Знайсці
04.10.2022 / 08:41 1

«Не хочацца паміраць за Пуціна». Паразмаўлялі з расіянамі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі

Самымі папулярнымі кірункамі для эміграцыі ў расіян пасля аб'яўлення мабілізацыі сталі Казахстан, Грузія і Фінляндыя. На выезд з Расіі вялікія чэргі, некаторыя людзі нават ідуць да мяжы пешшу. «Наша Ніва» пагаварыла з расіянамі, якія з’ехалі з краіны, пра тое, як яны выбіраліся і чаму ў іх людзі не пратэстуюць.

Фота: bbc.com

«Казалі, што мы трусы»

Арцёму (імя зменена) 27 гадоў. Хлопец жыў у Растове-на-Доне, займаўся музыкай. 

Пасля аб’яўленай у Расіі «частковай мабілізацыі» Арцём вырашыў ехаць у Тбілісі. Хлопец у арміі не служыў: ён непрыдатны па стане здароўя, не падлягае прызыву. 

З’ехаў з краіны Арцём прывентыўна. Баяўся, што ўручыць позву могуць нават на вуліцы.

25 верасня ён выехаў з горада, а 29-га змог перасекчы мяжу з Грузіяй.

«На мяжы з Асеціяй стаяў пост аўтаінспекцыі, які забараняў прапускаць машыны з нумарамі з іншых рэгіёнаў.

За сто метраў ад паста — мясцовыя, якія за грошы правозілі міма яго. Такія ж ёсць у самой чарзе.

За 10—15 тысяч расійскіх рублёў (176-265 даляраў) на скутары па сустрэчнай паласе могуць давезці да самай мяжы, за 50 тысяч (884 даляры) — ад пачатку чаргі да КПП, за 100 тысяч (1769 даляраў) — у суправаджэнні машыны аўтаінспекцыі. Яны там на гэтым зарабляюць.

Былі людзі, якія рабілі «блокпасты» на сустрэчнай паласе, каб не прапускаць тых, хто за грошы едзе. Выцягвалі камяні, пакрышкі, але потым з'яўлялася шмат мясцовых, і гэта ўжо магло перарасці ў сур'ёзны канфлікт», — расказвае ён. 

Яшчэ да нападу Расіі на Украіну хлопец цікавіўся палітыкай. Ён кажа, што складана гэтага не рабіць, калі «твая краіна пастаянна ўдзельнічае ў нейкіх канфліктах». 

«Пра пераезд я думаў яшчэ раней, таму што Расія не развіваецца, — кажа ён. —

Пры гэтым я люблю сваю радзіму, але шмат фактараў, якія пераважваюць, шмат працэсаў, на якія звычайныя людзі не могуць уплываць. Вы ж з Беларусі, можаце мяне зразумець у гэтым плане.

Яшчэ вельмі заўважна, што эканамічная сітуацыя ў Расіі дрэнная. У бліжэйшы час жыццё будзе там няпростае, думаю, што яшчэ менш стане працы». 

Грузія для Арцёма не апошняе кропка. Ён плануе дачакацца, калі да яго з Расіі прыедзе дзяўчына, а потым яны разам будуць планаваць, куды ехаць. 

Фота: bbc.com

Краіны, якія разглядае хлопец, — Турцыя, ААЭ, Германія, ЗША. 

«У Грузіі не вельмі шмат магчымасцяў у сферы культуры, не хочацца ствараць мясцовым праблемы з нерухомасцю, цэны тут з-за наплыву людзей узляцелі.

Увогуле нават усе сябры, сваякі мяне прымушалі выязджаць. Казалі, што лепей ужо не будзе. Пераезд, канешне, выбіў глебу з-пад ног, усім цяжка.

Кажуць, што да расейцаў зараз непрыязнасць, я з такім сутыкнуўся толькі на мяжы: расійскія памежнікі казалі, што мы трусы і што нам трэба ісці ў войска. Гэта было непрыемна. У самой Грузіі я не сутыкаўся пакуль з нечым такім», — падсумоўвае ён. 

«Раней хадзіў на мітынгі, а пасля бераглі сябе, не хацелі трапляць у базу»

Аляксею (імя зменена) 34 гады. Мужчына жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў псіхолагам.

Дзесяць гадоў таму ён адслужыў у арміі, а цяпер з’ехаў з Расіі, каб не трапіць пад мабілізацыю. 

Ён за адзін дзень звольніўся з працы і паехаў у Казахстан. 

«На працы сталі збіраць даныя аб тым, хто служыў, — расказвае ён. —

Думаць, куды ехаць, ужо не было часу, білеты знікалі проста на вачах, прыходзілі навіны з розных рэгіёнаў аб тым, што некаторым забараняюць выезд. 

Купіў білеты на самалёт, разам з сябрам вылецелі ў Навасібірск 24 верасня, там селі на аўтобус да Паўладара. Там я ўжо быў ноччу 26 чысла. Далей вырашылі ехаць на цягніку ў Астану, таму што на вакзале вельмі шмат расіян, у бліжэйшых крамах заканчваліся сімкарты.

Прамы рэйс з Санкт-Пецярбурга ў Астану быў, але плаціць за квіток трэба было 80 тысяч (1415 даляраў). Па дарозе шукалі жыллё, мясцовыя ў два разы павысілі кошт арэнды. 

Некаторыя расіяне ехалі чамусьці ў Беларусь, але гэта аналаг Расіі, толькі меншы. Небяспечна праз Беларусь ехаць, раптам прасочаць, затрымаюць». 

З’язджаць з Расіі Аляксей разам з жонкай думалі яшчэ ў 2014 годзе. Але тады, па яго словах, вострых падзей не адбывалася.

«Цяпер пасля пачатку маштабнай вайны з'явіўся стрэс, дэпрэсіўны стан, — тлумачыць ён. —

Апалітычным я не быў ніколі. Усведамляў, што адбываецца ўнутры краіны і за яе межамі. Часам хадзіў на мітынгі, але з 2012 года было зразумела, што гэта не варыянт змены палітычнай сітуацыі ў Расіі. Мы неяк бераглі сябе, не хацелі трапляць у базу.

Знаёмых, якія б паехалі ваяваць, няма. Ведаю школьных настаўнікаў, якія збіралі пасылкі для мабілізаваных. Сама дзяржава нават гэтых людзей не можа забяспечыць правізіяй. Яшчэ момант — дзіўна, што «Саюз маці» існуе, але ён неяк не працуе ці што. Памятаю, што падчас вайны ў Чачні маці біліся за дзяцей, а цяпер адчуванне, што ім гэта не трэба». 

Фота: bbc.com

Бацькам пра свой пераезд Аляксей яшчэ не казаў. Ён з імі рэдка мае зносіны. Хлопец тлумачыць, што яны «замбаваныя прапагандай». 

«Хутчэй за ўсё, яны мяне не зразумеюць, — кажа ён. —

Думаю, што буду падавацца на бежанства ў Германіі. Заставацца ў Казахстане не планую. А цяпер пакуль шукаю працу, буду развіваць кансультацыі анлайн. Хачу таксама нешта прыдумаць наконт псіхалагічнай падтрымкі расіян, якія з'ехалі». 

Факт таго, што Аляксей незразумела калі зможа вярнуцца ў Расію, яго не хвалюе.

«У іншых краінах відавочна ўзровень майго жыцця горшым не будзе. Вяртацца ў Расію нават потым навошта? Хутчэй за ўсё, яна прагрэсіўнай не стане. Відаць, гэта ўсё закладзена ў народзе, яны кампенсуюць свае псіхалагічныя траўмы праз уладу», — лічыць Аляксей. 

«Вярнуцца хачу ў Расію без Пуціна і без вайны»

Мацвею (імя зменена) 28 гадоў. Хлопец жыў у Санкт-Пецярбургу. 26 верасня ён паехаў у Казахстан: пабаяўся, што яго змогуць мабілізаваць, нягледзячы на дрэнны зрок. 

«Бачыў, як людзям проста ў Пецярбургу на вуліцы выдавалі позвы, — кажа ён. — 

Палітыкай я цікавіўся, разумеў, што адбываецца ў Расіі. Хадзіў на мітынгі. Нават на мяжы размаўляў з некаторымі расіянамі. Ніхто з іх не хоча ісці паміраць за Пуціна, ваяваць з сяброўскім народам». 

Мяжу з Казахстанам Мацвей пераходзіў пешшу.

«Наша знаёмая да Самары давезла нас з жонкай на машыне, там да Арэнбурга ўзялі таксі і потым да Орска даехалі да чаргі на выезд і пайшлі да КПП — 7 кіламетраў.

Калі вайна пачалася, усе мае сябры, жонка сталі панікаваць. Усе баяліся мабілізацыі, што пачнуць забіраць мужчын проста на вуліцах, як у «ДНР», «ЛНР». Думалі, з'ехаць ці не. Але тады мабілізацыю адразу не аб'явілі, і стала крыху спакайней. Мусіць, у самым пачатку асабіста мяне не датычалася тое, што адбывалася. 

Пасля звароту Пуціна была ідэя адсядзецца на лецішчы. Потым сябры адны сказалі, што яны выязджаюць у Беларусь. Іншыя — у Казахстан. З апошнімі я скаапераваўся. Я ў курсе таго, што адбываецца ў Беларусі, чытаў пра гэта шмат, таму адразу вырашыў, што там не будзе бяспечна», — тлумачыць хлопец. 

На пытанне, ці хоча ў будучыні ён вярнуцца ў Расію, адказвае станоўча. 

«Усё ж Расія — мая родная краіна, там у мяне мама засталася, дом. Але вярнуцца хачу ў Расію без Пуціна і без вайны. Пры гэтым у лютым я думаў, што вайна скончыцца за месяц. Так не адбылося, разумею, што эміграцыя цалкам можа зацягнуцца на год ці болей.

Пакуль у нас план заставацца ў Казахстане. Тут можна быць без візы 90 дзён, а потым можна думаць пра від на жыхарства ці проста выехаць куды-небудзь і заехаць зноў.

Жонка працуе дыстанцыйна. А я буду спрабаваць знайсці працу, быў фатографам у Расіі. Магчыма, паедзем у Алматы», — кажа ён.

У Расіі ў Мацвея засталася маці. 

«Я ёй адразу патэлефанаваў, сказаў, што мы тэрмінова з'язджаем, яна была вельмі радая.

Масавага пратэсту супраць мабілізацыі не атрымалася, бо нас усіх запалохалі, саджаюць у турмы за рэпосты, каментары, мітынгі. Калі быў Аляксей Навальны, ён аб'ядноўваў людзей, выходзіла дастаткова шмат. Лідара няма.

Яшчэ адзін момант — шмат расіян, якія хадзілі на пратэсты, з'ехалі ці цяпер хаваюцца. У цэлым пратэсны рух у нас пачалі душыць яшчэ ў 2012 годзе. І зараз яго практычна няма», — мяркуе Мацвей. 

Чытайце таксама: 

Канстытуцыйны суд Расіі чакана ўхваліў анексію ўкраінскіх рэгіёнаў

«Да нас ставіліся, як да жывёл». Вядомы абаронца «Азоўсталі» расказаў пра ўмовы ў расійскім палоне

«На больш выгадныя рубяжы». Стала вядомая афіцыйная фармулёўка Мінабароны Расіі пра здачу Лімана

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
AlesGut / адказаць
04.10.2022
Халопы кончаныя. Поўная падтрымка вайны пакуль самім адказваць не прыйшлося. Яшчэ хапае розуму з беларусамі сябе раўняць, якія заўсёды масава выходзілі супраць.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30