Знайсці
07.11.2022 / 15:142РусŁacБел

«Можа з'явіцца дэфіцыт некаторых тавараў». Дыстрыб'ютар расказаў, як плануе працаваць у новых умовах

З 20 кастрычніка гандаль у Беларусі мусіць працаваць па новых правілах. «Наша Ніва» паразмаўляла з дыстрыб'ютарам пра тое, якія гандлёвыя надбаўкі былі раней, і як гандляры і буйныя сеткі будуць працаваць у новых умовах.

Якія надбаўкі будуць цяпер?

Згодна з пастановай Саўміна № 713 ад 19 кастрычніка 2022 года, у Беларусі ўводзіцца рэгуляванне цэн на ўсе тавары спажывецкага кошыка. 

Максімальныя надбаўкі імпарцёраў для харчовых тавараў вызначаныя ў дыяпазоне ад 15 да 40 %, для нехарчовых — у дыяпазоне ад 15 да 60 %. Гандлёвым сеткам (з улікам аптовай надбаўкі) дазволена накручваць ад 15 да 40 % на харчовыя тавары і ад 15 да 55 % на нехарчовыя. 

Так, напрыклад, максімальная гандлёвая надбаўка на сасіскі і сардэлькі складае па 20 % як для аптавікоў, так і для гандлёвых сетак, тым часам як на шакалад, вафлі, халву і іншыя прысмакі максімальная надбаўка абмяжоўваецца 40 %.

Аптавікам дазволена дадаваць 60% надбаўкі (максімум, які толькі можа быць) на некаторыя тавары бытавой хіміі, а гандлёвым сеткам дазваляюць выкарыстоўваць максімальную нацэнку 55% — напрыклад, на поліэтыленавыя пакеты і абутак для дарослых.

З поўным спісам дазволеных максімальных надбавак можна азнаёміцца па спасылцы.

Суразмоўца са сферы гандлю тлумачыць, што, хоць для спажыўцоў некаторыя з гэтых лічбаў выглядаюць даволі вялікімі, на самай справе гэта дробязі ў параўнанні з тым, якія надбаўкі існавалі да выхаду пастанаўлення.

Вынікае, што гэтая пастанова сапраўды можа прывесці да зніжэння цэнаў у параўнанні з тымі, што мы бачылі ў крамах яшчэ месяц таму, але ёсць нюансы.

Можа з'явіцца дэфіцыт некаторых тавараў

«Цэны на шматлікія тавары сапраўды могуць заставацца меншыя, але ў такіх змен ёсць і адваротны бок. Жорсткія абмежаванні могуць выклікаць дэфіцыт некаторых тавараў, бо пастаўшчыкі не стануць прывозіць у краіну тавар, калі будуць разумець, што ім гэта нявыгадна», — лічыць ён.

На ягоную думку, калі так адбудзецца, то ўладам усё адно давядзецца ўносіць некаторыя карэкціроўкі ў пастанову, каб пазбегнуць дэфіцыту тавараў. Меркаванне бізнэсмена падцвярджаюць і нядаўнія словы Рамана Галоўчанкі, які заявіў, што ў будучым могуць быць унесеныя карэкціроўкі ў пастанову, у тым ліку па пытаннях павышэння максімальнай надбаўкі. 

«Што тычыцца нацэнкі з боку дыстрыб'ютараў, то раней, пакуль не існавала ніякіх абмежаванняў, яны лёгка накручвалі па 60-80 %, а па некаторых групах тавараў па 100 і нават 200 %, — прызнаецца суразмоўца.

Цяпер, вядома, такога не будзе, але трэба не забываць пра тое, што ў спіс падкантрольных тавараў трапіў не ўвесь асартымент таго, што ёсць на паліцах, таму зніжэнне цэн адбудзецца не па ўсіх пазіцыях».

Гандлёвыя сеткі атрымлівалі бонус у памеры 12-32 % 

Па словах дыстрыб'ютара, стандартная надбаўка ў гандлёвых сетках на большасць тавараў складала 30 %. Але па факце яны былі каля 50 %. Яшчэ 20 % рэсэлеры атрымлівалі ад дыстрыб'ютара ў выглядзе бонусаў (выплаты за маркетынг). 

«Гэтыя грошы дыстрыб'ютар выплачваў сеткам са сваіх сродкаў пасля таго, як тыя выстаўлялі акт выкананых работ. Названыя 20 % — гэта сярэднія лічбы. У буйных сетак магло быць і 32 %, а ў дробных — 12», — тлумачыць спецыяліст. 

Аднак формула ў выглядзе 60-80 % аптовай надбаўкі і 30 % рознічнай прымянялася далёка не да ўсіх таварных груп. Калі глядзець на працэс цэнаўтварэння ў спрошчаным варыянце, то выглядала гэта так: чым таннейшы тавар, тым большы працэнт дазваляюць сабе накруціць імпарцёры і рэсэлеры. Адпаведна, чым больш дарагі тавар, тым меншы працэнт накручвалі прадаўцы і пастаўшчыкі. 

Таксама памер накруткі даволі істотна адрозніваўся ў залежнасці ад канкрэтнай сеткі. Напрыклад, у крамах пры АЗС нацэнкі былі традыцыйна значна вышэйшыя за тыя, што ўжываліся ў звычайных крамах. Там замест 30 % звычайна накручвалі 50 %, а на шэраг тавараў — і ўсе 100 %.

«Існавалі цэлыя групы тавараў, дзе нацэнку ў 100 і болей працэнтаў рабілі як аптавікі, так і рэсэлеры. У асноўным, вядома, гэта тычылася недарагіх тавараў, таму нават з такімі нацэнкамі яны заставаліся адносна таннымі.

Хто можа не вытрымаць новых правіл гульні?

Як з увядзеннем новых абмежаванняў будуць працаваць тыя сеткі, асноўная дзейнасць якіх была накіраваная на продаж танных тавараў, — незразумела.

Калі на дробязь замест 100 % ім давядзецца рабіць надбаўку ў 30-50 %, то ў выніку яны могуць стаць стратнымі, бо выдаткі на ўтрыманне бізнэсу, сплату падаткаў, арэнду памяшканняў і заробак супрацоўнікам ад гэтых пастанаўленняў не зменшацца», — тлумачыць бізнэсмен. 

Суразмоўца таксама адзначае, што пакуль наогул застаецца да канца не зразумелым, як наладжваць працу па новых правілах. 

Бізнэсу давядзецца забыць пра звышпрыбытак

«Калі максімальная аптовая надбаўка абмежаваная 30-40 %, то натуральна, што ні пра якія вялікія бонусы сеткам гаворкі не будзе. Дыстрыб'ютарам і рэсэйлу будзе не проста перайсці на працу па новых правілах. Бізнэсу давядзецца наноў выбудоўваць стратэгію працы, а таксама забыцца пра звышпрыбытак».

Праз гэта суразмоўца мяркуе, што прынамсі на некаторы час у Беларусі можа з'явіцца дэфіцыт некаторых тавараў, а невялікая частка бізнэсу можа закрыцца. Тым не менш спецыяліст не лічыць, што працаваць па новых правілах будзе зусім немагчыма.

Чаму ў Еўропе танней?

У той жа Еўропе, па яго інфармацыі, гандлёвыя надбаўкі сапраўды меншыя, чым былі ў Беларусі. Менавіта праз гэта мы сутыкаемся з тым, што шмат якія тавары ў суседніх Польшчы і Літве каштуюць значна менш, чым у нас.

«Розніцу ў цане на імпартныя тавары паміж Беларуссю і, напрыклад, Польшчай у нас прынята абгрунтоўваць тым, што мы мусім плаціць мыта пры імпарце тавараў і выдаткоўваць дадатковыя грошы на транспарт. Частка праўды ў гэтым ёсць, але ёсць і іншыя моманты, якія ўплываюць на сабекошт тавару. Справа ў тым, што для імпарцёраў з такіх краін, як Беларусь, Расія, Украіна і г.д., вытворцы робяць дадатковыя зніжкі, каб тым самым максімальна нівеляваць фінальную цану свайго тавару з прычын тых самых дадатковых выдаткаў імпарцёра на сплату мыта і транспартаванне тавару», — кажа бізнэсмен.

Таму пры ўмовах, што імпарцёр і рэсэлер у Беларусі будзе выкарыстоўваць гандлёвыя надбаўкі на польскім узроўні, мы будзем мець сітуацыю, калі цана аналагічнага тавару ў Польшчы і Беларусі будзе прыблізна аднолькавай, а розніца ў цане будзе вагацца ў межах каля 10 %. Аднак бізнэсмен адразу называе некалькі прычын, чаму гэта немагчыма.

Імпарцёры вымушаны закладаць у цану валютныя рызыкі

«Па-першае, еўрапейцы могуць сабе дазволіць працаваць з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі з той прычыны, што ў іх стабільная валюта. Беларускі рубель, вядома, ніякай стабільнасцю пахваліцца не мог, а гэта істотны фактар, які адыгрывае вельмі важную ролю ў цэнаўтварэнні.

Дыстрыб'ютары даюць рэсэлерам адтэрміноўкі па разліках за тавар на 30-60-90 дзён. Вядома, што за 1-3 месяцы курс рубля адносна даляра ці еўра можа моцна змяніцца, што мы ўжо неаднаразова праходзілі.

Беларускія імпарцёры навучаныя працаваць ва ўмовах нестабільнай валюты, таму ім даводзіцца закладаць курсавыя рызыкі ў цану тавара. Робіцца гэта ў першую чаргу для таго, каб пасля чарговага аслаблення рубля не выйшла, што ў імпарцёра не хопіць грошай на куплю новай партыі тавара, бо рубель абясцэніўся», — абгрунтоўвае вялікія нацэнкі імпарцёр. 

Нізкая канкурэнцыя = высокія цэны

Другой прычынай, якая таксама, на думку бізнэсмена, моцна ўплывае на цэны ў Беларусі — нізкая канкурэнцыя.

«Каб заняцца імпартам тавараў у Беларусь — трэба прайсці складаную працэдуру сертыфікацыі тавараў. Праз складанасць механізма мы маем нізкую канкурэнцыю на рынку, што ў пэўным сэнсе параджае манаполію. А манаполія, як вядома, — прамы шлях да высокіх цэнаў. 

Пастаўшчык і рэсэлер «загінае» высокую цану не толькі таму, што яму так хочацца, а таму, што ён можа сабе гэта дазволіць. А дазволіць сабе ён гэта можа таму, што няма канкурэнта, які прапануе тое самае, толькі танней. Гэта азы эканомікі», — тлумачыць бізнэсмен.

У тым, што ў Беларусі склалася такая сітуацыя, бізнэсмен у першую чаргу вінаваціць улады, якія самі стварылі такія ўмовы, пры якіх пастаўшчыкі і рэсэлеры дазваляюць сабе рабіць такія нацэнкі. Па яго словах, адбылося гэта праз тое, што,

змагаючыся з шэрым імпартам, у нас проста знішчылі канкурэнцыю. 

Санкцыі таксама моцна ўплываюць на цэны

Калі першыя два чыннікі існуюць даўно, то адносна нядаўна да іх дадалася яшчэ адна праблема — санкцыі.

Праз саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны значна павялічыліся выдаткі на транспарціроўку тавараў з Еўропы і з'явіліся складанасці з правядзеннем аплат.

У чаканні дазволу на паралельны імпарт

«Праз санкцыі часцяком даводзіцца карыстацца паслугамі фірм-пракладак, якія дазваляюць абысці абмежаванні. Натуральна, што гэты чыннік таксама ўплывае на рост цэн. Але і гэта не апошні ўплыў санкцый.

Калі сёння ў Беларусі з'явіцца нейкі новы дыстрыб'ютар, які будзе гатовы імпартаваць тавары па больш прывабных цэнах, то яму наўрад ці гэта ўдасца. І рэч тут не толькі ў тым, што ён сутыкнецца са складанай працэдурай сертыфікацыі ў Беларусі.

Цяпер мы знаходзімся ў сітуацыі, калі замежныя кампаніі не хочуць працаваць з беларускімі. Праз гэта яны не дадуць згоду на імпарт сваіх тавараў у нашу краіну. А без гэтага немагчыма прайсці сертыфікацыю ў Беларусі, што азначае немагчымасць імпарту гэтага тавару, бо паралельны імпарт у нас пакуль не ўзаконены». 

Каб вырашыць гэтую праблему, улады загаварылі пра неабходнасць паралельнага імпарту яшчэ ўлетку. Адпаведны законапраект быў распрацаваны і перададзены ва ўрад Беларусі на ўзгадненне 8 верасня. Улады спадзяюцца, што яны змогуць прыняць законапраект аб паралельным імпарце ў Беларусі да канца года.

 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: Канадская калійная кампанія ацаніла зніжэнне паставак з Беларусі 

«Цэны знізіліся, але новых паставак няма і не чакаецца». Што адбываецца на рынку новых аўто?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
07.11.2022
Проблема в существовании прикорытного бизнеса, монополизировавшего и контролирующего лакомые куски.
Показательный пример с монополизацией рынка поставок в страну кофе, который все везут из Польши по цене в несколько раз дешевле, чем здесь. Через одну конкретную фирму вынужден им закупаться даже такой монстр, как "Евроторг". Который сам занимается импортом в страну всего и вся в огромных объёмах, однако кофе при этом вынужден закупать у этого поставщика. У которого закупаются и абсолютно все остальные крупные сети. И после того, как правительство выпустило постановление № 713, на полках магазинов всех сетей одномоментно исчезли Dallmayr и Lavazza в мелкой фасовке, а в интернет-магазинах "Евроопт" последний бренд ещё и сильно подскочил в цене.
Если бы цена на кофе и химию сравнялась с польской, то у многих отпал бы смысл ездить на закупы в Польшу.
0
даведка/адказаць/
07.11.2022
Макароны российского производства "Barilla" до выхода постановления правительства, ограничивающего надбавки импортёров и торговую, в Emall стоили 2,72 рубля. Но сразу после его обнародования цена взлетела до 4,90. Примерно столько же они стоили у остальных, но на акциях в некоторых сейчас 3 рубля. "Санта" начала продавать по 2 с копейками и выше (спагетти и спагеттини по 2,40). До этого "Алми" продавала их по скидке ещё дешевле. Но в обоих последний случаях партия годичной давности. Как видим, разбежка только на примере макарон сейчас достигает 100%. Хотя надбавка импортёра 30% и столько же и торговая.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера