Знайсці
01.10.2022 / 11:04РусŁacБел

Хто знойдзе «Лясную хатку»?

Не кожны абазнаны ў беларускай культуры чалавек здагадваецца, што ў сваім псеўданіме пісменніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэння — 30 верасня. Але пры словах «Лясная хатка» амаль кожны згадае менавіта яе, хатку Зоські Верас — месца паломніцтва соцень беларусаў у часы глыбокага савецкага застою, піша «Радыё Свабода».

Самы пачатак 1980-х, Вільня. Мы з дзядзькам Лявонам выходзім з тралейбуса на ўскрайку горада, ідзём праз нейкую шэрую прамзону, пераступаем чыгуначныя рэйкі, заходзім у лес і малапрыкметнай сцяжынай доўга пятляем між кустоўя і дрэваў, пакуль нарэшце не выходзім да глінабітнай хаты, густа абсаджанай усемагчымымі кветкамі. Сама хата на невялікай паляне проста патанае ў лясным гушчары, надзейна схаваная ад усяго свету.

Нас сустракае 90-гадовая гаспадыня Зоська Верас. Яна зусім не чуе, і свае пытанні мы пішам ёй на паперы, але яна выдатна бачыць і выдатна памятае. Напрыклад, пра сваё сяброўства з Максімам Багдановічам у Мінску ў 1916 годзе: там яны разам працавалі ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны — пра гэта ў яе пытаюцца найперш.

Дзядзька Лявон — гэта Лявон Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча і муж Галіны Войцік, дачкі Зоські Верас. Гэта сюды прыходзілі і будуць прыходзіць беларускія паломнікі з усяго свету. Але сам сюды не дойдзеш і не патлумачыш, як дабрацца. Патрэбны праваднік. Дзядзька Лявон цалкам адданы сваёй місіі асветніка, які вядзе ў несавецкую беларушчыну такіх, як я, ды, зрэшты, усіх, хто намацвае сваю пакручастую сцежку.

У Зоські Верас у «лясной хатцы». Вільня, лета 1983 года. Стаяць Лявон Луцкевіч, Пётра Садоўскі, Сяргей Шупа і Сяргей Мурашка. Сядзяць Тацяна Сапач і Зоська Верас.

Не буду пераказваць агульнавядомыя звесткі пра згаданых мною людзей, пра тыя неацэнныя паломніцтвы, з якіх многія вярталіся беларусамі не толькі паводле пашпарта. Ахвочыя знойдуць усё гэта ў «Вікіпедыях» і Ютубе, напрыклад, у дакументальным фільме «Зоська Верас» Ірыны Волах.

12 гадоў таму на месца «Лясной хаткі» аўтарку фільма вадзіў ужо я, праўда, падбіраліся мы з другога боку — ад вёскі Равянцы, цяпер гэта вуліца Riovonių, дзе справа ад дарогі трэба ўзлезці на крутую гару і там ужо шукаць. Ёсць таксама адносна нядаўняя перадача пра ўсё гэта на «Белсаце», аўтарства Міхася Скоблы:

А яшчэ ёсьць мноства публікацый на тэму і ёсць мая перадача «Вострая Брама» (аўдыяверсія), дзе мы з сябрамі шукалі тое славутае месца і, здаецца, упершыню задаліся пытаннем: хто, чаму і навошта спаліў «Лясную хатку»?

Хатка згарэла 13 траўня 1990 года. Тады Зоську Верас ужо нейкі час як перавезлі ў горад. Ёй было 99 гадоў, да ста асветніца не дажыла паўтара месяца. А ў хатцы пасяліліся мастакі Алег Аблажэй і Крыстына Балаховіч. І вось аднойчы, калі яны былі па справах у горадзе…

Алег напісаў «Рэквіем па лясной хатцы» ў ЛіМе (15 чэрвеня 1990 года).

Крыстына пасля смерці Алега ў 2016-м пераехала ў Лондан. Я спытаўся ў яе: ці змагла б яна сёння адшукаць знакамітае месца?

— За гэты час там такі лес вырас… Я ж добра ведаю дарогу, добра памятаю. Раней там сцежка была, а цяпер такі лес, такі лес… Ты ўяўляеш, колькі часу прайшло. Гэта гадоў пяць таму, як я была ў Вільні, папрасілі паказаць месца, я старалася, але не атрымалася. Я вось цяпер згадала… Хатка то згарэла датла, але там побач з хаткай былі ўкапаныя такія вялікія бочкі. Некалі Лявон укапаў. Такія вялікія бочкі пад краплём, гэта значыць, месца ўваходу ў хатку ад дзвярэй. Калі б іх нагамі заўважыць… Але гэта трэба доўга хадзіць, пратоптваць.

Трэба разумець, што згарэла не проста хата, а месца, якое вяртала беларусаў да Беларусі ў неспрыяльныя для гэтага часы і якое, безумоўна, вартае мемарыялу. Пра хатку і тых, хто туды наведваўся, напэўна ж, ведаў КГБ, ведаў нехта з літоўскіх нядобразычліўцаў… Версій можа быць шмат, і тое, што таямніцу хочацца разгадаць, што гэтае жаданне не знікае, а наадварот, павялічваецца, ужо шмат пра што сведчыць.

Пра здарэнне напэўна ж ведаюць ці, прынамсі, маюць сваю думку старэйшыя людзі ў тых самых Равянцах. Ну, і трэба знайсці тыя бочкі, якія ўкапаў дзядзька Лявон. Словам, на добры лад, у «Лясной хаткі», дзе Зоська Верас з сям’ёй, між іншым, у гушчары лясоў перажыла вайну, пачынаецца новая гісторыя.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
34
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930