове з «Нашай Нівай» выказаў меркаванне, што глыбокія навуковыя даследаванні кампаніяй праводзіцца не могуць, бо кампанія не мае дастатковага набору інструментаў.

«Даказаць магчымасць павелічэння ўраджайнасці на 20% кампанія не можа тэхнічна», — прызнаў супрацоўнік. 

Нам таксама невядома, ці ёсць у камандзе Зарэцкай біёлагі — яна адмовілася адказваць на пытанні аб кампетэнцыях і імёнах супрацоўнікаў.

«Можа, і тысяча набярэцца»

За суткі да заявы Зарэцкай пра адстаўку «Наша Ніва» папрасіла яе адказаць на пытанні датычна яе бізнэсу, а менавіта: 

— Як вы прыдумалі і развівалі стартап? 

— Як вы стваралі свае лямпы, у чым іх унікальнасць, у чым яны лепшыя за прадукцыю канкурэнтаў? Дзе іх можна купіць, хто імі карыстаецца? Колькі вы ўжо прадалі і каму? 

— Раскажыце пра навуковыя даследаванні эфектыўнасці вашай тэхналогіі — як вы іх рабілі, дзе пачытаць публікацыі? 

— Як вы распрацоўвалі свой АІ? Хто яго распрацоўваў і як ён працуе? 

Таксама мы папрасілі Зарэцкую расказаць, на чым канкрэтна яна зарабіла свае нібыта наяўныя мільёны — гэта быў кэшаўт з Laava Tech або прыбыткі ад продажу прадукту? Таксама мы папрасілі яе пракаментаваць факты з расследавання JustDiligence.

Зарэцкая спачатку адмовілася, спаслаўшыся на занятасць. Яна знаходзілася «на саміце ў Лісабоне, дзе даволі шчыльны расклад, які планаваўся тыдні таму». 

Яшчэ праз суткі яна папрасіла прывесці «спіс больш канкрэтных пытанняў» пра Laava Tech.

Неўзабаве пасля гэтага з'явілася заява Зарэцкай аб «пагрозах ёй і яе бізнэс-партнёрам», сыходзячы з чаго «яна вырашыла пакінуць пасаду».

Пасля ўдакладняючага пытання журналіста «Нашай Нівы», ці можна лічыць яе маўчанне сведчаннем таго, што каментарыяў не будзе, Зарэцкая адказала пагрозамі. 

«Па-першае, я не даю Вам і Вашаму выданню права публікаваць хоць нешта, звязанае са мной ці закранаючае мае інтарэсы (ці інтарэсы маёй кампаніі) без майго ведама і ўзгаднення з маімі юрыстамі.

Па-другое, я папярэджваю вас, што ў Еўрасаюзе ёсць заканадаўства, якое забараняе публікаваць заведама хлуслівыя сведчанні і спасылкі на іх.

Па-трэцяе, я пакідаю за сабой права праінфармаваць Вашае кіраўніцтва і тых, хто фінансуе вашае выданне, аб хамскай манеры, у якой Вы камунікуеце з людзьмі. Параіла б вам у такім тоне размаўляць са сваімі знаёмымі, але ніхто не заслугоўвае такога абыходжання», — напісала яна журналісту «Нашай Нівы». 

Пад «хамскімі манерамі», імаверна, меліся на ўвазе нашы настойлівыя пытанні аб практычных выніках яе бізнэсу.

Нягледзячы на «шчыльны расклад», які перашкодзіў Зарэцкай адказаць на пытанні «Нашай Нівы», 2 лістапада яна знайшла час, каб расказаць многім СМІ пра «шквал пагроз», якія ёй паступалі.

«Гаворка пра сотні пагрозаў, можа, агулам і тысяча набярэцца. Гэта была няспынная атака па ўсіх напрамках. Дзясяткі ананімных паведамленняў ва ўсіх магчымых сацсетках і мэсэнджарах, званкі з незнаёмых нумароў, мэйлы на ўсіх родных, блізкіх, знаёмых, супрацоўнікаў маёй фірмы, партнёраў і інвестараў, — заявіла Зарэцкая ў пісьмовых адказах на запыты Радыё «Свабода».

— І ўсё гэта ўрэшце прыходзіла да мяне: супрацоўнікі пачалі баяцца за сваю бяспеку, партнёры не разумелі, чым гэта скончыцца і калі, інвестары — проста былі ў шоку», — сцвярджае Таццяна Зарэцкая.

Па збегу абставін, эстонская кампанія Laava Tech рашэннем акцыянераў перанесла пачатак фінансавага года кампаніі на 2 месяцы: яны мусілі здаць сваю фінансавую справаздачнасць 1 лістапада — якраз на піку журналісцкай цікавасці да кампаніі і асобы Зарэцкай.

Але за чатыры дні да таго, 27 кастрычніка, па невядомых прычынах акцыянеры ўзялі двухмесячны таймаўт, аформіўшы гэта зменамі ў статут кампаніі (паглядзець гэта можна па спасылцы, перайшоўшы ў раздзел «articles of association»). 

Фінансавы год — гэта перыяд, за які падаецца справаздачнасць. Або яны не паспяваюць са справаздачай, што, як правіла, не бывае прычынай мяняць Статут кампаніі, або хочуць адцягнуць яе публікацыю, або хочуць нешта паспець за наступныя два месяцы. 

Як жа Зарэцкая трапіла ў Кабінет прадстаўнікоў? 

Адстаўка Зарэцкай прымушае задумацца пра пытанне верыфікацыі людзей, якія прэтэндуюць на лідарскія пасады ў Офісе Ціханоўскай у тых складаных умовах, у якіх Офіс існуе.

«Наша Ніва» запыталася ў прадстаўніка Офіса каментарый пра тое, як ажыццяўлялася ацэнка кампетэнтнасці Зарэцкай і яе бізнэс-рэпутацыі, але пакуль адказ не атрымала.

Як стала вядома «Нашай Ніве», ад двух суразмоўцаў, якія папрасілі не называць сябе, Кабінет мэтава шукаў на пасаду «міністра фінансаў» жанчыну. Так у Кабінеце адрэагавалі на крытыку, якая прагучала пасля агучвання яго першага складу з выключна мужчынскім партрэтам: Латушка, Сахашчык, Азараў, Кавалеўскі. 

Але публічных жанчын-эканамістак, якія б і былі кампетэнтнымі, і гатовыя былі адкрыта выступіць супраць дыктатуры, у Беларусі не так шмат.

Паспяховыя бізнэс-вумен у палітыку не спяшаюцца, а знакамітыя асобы кшталту Таццяны Марыніч ці Кацярыны Барнуковай занятыя на сваіх праектах.

Сама Зарэцкая публічна заяўляла, што «яе раіў BEROC» — гэта аўтарытэтная даследчая арганізацыя эканамічнага профілю, у якой працуюць такія зоркі, як Павел Данейка, Зміцер Крук, Леў Львоўскі, Кацярына Барнукова. 

Ці сапраўды BEROC яе раіў? 

«BEROC як арганізацыя нікога не раіў, — сказала «Нашай Ніве» Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка арганізацыі. — А я асабіста назвала яе ў шэрагу іншых кандыдатур, усе з якіх, апроч яе, адмовіліся. Я шкадую, што назвала яе імя, дасканала не вывучыўшы фігуру». 

«Фэйл Офіса, фэйл СМІ»

Іншы беларускі эканаміст, які папрасіў «Нашу Ніву», каб яго імя не называлася, лічыць: «Зарэцкая нічога не разумее ў эканоміцы, што любому даросламу чалавеку цалкам зразумела праз паўгадзіны прыватнай камунікацыі. Гэта фэйл Офіса, што яна туды трапіла, і фэйл СМІ, якія некрытычна давяралі наратыву Зарэцкай пра сябе», — сказаў нам гэты паважаны эканаміст, які сутыкаўся з Зарэцкай. 

«Калі я глядзеў яе інтэрв'ю Мелказёраву, то ў мяне — суцэльныя чырвоныя сцяжкі. Яе вобраз не суадносіцца ў мяне з вобразамі тых дзяўчат, якія рэальна паспяховыя і нешта робяць і прадаюць», — сказаў «Нашай Ніве» топ-менеджар вялікай ІТ-кампаніі і ўдзельнік руху за свабодныя выбары ў 2020-м. 

Таццяна Зарэцкая стала госцем самай папулярнай размоўнай праграмы беларускага Ютуба «Жыццё-маліна»

Пра стварэнне ілюзіі паспяховасці ў ІТ-колах таксама склалася меркаванне. 

«Гэта звычайная гісторыя, калі ты просіш грошай вялікімі сумамі — паводзь сябе так, каб цябе не западозрылі ў беражлівасці, стварай уражанне плацежаздольнасці.

Пытанне крэдытаў і інвестыцый — гэта пытанне даверу. Важна ўмець пускаць пыл у вочы, пераконваць, што ты Мідас, да чаго дакранаешся — тое ў золата. А калі не выйдзе — аддасі са сваіх.

У гэтым плане яна ўсё робіць слушна. Я нават не ўспрымаю яе прызначэнне ў кабінет як нешта кепскае, бо калі яе роля — шукаць грошы, то яна на сваім месцы.

Праўда, пытанне, хто каго ў выніку выкарыстае. Яна свой запіс у рэзюме ці Беларусь яе як перамоўшчыцу», — сказаў іншы бізнэсовец ІТ-сферы.

За тыдзень збірання характарыстык на Таццяну Зарэцкую мы не пачулі пра яе пазітыўных водгукаў у асяродках ІТ-бізнэсу і эканамістаў. 

«Я так разумею, стартапу ўжо некалькі гадоў, і ўсе гэтыя гады яны абяцаюць скараціць энергазатратнасць праграмным і апаратным шляхам у 10 разоў? Успамінаецца рэклама, калі мужчынам прапаноўвалі ў 10 разоў павялічыць член, а тым, хто заплаціў, дасылалі лупу.

Я думаю, гэта не гісторыя пра «спецыяльна паставіць недасягальную мэту, каб скокнуць максімальна высока», я думаю, гэта гісторыя пра спробу падмануць фізіку, — мяркуе бізнэсовец. — Гэта ж трэба тады прызнаць, што ўсе навокал недалёкія: у LG, у Panasonic не атрымліваецца, а мы можам. Выглядае як пыласос грошай з даверлівых інвестараў, у нашым выпадку — фонду. Для мяне гэта выглядае так.

А пара грантавых мільёнаў насамрэч не такое ўжо і дасягненне. Былі і кейсы больш гучныя — успомніце Theranos і Элізабет Холмс».

Але наш суразмоўца прызнае, што нельга гаварыць пра нядобрасумленнасць, пакуль мы не пабачым, не вывучым вынікаў працы Laava Tech.

«Увогуле ў стартапах няпроста вызначыць — задума непаспяховая, таму што ідэя не спраўдзілася, ці задума ў прынцыпе не была разлічаная на поспех. Але, як толькі я пабачыў Зарэцкую каля Ціханоўскай, то ў мяне з'явілася думка, што Зарэцкая выкарыстае сваю пасаду для далейшага пошуку грошай на свой стартап», — сказаў «Нашай Ніве» паважаны ў талінскіх ІТ-колах інвестар. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
369
Панылы сорам
320
Ха-ха
97
Ого
88
Сумна
66
Абуральна
195
07.11.2022
баж і укж, по ссылке там цирк с конями, т. н. журналист общается с героиней тоном омоновца из фрунзенского ровд
2
Dia del Periodista Deportivo /адказаць/
07.11.2022
АД, хто!? Арцём? дынеможатакога быць
1
Барыс В./адказаць/
07.11.2022
Алесь, не зразумела за што дзякуй. Якая "такая" журналістыка? Чаму аўтар сціпла ўмоўчвае наконт таго, дзе ўпершыню з'явилася спасылка на гэты ананімны сайт, напрыклад? А з'явілася яна на ананімным жа тг-канале Аношкі, які тая ж НН звязвае з АНТ, Васкрасенскім, Карач і прапагандыстамі (вось, напрыклад: https://nashaniva.com/?c=ar&i=269688). Нідзе дагэтуль яе не было. Ўсе факты не раскапаныя аўтарам, а ўзяты з іншых сайтаў, часцяком сумнеўных. Ўступ - публіцыстыка, чытаць немагчыма. Загалоўкі-падзагалоўкі тэкста - маніпулятыўныя.  Але адзін з іх добра падыходзіць дзеля абазначэння такога кшталту "журналістыкі": Кірмаш фанаберыі. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930