Знайсці
02.11.2022 / 21:42РусŁacБел

Як трэба захоўваць прадукты, каб яны даўжэй не псаваліся

Правілы розныя для розных прадуктаў.

Адзін з самых простых спосабаў прадоўжыць тэрмін прыдатнасці ежы — правільна яе захоўваць. Упакоўка, у якой мы купляем прадукты, часта зроблена такім чынам, каб улоўліваць кандэнсат і этылен — газ, які выдзяляецца, калі прадукт гніе. Калі доўга трымаць прадукт у такой упакоўцы, ён можа хутчэй псавацца, папярэджвае Huffpost.

Некаторыя прадукты выдзяляюць больш этылену, чым іншыя, і бананы — лідар сярод іх. Не кладзіце бананы каля любых іншых прадуктаў, бо гэтая садавіна хутчэй зробіць іх непрыдатнымі. Цыбуля ўплывае на прадукты, асабліва на бульбу, такім жа чынам.

Калі казаць пра бульбу, лепш за ўсё загарнуць яе ў пакет з паперы і пакласці ў кантэйнер, куды будзе трапляць як мага менш паветра. Папера будзе ўбіраць у сябе вільгаць, каб бульба не стала занадта сырой. Паколькі бульба — гэта карняплод, трымайце яе далёка ад святла, але пры гэтым не ў цёплым месцы.

Будзьце асабліва асцярожныя з зелянінай, бо ёй трэба паветра. Таму трымайце зеляніну ў вялікім і прасторным кантэйнеры, бо, калі вы будзеце яе прыціскаць, яна хутчэй сапсуецца. Можна пакласці на дно кантэйнера папяровы ручнік і мяняць яго кожныя некалькі дзён, папера будзе ўбіраць у сябе кандэнсат і дапаможа зеляніне заставацца хрусткай.

Калі прадукты запакаваныя ў пакеты з дзіркамі, можна там іх і пакінуць. Шмат якія прадукты можна захоўваць у халадзільніку, але ж не рабіце так з памідорамі, бо холад дрэнна ўплывае на іх смак і тэкстуру. Некаторыя прадукты лепш захоўваюцца, калі пакласці іх у ваду: гэта актуальна для морквы, сельдэрэю, рэдзькі і цытрусавых. Брокалі таксама можна захоўваць у вадзе, праўда, крыху па-іншаму — адрэжце ў брокалі край і пастаўце ў ваду як кветку.

І наадварот, ягады не любяць ваду, асабліва ягады без скуркі накшталт клубніц ці малін. Калі вы набылі ягады, пакладзіце іх у максімальна герметычны кантэйнер і трымайце ў халадзільніку, мыць ягады трэба непасрэдна перад ужываннем. Калі ж вам трэба захаваць шмат часнаку, пакладзіце яго ў шкляную банку, напоўніце яе алеем і трымайце ў лядоўні.

Як захоўваць мяса ды хлеб

Бялковыя прадукты лепш захоўваць ва ўпакоўцы, асабліва калі яна вакуумная. Але калі вы ўжо адкрылі ўпакоўку з мясам, не кладзіце яе назад, бо калі мяса будзе захоўвацца ва ўласных соках, яно будзе хутчэй псавацца. Трохі пасаліце мяса, пакіньце на 10 хвілін, прамыйце, абсушыце, загарніце ў папяровы ручнік і пакладзіце ў халадзільнік. Трымайце мяса на ніжняй паліцы, бо мяса пераносіць сальманэлу і іншыя бактэрыі, якія могуць заразіць прадукты ў халадзільніку.

Што наконт хлеба? Таксама трымайце яго ў халадзільніку за выключэннем выпадкаў, калі жадаеце з’есці хлеб за адзін дзень. Купляйце хлеб нарэзаным і трымайце яго ў маразілцы. Такі падыход не зробіць хлеб больш смачным, але дакладна падоўжыць яго тэрмін прыдатнасці.

Муку варта трымаць у адной упакоўцы. Часам у муцэ могуць знаходзіцца шашолкі — разнавіднасць жукоў, якія ядуць рыс, збожжа, крупы і іншыя крухмалі. Калі мука захоўваецца ў адной упакоўцы, шашолкі не пераходзяць з пакета ў пакет. У некаторых відах мукі таксама больш бялку, або яна робіцца з цэльназерневай пшаніцы ці вотруб’я. Калі такую муку хутка не перанесці ў іншую ўпакоўку ці не паставіць у халадзільнік, яна можа пагоркнуць. Гэта ж датычыцца і арэхаў, арэхавага алею і арэхавай мукі: трымайце іх у халадзільніку, калі не збіраецеся карыстацца імі ў блізкім часе.

Каб захоўваць масла даўжэй, мала проста перакласці яго ў адпаведны кантэйнер і паставіць у халадзільнік. Трэба, каб у гэты кантэйнер яшчэ і трапляла як мага менш паветра. Яшчэ адзін папулярны малочны прадукт — марожанае: лепш за ўсё шчыльна загортваць яго ва ўпакоўку.

І агульная парада. Вядома, што не кожны можа планаваць сваё меню на тыдзень. Але перад тым, як ісці ў магазін, варта хаця б прыкладна падумаць пра тое, што б вы хацелі есці ў найбліжэйшыя дні і што ў вас ужо ёсць дома, а потым зрабіць спіс пакупак. Таксама стаўцеся рэалістычна да сваіх планаў на тыдзень, каб не набыць лішнія прадукты.

Псеўдасмятана, прадукт з водарам сыру і імітацыя згушчонкі. Якія прадукты-сурагаты прадаюць у крамах

Што робіцца з цэнамі на прадукты і парашкі, пасля таго як іх забаранілі падымаць?

Думаеце, што ўмееце чысціць яйкі правільна? Вось некалькі лайфхакаў, як спрасціць гэты працэс

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера