Знайсці
01.10.2022 / 12:441РусŁacБел

Сёння ў Беларусі запрацуе новая сістэма пенсійных зберажэнняў. Навошта і каму гэта будзе выгадна?

Ад сёння ў Беларусі запрацуе новая сістэма пенсійных зберажэнняў — «3+3». Onliner расказвае, як гэта будзе працаваць, каму падыдзе, а каму не, і чаму наогул усё прыйшлося мяняць. А эканамічны эксперт даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна падзеліцца меркаваннем пра тое, наколькі новаўвядзенне будзе папулярным і ці дапаможа яно ў рэальнасці павялічыць вашу пенсію.

Навошта мяняць пенсійную сістэму? Гэтая ж пакуль што нібыта працуе

Цяпер у Беларусі дзейнічае размеркавальная сістэма налічэння пенсій: кожны работнік пералічвае аднолькавы адсотак ад свайго заробку ў ФСАН, але гэтыя грошы ідуць не на яго пенсію, а на пенсію тых, хто атрымлівае яе цяпер (а яшчэ на сённяшнія дапамогі і бальнічныя).

Адсюль першая праблема цяперашняй сістэмы: ураўнілаўка. Нават калі працаўнік не «напрацаваў» сабе на пенсію або дапамогу, ён усё роўна атрымае яе ў мінімальным памеры. А вось у тых, хто вельмі шмат працаваў і добра атрымліваў, будзе невысокая ў параўнанні з мінулым заробкам пенсія. Не ўсіх задавальняе такі расклад.

Другая праблема: пенсіянераў у краіне становіцца ўсё больш, а працаздольнага насельніцтва — менш, таму што нараджальнасць толькі падае. Ужо цяпер кожны чацвёрты жыхар Беларусі — пенсіянер, і калі нічога з гэтай статыстыкай не рабіць, то незразумела, адкуль потым давядзецца браць пенсіі для тых, каму сёння 20-30 гадоў. Бо ўсё пагаршаецца тым, што ўжо цяпер Фонд сацабароны штогод ідзе ў мінус і бярэ грошы з бюджэту, каб усім ставала на пенсіі і дапамогі.

Можна загадзя даведацца пра сваю пенсію?

Для большасці беларусаў памер іх пенсій становіцца адкрыццём, бо падлічыць яго загадзя проста немагчыма. Ды і зразумець, як працуе пенсійная сістэма, — той яшчэ квэст.

Такія праблемы закранулі практычна ўсе краіны, і многія з часам сталі пераходзіць на змешаную сістэму налічэння пенсіі, калі кожны работнік уносіць грошы ў агульны кацёл і паралельна збірае на пенсію сабе. У любой краіне з высокімі пенсіямі дзейнічае менавіта такая сістэма.

— Ёсць два напрамкі рэфармавання пенсійнай сістэмы: павышэнне пенсійнага ўзросту і структурныя змены. Павышэнне пенсійнага ўзросту ў нас ужо прайшло, але, як паказваюць даследаванні экспертаў BEROC, гэтага недастаткова. Для зніжэння нагрузкі на ФСАН магчымае далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын (мужчынам павышаць немэтазгодна, таму што з-за істотнай розніцы ў працягласці жыцця яны да яе не дажывуць). Другі напрамак у выглядзе ўвядзення назапашвальнай пенсіі пачынае дзейнічаць як раз з кастрычніка гэтага года, — кажа Анастасія Лузгіна. — У Беларусі гэта мяккая рэформа, таму што ўсё робіцца на добраахвотнай аснове. Гэта адназначна важныя і патрэбныя змены, але ёсць дзве рызыкі. Першая — рабіць гэта трэба было нашмат раней, калі ФСАН быў прафіцытным. А цяпер і без таго дэфіцытны Фонд сацабароны будзе губляць яшчэ большыя грошы за кошт таго, што працадаўцы перанакіруюць частку сродкаў на асабістыя рахункі работнікаў. Другая рызыка — цяпер не найлепшы час для нашай эканомікі, каб уводзіць такія змены. Падае ВУП, адносна высокая інфляцыя, зніжаюцца рэальныя даходы насельніцтва. Усё гэта не найлепшым спосабам адаб'ецца на папулярнасці такой рэформы, бо яна добраахвотная. А ва ўмовах размеркавальнай пенсійнай сістэмы людзі ўпэўненыя, што пенсію ім абавязаная даваць дзяржава.

Што за праграма «3+3» і як яна будзе працаваць?

Сутнасць у тым, што ад сёння кожны работнік мае права (але не абавязаны) самастойна адлічваць да 10% свайго заробку на фармаванне сваёй пенсіі. Гэтыя грошы не пойдуць у агульны кацёл, а стануць выключна вашым дадаткам да пенсіі.

Калі сцісла, выглядаць гэта будзе так: кожны работнік пры жаданні адлічвае да 10% заробку на сваю дадатковую пенсію. Калі работнік вырашыў скарыстацца такой магчымасцю, яго наймальнік абавязаны будзе таксама пераводзіць грошы на пенсійны рахунак работніка. Але наймальнік можа дадаць да вашых накапленняў не больш за 3% і пры гэтым не больш, чым вы назапашваеце самі.

Напрыклад, вы хочаце штомесяц збіраць на пенсію 4% ад заробку — у гэтым выпадку на ваш назапашвальны рахунак кожны месяц будзе ісці 7% ад заробку (4% ад вас і максімальныя 3% ад наймальніка). Калі вы вырашыце плаціць 2%, то наймальнік таксама заплаціць 2%. Калі вы хочаце плаціць 3%, наймальнік таксама выплаціць 3% (адсюль і назва «3+3»).

У выніку максімальная частка, якая можа паступаць на назапашвальную пенсію работніка за месяц, — гэта 13% ад яго заробку. Пры гэтым нагрузка для наймальніка не павінна павялічыцца: дадатковыя працэнты будуць вылічваць з абавязковых страхавых узносаў за работніка (яны складаюць 28%).

Па дасягненні пенсійнага ўзросту работнік у дадатак да асноўнай пенсіі атрымлівае яшчэ і назапашаную на працягу 5 або 10 гадоў (на выбар). Да гэтага моманту грошы будуць захоўвацца на рахунку дзяржаўнай страхавой кампаніі «Стравіта».

Збіраць па новай сістэме зможа кожны работнік?

Не. Каб прымяніць такі механізм, да пенсіі па ўзросце вам павінна заставацца не менш за 3 гады.

Акрамя таго, у праграме не змогуць удзельнічаць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя, міліцыянеры і вайскоўцы, работнікі, працадаўцы якіх знаходзяцца ў стадыі санацыі, ліквідацыі або банкруцтва, а таксама беспрацоўныя грамадзяне.

У Расіі такую сістэму ўжо ўводзілі, але яна правалілася. У нас такога не будзе?

Расія ўжо спрабавала ўвесці назапашвальную пенсійную сістэму. З 2002 па 2014 год пенсійныя ўзносы падзялялі на часткі: 16% ад заробку работніка ішло ў агульны пенсійны кацёл, яшчэ мінімум 6% сыходзіла на індывідуальны пенсійны рахунак чалавека. Аднак, у адрозненне ад нашай сістэмы, яна была абавязковай, а не добраахвотнай.

Неўзабаве стала зразумела, што бюджэт не спраўляецца з такой нагрузкай, таму што частка даходаў, якія раней ішлі ў агульны фонд, наймальнікі перанакіравалі на індывідуальныя назапашвальныя рахункі работнікаў. У выніку сістэму замарозілі, пакуль ніхто ў абавязковым парадку на сваю пенсію збіраць не павінен.

— Ствараць такую сістэму — гэта вельмі выдатна, але яна можа спраўна працаваць пры наяўнасці развітога фондавага рынку і магчымасці прыцягнуць дадатковыя рэсурсы ў бюджэт у перыяд пераходу да пенсійнай сістэмы з назапашвальным элементам. Варта ўлічваць, што пенсійныя назапашванні не ляжаць мёртвым грузам усе гэтыя гады, а ўкладваюцца ў фінансавыя інструменты, — кажа эксперт.

Што лепш: страхаванне пенсіі або рахунак у банку?

Як уклад, так і пенсійныя назапашванні ў выпадку вашай смерці дастануцца спадчыннікам. З плюсаў назапашвальнай сістэмы — на суму вашых назапашванняў можна атрымаць падатковы вылік (а значыць, зэканоміць на падатках). Банкаўскі ўклад такой перавагі не дае, затое дае больш абароны ад інфляцыі.

— Адкладваць на сваю пенсію кожнаму чалавеку трэба абавязкова. Пытанне ў тым, як гэта рабіць найбольш эфектыўна. Калі вы вырашыце збіраць на пенсію па сістэме 3+3 і адкрыеце рахунак у «Стравіце», то норма даходнасці для такога рахунку будзе на ўзроўні стаўкі рэфінансавання плюс бонус, памер якога ўсталёўваецца па ўзгадненні з Мінфінам. Сёння стаўка рэфінансавання — 12%, а гадавая інфляцыя — 18%, гэта значыць, калі бонус складзе менш за 6%, то за год назапашванні могуць скараціцца ў рэальным выражэнні. Магчыма, даходнасць назапашванняў будуць старацца выраўнаваць з узроўнем інфляцыі, але аб прымнажэнні зберажэнняў казаць складана. Опцыя зберагаць грошы ў іншай валюце ў сістэме не прадугледжаная, а доўгатэрміновыя зберажэнні ў нацыянальнай валюце беларусы ў большасці сваёй не практыкуюць. Так што ва ўмовах нестабільнай эканамічнай сітуацыі і высокіх рызык будзе праблематычна павысіць матывацыю да доўгатэрміновых зберажэнняў у рублях.

Зрэшты, збіраць на пенсію можна не толькі такім спосабам. У Беларусі і раней можна было займацца пенсійным страхаваннем і з дапамогай дзвюх кампаній: «Прыёрлайф» (дачкі «Прыёрбанка») або «Стравіта».

А вось захоўваць усё ў далярах — гэта зусім не выйсце са становішча, адзначае эксперт.

— Фізічна вы гэтымі грашыма валодаеце, але не варта забываць, што інфляцыя характэрная не толькі для эканомікі Беларусі, але і для іншых краін. Цяпер гэта асабліва добра відаць па інфляцыі ў ЗША і Еўразоне, якая перавысіла 8% гадавых. Таму доўгатэрміновыя ўкладанні» пад матрац — гэта далёка не найлепшы варыянт назапасіць сабе на пенсію. Адносна надзейны спосаб калі не зарабіць, то хаця б не страціць на інфляцыі — гэта банкаўскія дэпазіты. Працэнты па рублёвых дэпазітах амаль заўсёды перавышаюць інфляцыю, па валюце — знаходзяцца прыкладна на ўзроўні інфляцыі. Пры гэтым трэба разумець, што чым вышэйшы працэнт па ўкладзе, тым больш на яго можа быць накладзена абмежаванняў. У ідэале свае зберажэнні трэба дыверсіфікаваць: захоўваць у розных валютах і ў розных фінансавых інструментах (на банкаўскім укладзе, у каштоўных паперах і гэтак далей), — раіць Анастасія Лузгіна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Справка/адказаць/
01.10.2022
А не пошла бы Лузгина копать картошку?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера