Знайсці
27.09.2022 / 16:22РусŁacБел

Іранскія дроны кінулі выклік украінскай СПА

«Спачатку было гудзенне вельмі непрыемнае, а потым было чуваць падзенне — вельмі гучны выбух. Ён быў такі, як быццам упала нешта ў калодзеж або ў закрыты двор», — адэская журналістка Алена Балаба жыве за двы кварталы ад будынка, у які 25 верасня трапілі два расійскія беспілотнікі-камікадзэ іранскай вытворчасці. Адзін дрон збілі на падлёце над морам. Два іншыя абстрэльвалі са стралковай зброі, але збіць іх не ўдалося. Разбурэнні, якія прычынілі беспілотнікі будынку, былі даволі значныя. Гэты, як і папярэднія і наступныя налёты, прадэманстраваў, што перад украінскім войскам паўстала новая праблема. І яна вельмі сур'ёзная, піша ВВС.

Дрон-камікадзэ на вучэннях у Іране. Фота: АР

«Герань»

Ва Украіне пра гэтыя беспілотнікі загаварылі 13 верасня, калі ў інтэрнэце з'явіліся паведамленні пра тое, што пад Купянскам УСУ збілі незвычайны БПЛА з надпісам «Герань-2». У ім знайшлі падабенства з іранскім дронам-камікадзэ «Шахед-136».

Пра тое, што Іран пастаўляе Расіі дроны, гаварылася і раней. За два тыдні да гэтага амерыканская прэса са спасылкай на крыніцу ў разведцы паведаміла, што яшчэ 19 жніўня Іран перадаў Расіі дроны «Махаджар-6», «Шахед-129» і «Шахед-191». Гэтыя беспілотнікі адрозніваюцца ад збітага «Шахед-136». Яны прызначаныя для разведкі, цэлеўказання, дазору і ўдараў па зямлі спецыяльнымі боепрыпасамі, тады як збіты пад Купянскам дрон быў так званым баражыруючым боепрыпасам — апаратам, які, відавочна, уяўляе сабой асобны від лятальных апаратаў.

З'явіўшыся на фронце, «Шахеды» адразу сталі галаўным болем для УСУ. У інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі тэхнікі, знішчанай, як паведамлялася, гэтымі БПЛА.

Дакладных звестак пра страты не паступала, хаця вядомы ўкраінскі ваенны эксперт Тарас Чмут заявіў, што толькі за адзін дзень на трох розных напрамках было знішчана «некалькі дзясяткаў адзінак» тэхнікі.

Ён не ўдакладніў, якая менавіта тэхніка была знішчаная, але ў любым выпадку з такімі стратамі цяжка не лічыцца.

Не дрон і не ракета

Дрон-камікадзэ — асаблівы від лятальных апаратаў. Іх афіцыйная назва — баражыруючы боепрыпас.

Ён уяўляе сабой беспілотнік, які здольны доўгі час знаходзіцца ў паветры, выбіраючы цэль, а потым атакуючы яе, як крылатая ракета.

З аднаго боку, гэтым ён сапраўды падобны на крылатую ракету, якая, па сутнасці, таксама з'яўляецца беспілотным лятальным апаратам. Іх адрозненне ў тым, што ракета звычайна ляціць да цэлі па загадзя вызначанай і больш-менш прадказальнай траекторыі, здзяйсняючы манеўры з улікам рэльефу мясцовасці, а дрон здольны лётаць, як самалёт, змяняючы курс, хуткасць і прасторавае становішча актыўна і непрадказальна.

Акрамя таго, крылатыя ракеты звычайна абсталяваныя магутным турбарэактыўным рухавіком, ляцяць на высокай хуткасці і маюць магутную боегалоўку.

Дроны-камікадзэ, як правіла, меншага памеру, часта выкарыстоўваюць шрубавы рухавік і кіруюцца знешне.

Хоць такія дроны існуюць яшчэ з канца 1980-х, іх сталі актыўна развіваць у апошнія гады. Штуршком паслужыла развіццё сістэм спадарожнікавай навігацыі і сувязі, якія дазволілі палепшыць дакладнасць навядзення беспілотнікаў.

Баражуючы боепрыпас цікавы яшчэ і тым, што ў сучасным свеце яго можа пабудаваць і не вельмі тэхналагічна развітая краіна. Такія беспілотнікі могуць быць даволі недарагімі, хаця гэта адбіваецца на іх баявых якасцях.

Можна, напрыклад, паставіць танны матор, але пры гэтым паменшыцца хуткасць ці далёкасць. Ці не прымяняць складаную сістэму навядзення, знізіўшы дакладнасць. Не абавязкова прымяняць спецыяльныя боегалоўкі з магутнай выбухоўкай, хоць гэта знізіць паражальную здольнасць.

