Знайсці
03.10.2022 / 11:352РусŁacБел

Як насамрэч мянялі Медзведчука і камандзіраў «Азова». Невядомыя падрабязнасці

19 тыдняў гвалту, бруду, недаядання і катаванняў. Столькі часу больш за 200 абаронцаў «Азоўсталі» правялі ў камерах Аленаўскай і іншых калоній, пакуль іх не абмянялі 21 верасня. «Украінская праўда» распавядае не вядомыя дагэтуль падрабязнасці абмену.

«Мы гатовыя абмяняць Медзведчука на ўкраінскіх вайскоўцаў…», — заявіў журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 16 красавіка.

За некалькі дзён да гэтага супрацоўнікамі СБУ быў затрыманы адзін з лідараў забароненай партыі АПЗЖ Віктар Медзвядчук. Паводле афіцыйнай версіі, яго злавілі, калі ён спрабаваў уцячы з Украіны ў форме вайскоўца.

У той жа дзень, 16 красавіка, жонка Віктара Медзведчука Аксана Марчанка выступіла з шэрагам зваротаў, якія выклікалі хвалю гамерычнага смеху ў карыстальнікаў украінскага сегмента сацыяльных сетак.

У сваіх драматычных відэароліках Марчанка звярталася да кума Уладзіміра Пуціна, прынца Саудаўскай Аравіі Махамеда бін Салмана і да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана з просьбай дапамагчы вызваліць яе мужа.

Гэтыя заклікі спарадзілі шмат мемаў, але, як аказалася, яны мелі сэнс.

Як паведамляюць крыніцы ў атачэнні Медзведчука, Пуцін фактычна адрэагаваў на заклікі Марчанка і даў ёй слова, што выратуе яе мужа.

Публічная пазіцыя Крамля была дакладна супрацьлеглая таму, што прыватна абяцаў Пуцін.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў наўпрост заявіў СМІ, што Медзвядчук увогуле не цікавы Расіі.

«Пра гэта гаворка не вядзецца», — катэгарычна адрэзаў Пяскоў у канцы красавіка на пытанне расійскіх СМІ аб прапановах Украіны абмяняць кума Пуціна.

Публічныя заявы расійскіх прадстаўнікоў могуць сведчыць не толькі пра палітычныя гульні ці спробы павысіць стаўкі. Але і пра тое, што падчас поўнамаштабнай вайны афіцыйныя прадстаўнікі Расіі могуць не ведаць, што насамрэч робіць і думае іх лідар.

«Вы лічыце, што Пяскоў ці Лаўроў сапраўды маюць доступ да Пуціна? Яны бачаць яго толькі здалёк на сустрэчах. Каб вы разумелі, Пуцін дапускае да сябе толькі сакратара Рады бяспекі Патрушава і свайго сябра Кавальчука», — сцвярджае адзін з суразмоўцаў «УП» з Офіса прэзідэнта Украіны.

Пасля выхаду абаронцаў «Азоўсталі» прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў мелі выразнае бачанне, што Медзведчука абмяняюць на «азоўцаў».

На першых этапах перамоваў расіяне былі гатовыя аддаць за кума Пуціна пэўную колькасць украінскіх палонных.

«Спачатку расійскі бок пагаджаўся выдаць толькі 50 нашых людзей у абмен на Медзведчука. Але дзякуючы велізарным намаганням і пабудове вельмі складанай сістэмы, у тым ліку з прыцягненнем міжнародных партнёраў, нам удалося значна павялічыць гэтую лічбу», — заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Ермак у каментарыі «УП».

Але пра камандзіраў з «Азоўсталі» расіяне нават згадваць не хацелі.

«Вельмі цяжка дамаўляцца пра медыйных персон. Чым менш людзей цябе ведаюць, тым лягчэй цябе вызваліць. А калі ты знакаміты, твая каштоўнасць узрастае ў разы. Самым складаным было гаварыць пра камандзіраў, пра Пташку [парамедык Кацярына Палішчук], пра фатографа Арэста», — тлумачыць іншы суразмоўца ў атачэнні прэзідэнта.

«Насамрэч, у абменах няма такога, што ў цябе два чалавекі, у мяне два чалавекі — давай абменвацца. Вось так можна гадамі абменвацца і нікога не абмяняць. У гэтым выпадку маюць значэнне толькі перамовы, і хто да іх падключаецца. Гэта дае магчымасць абмяняць і 100, і 200 чалавек на аднаго», — тлумачыць «УП» адзін з прадстаўнікоў Украіны, які займаецца абменамі.

У ходзе працяглых перамоваў «цану» Медзведчука паднялі да 150 украінскіх вайскоўцаў. Аднак расіяне не пагадзіліся вызваліць камандзіраў ні на якіх умовах.

Аж да трагедыі, якая значна пахіснула перамоўныя пазіцыі расіян. Гаворка ідзе пра выбух у калоніі ў Аленаўцы, дзе загінула больш за 50 ваеннапалонных.

Паводле інфармацыі ГУР, байцы «Вагнера» замініравалі памяшканне, дзе ўтрымліваліся ўкраінскія байцы, каб схаваць свае зверствы.

Пасля гэтага тэракта ўкраінскі бок паставіў ясны ўльтыматум: за Медзведчука — мінімум 200 чалавек і без вызвалення камандзіраў «Азова» нічога не будзе.

Складанасць абмену Пракапенкі, Валынскага, Паламара, Шлегі і Хаменкі заключалася таксама ў тым, што яны знаходзіліся ў розных СІЗА Масквы. Гэта азначае, што імі стала займацца ФСБ, а не разведчыкі з ГРУ.

Такім чынам, перамовы з расіянамі падзяліліся на два асобныя кірункі.

Першы тычыўся абмену Медзведчука. Спачатку гэты трэк вяла ўкраінская каманда ГУР з расійскімі візаві з Мінабароны РФ. На апошніх этапах справай кума Пуціна займаўся асабіста дырэктар Фэдэральнай службы бяспекі Расіі Аляксандр Бортнікаў.

Другі асобны трэк — гэта вызваленне камандзіраў «Азова», дзе перамовы вяліся выключна з супрацоўнікамі ФСБ.

«У расіян ёсць пэўная напружанасць і канкурэнцыя паміж сілавымі структурамі. Таму чым іх было менш, тым лягчэй было. Нашы камандзіры ўжо былі пад следствам ФСБ, таму найбольш складаныя перамовы былі менавіта ў гэтым накірунку», — тлумачыць супрацоўнік ГУР Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў, які ўзначальвае Каардынацыйны штаб па вызваленні ўкраінскіх палонных.

Абмен мог зацягнуцца надоўга, калі б «азоўцаў» пачалі «судзіць». У такіх умовах іншым бокам перамоваў стаў бы Следчы камітэт РФ. На шчасце, гэтага не здарылася.

Чатыры лакацыі і 271 чалавек: дзень абмену

«Увогуле, абмен рыхтаваўся некалькі месяцаў, але канчаткова ўсё зацвердзілася літаральна за пару дзён. Мы планавалі даволі складаную аперацыю ў чатырох краінах. І ўсё роўна абмен не адбыўся ў тэрмін, затрымка была каля васьмі гадзін», — кажа ў каментарыі «УП» кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Ярмак.

Яму Зяленскі даручыў каардынаваць падрыхтоўку, абмен і працу з партнёрамі.

Такіх партнёраў было шмат. Сілавікі на чале з Буданавым працавалі з расійскімі сілавікамі, а палітычнае «прыкрыццё» працэсу забяспечвалі сам Зяленскі падчас перамоваў і Ярмак — на ўзроўні дарадцаў прэзідэнта Турцыі Эрдагана, наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Мухамеда бен Салмана або генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша.

Вышэйзгаданыя людзі ў асноўным забяспечылі поспех вялікага абмену. Хаця былі і такія, чый удзел быў не такі відавочны. Напрыклад, Папа Францішак.

«Да мяне прыязджалі некаторыя ўкраінскія пасланнікі… Таксама прыбыў вайсковы начальнік, адказны за абмен палоннымі. Гэтым разам яны прынеслі мне спіс з больш чым 300 палонных. Яны папрасілі мяне зрабіць што-небудзь. Я неадкладна патэлефанаваў амбасадару Расіі, каб даведацца, ці можна што-небудзь зрабіць, ці можна паскорыць абмен палоннымі», — сціпла падзяліўся Папа Францішак у Казахстане 15 верасня.

Вайсковым начальнікам, пра якога казаў Папа, быў ужо згаданы кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў.

Як паведамляе «УП», пасля размовы з Буданавым Францішак паразмаўляў не толькі з расійскім паслом, але і з кіраўніцтвам КНР. Хоць пры гэтым Ярмак на пытанне «Украінскай праўды» абверг датычнасць Кітая да працэсу падрыхтоўкі абмену.

У цэлым план вялікай працы 21 верасня прадугледжваў некалькі этапаў.

Спачатку з Расіі ў сталіцу Саудаўскай Аравіі Эр-Рыяд прыляцела 10 замежных палонных, якія абаранялі Украіну.

Да іх нечакана для многіх падключыўся расійскі алігарх Раман Абрамовіч, які апошнім часам выконваў ролю сувязнога паміж Банкавай і Крамлём.

Абрамовіч проста раздаў айфоны ўсім зняволеным на борце, каб яны маглі патэлефанаваць родным.

«Трэба было бачыць гэтую карціну. Як гэтыя людзі, брудныя, якія не мыліся некалькі тыдняў, нават не прычэсваліся, з доўгімі нястрыжанымі пазногцямі, трымалі гэтыя «падарункі». Лепш бы ён людзям даў памыцца, а не тэлефоны», — эмацыйна апісвае атмасферу сустрэчы ў Эр-Рыядзе адзін з членаў украінскай дэлегацыі.

Ролю расійскага алігарха ў абмене палоннымі асвятляла «The Washington Post». Па звестках амерыканскіх журналістаў, Абрамовіч нібыта кантактаваў з кіраўніком ОПУ Ермаком і дырэктарам ФСБ Бортнікавым.

У той жа час суразмоўцы журналістаў у праваахоўных органах, якія займаюцца абменам, даволі скептычна ставяцца да працы Абрамовіча.

«Шчыра кажучы, Рома ратуе перш за ўсё сябе. Ён чалавек-смс, не больш і не менш», — эмацыйна тлумачыць «УП» адзін з суразмоўцаў, які валодае падрабязнай інфармацыяй пра перамовы з РФ.

Пасля прыбыцця самалёта ў Саудаўскую Аравію пачаўся наступны этап абмену — на мяжы ў Чарнігаўскай вобласці. Тут група сілавікоў на чале з кіраўніком СБУ Васілём Малюком сустракала 200 палонных, якіх абмянялі на Медзведчука. Украінцаў у кайданках расіяне прывезлі на КамАЗах.

Карціна, якую ўбачыла ўкраінская дэлегацыя, была вельмі трагічнай. Людзі, якія вырваліся з рук расійскіх турэмшчыкаў і карнікаў, выглядалі змучанымі да апошняга.

Выйшаўшы на волю, яны прасілі абсалютна элементарнае: ваду, што-небудзь паесці, патэлефанаваць родным. Праўда, адзін з вызваленых абаронцаў на пытанне, ці хоча ён чагосьці, адказаў: «Хачу пабачыць украінскі сцяг на Графскай прыстані Севастопаля».

Паралельна група з 55 расійскіх вайскоўцаў накіравалася на іншы бок мяжы — гэта была ўкраінская плата за вызваленне пяці камандзіраў Марыупальскага гарнізона.

«Гэта былі звычайныя салдаты: хто афіцэры, хто салдаты. Але ведаеце, што мяне ўразіла? Наколькі расійскае камандаванне не клапоціцца пра свой народ. Я думаю, што іх увогуле нельга было браць. Яны там нікому не патрэбныя», — дзеліцца ўражаннямі суразмоўца «УП» ва ўладных колах.

Калі 200 чалавек з «Азоўсталі» апынуліся на волі, у Варшаве ўкраінскі канвой пасадзіў Віктара Медзведчука ў турэцкі самалёт і праводзіў у Анкару.

«Медзвядчук правёў увесь дзень у нашым самалёце. Абмен затрымалі на некалькі гадзін, і, адпаведна, яго не аддавалі. Але потым на сваім самалёце прыляцелі туркі, і нашы ГУРаўцы перасадзілі Медзведчука ў іншы самалёт і адвезлі ў Турцыю», — паведаміў «УП» адзін з суразмоўцаў.

Тым часам там, у турэцкай сталіцы, кіраўнік ГУР МА Буданаў і кіраўнік МУС Дзяніс Манастырскі сустракалі вызваленых камандзіраў з «Азоўсталі». Міністр апынуўся на абмене, бо «Азоў» фармальна ўваходзіць у Нацыянальную гвардыю МУС.

Па задуме Банкавай, узгодненай з партнёрамі, усе этапы павінны былі адбывацца пасля «адмашкі» Зяленскага.

Ярмак дакладваў прэзідэнту пра пачатак абмену, а затым адзін за адным на экранах сітуатыўнага пакоя ОП з'яўляліся кіраўнік Фонду дзяржмаёмасці і адзін з украінскіх перамоўшчыкаў Рустэм Умераў з Эр-Рыяда, кіраўнік СБУ Малюк з Чарнігаўскай вобласці, і ў фінале — Буданаў і Манастырскі з Анкары.

Як тлумачыць памочніца Ермака Дар'я Зарыўная, якая адказвала за камунікацыйны складнік абмену, пасля пацвярджэння з Анкары вызвалення камандзіраў, міжнародныя партнёры, грамадзян якіх Украіна вызваліла з палону, выказалі публічную падзяку.

«Было зразумела, што для ЗША, Вялікабрытаніі і іншых гэта не проста фармальнасць. У размовах з імі можна было адчуць, наколькі важнае для іх вызваленне іх грамадзян», — сказала Зарыўная.

Толькі аднойчы ледзь не адбыўся збой агульнай схемы, што магло зацягнуць і без таго напружаны працэс. Саудаўцы праз нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва «SPA» публічна абвясцілі пра абмен, калі самалёт з замежнымі палоннымі прызямліўся ў Эр-Рыядзе, а ўсе астатнія этапы абмену яшчэ не адбыліся.

На шчасце, усё пайшло па плане, і ва ўсіх месцах патрэбныя людзі трапілі ў патрэбныя рукі.

Вызваленне абаронцаў «Азоўсталі» стала, без перабольшання, падставай для сапраўднай усенароднай радасці. Абсалютная большасьць украінцаў асабіста не ведае ні Рэдыса, ні Валыну, ні Пташку. Але ўсе хваляваліся і чакалі іх як родных. Аднак вялікі абмен прадэманстраваў свету не толькі згуртаванасць украінцаў, але і гіганцкую цывілізацыйную прорву паміж дзяржавамі —Украінай і Расіяй. Гэтую розніцу лёгка апісаць дзвюма рэчамі.

Расійскі лідар Уладзімір Пуцін гатовы пакінуць у палоне 200 расійскіх салдат, абы толькі вызваліць свайго кума. Менавіта гэта для яго значыць «сваіх не кідаем».

Абмен паказаў, што звычайныя людзі, якіх Пуцін пасылае на смерць у захопніцкай вайне, не ўваходзяць для яго ў кола «сваіх».

Украінцы ж, наадварот, гатовыя аддаць і дзесяцёх акупантаў за кожнага свайго героя.

Чытайце таксама:

Washington Post: Пуцін асабіста адхіліў пярэчанні ФСБ і загадаў абмяняць азоўцаў на Медзведчука

«Абмянялі нацыстаў на кума», «насралі на галаву». У расійскіх пабліках гнеў і разгубленасць 

Футбольны фанат без вайсковай адукацыі. Хто такі Дзяніс Пракапенка, які камандуе гераічнай абаронай Марыупаля

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
112
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
9
Сумна
12
Абуральна
23
5
Максим Дизайнер/адказаць/
03.10.2022
Почему эти "командиры" с тремя классами хабзы, не военной, явно гопницкой-фанатской наружности, уложившие толпу людей только на одной переправе через мост на Азов сталь,  в софитах и без единой царапины?
2
Немирович-Андросович/адказаць/
03.10.2022
Я вам тут Бабченки свежего принес. По делу и серъезно.

Ответ на вопрос, что было бы, если бы в 2019 году выбрали Пороха, предельно прост.
Если бы в 2019 году выбрали Пороха - сейчас был бы Минск 7 (8… 9… 12…32…)
И путин до сих пор доказывал бы Шольцу, что сначала ДНР должно войти в Конституцию, а потом проводить выборы. Или что они там подписывали и пять лет о какой филькиной херне там спорили? Это называется стратегическое мышление, дети. А армия всё это время продолжала бы строится. И потом, когда все-таки избрали бы Зеленского, она к моменту вторжения подошла бы уже с «Нептунами».

Которых было бы не три штуки, а триста тридцать три. С «Ольхами». Со «Стугнами».
Ну или как минимум с касками и брониками.
Но, как мне вчера в комментах написали Порох хорош, но он скучный.
Ну... Поржали хоть?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930