Знайсці
29.09.2022 / 10:597РусŁacБел

«Бачылі праз шыбу агонь і спецыяльна выбілі». Дзіўны пажар у Чырвоным касцёле. І чаму храм закрылі? 

Уначы на 26 верасня адбылося здарэнне ў мінскім Чырвоным касцёле. Ніхто не пацярпеў, але храм улады закрылі. Мінскія каталікі кажуць, што гісторыя падазроная, што маглі разбіць шыбу і падпаліць. Ратавальнік патлумачыў «Нашай Ніве», што магла быць патрэба разбіць шыбы, каб паскорыць тушэнне ўзгарання. Застаецца, аднак, пытанне, чаму храм пасля здарэння закрылі.

Выбітая ў Чырвоным касцёле шыба. Фота: glosznadniemna.pl

Афіцыйная версія выглядае так. 26 верасня прыкладна ў 03:35 ночы ў МНС надышла інфармацыя пра ўзгаранне ў Чырвоным касцёле. Пажар пачаўся ад таго, што «загарэлася праводка, у выніку была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 м2. Пацярпелых у пажары няма». Каментароў ад Касцёла няма. А на фота відаць, што ў будынку выбітыя шыбы: як ад удару, а не пажару.

Зараз будынак касцёла Святых Сымона і Алены, гэта афіцыйная назва храма, чакае праверка камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Да сканчэння праверкі МНС забараняе выкарыстоўваць будынак.

Шмат каму абставіны здарэння падаліся спрэчнымі.

Як расказаў «Нашай Ніве» адзін з парафіян, у будынку разбітыя тры шыбы: два вітражныя акны на першым паверсе і адно — на другім. Парафіяне лічаць, што пажарныя разбілі акно на другім паверсе, а вось два акны на першым разбіў нехта іншы.

Два з разбітых акон — у закрыстыі храма, прыбудове, дзе захоўваюцца прадметы, што выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні.

У будынку ў тую ноч знаходзіліся два чалавекі. Адна, вартаўніца, дзяжурыла, другі спаў на трэцім паверсе — будынак вялізны, шматярусны, з вялікай колькасцю памяшканняў.

Вартаўніца знаходзілася далёка ад закрыстыі. Яна пачула грукат і пабачыла задымленне. Спрацавала сігналізацыя. Вартаўніца пабегла шукаць, што здарылася. Адкрыла дзверы ў закрыстыю — там было поўна дыму, і яна закрыла іх, не стала заходзіць. Яна пабегла адчыняць дзверы касцёла, бо разумела, што, раз спрацавала сігналізацыя, ратаўнікі прыбудуць хутка. Так і здарылася. 

Вернікі лічаць, што ўначы нехта разбіў адзін ці два вітражы ломам і кінуў унутр нейкі запальны сродак.

У закрыстыі, па словах сведкі, згарэла толькі лавачка-кленчнік, на якую становяцца каленямі, каб маліцца. Ратаўнікі пачалі заліваць пажар вадой, але ў самой закрыстыі вада трапіла не на ўсе прадметы, г.зн. заліваць давялося, імаверна, не надта вялікі агонь.

Ëсць фота разбітага вітражнага акна. Дзірка ў ім мае выразную круглую форму. Прычым аскепкі вылецелі на вуліцу.

«Яно не магло так вылецець ад агню, яно выбітае ўдарам», — сказаў «Нашай Ніве» супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якому мы паказалі фота. Але ён удакладняе, што патрэбнае заключэнне эксперта.

Іншы супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сказаў «Нашай Ніве», што шыбы маглі выбіць пажарныя, каб хутчэй пачаць тушэнне ўзгарання. «Бачылі праз шыбу агонь і спецыяльна выбілі, каб пачаць тушыць праз акно. Магчыма, спачатку спрабавалі зламаць раму (на фота яна трымаецца толькі на адным мацаванні), але не адужалі і выбілі шкло. Магчыма, потым яшчэ дабілі і знутры, каб выпусціць дым».

Аднак парафіяне ўпэўненыя, што ўсё было не так. «У касцёл пажарныя ўвайшлі праз дзверы, ім адкрыла вартаўніца некалькі бакавых дзвераў», — сказалі нам вернікі.

«Наша Ніва» не змагла пагаварыць з вартаўніцай, але, па словах парафіян, тая жанчына сама на свае вочы не бачыла, як тушылі пажар. «Праз бакавыя дзверы ад плябаніі дакладна цягнулі шланг», — перадаюць яе словы. І што ваду лілі праз акно другога паверха з вуліцы, вартаўніца таксама бачыла. 

Ксёндз Вячаслаў Барок сказаў «Нашай Ніве», што падазронае ў гэтай сітуацыі тое, што грамадскасць не ведае ўсіх падрабязнасцей здарэння і дагэтуль няма афіцыйнай публічнай інфармацыі, чаму зачынілі храм. Ксёндз звяртае ўвагу на тое, што, хаця плошча ўзгарання і складае нібыта 20 м2, плошча ўсяго храма — пад 1000 м2, і ў будынку шмат уваходаў і выхадаў.

Прытым што «ўзгаранне» было ў закрыстыі, нашто замыкаць увесь храм? На думку айца Вячаслава, можна было знайсці спосаб не спыняць богаслужэнні: «Маглі адгарадзіць задымлены пакой і ўпусціць у іншую частку будынка, але ж не ўпусцілі».

У дадатак, няма афіцыйнага каментара да гэтых падзей ад беларускага Каталіцкага касцёлу, няма нават інфармацыі, дзе зараз будуць маліцца вернікі. Ксёндз звяртае ўвагу на гэта: «Касцёл зачынілі, і каментара няма. Значыць, каментара наогул не можа быць, бо, вядома, гэтая падзея ўпісваецца ў агульны шэраг беззаконня».

Каталіцкі актывіст Арцём Ткачук апублікаваў у фэйсбуку пост, дзе назваў гісторыю з закрыццём касцёла падазронай. Ткачук звяртае ўвагу на тое, што няма ні здымкаў, ні відэа з месца здарэння, і што цяпер у храм не пускаюць нават святароў.

Па словах Ткачука, апошні раз улады закрывалі каталіцкі храм у Беларусі летась. Гэта быў Будслаўскі касцёл, які таксама пацярпеў ад пажару. Але, у адрозненне ад цяперашняга здарэння, той пажар закрануў сотні квадратных метраў храма, скляпенне касцёла выглядала кепска. Нягледзячы на тое, што святыня была закрытая, туды дазволілі прайсці каталіцкім біскупам і святарам, з месца здарэння ёсць шмат здымкаў і відэа. Чаму ж цяпер не так?

Міністэрствы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях цяпер даюць каментары толькі лукашэнкаўскім органам прапаганды і не размаўляюць са сродкамі масавай інфармацыі, таму мы не змаглі атрымаць ад іх больш разгорнутую афіцыйную версію.

Касцёл Святых Сымона і Алены — адзін з архітэктурных сімвалаў сталіцы. Яго пабудавалі на пачатку ХХ стагоддзя за грошы Эдварда Вайніловіча.

Два гады таму, у час вулічных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў лукашэнкаўцамі, каля храма праходзілі дэманстрацыі, і ён быў месцам для экуменічных малітваў і сховішчам для пратэстоўцаў. Аднойчы спецназаўцы нават заблакавалі ў храме людзей, які шукалі там прытулак ад сілавікоў. У тым выпадку прадстаўнік Касцёла біскуп Юрый Касабуцкі, адразу ж адрэагаваў на падзею, але цяпер Касцёл маўчыць.

Арцём Ткачук нагадвае, што паміж уладамі і парафіяй, якая выкарыстоўвае касцёл, трывае спрэчка праз падатак на нерухомасць, зямлю і амартызацыю. Юрыдычна будынак не належыць беларускаму Касцёлу, і таму штомесяц улады налічваюць парафіі больш за 14 тысяч рублёў розных выплат. Гэта адзіны такі выпадак, і многія лічылі гэта помстай пробашчу храма Уладзіславу Завальнюку за яго грамадскую пазіцыю. 

Калі вы маеце больш інфармацыі, што адбылося ў Чырвоным касцёле ўначы на 26 верасня, пішыце ў наш бяспечны тэлеграм-бот @Nasa_Niva_Bot. А можна — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (найлепш — у сігнал або ў тэлеграм).

З нашага боку гэтыя мэсэнджары абароненыя. Але пільнуйцеся, каб у вас саміх стаяла падвойная аўтэнтыфікацыя і аўтаматычнае выдаленне.

Мы — ваш голас. Дапамагайце нам гаварыць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Брандспойт/адказаць/
29.09.2022
Мойша, ды неяк і сам скеміў, але дзякуй за дапамогу. :)
29.09.2022
правильно "требует, чтобы Польша заплатила этой Дороте 10.000 евро за нарушение её прав". вообще не понимаю - что это за термин "оскорбление чувств верующих"? хотят оскорбляться, пусть себе оскорбляются сколько их душе угодно. тихо плачут и молятся в уголке - бог терпел и им велел. за что ей штраф?
30.09.2022
ну тут жа на фота бачна, что з вуліцы складана такую дзірку круглую выбіць праз такую ажурную рашотку...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера