Знайсці
01.11.2022 / 19:514РусŁacБел

Коўшык пабачыла «сімвал роспачы» у сітуацыі з навучаннем беларускай мове ў Польшчы

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык заклікала падтрымаць петыцыю за тое, каб дзеці беларусаў-эмігрантаў атрымалі права вывучаць у польскіх школах беларускую мову.

Фота: Беларуская школка ў Варшаве facebook.com/belszkolkauwarszawie/ 

Чаму сталі збіраць подпісы

Польскае заканадаўства дазваляе грамадзянам вучыць дзяцей на мовах нацыянальных меншасцей. Але толькі грамадзянам. Эмігранты, якія маюць не грамадзянства, а толькі дазвол на жыхарства ці атрымалі прытулак, такога права не маюць. 

У законе «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове» сярод крытэраў, якія вызначаюць меншасць, згадваецца яе імкненне захаваць уласную мову, культуру ці традыцыю, атаясамленне з народам, арганізаваным ва ўласную дзяржаву, а таксама тое, каб продкі жылі на цяперашняй тэрыторыі Рэспублікі Польшча не менш за 100 гадоў.

Дзякуючы гэтаму беларусы Падляшша вывучалі беларускую мову, у Гайнаўцы і Бельску існавалі беларускія ліцэі. Згодна з заканадаўствам, каб беларускай мове сталі вучыць, неабходна было мінімум сямёра ахвотных дзяцей.

Фота: sp4.edu.bialystok.pl. Вучні класа з беларускай мовай 4-й школы Беластока 

У Беластоку заняткі па беларускай мове праходзяць у адной навучальнай установе — пачатковай школе №4.

«Мы адзіная дзяржаўная пачатковая школа ў нашым горадзе, дзе вучні могуць вывучаць беларускую мову як мову меншасці. Тры гадзіны заняткаў на тыдзень дазваляюць дзецям вывучаць мову і традыцыі продкаў, узбагачаць веды аб рэгіёне», — гаворыцца на яе сайце.

З 1997 году робіць настаўніцай у ёй культурааніматарка, аўтар вучэбна-метадычнага комплексу для 1-5 класаў Аліна Ваўранюк. Паводле яе, у школе пяць груп розных узроўняў, якія вывучаюць беларускую мову. Сёлета, аднак, навучальнай установе не ўдалося набраць «беларускіх» першакласнікаў.

Фота: nastaunik.info. Аліна Ваўранюк 

«Ужо некалькі гадоў я пачынаю новы год з вялікай цікавасцю. Цікава, якія дзеці прыйдуць, хто застанецца на гэтых уроках, а хто не. Сёлета меншая цікавасць, бо першага класа ў мяне не будзе, бо няма дзяцей, якія будуць у першым класе ў нашай школе вывучаць беларускую мову. Першы раз за 30 гадоў не знайшлося ахвотных да беларускай мовы, — кажа Аліна Ваўранюк.

Па словах настаўніцы, раней дзеці ўцекачоў з Беларусі хадзілі на заняткі беларускай мовы і не было ніякіх праблем. Але з мінулага навучальнага года да гэтага сталі прыглядацца.

Аліна Ваўранюк ведае, што за навучанне беларускай мове дзяцей эмігрантаў збіраюць подпісы. Яна прызнае, што горад не можа «пераскочыць» цераз законы, але, на яе думку, «навучанне можна арганізаваць не як мове нацыянальнай меншасці, а проста, як мове людзей, якія таксама ў гэтым горадзе працуюць і плацяць падаткі».

«Трэба прабіць дазвол, каб заняткі наведвалі і «карэнныя» беларусы, і эмігранты»

Двое дзяцей з сям’і эмігрантаў Антончыкаў вучацца акурат у школе №4, і, паводле бацькі Змітра, у раскладзе заняткаў ёсць беларуская мова і гісторыя беларускай культуры, але сын і дачка не могуць іх наведваць.

Ён высвятляў, як можна даць рады праблеме і яму патлумачылі, што вырашыць яе на мясцовым узроўні не ўдасца. Пра сітуацыю з навучаннем Зміцер расказаў дарадцы Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку і той паабяцаў узняць яе на вышэйшым узроўні.

Зміцер Антончык

Суразмоўца ўпэўнены, што сітуацыя з беларускім навучаннем у Польшчы, якая была два дзясяткі гадоў таму, цяпер істотна змянілася.

«Толькі трэба прабіць дазвол на тое, каб заняткі наведвалі і «карэнныя» беларусы, і эмігранты», — мяркуе ён.

Зміцер падпісаўся, каб усе дзеці беластоцкіх беларусаў наведвалі заняткі, але ён сумняецца, што «такім простым шляхам вырашыць праблему».

«Ініцыятары збірання подпісаў давялі мне, што гэта стане падмуркам у вырашэнні праблемы. Яны сказалі, што пабачаць, які адказ прыйдзе з Міністэрства адукацыі, а потым будуць думаць, што рабіць далей», — згадвае Зміцер і дадае, што пытанне варта ўздымаць не толькі для беларусаў, якія жывуць у Беластоку, але «вырашаць глабальна» для ўсёй Польшчы.

«Фактычна толькі родная мова становіцца чыннікам самаідэнтыфікацыі»

Адна з ініцыятарак збірання подпісаў Ганна Дар кажа, што такая задума была агучаная на сустрэчы прадстаўнікоў беларускай дыяспары Беластока, тады ж утварылася працоўная група. Збіраць подпісы сталі 3 кастрычніка.

«Гэта наша асабістая справа, але хацелася, каб яна стала асабістай справай для ўсіх беларусаў, якія выхоўваюць дзяцей за мяжой, — адзначае яна. — Каб як мага больш сем'яў усвядомілі важнасць навучання сваіх дзяцей роднай мове, асабліва ў сітуацыі тэрытарыяльнай адарванасці ад Радзімы, яе помнікаў культуры, матэрыяльнай спадчыны».

На яе погляд, у такой сітуацыі «фактычна толькі родная мова становіцца чыннікам самаідэнтыфікацыі».

«У пэўным узросце для дзяцей пытанне самавызначэння паўстае вельмі востра. Не хацелася б, каб вызначэнне сябе як беларусаў сталася б для іх толькі пустой абалонкай», — тлумачыць суразмоўніца.

Падляшша пазіцыянуецца як шматкультурны і шматмоўны рэгіён — гэта яго ўнікальнасць, даводзіць яна.

«Падтрымка беларускай мовы, якая нішчыцца цяпер аўтарытарным рэжымам у Беларусі, станоўча б адбілася на іміджы мясцовых уладаў, якія падтрымліваюць дэклараваныя шматмоўнасць і шматкультурнасць, што зʼяўляюцца часткай еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў», — падкрэслівае Ганна.

Цяпер жа, паводле яе, «утварыўся казус, калі ў адным класе сядзяць дзеці, бацькі якіх вызнаюць сябе беларусамі, але адны маюць пашпарт чырвонага колеру, а другія — сіняга», і не ўсе могуць вучыць беларускую мову.

Яна кажа, што Польшча — прававая дзяржава, і, каб вырашаць спрэчныя пытанні, трэба для пачатку вызначыць, ці актуальная для грамадства праблема.

«У нашым выпадку заявы бацькоў з просьбай дазволіць дзецям, якія не маюць польскага грамадзянства, вывучаць родную мову — і ёсць такім запытам, на які ўлады змогуць афіцыйна адрэагаваць», — адзначае Ганна.

Фота. mostmedia.io. Збор подпісаў за вывучэнне беларускай мовы ў беластоцкіх школах

Ганна кажа, што зацікаўленыя бацькі могуць запоўніць анкету ў офісе арганізацыі «MediaPortBelarus», які месціцца ў Беластоку па адрасе Сянкевіча, 44.

Не панікаваць, а «даследаваць справу з мясцовай дыяспарай, у чым прычыны»

У сваім «пасце адчаю» Аліна Коўшык адзначыла, што толькі «дваццаць пяць чалавек паставілі свае подпісы з жаданнем змяніць сітуацыю з навучаннем беларускай мове на Беласточчыне».

«25 з дзясяткаў тысяч беларусаў. Гэтая лічба — сімвал роспачы, шматгадовай русіфікацыі і занядбання мовы, — напісала яна. — Я разумею, як складана вучыць беларускай мове, асабліва дзяцей за мяжой. Гэта вялікі высілак. І нават болей — толькі заняткаў недастаткова. Трэба ёй карыстацца не толькі як факультатывам».

Фота: сацыяльныя сеткі. Аліна Коўшык

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета звярнулася па параду «што трэба зрабіць, каб бацькі хацелі вучыць дзяцей роднай мове? Што канкрэтна іх можа заахвоціць сёння?». Яе допіс сабраў больш за 150 каментароў.

Аналітык Вадзім Мажэйка з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў у адным з іх заклікаў не панікаваць, а «даследаваць справу з мясцовай дыяспарай, у чым прычыны», і тады, на яго думку, «мо знойдзецца рашэнне, як прыцягнуць людзей да гэтай ці іншых кампаніяў».

Мажэйка прапановаў некалькі сваіх гіпотэзаў, чаму на ініцыятыву адрэагавала не шмат людзей.

«Банальна нязручны збор подпісаў. Медыяпорт «працуе ад 9 да 18 гадзін у працоўныя дні» — адпаведна, шмат людзей у гэты час працуе і не можа зайсці», — выказвае меркаванне Мажэйка.

«Слабае прома. Ці была інфармацыя пра кампанію сярод дыяспары, ці ведаюць яны пра яе?», — піша далей ён і пытае, «ці вывучаў хто праблему і варыянты яе вырашэння перад кампаніяй? Магчыма, у Беластоку ёсць іншыя варыянты вучыць дзяцей беларускай мове, акрамя як аддаць у польскую школу».

«З навіны незразумела, хто канкрэтна з дыяспары арганізаваў кампанію, — адзначае Мажэйка. — Гэта арганізацыя, група людзей ці нехта асабіста?»

«Магчыма, арганізатараў насамрэч фактычна няма альбо ў іх бракуе досведу, — мяркуе ён, — і таму ўзнікаюць іншыя пункты. Альбо, наадварот, гэта нехта ў канфлікце з мясцовай дыяспарай, і таму ягоная ініцыятыва дрэнна заходзіць безадносна да ейнай тэмы».

У гутарцы з «Нашай Нівай» Вадзім Мажэйка адзначыў, што «на жаль, у нас грамадскія арганізацыі і ініцыятывы зрэдку звяртаюцца да даследчыкаў».

«Вядома, прасцей абгрунтаваць непаспяховасць нейкай кампаніі тым, што грамадства нейкая няправільнае, маўляў, манкурты ўсе, роднай мовы выракліся. Складаней разабрацца мо і ў сваіх уласных памылках. Але відавочна, які шлях больш канструктыўны», — заўважае ён.

У «беларускую школку» запісаліся больш за 150 дзяцей рознага ўзросту

Тым часам ёсць пазітыўныя прыклады вырашэння праблемы з вывучэннем у Польшчы беларускай мовы дзецьмі-эмігрантамі. У Варшаве 3 верасня ў памяшканні Варшаўскага інстытута юстыцыі адкрылі «беларускую школку». У ёй больш за 150 дзяцей рознага ўзросту.

Фота: novychas.online. Адкрыццё беларускай школкі ў Варшаве

Паводле ініцыятара яе стварэння, старшыні ліквідаванага Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі «на 15 настаўніцкіх вакансіяў прэтэндавалі больш за 100 чалавек». Ён запэўнівае, што ў навучальнай установе «будуць выкладаць найлепшыя педагогі: настаўнікі-метадысты, вопытныя выкладчыкі. Сярод іх шмат кандыдатаў навук і нават 6 прафесараў».

Вучні беларускай школы асноўныя прадметах атрымліваюць у польскіх школах і ліцэях, а па прадметах беларускага кампанента — у фармаце анлайн— і афлайн-заняткаў. Беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама культуру і мастацтва вучаць беларускія дзеці з Албаніі, Нямеччыны, Грузіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Расеі, Турэччыны, Чэхіі, іншых краін.

Алесь Лозка

Алесь Лозка верыць, што вучні вернуцца ў Беларусь, таму галоўная мэта школы — каб дзіця, якое навучаецца за мяжой, не адставала ад праграмы беларускай школы і магло, здаўшы іспыты экстэрнам, атрымаць беларускі атэстат.

«Калі б нам удалося распрацаваць адукацыйную мадэль на прыкладзе Польшчы»

Аліна Коўшык кажа, што разам з аднадумцамі таксама дамагалася, каб у Варшаве зʼявілася магчымасць вучыць у школе дзяцей беларускай мове, бацькі якіх не мелі польскага грамадзянства, і гэта была складаная праблема.

Цяпер стаіць задача знайсці ёй агульнае вырашэнне. Неўзабаве прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета будуць гаварыць аб праблеме ў Міністэрстве адукацыі.

«Але мы мусім ведаць, што ёсць запатрабаванасць у бацькоў. Разумею, што матывацыя ёсць у вузкай групы, аднак для стварэння адукацыйнай мадэлі трэба, каб было больш людзей», — адзначае яна.

На яе думку, адным са спосабаў вырашэння праблемы можа быць унясенне зменаў у закон, каб ён дазваляў вывучаць беларускую мову дзецям не толькі нацыянальнай меншасці, грамадзян Польшчы, але і ўсім, хто дэкларуе сваю прыналежнасць да Беларусі. Аднак гэта досыць складаны і працяглы працэс, які можа стаць спрэчным з боку іншых нацыянальных меншасцяў.

Фота: radiounet.fm. Аліна Коўшык

«Альбо вырашаць праблему праз органы мясцовага самакіравання, і тут — у выпадку шырокай падтрымкі — мы б маглі пераканаць уладу ў неабходнасці дазволу такога навучання», — мяркуе Аліна Коўшык.

Яна кажа, што для ўкраінскіх дзяцей Міністэрства адукацыі Польшчы зрабіла выключэнне, і для іх адкрылі школу з украінскай моваю навучання і ўкраінскай школьнай праграмай. Беларусы ж не могуць вучыць у школе сваю мову таксама і ў Грузіі.

«Калі б нам удалося распрацаваць адукацыйную мадэль на прыкладзе Польшчы, то яе можна было б мультыплікаваць і ў іншых краінах. Трэба вырашаць праблему, асабліва ў тых краінах, дзе беларусы маюць статус нацыянальнай меншасці, бо гэта дае фармальную падставу для стварэння беларускіх класаў», — даводзіць яна.

Адносна сітуацыі ў Беластоку, то, як запэўнівае Аліна Коўшык, падчас візіту ў горад Святланай Ціханоўскай гэтая праблема ўздымалася на сустрэчы з яго прэзідэнтам Тадэвушам Трускаляскім. Ён папрасіў сабраць звесткі, колькі дзяцей хацелі б вучыць беларускую мову, і прапанаваць спосабы вырашэння праблемы.

Сваім жа допісам Аліна Коўшык намагалася актуалізаваць праблему вывучэння беларускай мовы ў польскіх школах. Акрамя таго, высветліць, як можна зацікавіць бацькоў, каб яны аддавалі дзяцей у класы з заняткамі беларускай мовы.

Паводле яе, беластоцкая ініцыятыва паказвае, што такая запатрабаванасць пакуль у эміграцыйным асяроддзі не надта высокая.

«У Беластоку наагул парадаксальная сітуацыя, там ёсць беларуская гімназія, у якой дзеці з этнічнай меншасці адмаўляюцца вучыць беларускую мову, а дзеці эмігрантаў яе вучыць не могуць. І гэтую сітуацыю трэба неяк выпраўляць», — падсумоўвае Аліна Коўшык.

Чытаць таксама:

«Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай». Японка вывучыла беларускую мову, выкладае яе на радзіме і вельмі любіць Беларусь

У Варшаве арганізуюць беларускую школу: запрашаюць дзяцей і настаўнікаў

Адна з прыватных гімназій пасля закрыцця ў Мінску адкрыла філіял за мяжой. У супрацоўнікаў да яе засталіся прэтэнзіі: «Прычым тут палітыка?»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
10
Абуральна
4
1
Голый царь в бронежилете/адказаць/
01.11.2022
Мне интересно, почему стал вопрос о том, что трудно или невозможно изучать родную беларускую мову в Польше. Давайте зададим другой вопрос: сколько школ в Летуве позволяет изучать беларусам и беларуским эмигрантам родную мову?
2
Valadzimir/адказаць/
02.11.2022
Няма нацыянальнай ідэі - не будзе ні мовы, ні культуры, ні самаго народа, прычым, мяркуючы па ўсяму, ужо даволі хутка.
0
Anatol Starkou/адказаць/
03.11.2022
Valadzimir, Нац идэя была зауседы з нами беларусами и беларусками. А менавита: мець сваю дзяржаву. Яна есць - РБ. Бацька заснавальник - Михаил Гарбачоу. Иншая справа як мы ей карысталися у першыя як часы, и зараз.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930