Нарэшце, замест складанай абароненай электронікі можна браць платы, набытыя ў інтэрнэт-крамах ці ўпотай у іншых краінах. Такі дрон, хутчэй за ўсё, будзе менш абаронены ад сістэм радыёэлектроннай барацьбы, але ён усё роўна будзе ляцець, будзе параўнальна нядорага каштаваць, яго будзе прасцей пабудаваць.

Іранскія «камікадзэ»

Іранская прамысловасць выпускае шмат розных беспілотнікаў, імкнучыся як мага менш пра іх расказваць.

Хоць Іран актыўна распрацоўвае дроны яшчэ з 1980-х гадоў, прымяняць іх сталі толькі ў 2000-х. У апошнія гады ў Ліван і Емен сталі паступаць баражыруючыя боепрыпасы іранскай вытворчасці.

Як гаворыцца ў дакладзе Іерусалімскага інстытута стратэгіі і бяспекі (Jerusalem Institute for Strategy and Security), «іранскія беспілотнікі парушаюць баланс сіл на Блізкім Усходзе», іранскія аператары і вытворцы дронаў адточвалі свае ўменні з пачатку вайны ў Емене ў 2014 годзе, яны дзейнічалі ў небе Аравіі, Ірака і Сірыі.

У выніку ў Ірана з'явіўся вялікі досвед вытворчасці БПЛА самых розных класаў — ад буйных разведвальна-ўдарных сістэм да невялікіх разведчыкаў і баражуючых боепрыпасаў.

Слабым месцам іранскіх дронаў застаецца якасць камплектуючых. Іран шмат гадоў існуе ва ўмовах міжнародных санкцый і змушаны будаваць такія складаныя сістэмы з матэрыялаў, даступных на шэрым і чорным рынках.

Яркі дэбют «Шахеда»

Іранскі «Шахед-136» доўгі час быў цёмным конікам, хоць, як адзначаецца ў дакладзе Іерусалімскага інстытута стратэгіі і бяспекі, менавіта гэтыя дроны ўчынілі 14 верасня 2019 года ў Саудаўскай Аравіі «міні-Пэрл-Харбар».

Дзясяткі апаратаў атакавалі два буйныя саудаўскія нафтавыя аб'екты, прычыніўшы ім шкоду, у выніку чаго вытворчасць нафты ў краіне скарацілася больш чым на 5 млн бараляў за суткі.

Праўда, калі на прэс-канферэнцыі ў саудаўскім мінабароны былі паказаныя абломкі лятальных апаратаў, не ўсе з іх былі падобныя на дэталі ад «Шахед-136». Саудаўцы тады казалі, што ва ўдары ўдзельнічалі і ракеты.

Другім яркім выступленнем «Шахед-136» стаў удар у ліпені 2021 года па танкеры «Мерсер Стрыт». Паводле інфармацыі ізраільскага інстытута, упершыню ў гісторыі дрону-камікадзэ ўдалося паразіць камерцыйнае судна, якое рухаецца ў моры.

Тым не менш, яшчэ нядаўна спецыялісты спрачаліся аб тэхнічным уладкаванні гэтых дронаў. Справа ў тым, што вялікія нафтавыя заводы і танкер, які рухаецца, — вельмі розныя мэты.

У першым выпадку беспілотніку не патрэбнае асаблівае навядзенне і нават складаная сістэма навігацыі — прамахнуцца па буйной стацыянарнай цэлі даволі цяжка.

Каб паразіць карабель, які рухаецца ў моры, трэба спачатку вывесці беспілотнік у раён цэлі, а затым навесці яго на яе.

У першым выпадку можна абысціся сістэмай глабальнай спадарожнікавай навігацыі ці нават звычайным аўтапілотам, які будзе ўтрымліваць курс. У другім патрэбная альбо сістэма навядзення, усталяваная на самім дроне, альбо вонкавае кіраванне.

У супрацькарабельных крылатых ракетах выкарыстоўваецца невялікі радар, які наводзіцца на карабель. У дарагіх беспілотніках можа выкарыстоўвацца відэакамера, якая дазваляе бачыць цэль.

Але іранскі дрон не выглядаў настолькі дарагім, а акрамя таго, на вядомых фатаграфіях камера не была бачная.

Многае, здаецца, высветлілася, калі такія беспілотнікі з'явіліся ў небе Украіны.

Дроны над Украінай

23 верасня Упраўленне стратэгічных камунікацый апарата галоўнакамандуючага УСУ апублікавала ў сваім тэлеграм-канале тэхнічнае апісанне «Шахеда-136».

Мяркуючы па гэтым дакуменце, іранскія інжынеры і праўда выкарыстоўвалі электронныя кампаненты, даступныя на рынку, але дапрацаваўшы іх так, каб беспілотнік мог дзейнічаць у баявых умовах пры супрацьдзеянні сістэм РЭБ, у прыватнасці, пры адсутнасці сігналу спадарожнікавай навігацыі. 

У дакладзе Іерусалімскага інстытута гаворыцца, што, мяркуючы па ўсім, рухавікі для дронаў можна свабодна замовіць на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, а праграмнае забеспячэнне можна спампаваць у інтэрнэце — яно таксама прызначанае для мадэлістаў.

Але галоўнае — у гэтых дронаў-камікадзэ цалкам адсутнічае сістэма навядзення на цэль. Яны кіруюцца вонкавым пілотам альбо іншым беспілотнікам.

23 верасня ВПС Украіны апублікавалі відэа, на якім бачны «прыводнены» беспілотнік «Махаджэр-6». Гэта ўдарна-разведвальны комплекс, які мог выкарыстоўвацца для навядзення «Шахедаў» на цэль.

Барацьба з такімі беспілотнікамі — справа няпростая. Баражыруючы боепрыпас ляціць на невялікай вышыні, яго даволі цяжка адсачыць радарамі. Пры гэтым ён можа лятаць на сотні кіламетраў, гэта значыць, дзейнічаць на аператыўную глыбіню, наносячы ўдары па важных аб'ектах. Звычайна яны лётаюць групамі па некалькі адзінак, каб гарантавана пераадолець зенітны агонь.

Яшчэ адна добрая якасць апарата — тое, што адразу некалькі такіх дронаў запускаюцца з кантэйнера, які лёгка замаскіраваць пад грузавік. Сам пуск не так моцна заўважны з радараў, як старт крылатай ракеты.

Мінусам гэтых дронаў з'яўляецца невысокая хуткасць пры даволі вялікіх габарытах. Размах крылаў «Шахеда» 2,5 метра, а даўжыня — 3,5 метра. Плюс апарат выдае гучнае гудзенне, добра чутнае на зямлі.

Тэарэтычна, такі дрон можна збіць і з ручнога кулямёта. 

Эфектыўнымі могуць быць лёгкія пераносныя зенітна-ракетныя комплексы ці артылерыйскія зенітныя сістэмы, напрыклад, германская ўстаноўка Gepard.

Як расказаў эксперт Тарас Чмут, збіць «Шахеда» можа нават старая савецкая зенітная ўстаноўка ЗП-23, але «для гэтага трэба, каб яна была, пры ёй быў разлік, боекамплект, і каб наводчык глядзеў у неба і быў гатовы страляць».

Яшчэ больш эфектыўным сродкам барацьбы з БПЛА з'яўляюцца сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Асабліва калі канструктары дрона эканомілі на абароне ад РЭБ.

Той факт, што ўкраінцам дастаўся больш-менш цэлы беспілотнік, дае магчымасць вывучыць яго і ў будучыні наладзіць сістэмы для барацьбы.

Украіна, верагодна, ужо спрабуе атрымаць такія сістэмы ў Ізраілі, што выглядае лагічным — каму як не ізраільцянам ведаць, як змагацца з іранскімі беспілотнікамі.

Як паведаміў вэб-сайт Zman Yisrael са спасылкай на ананімную крыніцу, нейкая ізраільская абаронная кампанія прадае УСУ праз Польшчу сістэмы па барацьбе з беспілотнікамі. Па інфармацыі выдання, кампанія паведамляе пра гэта ураду краіны, які закрывае на гэтыя пастаўкі вочы, паколькі афіцыйна Ізраіль не пастаўляе Украіне ўзбраенне. Калі пачаліся такія пастаўкі і колькі сістэм было пастаўлена, не паведамляецца.

Але ў барацьбе з беспілотнікамі Украіна спадзяваецца не толькі на РЭБ. 26 верасня агенцтва УНІАН апублікавала кадры, на якіх, як паведамляецца, украінская СПА збівае іранскія дроны ў Адэсе. Мяркуючы па гэтых кадрах, УСУ прымянялі зенітна-ракетныя комплексы.

Чытайце таксама: 

Украінцы паказалі начынку іранскага беспілотніка. Выявілася, што ў ім стаіць заходняя электроніка

СМІ: Расія закупіла іранскія дроны, і ўкраінцам будзе цяжка ім супрацьстаяць

Іранскі аятала Хаменеі падтрымаў рашэнне Пуціна аб уварванні ва Украіну

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера