Знайсці
06.10.2022 / 16:17РусŁacБел

Беларусы з усяго свету могуць далучыцца да акцыі «Ноч паэтаў»

Ноч паэтаў — памятны час. Сёлета яна праходзіць на фоне няспынных рэпрэсій, у тым ліку скіраваных на дзеячаў культуры ў Беларусі, на фоне ўкраінскай трагедыі. Гэта надае яшчэ большую значнасць падзеі. І ў ёй можа прыняць удзел кожны, дадаўшы сваю імпрэзу памяці праз адмысловую форму на сайце.

Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — трагічная дата беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады ў Мінску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, былі расстраляныя 108 беларускіх дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. 

Сёння мы называем гэтую дату Ноччу паэтаў і ў гэтыя дні аддаём даніну памяці нашым выдатным творцам, якія былі фізічна знішчаныя тагачасным рэжымам. Але іх памкненне да свабоды творчасці, іх вольны дух, іх авантурызм, эксперыментатарства ў паэзіі і цяпер працягваюць натхняць нашых сучаснікаў.

Штогод 29-30 кастрычніка праходзяць акцыі памяці, літаратурна-музычныя вечарыны, сімвалічнымі героямі якіх становяцца нашы расстраляныя паэты. Летась маштаб акцыі перакрочыў межы Беларусі і сягнуў далёка за акіяны. Тады прайшло каля 40 імпрэз у 38 гарадах свету. 

Ноч паэтаў — памятны час. Сёлета яна праходзіць на фоне няспынных рэпрэсій, у тым ліку культурных дзеячаў у Беларусі, на фоне ўкраінскай трагедыі. Гэта надае яшчэ большую значнасць падзеі. 

Мы памятаем сваіх расстраляных творцаў, спяваем песні на іх вершы і чытаем кнігі. Мы згадваем пра іх не толькі з сумам, але і з удзячнасцю — за тую любоў да жыцця, што і сёння гучыць са старонак старых выданняў, свеціцца на фотаздымках. 

Цягам усяго кастрычніка на адмысловы сайт будуць дадавацца матэрыялы, прысвечаныя рэпрэсаваным паэтам, на YouTube-каналах партнёраў выйдзе некалькі праграмных відэа (у тым ліку — відэаверсія спектакля «За што» літоўскага рэжысёра Андруса Даралы пра падзеі кастрычніка 1937 года). Таксама запланаваная афлайн-прэзентацыя новага выдання кнігі «(Не)расстраляныя». 

Вы таксама можаце далучыцца да «Ночы паэтаў». Праз адмысловую форму на сайце можна прапанаваць імпрэзу, тым самым дадаць яе на агульную мапу. Гэта не абавязкова мусіць быць маштабная акцыя. Тэматычная вечарына для сяброў, супольны прагляд фільма, чытанне вершаў у гарадскім парку — таксама форма ўшанавання памяці. 

Сачыце за абнаўленнямі на сайце, дадавайце свае імпрэзы на мапу і давайце правядзём Ноч паэтаў разам.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера