Знайсці
19.11.2022 / 14:57РусŁacБел

«Не вітаецца, каб бацькі ўдзельнічалі ў навучанні дзяцей». Чым адрозніваюцца еўрапейскія школы ад беларускіх 

Сем'і, якія эмігравалі ў Літву, Латвію і Польшчу, расказалі «Нашай Ніве», як іх дзеці адаптаваліся ў новай школе і ў чым асаблівасці адукацыі ў гэтых краінах.

Фота: AP Photo / Michal Dyjuk

Польшча. «Ісці можна ў школу ў тым, што ёсць, вольны стыль у адзенні»

Сям’я Эльвіры пераехала ў Варшаву год таму. Старэйшы сын — яму 16 гадоў — паступіў у варшаўскі ліцэй. Малодшы пайшоў у мясцовую школу ў чацвёрты клас.

«Старэйшы скончыў 9 класаў у Беларусі. Тут вучацца 12 класаў.

Складана яму было з мовай. Мне нават страшна было глядзець на падручнікі, бо не разумела нічога, што на іх напісана. Але за год сын добра засвоіў польскую, дзеці хутка схопліваюць мовы.

Заняткі пачынаюцца рана, некаторыя а 7-й раніцы. Калі ў мінулым годзе было дыстанцыйнае навучанне, то ён радаваўся, што не трэба збірацца ў школу», — расказвае Эльвіра.

Жанчына кажа, што ёй было нязвыкла на першым бацькоўскім сходзе. Ён вельмі адрозніваецца ад таго, які праводзіцца ў беларускай школе. 

«Нам раздалі паперкі з адзнакамі дзіцяці, не як у Беларусі — журнал з адзнакамі ўсіх, — успамінае яна. — Сын расказваў, што яны аб паспяховасці адно аднаго таксама не ведаюць, адзнакі паведамляюцца толькі індывідуальна. Гэта мяне нават спачатку не вельмі задавальняла, бо я не магла зразумець, на якім узроўні ён у параўнанні з іншымі.

На самім сходзе абмяркоўваюць не вучобу, а, напрыклад, паездкі класа. Гэта было нязвыкла. У Беларусі там ішла гаворка толькі пра вучобу і збор грошай на нешта ў школу.

Тут вельмі рэдка могуць папрасіць нешта набыць для дзяцей. І гэта не так, што аддаеш наяўнымі настаўніку — усё праз банк. Суму, якую ты хочаш пералічыць, выбіраеш сам». 

Абеды ў школе і ў ліцэі платныя. У старэйшага сына адзін абед каштуе 15 злотых (7,65 рубля), у малодшага — 7 (3,57 рубля). 

«У малодшага ў школе ўвогуле самаабслугоўванне, дзеці бяруць усё, што яны хочуць і колькі хочуць.

Мне падаецца, што ў параўнанні з беларускай сталовай у школе ў Польшчы харчаванне лепшае, правільна складзенае. Шмат зеляніны, менш круп, хлеба», — лічыць Эльвіра. 

Ілюстрацыйны здымак

Цяжка з вывучэннем мовы было малодшаму сыну Эльвіры. Але праз год ён самастойна стаў пісаць сачыненні па-польску.

«Тут не вітаецца, каб бацькі актыўна ўдзельнічалі ў навучанні дзяцей. Ніхто не лае бацькоў, што яны не даглядзелі ці не пракантралявалі.

У Беларусі настаўнікі ўвесь час прагаворвалі, што мы павінны глядзець, як дзіця ўсё робіць. Памятаю, што на бацькоўскіх сходах усе мамы ведалі, на якой старонцы падручніка зараз дзіця. Тут такое пранікненне бацькоў не патрабуецца», — расказвае яна. 

Падчас дыстанцыйнага навучання жанчына ўбачыла, як настаўнікі рэагуюць на няправільныя адказы дзяцей на занятках. 

«Чула, як адказвала адна дзяўчынка, зусім няправільна, але настаўнік не перабівае. У канцы ён сказаў, што «тваё меркаванне цікавае, але давай паслухаем кагосьці яшчэ». 

Мне гэта спадабалася, бо атрымліваецца, што дзеці не баяцца адказваць. Але часам гэта нават было са знакам мінус. Настаўнік задае пытанне, і выказвацца пачынаюць усё адначасова. У Беларусі б ён стукнуў кулаком па стале і пачаў бы крычаць. Тут такога няма.

Хатняе заданне даюць, але я заўважаю, што яно не такое, як у Беларусі. Там яго трэба было рабіць увесь вечар, і яшчэ ўся сям'я ў гэтым дапамагае. Тут дзеці робяць хутка», — расказвае жанчына. 

У самым пачатку навучання і ў старэйшага, і малодшага было зніжэнне паспяховасці з-за новай мовы і недахопу папярэдніх ведаў. 

«Настаўнікі абсалютна не нагняталі, не турбаваліся. У старэйшага кіраўніца нават пра гэта папярэдзіла і сказала, як выправіць адзнакі, што падцягнуць.

Пыталася ў дзяцей, ці шкадуюць яны аб пераездзе. Сказалі, што не, ім у польскай школе падабаецца. Але для мяне гэты адказ быў дзіўны. У тым плане, што яны не сказалі аб магчымасцях, аб жыцці ў Еўропе, а аб школе менавіта», — тлумачыць яна. 

У Беларусі Эльвіра пачынала адкладаць грошы на тое, каб сабраць дзяцей ў школу яшчэ летам. 

«У Беларусі да першага верасня заўсёды былі нейкія сур'ёзныя ўкладанні, — тлумачыць яна. — Тут ва ўсіх пыталася, куды бегчы купляць, а мне адказвалі, што нікуды. Ісці можна ў школу ў тым, што ёсць, вольны стыль у адзенні.

Купілі канцтавары старэйшаму, а малодшаму падарылі заплечнік з наборам ручак, алоўкаў. Казаў, што такія давалі толькі новенькім».

З незвычайных прадметаў у польскай школе — рэлігія (са згоды бацькоў) і жыццё ў сям'і.​

На прадмеце «Жыццё ў сям'і» вывучаюць вядзенне побыту, радавод, фінансы, фізіялогію. У 4 класе ў падручніку была тэма аб палавых адносінах, аб нараджэнні дзяцей», — расказвае жанчына. 

Літва. «Дырэктарка падарыла паездку ў кіно»

Сын Ганны ў Беларусі скончыў першы клас. У лістападзе 2020-га сям’я пераехала жыць ў Вільню. Там хлопчык пайшоў у школу з мастацкім ухілам, а пасля перайшоў у іншую. 

«Калі ў наступным годзе не вернемся ў Беларусь, то пойдзе тут у трэцюю школу, у старэйшыя класы. Аддавалі ў рускамоўную, бо з літоўскай яму было б цяжка. Як вучыцца без мовы?

Калі ён пайшоў у школу ў Літве, сказаў, што вельмі падабаецца, на яго ніхто не крычыць. У Беларусі, на жаль, настаўніца павышала голас, груба размаўляла. Некалькі разоў чула гэта. У вочы міла ўсміхаецца, а па факту вось так», — расказвае Ганна. 

Ганна кажа, што ў літоўскай школе да дзяцей прыслухоўваюцца. 

Калі ўзнікне нейкі канфлікт з настаўнікам, заўсёды можна звярнуцца да дырэктаркі. І ён будзе вырашаны.

«Неяк сын паскардзіўся на выхавальніцу з групы падоўжанага дня. Дзіця гуляла, выпадкова трапіла мячыкам у дзяўчынку, падбегла да яе, папрасіла прабачэння. Выхавацелька давяла яго да слёз. Пасля я патэлефанавала дырэктарцы, патлумачыла, што лічу такія паводзіны педагога непрымальнымі. Больш яна не працавала ў гэтай групе. Мне вельмі падабаецца, што тут дзеці абаронены», — тлумачыць яна. 

Ганна адзначае, што ў літоўскай школе для дзяцей настаўнікі ладзяць шмат актыўнасцей. 

«Напрыклад, неяк яны хадзілі пячы пернікі, у тэатр, у музей, — пералічвае яна. — Бацькі гэта аплочваюць, але бывае часам ад школы нешта. Напрыклад, дырэктарка падарыла паездку ў кіно.

Сын, як і ўсе дзеці, крыху лянівы. Не заўжды яму падабаецца вучыцца. Для яго важнейшыя зносіны. Але я бачу, што ён лёгка ходзіць у школу, не стрэсуе. У цэлым тут усё па-іншаму, не як у беларускай школе». 

фота AP Photo / Michal Dyjuk

Літоўскую мову сын Ганны вучыць у школе. Яна кажа, што з мовай хлопцу няпроста. 

«Няма ў яго схільнасці да моў, але думаю, што проста пакуль трэба час, — тлумачыць Ганна. — Хатняе заданне ёсць, але яго ён больш імкнецца рабіць у школе. Тата дома яму ў асноўным дапамагае з англійскай. Дарэчы, з незвычайных прадметаў у іх ёсць этыка». 

Абед у літоўскай школе каштуе каля 3 еўра (7,30 рубля), сняданак — 1,50 (3,65 рубля). «У іх ёсць бранзалеты з асабістым рахункам, на які мы кладзем грошы. Сын прыходзіць у сталовую, прабівае па ім. Падручнікі бясплатныя, а сшыткі, канцтавары дакупляем. Але тут на дзіця, нават і неграмадзянам пасля атрымання ВНЖ, даецца штомесячная матэрыяльная дапамога — 80 еўра (194 рублі). Якраз на аплату харчавання ў школе хапае», — расказвае яна.

Стыль аддзення ў літоўскай школе вольны. Сын Ганны ходзіць у джынсах, майцы і кофце. 

«У мінулай школе прасілі насіць прыглушаныя колеры, а ў гэтай нічога не патрабуюць, — кажа яна. —

У цэлым мне вельмі падабаецца, што тут няма нейкай строгай ідэалогіі, маразму, палітызаваных гутарак, які зараз ёсць у беларускіх школах. Гэта проста месца, дзе дзіця вучыцца, з яго не робяць яшчэ адну шрубку дзяржавы».

Латвія. «Атрымліваецца 1,15 еўра за абед»

Кацярына (імя зменена) аддала свайго старэйшага сына ў мясцовую школу ў Рызе ў верасні 2021-га. Яму 13 гадоў. 

«Спачатку было складана з мовай, але праз паўгода старэйшы сын пачаў размаўляць на латышскай даволі добра. З граматыкай, праўда, ёсць яшчэ праблемы. 

Малодшы, яму 6 гадоў, пайшоў у першы клас у гэтым годзе, ёсць праблемы, што ён не размаўляе там на латышскай, хаця займаўся на курсах, як і старэйшы. 

Таксама ў школе ёсць праграма адаптацыі, індывідуальныя заняткі два разы на тыдзень для дзецей з іншых краін», — расказвае жанчына. 

Галоўнае адрозненне ад беларускай школы, па меркаванні Кацярыны, — больш свабоды. 

Ілюстрацыйны здымак

«Можна хадзіць у тым, у чым хочаш, — кажа яна. — Увогуле ўсё стала значна спакайней. У беларускай школе за кожную правіннасць адпраўлялі да дырэктара, былі пастаянныя прэтэнзіі. Тут такіх праблем у нас няма. 

Памятаю, як яшчэ ў латышскім садку, куды сын хадзіў год да школы, ён сам казаў выхавацельцы, што ў яго нешта непрыгожа атрымліваецца, а тыя наадварот яго пераконвалі, што ў яго ўсё цудоўна».

У малодшых класах у Латвіі ёсць два прадметы на выбар — этыка або рэлігія. 

«У старэйшага з’явіўся цяпер прадмет, які звязаны з эканомікай, ёсць абавязковы урок па тэатры, — пералічвае Кацярына. —

З адрозненняў ад беларускай школы: усе выкладчыкі даюць выпраўляць адзнакі. Калі ты незадаволены, можна падыйсці да настаўніка, падрыхтавацца па гэтай тэме і адказаць лепш. І яшчэ ніхто не бачыць адзнакі ўсіх дзяцей. Ёсць мабільнае прыкладанне, дзе можна паглядзець паспяховасць сваіх, рэйтынг». 

Жанчына заўважыла, што тут у школе большасць настаўнікаў — мужчыны. 

«Класны кіраўнік у старэйшага — настаўнік па фізкультуры. Ён шмат чаго робіць для дзяцей, ладзіць актыўнасці розныя. І калі іх аднекуль адпускае, то просіць бацькоў адпісацца потым, ці дайшоў дадому. 

Таксама адна з асаблівасцей: бацькоў не лічаць адказнымі за паводзіны дзіцяці. Ніхто не кажа, што, напрыклад, ваш сын дрэнна вучыцца і вы павінны нешта з гэтым зрабіць. Калі ёсць нейкія праблемы, тут не выклікаюць бацькоў, а размаўляюць самі з дзіця», — тлумачыць яна. 

Да першага кастрычніка гэтага года абеды ў школе, дзе вучацца дзеці Кацярыны, былі бясплатныя. Цяпер можна аплочваць для старэйшых класаў палову ад агульнай сумы. Але гэта па жаданні.

«Атрымліваецца 1,15 еўра (2,80 рублёў) у дзень. Але гэта неабавязкова, можна адмовіцца. Грошы, канечне, на рамонт ці на шпалеры не трэба здаваць. 

Збіраць дзіця неяк сур’ёзна ў школу мне таксама не трэба было. Аддзенне не трэба дзелавога стылю. Толькі канцтавары набылі.

Хатняе заданне ёсць, але яно маленькае. Увогуле правіла, што калі выконваеш усё ў школе, то дома нічога не трэба рабіць», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама: 

Міністр адукацыі: Больш за 90 працэнтаў вучняў прыватных школ перайшлі ў дзяржаўныя

У Вільні адкрылася беларускамоўная школа нефармальнай адукацыі. Што прапаноўваюць?

«З-за адмовы наведваць факультатыў пра вайну выклікалі ў школу, пагражалі праблемамі»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
34
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
13
Абуральна
17
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930